epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Аксеніны сляды

І
ІІ
ІІІ
IV


 

І

З некаторага часу ён пачаў адчуваць на сваіх плячах свае пяцьдзесят сем год. Раніцамі, пасля сну, ён падоўгу адкашліваўся, часамі ўночы балелі ў яго ступні ног. Але ўдзень ён нязменна быў рухавы, і ўсялякае недамаганне праходзіла. Усё сваё жыццё ён быў цесляром і сякеры не выпускаў з рук і дагэтуль. Ён многа курыў, гэта была яго старая прывычка, і яго самая маладзейшая з дачок — дваццацігадовая Аксеня — заўсёды была нездаволена, што ён многа курыць. Ён і сам ведаў, што ад гэтага ў яго кашаль, але ён не мог паслухаць сваёй Аксені: яна не разумела, што адвыкнуць ад папяросы яму нялёгка.

Год таму назад ён выбраўся з дому на цэлае лета пад Мінск на вялікія цяслярскія работы. Аксеня асталася адна дома. Усё было ў яго ў ладу. Тры старэйшыя дачкі былі даўно ўжо замужам, у іх былі ўжо дзеці. Ён думаў вярнуцца дадому пад месяц верасень. Выходзіў ён з дому апаўдні ў нядзелю. Аксеня была ў новай сукенцы з вішнёвага аксаміту. Летась увосень, калі ён вярнуўся з работы ў Мінску, ён прывёз ёй гэты аксаміт. І гэтую сваю дарагую сукенку яна надзявала толькі ў якія-небудзь важныя хвіліны. На танцы ў яе была сукенка з сіняга шоўку. У яе была яшчэ зялёная сукенка, была яшчэ і цёмная. А была яшчэ і з тонкага белага палатна, вышываная. Вышывала яна сама. Аксеня была вялікая франціха і, калі прыходзіла з работы з поля ці з агародаў, адразу мылася, скідала старую злінялую сукенку і пераадзявалася ў новую. Такая і асталася Аксеня ў бацькавай памяці назаўсёды — вясёлая, прыбраная, гаварлівая і з густымі валасамі, якім, здаецца, цесна было пад улюбёнай яе стракатай хусцінкай.

— Ты ж глядзі тут, каб агарод хаця быў дагледжан,— сказаў ёй на развітанні бацька.

— Калі гэта ў мяне было што недагледжана? — быццам бы пакрыўдзілася яна.— А табе няма ўжо чаго хадзіць па гэтых работах. Жыў бы сабе ціха дома.

— А што я дома буду рабіць?

— Дык хоць куры менш.

І ўсю дарогу, і пасля ўсе дні ён думаў пра сваю Аксеню. Ён думаў, што не ўбачыць яе да верасня, аж выйшла інакш. Ужо не больш як праз сем дзён ён браўся назад у свой родны кут, і сэрца яго калацілася ад трывогі. Кіламетраў дваццаць ён яшчэ праехаў на нейкай спадарожнай машыне, але раптам нямецкая бомба разнесла машыну на кавалкі, і трэба было дзівіцца, як ён сам астаўся жывы. Шафёр быў мёртвы і парваны на кавалкі, яго ж адкінула далёка з дарогі ў мокры лог, і гэта выратавала яго. Звыш як дзве гадзіны ён ляжаў на мокрай зямлі ў нейкіх імшыстых куп’ях, пасля паволі здолеў падняцца і пайсці. І чым больш ён ішоў, тым больш варочалася да яго звычайная рухавасць. З усіх сіл ён стараўся хутчэй дайсці дадому і ратаваць сваю Аксеню. У гэтыя моманты страшнай адзіноты, больш, як калі раней, яму здавалася, што Аксеня адна будзе вельмі бездапаможная, што яна яшчэ не ведае практыкі жыцця, яна можа падпасці пад злую крыўду. Ён ішоў тры дні глухімі сцежкамі — то паміж жыта полем, то лясамі. Ён часта бачыў над сваёй галавой нямецкія самалёты, часта бачыў на зямлі пабітых жанчын і дзяцей. У адным месцы яму сказалі, што ў тым лесе, праз які ён думаў ісці, сядзіць нямецкі дэсант, і ён абышоў лес і даў вялікага круга. Вайна ўжо грымела навакол яго. Ужо ён чуў артылерыйскую кананаду, ужо спатыкаў раненых чырвонаармейцаў, ужо начамі неба гарэла зямнымі пажарамі і ўсё траслося ад разрываў бомбаў. Зенітныя набоі рваліся на даляглядзе ў небе, і здавалася, што маланка ідзе з зямлі ў неба. Вялікая трывога, неспакой гналі яго нястомна наперад, і праз чорныя засцілы страшнага смутку ў яго душы вырысоўваліся карціны таго роднага месца, дзе ён радзіўся і дзе прайшло ўсё яго жыццё, дзе даўно ўжо ўвабраліся ў сілу пасаджаныя ім дрэвы, дзе ў такім доглядзе стаяў родны яго і яго Аксені дом. Ён успомніў, што за домам, дзе пры лесе пачынаўся поплаў, праз пасыпанае кучай дробнае каменне прарасла з зямлі, выбілася наверх і зацвіла цыбатая кветка сцеблаватага жоўтага малачайніку. На першай ад яго дома хвоі даўно ўжо навальніца ададрала тоўстую галіну, і тое месца зацягнулася нарастам высахлай на ветры смалы. І на бярозе, напэўна, ужо льга знайсці першы жоўты лісток: першы жоўты лісток на бярозе з’яўляецца вельмі рана. Усё гэта раптам выступіла на паверхню душы і павялічвала яго смутак. Дзіўная рэч, але ў гэты момант у яго вырастала цьмянае адчуванне таго, што родны яго кут спаткае яго ранейшай сваёй звыклай звычайнасцю. Ён вылічыў час і рэштку дарогі і думаў дайсці дадому якраз перад захадам сонца.

Аднак жа сонца яшчэ стаяла даволі высока, калі падышоў ён да апошняга павароту лясной дарогі. Тут было ўсё ціха. Стагоднія хвоі шумелі адвечным сваім роўным шумам і ўціхамірвалі душу. Момантнае забыццё найшло на чалавека. Можна было падумаць, што ўсё, што было ў душы дагэтуль, было пражытым ужо кашмарным сном. Ён шпаркай хадой дарваўся да апошняй лясной хвоі: адтуль відзён быў увесь пасёлак — тры вуліцы, млын, масток праз рэчку, два драўляныя двухпавярховыя дамы, дзве кузні і новая прыдарожная гасцініца, каля якой кожны дзень спыняўся аўтобус. Шасейная дарога праходзіла паўз самы пасёлак. Як толькі ён глянуў здалёк на гэтае месца — быццам бы цёмнае насланнё завалакло яму вочы: усё было чорна, спалена, раскідана, зломана, скалечана, абязвечана. Былі толькі адны асмалкі. Яшчэ нават сям-там курэў дымок з-пад галавешак. Ужо з гэтага месца ён бачыў, што дома яго таксама няма. Ледзьве дацягнуўся ён да роднага папялішча.

— Дзе Аксеня? — было першым яго словам.

Ніхто з суседзяў не ведаў, дзе дзелася Аксеня. Нямецкія самалёты бомбамі запалілі і змяшалі з зямлёй гэтае месца, і ўжо ў часе пажару збегся сюды з поля нямецкі парашутны дэсант. Гітлераўцы застрэлілі з аўтаматаў многа людзей. І палавіна гітлераўцаў шпарка прайшла к лесу і скрылася там. Другая палавіна дэсантнікаў шпарка абышла ўсе дамы, якія яшчэ не гарэлі, і пасля, перад вечарам, таксама пайшла да таго самага лесу. Шмат хто з людзей бачыў, што гэтыя гітлераўцы павялі з сабой некалькі жанчын. А ці была сярод іх Аксеня — ніхто дакладна сказаць не мог. Позна ўвечары пачалі ісці паўз свежае пажарышча, шасейнай дарогай, нямецкія танкі. Да раніцы ўсё стала ціха. І як узышло сонца — спявалі лясныя птушкі і раставала ў летняй гарачыні смала на хвоях.

Можа дзесяць разоў ён перапытваў у людзей пра ўсе гэтыя падзеі і хадзіў усё каля асмалкаў свайго дома і стагнаў:

— Аксеня! Дзе Аксеня?

На шосты дзень яго не відаць стала. Дні праходзілі адзін за адным, і ніхто яго нідзе не бачыў.

— Немаведама куды дзеўся Кандрат Піліпчык,— гаварылі ўсе.

Пачалі здагадвацца, што ён, мусіць, нічога нікому не сказаўшы, сышоў да сваёй старэйшай дачкі, якая была замужам далёка адсюль. Але гэта былі толькі здагадкі.

Прайшла восень, і была зіма. Адзін тутэйшы чалавек варочаўся пехатой дадому здалёку, куды яго немцы загналі былі на работу. Ён захварэў, доўга валяўся без яды і без догляду ў бараку, і нарэшце пашанцавала яму выбрацца на дарогу. Ён цягнуўся ў свой бок і ў адной прыдарожнай вёсцы ўбачыў Кандрата Піліпчыка. Быў адліжны дзень. Пад снегам збіралася вада. Кандрат Піліпчык стаяў на панадворку адной хаты, прыпёршыся плячом да мокрага клёна. Ён курыў і кашляў. Убачыўшы чалавека са сваёй стараны, ён заварушыўся, рвануўся да яго і адразу сыпануў словамі:

— Братка! Ці не чуваць што пра Аксеню? Можа якія сляды дзе? Можа якая чутка прайшла?

Чалавек нічога не чуў пра Аксеню, і Кандрат Піліпчык холадна спусціў вочы ў зямлю і пачаў круціць новую папяросу. Такім парадкам чалавек прынёс у роднае месца навіну, што Кандрат Піліпчык сапраўды жыве ў сваёй старэйшай дачкі, і што курыць ён не тытунь, а нейкае так лісце, і што ён вельмі пастарэў. Больш як калі раней кашляе, у яго з'явілася задышка, і падобна, што ён пачаў заікацца. А можа проста яму цяжка стала выгаварваць словы.

 

ІІ

Расказвалі ўсе, што камендант гэтай глухой воласці Эміль Кубке любіў пагаварыць. Быў ён тут камендантам ужо доўгі час, з другой палавіны зімы, і ўжо як мае быць прыгледзеўся да ўсяго тут. Цераз дзесятае ў пятае ён мог гаварыць па-руску і часамі расказваў тутэйшым, як ён думаў, адсталым людзям, якія ў іх там у Германіі добрыя парадкі і ў гаспадарцы, і ў жыцці. Ён верыў у Гітлера, як у бога, і лічыў, што тутэйшая зямля заваявана для Германіі назаўсёды. Мінулым летам ён нейк вызначыўся пры высадцы якраз у гэтым месцы дэсанта парашутыстаў, упаў у вока вышэйшаму за сябе начальству, быў пасля ранен і цяпер крыху накульгваў і быў прысланы сюды за каменданта. Ён быў лысы, і рэшткі валасоў састрыгаў самай нізкай машынкай. На каменданцкім месцы пачаў круглець, і яму здавалася, што ён выконвае тут нейкую вялікую гістарычную місію і гэта, глыбока ў душах, разумеюць тутэйшыя людзі. Праўда, яны яго баяцца і не любяць, гэта адразу кідалася ў вочы. Кожны стараўся з ім не спатыкацца, але ён апраўдваў гэта вайной і пажарам, які быў тут тым летам пры высадцы дэсанта. І ён думаў, што пройдзе час, усё ўціхамірыцца, і людзі ўжывуцца ў свой стан германскай падлегласці. Часамі яму здавалася, што ўсё ж такі тутэйшыя людзі маюць у сваіх душах да яго і пачуццё пэўнай увагі: яны вымушаны яго баяцца і ён стаіць над імі ўсімі вышэй. Ён меў асалоду адчуваць, што ўсе гэтыя людзі аддадзены яму пад поўную ўладу і што ён можа рабіць з кожным з іх, што сам захоча, і тады трымаўся з людзьмі проста, каб парысавацца — і перад імі, і перад самім сабой сваёй уладай. Улада была яму навіна, ніколі ў сваім жыцці ён не меў ні над кім улады, ён быў да вайны дробным чыноўнікам у справе рахункаводства. Тое, што яго воласць дагэтуль не была яшчэ пад партызанскім нападам, ён ставіў у заслугу сваёй разумнай дзейнасці. Ён сам таго не заўважаў, што нічога не разумее ў тым, што яго абкружвае, і калі яго людзі слухалі, спусціўшы вочы ў зямлю, то ён думаў, што гэта толькі страх або тутэйшая свядомасць сваёй нічога нявартасці перад ім, такой высокай і выдатнай тут асобай.

У пачатку вясны ён выпісаў да сябе з Германіі сваю жонку. Гэтая Эльза была намнога маладзейшая за яго, зусім яшчэ маладая, і ён не да канца ёй верыў. Ён нават пабойваўся яе жаночых капрызаў. І да яе прыезду ў яго было ўжо даволі чаго, каб прывесці яе ў захапленне і ў поўную лагоднасць да сябе. У яго ўжо было шэсць чамаданаў, туга напакаваных, і напакоўваліся яны з самага пачатку вайны. Эльза сапраўды аж закалацілася ад захаплення. Яна цяпер адразу стала такой багатай франціхай, якой з роду не была. Яна сябе вельмі добра адчула ў гэтай невядомай ёй экзатычнай краіне, дзе ўсяго так многа і дзе так лёгка ўсё прыходзіць у рукі, што нават яе Эмілю прыйшоў чын каменданта і неабмежаваная ўлада над людзьмі, а ёй самой шэсць чамаданаў. І яна пачала пераймаць ад свайго мужа манеру рысавацца перад людзьмі і навучаць усіх або сваёй рысоўкай, або ўладным словам ці крыкам. Яна сябе адчувала так, быццам тутэйшыя людзі аніяк не маглі абысціся без яе. І больш за ўсё яна захаплялася тутэйшымі вышыўкамі на сукенках з белага палатна.

 

ІІІ

Позняй вясной Кандрат Піліпчык з’явіўся ў родны куток. Расказвалі, што ён быў такі ўжо стары, што мала каму верылася, што толькі год таму ён яшчэ на поўную сваю сілу цяслярыў. Цяпер ён быў прысутулены, маўклівы, са спушчанымі ўніз вачыма. Кашаль душыў яго бесперастанку, і ён ужо зусім не курыў. Здавалася, ён анямеў ад таго, толькі яму аднаму вядомага, болю, які няспынна тлеў у ім. Ён прыйшоў сюды пехатой, з ядлоўцавым кіем у руках, і перш за ўсё доўга стаяў перад зарослым лебядой і шчаўлюком печышчам свайго дома. Таксама, як і раней, білася праз кучу каменняў нейкая ўпартая расліна, але нешта цяжка цяпер чалавеку глядзець на яе. Як і век вечны раней, крычалі на прылессі дробныя птушкі, але іх галасы былі чужыя і непатрэбныя. Пасля Кандрат Піліпчык абышоў увесь гэты кут і ў кожнага пытаўся, асцярожна і нават баязліва:

— Пра Аксеню ніадкуль не чуць?

Людзей тут ужо было мала. Здавалася, што ўсе малыя дзеці за год вельмі выраслі і зыначыліся. У хаце, якая асталася на сваім месцы, жыло па некалькі сем’яў. Каля рэчкі былі зямлянкі. Мужчын мала было відно. Кандрат Піліпчык прабадзяўся тут чатыры дні, і здавалася, што ён быццам адзеравянелы. Ён бачыў, што ніхто тут нікому ні на што не скардзіўся і ўсе моўчкі чагосьці чакалі. І цяжка было сказаць, якія ў яго намеры і ў якой меры жывуць у ім яго жывыя імкненні.

На пяты дзень прыйшоў паліцэйскі і павёў яго да Эміля Кубке. Кандрат Піліпчык пазнаў гэтага паліцэйскага. Гэта быў недалёкі адгэтуль Сымон Шалуцька.

— Нашто ты мяне вядзеш,— сказаў яму Кандрат Піліпчык,— нібы ты не ведаеш мяне?

— Для каменданта ты новы чалавек,— адказаў Шалуцька.— Ідзі.

Нельга сказаць, што Кандрат Піліпчык перажываў у гэтыя моманты якую-небудзь трывогу: у яго ўжо даўно было роўнае пачуццё, гэта была прытупленасць усёй яго істоты. Бадай што спакойна ён падышоў да каменданцкага дома. Гэта быў будынак школы. Ганак пры гэтым доме быў зроблен яго, Піліпчыкавымі рукамі. Шалуцька правёў яго праз увесь дом калідорам і вывеў на дворык па той бок дома. Эміль Кубке без мундзіра, у шлейках, сядзеў за столікам пад густым веццем разгатай ігрушы.

Эльза, маладая і павольная ў рухах, выйшла з дома следам за Кандратам Піліпчыкам і ўставілася ў яго нерухомымі вачыма. Відаць, гэты стары тутэйшы чалавек быў ёй незразумелым дзівам тут, на гэтай чужой ёй і невядомай зямлі. І тым больш яна зацікавілася гэтым старым, што ён раптам спыніў на ёй свае вочы, і вочы яго раптам загарэліся, ажылі. І ўвесь ён у момант вока змяніўся. Адразу сышла ў нябыт яго атупеласць, назаўсёды скончылася яго панурасць. Здавалася, яго твар уздрыгануўся ўсімі сваімі рысамі, і рух гэты астаўся жыць на ім. Кандрат Піліпчык нічога перад сабой не бачыў, апроч гэтай бялявай немкі. Яна стаяла перад яго вачыма як жывы кашмар пражытага ім гэтага года. Эльза была ў вышыванай сукенцы з тонкага палатна.

— Аксеніна сукенка,— прагаварыў, заікаючыся, Кандрат Піліпчык, і ўжо ніхто не мог утрымаць яго на адным месцы. Твар яго пабялеў, пасля пачырванеў, і ён рушыў да Эльзы. З дзікім крыкам яна ўбегла ў дом. Кандрат Піліпчык узбег на ганак і рвануў з усіх сіл дзверы. Уся яго істота прагнула толькі аднаго: каб хоць што-небудзь трапілася пад рукі, што льга было б цяжка апусціць на галаву гэтай вастраплечай немачкі. У гэтую хвіліну перапалоханы Эміль Кубке стрэліў Кандрату Піліпчыку ў плечы, і ён упаў мёртвы на ўваходзе ў калідор.

 

IV

Пра смерць Кандрата Піліпчыка стала вядома ў той жа дзень. Ужо да захаду сонца сярод жанчын ішла гаворка, што ў камендантавай жонкі Аксеніны сукенкі. Адна жанчына, якую некалькі разоў раней прыганялі ў каменданцкі дом мыць падлогу, расказала, што яна тады ўжо ўбачыла, як немка франціць у вішнёвай Аксенінай сукенцы, але пабаялася гэта каму-небудзь расказваць. Другая жанчына якраз учора бачыла, што немка сядзела на ганку ў вышытай Аксенінай сукенцы. Трэцяя жанчына з плачам пачала гаварыць, што ў немкі зялёная шаўковая сукенка яе маладзейшай дачкі. Знайшлася жанчына, якая ўкленчыла, згарнула рукі і пачала клясці немку за тое, што яна носіць жоўтыя туфлі, тыя самыя, якія летась шыліся яе маладой незамужняй сястры. Адзін з тутэйшых людзей, ціхманы чалавек, сказаў:

— Я гэтага Кубке памятаю, як ён шнырыў тут летась. Ён быў у тых самых дэсантніках.

Назаўтра па зямлянках, па ўцалелых пунях — дзе толькі жылі людзі — ішла гаворка, што ў Кубке і яго жонкі ўсе тыя рэчы, якія прапалі тут летась у часе пажару і грабяжу. І раптам усё выбухнула наверх, тое, што было дагэтуль затоена ў душы. Быццам толькі цяпер у поўнай меры дайшлі да свядомасці смутак і жальба па забітых дачках, па абязвечаных дзецях. Са страшнай сілай кожны адчуў, што жыве як пад зямлёй. Было падобна, што дагэтуль людзі не маглі апамятацца ад грому раптоўнай навалы і толькі цяпер дайшлі да поўнай свядомасці сваіх спраў. З меншым, як летась, парывам адчаю, але з глыбейшым горам, з прыгнечаннем усёй душы пачалі плакаць і галасіць жанчыны па дзецях, па хатах, па ўсім тым, што было раней і чаго няма цяпер. Тут, у лесе, было такое месца, дзе з пескавой выдмы цягнуўся ўгару густы верас. Выявілася, што ў гэтым верасе ў леташнюю восень мокла пад дажджамі акрываўленая кофтачка Піліпчыкавай Аксені, у якой яна была ў той страшны дзень мінулага лета. Прыходзіў з зарэчнага боку чалавек і казаў, што на тым тыдні памёр яго хлопец, якога паліцэйскі быў збіў кулакамі ў канцы зімы, калі немцы забіралі аўчыны. Прыйшло двое людзей з мястэчка, якое ўваходзіла ў гэтую воласць. Яны расказалі, што Піліпчыкава Аксеня была знойдзена мёртвая ў іхнім лесе перад самай мінулай зімой. У аднаго з гэтых людзей гітлераўцы забілі брата і забралі ўсю жончыну адзежу. Перад захадам прыйшла чутка, што паліцэйскія без труны і ўпотайкі, каб ніхто з людзей не бачыў, закапалі Кандрата Піліпчыка за каменданцкім домам на куп’істым выгане. А адразу пасля захаду сонца, на старой параконнай брычачцы, праехала аднекуль дадому бялявая Эльза. Яна была ў зялёнай сукенцы, і за ёю конна ехаў Сымон Шалуцька, які стараўся не глядзець у вочы людзям, якія трапляліся яму па дарозе. Эльза ж пазірала ўсім у твары, і жанчына крыкнула ёй услед:

— Сучка! Ці скора папухнуць твае ногі ў туфлях маёй сястры?

Неўзабаве выявілася, што двое местачкоўцаў і зарэчны чалавек не пайшлі дадому, а былі тут. Як сцямнела, сярод леташніх асмалкаў пачаў збірацца натоўп жанчын і мужчын. Зарэчны чалавек пайшоў паперадзе. Усе бачылі. як ён дастаў з разоры ў агародзе вінтоўку. Двое тутэйшых мужчын выйшлі са сваіх пунь таксама з вінтоўкамі. Два местачкоўцы раптам сказалі ўсім не ісці адразу к каменданцкаму дому, а толькі тады, калі гэты дом пачне гарэць. І пасля гэтага два местачкоўцы зніклі. З імі пайшла жанчына, якая нядаўна кляла Эльзу за сястрыны туфлі, два тутэйшыя мужчыны з вінтоўкамі і зарэчны чалавек. Каменданцкі дом пачаў гарэць толькі пасля поўначы. Шэсць паліцэйскіх выбегла з дома, і яны ўбачылі, што сёмы, які стаяў перад домам на варце, ляжыць мёртвы. Мужчыны далі залп з вінтовак. Чацвёра паліцэйскіх упалі, два кінуліся ўпякаць. За імі пабеглі мужчыны. Натоўп жанчын з каламі і віламі кінуўся к дому. Адстрэльваючыся з рэвальвера, Эміль Кубке стараўся прарвацца праз натоўп і цяжка параніў дзвюх жанчын. Цяжкі кол з размаху апусціўся на яго галаву, ён захістаўся і пабег у бок куп'істага выгану. З дзікім позіркам ашалелых вачэй Эльза ў той самай зялёнай сукенцы выскачыла з ахопленага полымем дома і пабегла следам за сваім Кубке. Але Кубке доўга бегчы не мог. Ён упаў, спатыкнуўшыся, на купіну. Яго ляжачага пранізалі віламі. Эльза выбегла к лесу і крычала і выла, чуючы, як натоўп жанчын бяжыць за ёю. У лесе яна сціхла і стала кідацца паміж хвоямі. Яна раптам знікла ў цемені.

— Яна тут недзе,— закрычала адна жанчына,— абкружым усё гэта месца.

Зарэчны чалавек раптам з’явіўся тут і расставіў усіх шырокім кругам. Праз гадзіну пачало світаць, і заўважылі, што Эльза сядзіць на разгалістай сухой старадрэвіне, прыхінуўшыся грудзьмі і тварам да ствала. Вострыя яе плечы дрыжалі.

Адзічэлыя яе вочы бегалі па людскіх тварах унізе пад дрэвам.

— Злазь, сука! — пачула яна голас знізу.

Яна ўздрыганулася і папаўзла вышэй. Каменне паляцела ёй наўздагон, і адзін камень уцэліў ёй у патыліцу. Яна пакінула брацца вышэй, пачала асядаць на сукі. Жанчына стала на ніжэйшы сук і з размаху стукнула віламі па Эльзіных плячах. Эльза паехала ўніз, зачапілася зялёнай сукенкай за сухое голле і павісла галавой уніз. Яна яшчэ жыла некалькі хвілін і кончылася так, быццам задушылася сваім уласным горлам. Натоўп стаяў навакол яе. Узышло сонца, і зарэчны чалавек прывёў аднекуль жывога Сымона Шалуцьку. Адзін местачковец сказаў перад натоўпам:

— Цяпер усе за мной, у трэці зарэчны лес, хто хоча ўзяць зброю. Мужчыны і жанчыны! І слухаць, што я казаць буду.

Сымон Шалуцька хацеў кінуцца на калені, але яго штурханулі ісці.

Праз некалькі хвілін гэтае месца апусцела. Дзень прайшоў к вечару. Перад захадам сонца схмурнела, і ўзняўся вецер. Збіралася к начы на дождж. Зашумеў лес. Чуўся скрып голля, якое адцягвалася ўніз апруцянелай Эльзай у зялёнай сукенцы. Бялявыя валасы яе звіслі, і ўся яна размахвалася ў такт сухому скрыпу.


лістапад 1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан