Кузьма Чорны

Беларускія літаратары ў дні Айчыннай вайны

Беларуская літаратура нарадзілася ў змаганні гераічнага беларускага народа за сваю сацыяльную і нацыянальную свабоду і незалежнасць. Яна ўзнялася да сваіх вялікіх вышынь у шчаслівыя часы савецкага жыцця. Вялікасць беларускай савецкай літаратуры ў тым, што яе ідэі — гэта жыццё народа, шчасце яго і роднай беларускай зямлі, яго вялікае і пачэснае месца сярод брацкіх народаў Вялікага Савецкага Саюза, яго месца і значэнне ў чалавецтве. Беларускую літаратуру тварылі таленты, якія выйшлі з народа. Мэта ўсяго іх жыцця — гэта служэнне свайму народу.

Гэтай сваёй вялікай мэце яны асталіся вернымі назаўсёды. Яны былі з народам у яго шчаслівыя часы, яны з народам і ў сённяшні пакутны і гераічны час змагання з подлымі нямецкімі чужынцамі, якія, як чорная хмара, навалакліся на нашу зямлю, каб ускласці на наш народ страшнае ярмо няволі і здзеку.

Беларускія пісьменнікі разам з родным народам змагаюцца супраць ворага. Іх беларускае мужнае слова гучыць у народзе, як кліч змагання, гучыць на фронце, дзе доблесная Чырвоная Армія вядзе няспыннае наступленне і з вялікай сілай гоніць ворага з роднай зямлі.

У нашы дні народнага гераізму, у дні вялікіх подзвігаў народных герояў, у дні змагання з гітлераўскай навалай, беларуская літаратура жыве і гучыць сваім магутным словам.




Беларуская Палічка: http://knihi.com