epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Бацька

Яна яшчэ памятала, калі гэтая дарога ішла чыстым полем да самага лесу, паабапал яе тады яшчэ не было ні клёнаў, ні ясеняў. Два хвойныя лясы стаялі на двух узгорках, і паміж імі, на гэтым велічэзным полі, толькі стары вяз відзён быў зводдалеку. Ён рос над вадзяным млынам. А па той бок рэчкі, за паплавамі, над усёй мясцовасцю і нават, здавалася, над лясамі ўзвышаліся адзінокія бярозы. Там быў могільнік, і даволі далёка ад млына, каб ёй малой адной хадзіць туды часта.

З таго часу яна пачала памятаць і свайго бацьку. Тады ён не быў яшчэ такі лысы, але вусы яго і тады пачыналі ўжо сівець, а цяпер сталі зусім сівыя. Цяпер ён ўжо ў гадах, і ў яе самой ужо дванаццацігадовая дачка. Як шпарка прайшоў час! Ёй ужо трыццаць адзін год, а ёй здаецца, што гэта было зусім нядаўна, калі яна была такая ж, як цяпер яе Настачка. Бацька гаворыць, што Настачка так падобна да яе, што ён думае, што гэта яна сама малая. І ніколі так раней, як у гэтую страшную часіну, бацька не здаваўся ёй такім родным, такім дарагім. Якая мілая лысая ў яго галава! Які ён ціхі, добры, справядлівы чалавек! Якія залатыя ў яго рукі! Гэта ж ён сваімі рукамі, з таго часу, як стаў калгасным садаводам, змяніў твар усяго гэтага кутка. Ён паабсаджваў дрэвамі дарогу, ён пасадзіў тры сады, ён развёў пчол. Ён пасадзіў вербы скрозь паўз рэчку. Ён пасадзіў ліпы навокал дома, новага, нядаўна яшчэ пабудаванага на месцы той старой хаты, дзе яна радзілася і вырасла. Разам з дрэвамі вырасла і новая вуліца. І дзе ён цяпер — родны, слаўны бацька, з лысінай, з сівымі вусамі? Што яны з ім зрабілі! І што яны зрабілі з Настачкай! Які смутак рэжа душу! І як думка горнецца ў ранейшыя шчаслівыя дні. І калі новы дом будавалі, і калі яшчэ тая старая хата стаяла з гліняным токам замест падлогі. І яшчэ далей ідзе думка — калі яна сама была малая і здалёк, з-пад млына, дзе бацька служыў мельнікам, бачыла над галавой зялёную гушчырню старога вяза і высокія бярозы на могільніку. А раней яшчэ і маці была жывая. Усё прайшло! Усё мінулася! I цяпер яна ў пакутах і смутку стаіць у цёмных сценах, прыпаўшы тварам да замкнутых дзвярэй.

І раптам забразгаў замок, і гэтыя дзверы адчыніліся. І зноў ён, той самы, стаяў над душой. У яго рыжая галава і ўвесь твар быццам бы рыжы. Цяпер ён нешта дажоўваў і не зводзіў з яе вачэй. Пасля разважліва калупаў у зубах і сплёўваў з кончыка языка. А пасля, усё так жа гледзячы на яе, пачаў гаварыць зноў тое ж самае:

— Дзе твой брат? Табе яшчэ асталося адну хвіліну, каб думаць.

Ён вельмі дрэнна гаварыў па-руску, але яна разумела. Сказаць яму, дзе брат, родны брат Юрась? Такі малады, так падобны з твару на бацьку. Аддаць яго на смерць, на пакуты? Каму? Таму, што ўварваўся сюды і не даў жыць? Выказаць Юрася? Тады нябожчыца маці перавернецца ў магіле і пракляне на векі вечныя.

— Я не ведаю, дзе мой брат.

Рыжы гітлеравец паглядзеў кудысьці ў глыбіню двара праз адчыненыя дзверы і, здаецца, зрабіў нейкі знак вачыма. І раптам перад яе вачыма стала Настачка, і яе трымаў за плечы другі немец. Што стала з Настачкай? Шчаслівая тая маці, якая ляжа ў магілу раней, чым убачыць так сваё дзіця. Настачка стаяла зусім не такая, якая раней была. Яна была прысутуленая, маўклівая. Нос у яе завастрыўся. Здавалася, што тварам яна доўга ляжала ў зямлі. Рукі яе дрыжалі, калені згіналіся, галава хілілася на левае плячо. Гітлеравец трымаў яе за плечы так, што здавалася, ён хоча ўціснуць яе ў зямлю. Толькі вочы яе жылі. Як яна ўбачыла маці — вочы засвяціліся надзеяй ратунку. Маўклівая, яна быстрымі вачыма сваімі чакала, ці скора маці выратуе яе. Але калі разглядзела яна, што маці таксама схіляе галаву к сцяне, і адчула, што страшныя спазмы душаць яе, Настачка раптам заплакала. Маці ўскінула галаву і пайшла да Настачкі. Але тут схапіў яе за плечы той, рыжы.

— Дзе твой брат?! — Яна маўчала, калоцячыся.— Твой брат дома! Дзе ён?.. Ты не скажаш? Калі ты не скажаш — яна (ён ткнуў пальцам у Настаччын твар) зараз будзе мёртвая.

Ёй трэба было выбіраць паміж імі двума, роднымі, любымі, дарагімі. Сэрца яе распірала грудзі. Гітлеравец больш не чакаў, ён стрэліў у Настачку. Настачка ўпала, паварушыла пальцамі рук і заціхла.

Яна з усіх сіл ірвалася да сваёй Настачкі. Немцы ўжо ўдваіх біліся з ёю і не пускалі яе. Яны далёка кідалі яе ад сябе, шпурлялі ў сцяну, а яна ўсё жыла і не ўмірала, і ўсхватвалася на ногі, і кідалася да сваёй Настачкі.

— Дзе твой брат?..— гучала раз-поразу ў яе вушах, і гэты боль ішоў з вушэй у душу і сэрца і рваў чалавека на часткі. І нейк адразу яна ўся ўспыхнула. У вялікім парыве яна стала ва ўвесь свой рост і перасіліла слабасць. Яна яе больш не адчувала. Згінуў і боль у галаве. Толькі адчувалася кроў. Яна цякла з вушэй і з рота. Як толькі магла, яна пачала лавіць ротам паветра і страшным позіркам глянула на рыжага гітлераўца. Яна сама не пазнала свайго голасу:

— Наш Юрась адпомсціць за Настачку. У яго руках зброя. І я вам не скажу, дзе ён. І мой муж у Чырвонай Арміі. І Чырвоная Армія адпомсціць. І не будзеце вы панаваць над намі. Ніколі вы не дазнаецеся ад мяне, дзе Юрась.

Фашыст выстраліў ёй у грудзі, і яна ўпала нежывая. Стала ціха. Немцы пайшлі ў хату. Прайшло хвілін дзесяць, і ён — ціхі, лысы, з сівымі вусамі, увайшоў з агародаў у двор, з касою і граблямі на плячах. Дома ён быў мала, не больш як гадзіну. Далёка і надоўга цяпер ніхто не адыходзіў ад дома. З канюшынага поля ён бачыў, як паехаў сюды грузавік з немцамі, і ён адразу заспяшаўся назад. Яму рупіла: ці паспее скрыцца Юрась. Быццам бы ўсё ціха скрозь. «Можа, немцы паехалі далей»,— думаў ён. І раптам у сваім двары ён убачыў адчыненыя дзверы свіронка і пад імі Настачку ў сіняй сукенцы. Анямелы, ён зрабіў крок яшчэ і на парозе ўбачыў і яе, адзіную сваю дачку. Саломіна з пустым коласам старчаком паднялася з-пад яе галавы і зламалася над ілбом. I ў той жа момант і Настачка і яна зліліся ў адну постаць,у адну істоту. Гадамі яна стала, як Настачка. Дачка і ўнучка сталі адным яго дзіцем. Яна адна з ім. Ён садзіць сады і дрэвы ля дарог, і яна каля яго. I гэта ж сапраўды так было. Яна была тады яшчэ малая, і ёй хацелася кратаць пальцамі кожнае пасаджанае ім дрэўца... Не, не так было... Думкі яго не так уявілі. Калі яна была малая, ён тады малоў у млыне, і яна прыходзіла да яго, і, бывала, цэлымі днямі гуляла пад старым вязам. Але яна была такая ж, як цяпер Настачка. Ён зараз возьме на рукі Настачку, жывенькую, цёпленькую, і гэта будзе яна, малая, пад тым вязам, як год дваццаць ці больш таму назад. Настачка! Яна ж ляжыць тут каля яго ног, і пальцы на яе руках застылі растапыраныя, так, як яна варушыла імі ў апошнюю сваю хвіліну.

Ён адумаўся, азірнуўся, заварушыў ніжняй паловай твару, кінуў касу і граблі і павалок свае ногі к хаце.

Там чуліся галасы. Ён вярнуўся, абышоў хату паўз глухую сцяну і глянуў на вуліцу. Усё быццам вымерла. У канцы вуліцы стаяў вартавы немец. Грузавік відзён быў далёка ў вуліцы і каля яго другі немец. Астатнія, мусіць, шукалі па хатах. Што ім трэба? Хто іх зваў сюды? Што ім да таго, як тут жывуць людзі, і што Юрась камсамолец, і хто іншы — ці камсамолец, ці камуніст, ці хто б ён ні быў. Хто іх ведаў, хто іх чапаў! Шпарка ён вярнуўся назад, увайшоў у сенцы і прыслухаўся. У хаце паміж сабою гергеталі немцы. Дзе Юрась? Божа мілы, дзе Юрась? Цяпер Юрась патрэбен. Але ён не дома. Бо каб ён быў тут — не гаварылі б так ціха немцы, і не даў бы ён у крыўду сястру і Настачку. Але тут ён не вытрымаў сваіх наіўных думак і несвядомага чакання. Адчыніў ён дзверы і ўвайшоў у хату. Там былі ўсяго два немцы. Рыжы сядзеў за сталом і сам сабе прачытваў нейкія паперы ці так проста глядзеў у іх. Другі, нізкі і тоўсты, корпаўся ў кубле з салам. Ён паспеў уцягнуць кубел сюды з цёмных сянец. Сала было толькі ў дне, і ён стараўся ўздзерці зляжалы пласт і падкорпваў яго сваім шырокім нажом. І няўжо ён быў такі атупелы дурань, гэты немец? У чалавека ён сам толькі што замучыў насмерць дачку і ўнучку. І цяпер абкрадвае яго. І, убачыўшы гэтага чалавека, ён і не спалохаўся, і не пасаромеўся яго. І не адагнаў ад сябе, і не закрычаў на яго, а з практычнай развагай паказаў яму на сала і нешта загергетаў. Знакамі ён паказваў чалавеку, што не можа ўздзерці сала, і пытаўся, дзе сякера, каб разбіць кубел. Чалавек жахнуўся ад гэтай нечаканасці. Быццам збянтэжаны, ён хапіўся рукой за сваю лысіну, пасля за сівы вус, пасля азірнуўся на хаце. Увагу яго ўзяла на сябе рыдлёўка. На ёй яшчэ была гліна. Некалькі дзён таму назад ён браў ёю гліну. У момант ён хапіў рыдлёўку і з усяго размаху, вострым кантам, апусціў яе на нямецкую галаву. Гітлеравец захістаўся і аб’ехаў на падлогу, але ён не бачыў гэтага: ён адразу рвануўся к сталу з ускіненай зноў рыдлёўкай. Рыжы гітлеравец стрэліў у яго, і ён з усёй сілы, як толькі мог, даў рыдлёўкай па зноў працягненай нямецкай руцэ з пісталетам. Пісталет бразнуўся вобземлю, гітлеравец закрычаў, сашчаміў зубы і ўскочыў нагамі на лаву. Ён стаяў цяпер на лаве галавой бадай што пад самую столь. І тут белавусы гаспадар зноў ускінуў над сваёй галавой рыдлёўку. Фашыст кінуўся на чалавека, але той паспеў не дапусціць яго да сябе тым, што даў рыдлёўкай па яго твары. Немец рынуўся ў дзверы, пераскочыў цераз труп свайго паплечніка, выскачыў у сенцы, пасля на двор. Ён крычаў хрыплым голасам, і чалавек гнаў яго перад сабою на агароды, пасля на паплавы, пасля падагнаў да вузкай і плыткай паплаўной рачулкі. Ад удару рыдлёўкай у твар у гітлераўца, відаць, кружылася ўсё перад вачыма. Бегучы, ён часамі збіваўся з простага тропу, яго вяло ў бакі, але ён дапаў да рачулкі, ускочыў у яе і з поўнымі халявамі вады выпаўз на той бераг. Чалавек задыхваўся, бегучы за ім. Сэрца распірала яму грудзі. Ён сцішыў хаду і павальней перайшоў праз рэчку. І немец задыхваўся ад бягі і, не зводзячы вачэй з чалавека, сочачы за кожным яго рухам, глытаў паветра. Ён стаяў. Стаяў на беразе і чалавек. Так прайшло хвіліны можа тры. Чалавек зноў пабег за немцам. Пачаў уцякаць і той, з пачарнелым тварам ад удару рыдлёўкай. Так яны дабеглі да другой, вялікай рэчкі. Немец ужо не мог больш бегчы. Ён азірнуўся і пайшоў берагам. Пайшоў і чалавек следам за ім. Немец пачаў падаць, усхватвацца, бегчы, ісці. Чалавек не адступаўся ад яго. У яго цямнела ў вачах ад слабасці, сэрца яго гатова было разарвацца, але ён бег і ішоў следам. Пачаўся вечар, пачало змяркацца. Немец увайшоў у лес. Увайшоў за ім і чалавек. Немец стараўся схавацца за дрэвамі, чалавек не спускаў яго з вока. Ён выбіваўся з сіл, каб бліжэй быць да немца і не страціць яго з вока. Ужо было цёмна, яны чулі адзін аднаго толькі з трэску сухога галля пад нагамі. Чалавек заходзіў управа, каб выгнаць немца на край лесу. Немец не ведаў мясцовасці, ён рушыў ад чалавека ўлева і выйшаў на цёмны поплаў. Чалавек быў тут жа, каля яго блізка. Немец азірнуўся і падняў рукі ўгару і нешта стараўся сказаць. Хрыпата яго голасу даходзіла да траскучага шэпту. Грудзі яго хадзілі ў бакі, здавалася, ён прысядаў пры кожным сваім выдыху і ўздыху. Чалавек быў шчаслівы перадыхнуць хоць момант. Напэўна, з гадзіну, а можа і больш, доўга яны так стаялі адзін перад адным. Калі немец апускаў рукі, чалавек замахваўся рыдлёўкай і немец зноў паднімаў рукі. Узышоў месяц, усё стала белым. Навокал поплаву чарнеўся лес. Чалавек ускінуў рыдлёўку і рушыў на гітлераўца. Немец пабег. Перамагаючы сваю сілу, чалавек на тры крокі стаў бегчы за немцам і аглушыў яго па галаве кантам рыдлёўкі. Гітлеравец упаў. Чалавек біў яго рыдлёўкай, а пасля пачаў паволі адыходзіць ад яго. Адышоўся да нечага цёмнага, невыразнага, вялікага, што было на ўвесь свет, і грымнуўся вобземлю ўсім сваім целам. Усё было ціха. Месяц свяціў усю ноч. Вялікая раса ляжала на траве. Пад дзень узняўся вецер, і лес зашумеў. Чалавек падняў галаву, калі быў дзень і сонца стаяла высока. Лес шумеў няроўна, крушыннік і ядловец разгойдваўся пад ветрам. Чалавек падняўся на ногі, маўкліва глядзеў на рыдлёўку і на немца каля яе і быццам нічога не памятаў. Гітлеравец ляжаў, падкурчыўшы адну нагу. Здавалася, што ён хоча падняцца і пабегчы. Але на яго твары сядзела плойма мух. Пад нямецкай спіной была купіна, і немцаў жывот тырчаў угару. Чалавек увайшоў у лес і пайшоў, мала што заўважаючы перад сабою. Адумаўся ён праз кіламетраў чатыры. Ён здзівіўся, як далёка зайшоў ён уночы — з-пад гэтага ляска, які ён цяпер пераходзіў, дадому было вёрст дванаццаць. Ён і сам не ведаў, куды ён і па што ідзе. Знаёмай дарогай ён ішоў дадому — і толькі. Ён ледзьве пераступаў нагамі, такая страшэнная стома гняла ўсё яго цела. Многа прайшло часу, пакуль ён, бадай што ў бяздум’і, падышоў к месцу, дзе стаяў яго дом. Ён падумаў, што няможна цяпер яму паказвацца тут смела. Ён сеў на зямлю і прычакаў вечара. Губы яго былі сухія, у твар быццам калолі тысячы голак. Ён глядзеў на дарогу, дзе густа вырысоўваліся перад вокам дрэвы, пасаджаныя ім самім. Вялікі, як свет, смутак здушыў яго душу. Ён пайшоў к дрэвам. Да гэтых дрэў дакраналася яна. Яна памагала яму садзіць іх. На гэтых, выраслых ужо дрэвах жывуць сляды яе рук. Ён хадзіў каля дрэў і дакранаўся пальцамі да іх кары. Ён доўга стаяў тут. Уночы ён увайшоў у свой двор. Ні яе, ні Настачкі ўжо не было на зямлі. Ён пастукаў да суседа ў акно. Сусед выйшаў. Ён запытаўся. Сусед адказаў, што іх пахавалі нядаўна, перад вечарам. Пахавалі суседзі, украдкам. Ён не захацеў зайсці ў хату. Ён ужо не баяўся, ён не хацеў ці не мог. Ён прахадзіў усю ноч. Перад днём ён зноў зайшоў да таго ж суседа...

— Юрась не прыходзіў? — запытаў ён.

І ў голасе яго гучалі ўжо ноты заклапочанага чалавека.

— Не, Юрася не бачылі,— адказаў сусед.

Ён зноў выйшаў з вёскі. Ён чакаў, што прыйдзе Юрась. Але гэта была толькі частка таго, што было ў ім. Смутак, страшны і непераможны, душыў яго, не выпускаў яго са сваёй жудаснай улады. Так прайшло тры дні.

На чацвёртыя суткі яму стала ясна, што ён не вытрымае. Часам змрокам ён падыходзіў да свайго дома і адразу адварочваўся ад яго, ішоў назад, прыдушаны і знябыты. Без прыстанішча ён бадзяўся па ўсёй гэтай мясцовасці многа дзён. З-за дрэў у лесе ён бачыў, як ехалі на грузавіках немцы, як пасля дым і агонь узняўся над яго домам. Уночы, пад дзень, ён прыйшоў на роднае месца. Чорныя асмалкі яго дома курыліся яшчэ і тлелі. Ліпа над асмалкамі стаяла без лісця і вецця, абгарэлы пень тырчаў угару. Ён прыпёрся плячыма да пня і стаяў так, аж пакуль не ўднела добра. Сусед штурхаў яго ў плячо. Ён схамянуўся.

— Юрась прыйшоў... Слухай, Юрась прыйшоў.

— Дзе Юрась?

— У мяне, спіць. Ідзі, пагавары з ім.

Паслухмяна і маўкліва пайшоў ён за суседам. Юрась сядзеў у суседавай прыгрэбцы, увесь у саломе, і праціраў вочы. Бацька глянуў на яго, заміргаў вейкамі, і сударга здушыла яму горла. Юрась усхапіўся, стаў перад бацькам.

— Я ведаю, усё ведаю,— сказаў Юрась.

— Сынку мой, сынку мой,— зашаптаў бацька.

Юрась выцягнуў з саломы вінтоўку і даў бацьку. Пасля другую даў суседу. Пасля выцягнуў адтуль жа свой аўтамат.

— Куды цяпер ісці? — сказаў бацька.

— Тут быць. Будзем чакаць. Нашы там, цераз поплаў, на беразе. А яны зараз сюды зноў прыедуць.

Пасля гэтага гадзіны дзве яны не сказалі адзін аднаму ні слова. I вось загуло і затрашчала на вуліцы. Юрась глядзеў праз прычыненыя дзверы. Два грузавікі, поўныя нямецкіх салдат, прапаўзлі і спыніліся. Гітлераўцы пачалі разыходзіцца па хатах, шукаць і дапытваць. На машынах асталіся сядзець толькі шафёры і вартавы салдат каля іх. Сусед прыцэліўся, і фашыст грымнуўся вобземлю. Юрась выбег на вуліцу і кінуў пад машыну гранату. Машына разарвалася, і абломкі яе, з разверненай зямлёй, завалакліся дымам. Страляючы, немцы выбягалі з хат. Юрась ірвануўся за сцяну прыгрэбкі, і яго аўтамат пачаў сваю работу. З-пад рэчкі, цераз поплаў, беглі людзі і стралялі. Гітлераўцы з крыкам збегліся на агароды, залеглі, і адзін з іх крыкнуў каманду. Пачаўся бой. Абліваючыся крывёю, выбег наперад чалавек і адну за адной шпурнуў дзве гранаты. Грук і дым. Чорная зямля рванулася перад вачыма Юрасевага бацькі. Ён ляжаў у градах і страляў. Пасля ён пачаў доўга цэліцца. Напроці яго ледзь відна нямецкая галава. Дым разышоўся. Ён яе вельмі выразна бачыў. Рукі яго дрыжалі, і яму цэліцца цяжка было. Нарэшце ён стрэліў. Ён бачыў, як над нямецкай галавой узляцела ўгару рука і адразу ўпала. Галава ўехала ў траву. Радасць, вялікая, вартая ўсяго жыцця, ахапіла чалавека. Ён цэліўся і страляў і забыўся на ўсё, апроч гэтай радасці. Сонца моцна пякло. Бой заціхаў.

— Бацька! — крычаў Юрась.

Чалавек стаў на ногі і пайшоў на Юрасеў голас.

— Ты возьмеш на плечы мяшок з хлебам, — сказаў Юрась.

— А дзе той мяшок?

— Там, усё прыгатавана, — сказаў сусед, і ўсе падышлі да свірна.

Сусед націснуў на дзверы. Яны не адчыняліся.

— Што такое? — сказаў сусед.— Я іх не замыкаў. Ён грукнуў у дзверы прыкладам вінтоўкі.

— Адтуль стралялі фашысты, мы іх туды загналі,— закрычаў здалёк белагаловы партызан, спацелы і без шапкі.— Ім не было дзе дзецца, і яны туды... Замкнуліся.

Яго голас прагучаў у вялікай цішыні. І раптам на агародах застукаў кулямёт.

— Зноў немцы... там! — закрычалі на вуліцы.

І неўзабаве зноў пачаўся бой. Туды пабег і Юрась. Туды пайшоў і белагаловы партызан. У гэтыя хвіліны бацька ўжо не пільнаваўся свайго Юрася. Ён памятаў толькі тое, што на яго пакінулі гэтых немцаў у свірне. Тут ён убачыў, што дзверы прыадчыніліся і ў шчыліну выглянула вінтовачная руля. Ён стрэліў туды. Дзверы зноў зачыніліся. Ён успомніў, што тут за сцяной валяўся заўсёды дрот. Ён хапіў яго і пачаў прыкручваць ім клямку дзвярэй к прабою ў вушаку. Не вельмі моцна ён прыкруціў клямку, але гэта было ненадоўга. Страляючы ў дзверы праз кожную хвіліну, ён прымчаў тры ахапкі сена, тут жа, з поплаву, прыціснуў да сцяны і запаліў. Ён адышоўся наводдаль і прыцэліўся ў дзверы. Дзверы рваліся, іх стараліся адчыніць, але сцены ўжо гарэлі. Ён яшчэ раз стрэліў. Ужо гарэла страха. Дзверы пачалі трашчаць. Ён яшчэ стрэліў. У свірне крычалі. Усё ўжо гарэла. Сцены палалі ў агні. З агню выскачыў гітлеравец і ўпаў і зноў ускочыў на ногі. Адзежа на ім гарэла. Чалавек стрэліў, і немец упаў увесь у агні, і больш не падняўся. Неўзабаве і сцены ўпалі. Слупы іскраў паляцелі ўгару. Бярвенне датлявала, і з-пад яго тырчалі варожыя ногі і рукі.

Праз гадзіну ўсё тут было ціха. Ён адзін ішоў адгэтуль даганяць Юрася і ўсіх. Сонца ўжо спусцілася к лесу. На агародах ён прайшоў паўз нямецкія трупы. І яму здавалася, што іх занадта мала. Нават мільёны іх не ўнімуць боль яго душы і яго смутак. Але цяпер яму было лягчэй. Хоць у руках і нагах ён стаў бадрэйшы. Ён ішоў сцежкаю паўз дарогу, пад раскідзістым веццем пасаджаных ім самім дрэў, і ведаў, што праз усё сваё жыццё будзе бачыць іх і што яны будуць тут вечна расці.


красавік 1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан