epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Берлінскі анучнік

Мінулым летам і ўвосень ваяўнічыя фрыцы здзіралі з плеч беларускіх дзяўчат плацці і «арганізоўвалі» пасылкі сваім мартам. Шчаслівыя марты змылі з «заваёваных» плаццяў кроў замучаных беларускіх дзяўчат і выфранціліся ў здабыткі гітлераўскай «місіі на ўсходзе». Зімою сумныя марты начапілі чорныя павязкі на рукавы «трафейных» плаццяў і аддаліся жалобе па сваіх фрыцах, якія з вялікім поспехам заваявалі сабе кожны па тры аршыны беларускай зямлі. Яшчэ не паспелі чэрві патачыць іх у магілах, як міністр гаспадаркі Германіі Функ нядаўна апублікаваў адозву наконт збору старой адзежы сярод германскага насельніцтва.

«Усё больш працоўных,— гаворыць ён у адозве,— зменьваюць молат на вінтоўку і плуг на зброю. Іх рабочае месца занялі мужчыны і жанчыны, і яны маюць патрэбу ў адзежы... Здавайце адзежу, якую яшчэ можна насіць».

Коратка і ясна. На савецкім фронце фрыцы ляглі касцьмі. На іх месца фюрэр паслаў новых на трохаршынныя зямельныя заваёвы, зняўшы іх з фабрык. На месца гэтых на работу пастаўлены новыя, без адзежы і без хлеба, але затое з багатымі надзеямі пайсці скора на новую замену на фронце. А тых, што заменяць гэтых на фабрыках, у якія анучы адзене іх спрактыкаваны Функ?

Па ўсёй Германіі цяпер ідзе збор старызны, каб прыадзець даведзеных Гітлерам да жабрацтва нямецкіх рабочых людзей. Затое Гітлер прысвоіў сабе раскошныя палацы і маёнткі, а Герынг нажыў на вайне мільёны і ванну ў сваіх палацах вылажыў залатымі пліткамі. І колькі б Функ ні збіраў ануч, ён імі не заткне дзірак у струхлелых сценах гітлераўскай Германіі, якія трашчаць і расшатваюцца з кожным днём усё больш і больш ад таго, што Чырвоная Армія ўсё больш і больш кладзе на фронце фрыцаў.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан