epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Браты

Хлапчук спаў на халоднай траве. Калені ён падцягнуў да барады, рукі, як мог, схаваў на грудзях у рукавы таго, што калісьці было чалавечай вопраткай (злямцованыя шматкі ваты і аблезлай картуны). Гэтак і спаў грудзьмі на кулаках; сціснуты ўвесь, як карчук дробнай расліны. Ляжаў ён тварам уніз. Віхрастая бялявая галава не мясцілася ў скураной шапцы без казырка. Шапка была б нават і ніштаватая, каб яшчэ да яе казырок і каб не распоркі скрозь на швах. Бялявыя віхры вытыркалі праз гэтыя распоркі ва ўсе бакі. Голыя пяты блішчалі здалёк, з-пад даўгіх нагавічных калошаў. Нагавіцы не мелі ўжо аніякага колеру.

Восенныя павевы ішлі над горадам; дрэвы стаялі жоўтыя. Гукі беглі адусюль: на блізкай электрастанцыі чмыхала пара, там жа дзесьці вызвоньваў і грукацеў трамвай; кукаваў на вузкакаляіне драбнюсенькі паравічок і цягнуў за сабою ляскатлівую гаворку рухавых скрынак з торфам. Плыткая рэчка гнала няспынную ваду. Яна адгароджвала тут сад ад горада. Сцежкі скрыжоўваліся ў шмат якіх мясцінах вялікага саду; па іх шнуравалі людзі, і хто колькі меў вольнага часу, спыняўся тут дзе-небудзь ля ціхай лаўкі — на гэтай вясёлай выспе сярод пыльных вуліц грукатлівага места. Хлапчук спаў на ўзгорку. Дрэў тут было менш. Сонца не лішне грэла зямлю, не хапала толькі сіверу, каб да рэшты ахаладзіць вытаптаную траву. Яшчэ не выбралася з саду летняя сталавальня. Кухонны водар патыхаў паміж дрэў. Сталавальня была пры пешаходнай садовай дарозе. На адкрытай верандзе стаяла чарга ў касу. Навокал столікі, на іх абы як выцертыя цыраты, і поўна людзей тут. Усе — працавітыя людзі: з рук ніколі не адмываецца сажа і зямля; гальштукі, у каго ёсць, завязваюцца толькі з той прычыны, што ні на што іншае іх не абярнеш. Людзі тут доўга не сядзяць: кароткі полудзень не ёсць адпачынак. На хадзе раскусваюць запалкі, каб пакалупаць у зубах, на хадзе закурваюць «Колгосп» і «Змену».

Нават праразлівы, сіпучы гудок з электрастанцыі не пабудзіў хлапчука. Следам за электрастанцыяй загулі заводы: абазвалася ўся бліжэйшая адсюль гарадская ўскраіна. Тады неўзабаве да сталавальні ў садзе прыйшла дзяўчына. Постаць яе і мажная і, разам з тым, невялікая. Чорныя кучаравыя валасы, белы твар, да якога не прыстае сажа і пыл, як вытачаныя дзеля прыгожасці пераноссе і барада — цвёрдыя рысы. (Кажуць, гэта ўпартасць натуры.) Яна прайшла роўнаю дарогаю да сталавальні, кідаючы вачыма навокал; кагосьці шукала вачыма. На веранду яна ўзбегла шпарка, адразу прыстроілася да рухавай чаргі і праз некалькі хвілін трымала ў руках талон на полудзень. Але за стол яна адразу не села: збегшы з веранды, яна разгледзела рухавымі вачыма натоўп, пешаходаў, людзей на лаўках і заўважыла абшарпанага хлапчука на траве.

— Гурык, Гурык,— гукала яна, яшчэ не падбегшы нават да яго.

Хлапчук адразу ўскочыў на ногі і стаяў перад ёю. Ён яшчэ не скінуў з сябе соннай млявасці і дрыжаў ад сцюдзёнасці восеннай зямлі, на якой праспаў некалькі гадзін. Пасля ён шмаргануў рукі ў астачу кішэнь і пайшоў за ёю. Ён пераступаў з нагі на нагу вельмі шпарка і моцна, падскокваў, падбягаў, каб сагрэцца, а яна ішла цяпер спакайней. На верандзе яны выбралі столік у пусцейшым кутку. Цяпер людзей сплыло, і крыху вальней стала.

Ім прынеслі есці. Так мо з пяць хвілін пасядзелі пасля яды за столікам, пагаварылі ціха, пасмяяліся ў гаворцы адно аднаму. Гэта былі добрыя ўсмешкі блізкіх людзей. У гэты час страўня пакрысе пусцела. Менш усё тут было людзей, і буфетчыца пачала нават калі-нікалі соладка прыжмурваць вочы, на хвіліну ўспіраючыся локцямі на свой даўгі стол. Хлапчук астаўся сядзець яшчэ некалькі хвілін пасля таго, як пайшла яго сяброўка. Яна пайшла вельмі шпарка да вялікай садовай брамы, недзе па той бок яе, дзе неўзабаве зноў абазвалася заводская сірэна. Хлапчук, перад тым як сысці з веранды, колькі разоў прагна аглядзеў столікі. Толькі на адным століку ён заўважыў недаедзены і непрыбраны кавалак хлеба. Ужо сыходзячы ў сад, ён даядаў яго.

— Ты ж гэта адкуль узяўся,— запытала ў яго буфетчыца,— што цябе дагэтуль не відаць было?

Хлапчук спыніўся на ўсходках і з падазронасцю паглядзеў на жанчыну. Яна яго ведае, ці гэта проста цікаўнасць, можа нават і пустая?

— Чаму? — пільна перапытаў ён.

— А от што яна адна ўсё прыходзіла сюды есці дагэтуль.

— Хто, Хана? Вы Хану добра ведаеце?

— Ды кажу ж, што есці ходзіць сюды. А як яна там, Хана ці не Хана... Эх, ты!

Хлапчук зарагатаў і больш не слухаў. Ён пайшоў, ціха пасвістваючы. Праз сад ён ішоў, не спяшаючы, падтуліўшы плечы, паглядаючы навокал — на сустрэчных людзей, на траву, на дрэвы. Гэта была прывычка. Можна было заўважыць, што гэта досыць такі высокі хлапчук («вырас, выцягнуўся»), што неўзабаве нахопіцца першае юнацтва. З саду ён выйшаў на пыльную вуліцу і пайшоў тут шпарчэй. На вуліцах ён мінаў рамонты асфальтавых тратуараў (ішоў сярэдзінаю вулічнага бруку), прыглядаўся ўгару на шматлікія рыштаванні (на кожнай вуліцы вырасталі гмахі муроў). На сонечным пляцы ён прыпыніўся ля жалезнай агароджы, пасля пералез цераз яе і сеў на лаўку. Тут быў невялікі і даволі-такі пыльны скверчык. Гадзіннік на вежы гулка выбіў дзве гадзіны. Хлапчук як бы нехаця падняўся з лаўкі і пайшоў цераз пляц да старасвецкага абшарпанага мураванага дома. У брудных карыдорах яго было крыху людзей; на дошках павывешваны былі спісы тых, што пасылаюцца на работу. Біржа працы! На другой ад дзвярэй дошцы хлапец прачытаў паміж густа выдрукаваных незнаёмых яму прозвішчаў сваё. Тут ён раптам скінуў з сябе сваю суглядальную павольнасць. Ён шмыгануў у першыя адчыненыя дзверы і стаў ля бар’ера. Неўзабаве яму выдалі паперку — накіраванне на працу. З заўтрашняга дня! Цяпер ён жвава пасігаў па карыдорах, глянуў у кожныя адчыненыя дзверы. Усё, што ён чуў тут за ўсе гэтыя дні, набывала цяпер іншы, цікавы і новы сэнс. Кіраўнікі работ гэтак, як і ўсе гэтыя дні (кожны дзень чуў ён тут), спрачаліся з-за рабочай сілы...

— Апошнія дэкады будаўнічага сезона, а вы мне і дагэтуль, колькі мне трэба, рабочых рук не далі...

— Вы мне не далі кваліфікаваных работнікаў...

— У нас рабочых рук не хапае, бо іх няма без работы. А тым больш кваліфікаваных. Беспрацоўя няма!

Гурык пайшоў назад праз пляц, праз вуліцы, праз сад. За вялікаю брамаю ён перайшоў упоперак пустую вуліцу, саскочыў уніз на тратуар з паднятага бруку, пайшоў паўз даўжэзны будынак. Пакуль ён хадзіў тут, два разы прагучала над гэтаю будынінаю сірэна, некалькі разоў уязджалі ў заводскую браму фурманкі з жалезным і чыгунным ломам (уцільсырэц)... Ён, нарэшце, вярнуўся назад і надоўга сеў на лаўку, разглядаючы дрэвы, неба над імі, зямлю, людзей... Гэтая суглядальнасць не мела ў сабе бяздум’я і спакою: і думкі клалі сляды на малады твар (змаршчакі ўгіналі лоб), і далоні рук расціралі траву і познія кветкі малачайніка... Гэта была маладая ўзбуджанасць, радасны неспакой, разам з тым упартая сталасць бывалага чалавека. Дзе ён не быў і чаго ён не бачыў?

Перад захадам сонца ясныя колеры залівалі заводскі двор. Закуродымленыя людзі з дзённай змены яшчэ хадзілі па двары: таўкліся ля кааперацыйнага кіёска, уваходзілі ў сталавальню і выходзілі з яе, збіраліся па тры-чатыры ля заўкомаўскага ганка. Двор пакрысе пусцеў. Пасля праразлівай сірэны на вячэрнюю змену роўны шоргат, гул і стук з цэхаў здаваўся як цішыня. Нізкі паркан ад вуліцы быў увесь ясны ад сонца. Жоўтыя калоны скрозь навісалі над ім. За імі, па той бок паркана, узвышаліся няскончаныя сцены новых заводскіх карпусоў. Адтуль моцна патыхала размочаная вапна, і ішла ціхая плынь чыстай разлегласці. Там неўзабаве канчаўся горад. Гурык абышоў тут усё навокал, чакаючы Ханы. Ён яе прычакаў, як сонца яшчэ стаяла на небе, перад захадам. Яна выйшла ўся ў вапне і чырвоным пыле ад цэглы.

— Хана,— загукаў ён, падбягаючы ёй на спатканне.— Я на рабоце!

Яна весела пайшла да яго.

— Тут жа са мною ўсе ранейшыя беспрацоўныя і беспрытульныя робяць... Цяпер вячэраць пойдзем.

— Хана, дзе ты была, Хана?

І Хана і Гурык азірнуліся на гэты голас. Хлопец выходзіў з заводскай брамы. Валасы над вушыма ў яго былі яшчэ мокрыя (відаць, толькі што памыўся, змяніўшыся з працы); ён ішоў проста ў спецвопратцы — шырачэзная жакетка (два гэтакія, як ён, улезлі б у яе), закасаныя ўнізе, над жоўтымі гамашамі, нагавіцы. Хана паглядзела на яго, не ведаючы яго, і пайшла сабе з Гурыкам у сваю дарогу. («Можа, пачуў, як клікалі яе таварышкі на рабоце, і цяпер робіць выгляд, што ведае яе».) Хлопец пайшоў скрозь за імі, астаючыся ўсё далей. Ён, відаць, не спяшаў. Хана ні разу не азірнулася. Гурык, як уваходзілі ўжо ў сталавальню на досыць жывой вуліцы, абазваўся:

— А ён глядзіць, куды мы пайшлі.

Хана нічога не адказала.

Змяркалася. У сталавальні толькі што запалілі святло. Людзей, не сказаць, каб было тут многа, але пасля абеду не павыціралі яшчэ ўсіх столікаў, дык здавалася, што тут цесна вельмі. З кухні патыхала гаркаватым дымам. На падлозе было насмечана, патаптана зямлі і панакідвана крошак і скарынак. Не было тут чыста і прытульна, але гэта пакуль што яшчэ не перашкаджала людзям есці тут з апетытам. Нават было тут і прыемна пасядзець з паўгадзіны, а можа і больш, пасля работы. І Хана і Гурык сядзелі гэтак за маленькім столікам ля сцяны. Цяпер яны не дзялілі папалам сваёй вячэры. Заўтра Гурык на рабоце. З гэтага часу ўсё абнаўляецца, буйна расце ўгару. Яны елі, пасля пілі гарбату. З кухні ўсё патыхала гаркаватым дымам, людзей пабольшала. Непадалёку спрацованы стары піў гарбату з абаранкамі (абаранкі прынёс з сабою ў кошыку). За другім столікам елі ячменную кашу.

Хана колькі разоў пасміхвалася, паглядаючы на Гурыка.

— Цябе як падростка паслалі на работу ці як старога?

І дадавала з важнаю сталасцю:

— Як ты вырас ужо!

І праўда, ён вырас. Але тут ніхто не ведаў яго, каб параўнаць цяперашняга яго з тым, які ён быў хоць бы і летась яшчэ. Яго тут ніхто не ведаў. А Хану? Той хлопец, што пытаўся нядаўна ў яе на вуліцы: «Хана, дзе ты была?» — стаяў ўжо мо з пяць хвілін ля дзвярэй і ўглядаўся ў яе. Пазнаваў яе ці проста яна яму спабачылася? На ім ужо не было заводскай спецвопраткі. З някепскага сукна гарнітур быў на ім. Шэрая кашуля пад гарнітурам з адкладным каўняром і тонкі гальштук, завязаны наспех. Плашч быў расшпілены.

— Не займайце дарогі,— сказала яму жанчына, несучы повен паднос талерак.

Дык ён адразу рушыў да Ханы і Гурыка.

— Да нас ідзе, глянь, Хана! — сказаў Гурык.— Той, што гаварыў да цябе, як мы ішлі сюды.

Хана глянула на яго.

— Хана, здарова! Ты мяне не пазнаеш, Хана? Дзе ты была, Хана, дзе ты была дагэтуль?

Хана і сапраўды не пазнавала яго. А можа зусім не ведала? Можна сказаць, нічога не гаварыў ёй гэты твар, гэтае аблічча, гэтая постаць. Ён быў даволі высокі, смуглявы, загарэлы (дзесьці пры агні); гэтакі малады здаравяк. Была ў ім і сталасць, што не давала ёй думкі пра яго, як так сабе, пра маладога хлапца, якому яна спабачылася з першага зірку, які пачуў дзесьці выпадкова яе імя, які прыйшоў сюды за ёю.

— Ты мяне не пазнала, Хана?

— Не.

Гурык з цікаўнасцю глядзеў і на яго, і на Хану. А той ужо сядзеў за іхнім столікам.

— Я цябе, Хана, пазнаў, як толькі некаторага дня ўбачыў на пабудове. І толькі сёння мог злавіць цябе. Я ішоў станавіцца на сваю змену ў цэх, а ты капала зямлю. Вас там шмат было дзяўчат, я цябе заўважыў. І толькі што от я цябе спаткаў, а ты, мусіць, не пачула, як я гаварыў да цябе.

— Значыцца, ты ведаеш мяне? А я не магу ўспомніць... Я тут ужо трэці месяц працую... Я не магу ўспомніць цябе...

— Успомні дворнічыху на Чырвонасцяжнай вуліцы.

Тут Гурык ускінуў галаву ўгару ад раптоўнай напружанасці думак і цяпер ужо стараўся ўслухацца ў кожнае слова. Цікнула яго ад гэтага слова: «дворнічыха на Чырвонасцяжнай вуліцы». Некалькі хвілін усе трое маўчалі. Успаміналі? Думалі? Не ведалі, як далей гаварыць? Хана ўспомніла, пазнала гэтага хлапца?

Калісьці, год за некалькі да гэтага, сапраўды была такая дворнічыха на Чырвонасцяжнай вуліцы. Хто яе найбольш ведаў — Хана, Гурык ці гэты новы знаёмы? (А можа гэта старое знаёмства, і вельмі блізкае, аднаўляецца?) Гурыку належала больш за ўсіх ведаць дворнічыху. Але чаму гэты, незнаёмы Гурыку хлопец, гэтак, загаварыўшы пра дворнічыху, пачаў пільна ўглядацца ў Гурыка? Ён жа цяпер думае пра тую жанчыну!

Некаторыя насельнікі з лепшых кватэр казалі тады, што дворнічыха была баба ліхая. Некаторыя нават проста-такі не мелі на яе, небараку, вока. Бо яна якраз мела звычай падмятаць тратуар упоперак цераз двор тады, калі яны ідуць на сваю службу. Нязграбная, высокая, худая, спрацованая, з вострымі плячыма, з завостраным носам, яна шморгае, бывала, у той час па тратуары мятлою, а яны гэтым жа самым тратуарам праходзяць, памахваючы партфелямі. Вельмі ж адзін з іх!.. Але яму не смела дворнічыха сказаць і слова. А што ён? Рабіў рэвалюцыю? Ці ратаваўся ад яе? Хіба магла разабрацца ў гэтым дворнічыха! Выразна ў гэтым абсягу дворнічышыныя думкі не хадзілі. Людзі прасцейшыя, дык тыя сыходзяць з тратуара і не турбуюць дворнічышынай работы. Але гэта людзі, якія з ёю і калягаваць могуць. Але ёсць і іншыя. Сёй-той возьме і пераступіць цераз мятлу або часамі, бывае, нават і наступіць на яе. Усе яны гэтакія ці не ўсе? Гэтым дворнічыха не цікавілася. Даволі было аднаго, каб усе яны зліліся ў адну лапіну перад вачыма гэтай жанчыны. Наступіўшы на мятлу, чалавек пераб’е рытм работы. Каб гэтага не было, жанчыне трэба што рабіць? Трэба адрывацца ад работы, разгінацца, адстаўляць мятлу ўбок і чакаць, пакуль чалавек не пройдзе. Не паспее яшчэ ён адысці, а жанчына нагнуцца і шмаргануць першы раз мятлою па тратуары, як другога ліха нагоніць. Гэты дык не дае нават часу дворнічысе адцягнуць убок мятлу, так і прэцца. Дворнічыха злуе і пачынае бубніць сабе пад нос і клясціся — гэта тое, за што яе на двары мелі за ліхую бабу. «Каб вы па свеце не хадзілі, як вы не можаце ўбок з дарогі сысці». Яна абагульвае ў гэты момант свет у адно злое і бязлітаснае ўстанаўленне. І, мусіць, такі праўда, што дворнічыха ліхая жанчына, калі гэтак. Тратуар жа на тое пакладзены ўпоперак цераз двор, каб па ім хадзіць. А мясці? На тое ж і мясці, каб хадзіць. Мусіць, яна і сама цьмяна здагадвалася пра тое, што яна баба ліхая. Бо яшчэ не было гэтакага выпадку, каб яна ў гэтакую хвіліну вытнула каго мятлішчам у плечы. Скончыўшы мясці, яна кідае мятлу ля парога сваёй хацінкі ў глыбіні двара і, аддыхваючыся ад страшэннай утомы, ад вялікай змардаванасці, упоўзвае ў хату і хутчэй стараецца дапасці да пасцелі. Яна акрываецца тоўстаю кудзельнаю зрэбнаю коўдраю, зажмурвае вочы і не варушыцца з гадзіну. Яна моцна дыхае, у грудзях яе хрыпіць, скрыпіць, аж здалёк, здаецца, чуваць, як б’ецца, калоціцца яе скрываўленае жыццёвымі ранамі сэрца, як яно сціскаецца, як чмокае хвораю крывёю змучанага чалавека! Але от змардаванасць пакрысе праходзіць, расплюшчваюцца вочы, жоўты зморшчаны твар робіцца рухавейшы, у вачах загарваецца і пачынае тлець раптоўнымі ўспышкамі агонь... Жанчына бачыць рог варыстай печы, што займае палову ўсёй хаты, нізенькі зэдлік ля яе, гэтакі нізенькі, што, калі дворнічыха садзіцца на яго, калені яе бываюць на ўзроўні грудзей. Вільготныя сцены поўняць усю хату цеплаватаю парнасцю, нізенькае акенца ў сад усё ў слядах летняга жыцця мух. Тут заўсёды змрачнавата, у гэтай хаце. Але ў сонечныя дні, калі сонца перад захадам стаіць над садам, дворнічышыная хата збірае на сваіх сценах ясныя колеры. Нават чорныя павады парванага і абкуранага павуціння пад столлю над комінам трацяць сваю змрочнасць. Цяпер дворнічыха, ачомаўшыся, садзіцца, працягвае руку, доўгімі пальцамі дастае з акна пачак махоркі і закурвае. Яна пачынае харкаць, мокра кашляць, адплёўваць харкавінне ў куток за ложак. Падлогі ў хаце няма, адно ўтрамбаваны нагамі пясок; харкавінне, значыцца, можа высахнуць і ўвабрацца ў зямлю. Гэта каб была падлога, ды яшчэ можа маляваная, тады дворнічыха можа б і не плявала на яе! Але наўрад! Ці быў калі выпадак, што чалавек, зваліўшыся з карабля ў раз’юшанае мора, шкадаваў, што замачыў свае новыя нагавіцы? А тут раз’юшанае мора было скрозь. З самых малых дзён яно было! Перш за ўсё, радавітае парабкоўства, яно перайшло ў спадчыну ад бацькі. Яно ж мелася, мусіць, перадацца і дзецям, бо далягляды на што-небудзь лепшае былі засланы змрочным туманам. Так ужо маці і прывыкла думаць: вырастуць два сыны-парабкі. Але часамі варушылася і іншая няясная думка: вырастуць яны маладыя, здаровыя, дык можа і іншага спосабу жыць дойдуць, а яна сама, яны самі, бацькі, дажывуць, дагаруюць веку і гэтак. Але давялося крыху іначай дагараваць век! Старэйшы сын, Уладзімер, быў ужо дужаваты хлапчук, а меншы, Гурык (Гаўрыла), яшчэ ледзьве хадзіць пачаў, як прыйшла вестка, што бацька іхні развітаўся з жыццём на вайне. А неўзабаве немец пашпарыў наперад, і фронт вымеў і зруйнаваў усё, што было перад ім. Тады і пачалося жудаснае бадзянне па свеце, скрозь, аж да той пары, калі нанялася яна за дворнічыху. А большы сын, Уладзімер, ужо тады другі год як ваяваў з палякамі. Вайна тады канчалася, і яна ўжо чакала свайго Уладзімера да сябе, хоць пабачыць яго. Але ён не ехаў. Слаў толькі лісты, а пасля пачаў прысылаць і грошы. Тады маці весялей пачала глядзець на свет, але кашаль і боль у грудзях не доўга мучылі яе на свеце. Тым жа часам Гурык чуў сябе як не трэба лепш. Гэта нічога, што і голадна і холадна яму часта бывае! Затое ўвесь горад у яго ўладзе. А таварыства — таксама повен горад. Цэлымі днямі ён не сядзеў дома; маці ён бачыў толькі ўвечары, калі, набегаўшыся за дзень, прыходзіў дадому адсыпацца да заўтрашняга, не менш клапатлівага, дня. У тыя часы, толькі што пасля вайны, на некалькі дзён прыехаў быў Уладзімер, Гурык зусім не пазнаў яго; гэтакі высозны хлопец, гэтакі здаровы вайсковец. На ўсім двары тады загаварылі: «Бач ты, гэта ж у нашае дворнічыхі сын камандзір!» Праз некалькі дзён Уладзімер паехаў, пакінуўшы маці ясныя надзеі: цяпер яшчэ от толькі што пасля вайны і ён, камандзір, яшчэ не адышоў ад сваіх паходаў, бо яшчэ па ўсёй краіне то там, то тут даводзіцца знішчаць бандытызм. Але гэта неўзабаве мінецца, і тады ён як мае быць на старасці год дагледзіць сваю маці. Але як паехаў ён, пасля таго, колькі ні пісала яму дворнічыха, ніякага адказу не было. Было, праўда, неспакойна і каля іхняга горада: і тут з’явілася непадалёку банда. Было заўважана, што яна стараецца спаліць ці якім-небудзь іншым парадкам зруйнаваць чыгуналіццёвы завод на гарадской ускраіне. Злоўленыя два бандыты паведамілі, што ўсё гэта робіцца на грошы ранейшага ўласніка завода. З гэтага, вядома, нічога не выйшла: навакольныя лясы, як бачыш, былі ачышчаны ад гэтай навалачы. Дзеля гэтага прыехала была з стараны вайсковая часць. Пяць ці шэсць чалавек з гэтай часці былі забіты, больш ахвяр не было. Ніякага ўрачыстага пахавання не адбылося, бо толькі на чацвёрты дзень прайшла трывога, калі як мае быць усё навокал ачысцілася і рабочыя, асабліва «старыя», што нядаўна вярнуліся з польскай вайны, спакойна, як мае быць, адразу пачалі брацца за адбудаванне і пуск у ход свайго завода. Праз некаторы, самы малы, час прыйшоў дадому, дэмабілізаваўся, чырвонаармеец з той часці, што падыходзіла пад горад на сутычку з лясной бандаю. Чырвонаармеец гэты быў родам з таго самага горада. Ён вярнуўся дадому, на той самы двор, на якім жанчына служыла за дворнічыху. Дома брату ён расказаў, што сярод забітых быў і іх камандзір. Як пачаў ён расказваць пра свайго камандзіра, як назваў яго імя і прозвішча, дык чырвонаармейцаў брат устаў з свайго месца, ажывіўся ўвесь, вельмі зацікавіўся і адно рукамі развёў. Не было каму ўжо расказаць тут пра гэтую сумную навіну. Пасля яны з братам пайшлі туды, дзе ўвесь час працаваў іх бацька, пакуль жыў быў, і дзе старэйшы брат, нядаўны чырвонаармеец, таксама, пакуль пайшоў ваяваць з палякамі, ужо быў за рабочага: пайшлі яны на свой завод, на агульны сход. Чырвонаармеец меў яшчэ сваю страявую выпраўку, але вайсковая адзежа яго сядзела ўжо на ім па-цывільнаму. Сход быў гарачы, і пасля яго яшчэ шпарчэй пайшла справа аднаўлення завода. І пачалася тады з дня ў дзень упартая праца. Два браты аднак не ўвесь час разам працавалі на сваім заводзе. Праз некаторы час, калі завод быў пушчаны ў ход, старэйшы, нядаўны чырвонаармеец, пайшоў вучыцца на рабфак. А маладзейшы ўсё больш і больш уцягваўся ў работу на заводзе, там жа набываючы токарскую кваліфікацыю. Ён быў падобны на свайго старэйшага брата, хоць на шмат год за яго маладзейшы быў. Ён быў яшчэ зусім маладзенькі, яшчэ нядаўна з падросткаў вылез, і на заводзе выйшаў з яго вельмі добры вучань. Ён праходзіў навуку тут жа, пры рабоце, пад кіраўніцтвам старэйшага майстра: вучылі тады наспех і найбольш на самай выразнай практыцы, бо людзей не хапала: то паразыходзіліся па свеце за нядаўную завіруху, то некаторыя з вайны не папрыходзілі. Называўся гэты малады вучань на токара Казя Сурэвіч, а яго брат рабфакавец — Мікалай Сурэвіч. Кватэра ў іх была гэтакая цесная, што нават утраіх (маці яшчэ была ў іх) ім там было цесна. Дык Мікалай перайшоў неўзабаве жыць у агульнае студэнцкае рабфакаўскае памяшканне. Казя тады мала бачыўся ўжо з братам, кожны найбольш глядзеў свае навукі. Казя ў тыя часы перажываў першае з’яўленне юнацтва. За некалькі дзён да таго, як прыехаў быў з арміі брат, ён ужо добра ведаў, што кожны дзень прыходзіць на іхні двор гэтакая самая, як ён, маладзюсенькая чорная кучаравая дзяўчына. (Раней яна сюды ні разу не з’яўлялася.) І от яму ўжо хочацца бачыцца з ёю, гаварыць з ёю. Ён убачыў, што яна пачала нейк адразу прыходзіць да дворнічыхі на іхнім двары. А тады ўсе на двары пачалі гаварыць, што дворнічыха раптам аслабела вельмі; і праўда, ужо некалькі дзён, як яна не выходзіць падмятаць двара і вуліцы. Казя ведаў — ёсць у дворнічыхі хлопчык Гурык, падобны да беспрытульнага; нават часта і сапраўды беспрытульных чарада прыходзіла з ім на гэты двор. А больш пра дворнічыху Казя нічога не ведаў. Хіба толькі тое, што прыязджаў да яе сын камандзір, і яшчэ ведаў ён іхняе прозвішча, от і ўсё. Раз жанчыны на двары (Казя чуў) гаварылі:

— Падмяла яна вуліцу і як лягла адпачыць, дык ужо больш і не ўстала здаровая. От і ляжыць.

— Дзіва што,— гаварыла другая,— гэтулькі бяды на свеце ўбачыўшы.

Далей яны гаварылі пра ўцякацтва, пра парабкоўства, пра ўсю бядоту з самых малых дворнічышыных год (ведаюць суседкі-жанчыны адна пра адну вельмі добра).

Казя раз надвечар загаварыў з смугляваю дзяўчынаю:

— Да нашай дворнічыхі прыходзіш?

— Але.

— Гэта твая знаёмая?

— Знаёмая.

— Ты сама жывеш тут?

— Дзе? — перапытала дзяўчына, злёгку здзівіўшыся гэтаму як бы допыту.

Зялёная маладосць не ведае меры, і самае смешнае слова тады здаецца як вельмі сталае. Казя тады адразу і выпаліў ні з таго ні з сяго:

— Я завуся Казя Сурэвіч.

Гэта хлопец набіваўся на знаёмства з дзяўчынаю. А яна спярша ўскінула на яго свае вочы, памаўчала крыху і пасля вельмі стала, здалося Казю, нават з нейкаю крыху ганаровасцю, адказала:

— А я завуся Хана.

І абое яны не ведалі, што больш ім гаварыць.

— Вы сюды часта прыходзіце,— зноў пачаў ён ранейшае.

— Часта.

Яны памаўчалі, і яна пайшла, а ён прайшоў з ёю крыху, так можа крокаў якіх дзесяць, і вярнуўся. У той жа самы дзень, калі добра ўжо змяркалася, ён зноў убачыў яе на сваім двары. Яна ішла зноў да дворнічыхі. Ён сам не ведаў, чаго ён пайшоў тады разам з ёю. У дворнічышынай хаце было цёмна, газовачка ледзь асвечвала нябеленыя сцены. Дворнічыха ляжала, сцішыўшыся на сваёй пасцелі. Хана падкруціла больш агню ў газоўцы і ўзялася за нейкую невялікую работу. Неўзабаве прыйшоў у хату Гурык. Ён таксама моўчкі сеў у куток і маўчаў, пакуль маці не абазвалася ціхім голасам.

— Хана, ты напішы Уладзю. Напішы, што я вельмі хворая, няхай прыедзе, бо можа больш ён ужо і не ўбачыць мяне. Можа да яго не дайшло, што раней суседзі пісалі.

Яна сказала гэта вельмі ціха і больш гаварыць не магла. Яна ўжо маўчала, толькі Гурык падышоў да яе вельмі блізка і стаяў гэтак доўга, як бы ўведваючы тое важнае, што ў гэты час адбывалася тут. Казю стала няёмка, што ён тут немаведама чаго сядзіць, немаведама чаго прыйшоў сюды за Ханаю. Ён устаў і, гэтак жа сама як і сядзеў, ціха выйшаў. І пайшоў сабе, куды яму трэба было, думаючы толькі пра Хану. А назаўтра раніцаю ўсе на двары загаварылі, што ўночы дворнічыха памерла. Казя не бачыў, як яе хавалі, у той час ён быў дзесьці ў горадзе. Хана пасля гэтага была тут яшчэ ўсяго адзін раз, яе тады Казя бачыў: яна ішла па двары з Гурыкам. Кудысьці выходзілі з двара.

Казя спаткаў іх у браме:

— Добры дзень,— сказаў ён.

— Добры дзень,— як бы нехаця адказала яму Хана.

І пайшла з Гурыкам. Больш яна сюды не прыходзіла. На двары тады загаварылі, што яна, гэтая дворнічышчына зямлячка, павязла Гурыка да яго брата, туды, дзе стаяў гэты камандзір з сваёю часцю. От больш і не было тут Ханы. Таксама неўзабаве пакінулі гаварыць тут і пра Гурыка. Часцей успаміналі дворнічыху, пакуль памяць пра яе не пачала згладжвацца пад наплывам усялякіх дробных і вялікіх жыццёвых падзей. Праз некалькі дзён пасля таго, як апошні раз была на двары тым з Гурыкам Хана, Казеў брат прыйшоў дадому з арміі. Ён і расказаў пра смерць свайго камандзіра. Казя пазнаў, што гэта быў за камандзір.

— Ты добра ведаеш, што гэта быў ён? — перапытаў ён брата.

— А то як жа, не ведаю свайго камандзіра, ці што!

— Ну, дык і я яго ведаю.

— Як жа ты яго ведаеш?

— Ён прыязджаў сюды. Тут яго маці жыла і нядаўна памерла... Дворнічыха ў нас яна была, пачала жыць тут, як толькі што ты ў армію пайшоў.

— От як?

— А цяпер да яго паехаў асірацелы меншы брат яго, зусім яшчэ дзіцё.

— Як жа ён паехаў, калі таго няма?

— А ніхто гэтага не ведаў.

Пра што тады думаў Казя? Чаго шкадаваў? А таго, што ён як бы носіць у сабе нейкую цяжкую вестку, якую няма каму сказаць тут. Дзе будзе шукаць малы Гурык брата? Пра гэта больш з братам у Казі гаворкі не было. Казя дзень пры дні быў цяпер у сваёй рабоце на заводзе, а брат праходзіў рабфак. Завод ажываў. Пайшоў спярша адзін цэх, пасля другі. І от праз некаторы, немалы, праўда, час увесь завод заварушыўся. Пачало прыбываць людзей, пачало рабіцца цесна. Адзін корпус стаяў калекаю пазней за ўсё — гэта кутавы будынак, узарваны палякамі пры адступленні. Рассыпаная на цагліны сцяна яго ляжала доўга ў непарадку, трымаючы ў людской галаве думку пра нядаўную навалу. Але нарэшце і тут усё зрабілі як мае быць. Завод рос і ўжо ў самыя апошнія гады вырас нагэтулькі, што трэба было няйначай новыя карпусы прыбудоўваць. Мікалай Сурэвіч даўно ужо скончыў рабфак і вучыўся далей: на інжынера. У гэтым горадзе яго ўжо не было цяпер.

Ці ўспамінаў усе гэтыя гады Казя, гэты цяпер ужо малады токар, Хану? Успамінаў. Успамінаў вельмі тады, калі на тэрыторыі завода паставілі помнік тым чырвонаармейцам, што згубілі галовы свае, абараняючы завод ад наскоку бандыцкай шайкі. Прозвішчы іх былі выпісаны на помніку. Казя гаварыў не раз таварышам:

— Я ж ведаў гэтага камандзіра!

Каму ён і калі як мае быць раскажа пра гэта?..

— Дык ты — Хана, я ж пазнаў цябе? — пытаўся цяпер Казя, седзячы за столікам у сталавальні.

— Я дворнічыху памятаю. Як жа мне не памятаць яе,— адказала Хана.

— А мяне памятаеш? Памятаеш, як я гаварыў раз на вуліцы табе, як я завуся. І ты мне сказала была, як цябе зваць.

— Я ўспамінаю толькі цяпер, але чаму ты гэтак мяне памятаеш?

— Бо я яго памятаю. Гэта ж Гурык?

— А як жа ты яго ведаеш?

— Мы ж там на адным двары жылі тады з ім, пакуль ты не павязла яго брата шукаць.

Хана адно маўчала цяпер.

— Я адразу, як угледзеўся ў яго, дык пазнаў яго. Выліты мацерын твар.

— Брата мы яго не знайшлі. Невядома дзе ён дзеўся адтуль. Часць тая туды не вярнулася адтуль, куды якраз неўзабаве перад тым выехала. А дакладнага адраса той часці я тады не магла знайсці ў іхняй хаце (яна паказала на Гурыка). Я ведала толькі, што камандзір роты, ведала нумар роты, а палка не ведала. А там гэтакі рух тады войска быў, што не адзін полк за той час у тым горадзе перамяніўся.

— Дзе ж вы былі?

— Я ўсюды была. Я працавала, вучылася, зноў працавала. А ён (зноў паказала на Гурыка) там жа ў дзіцячым доме астаўся. Але гэтакі рухавы хлопец быў (усміхнулася, глянуўшы на Гурыка), што не пабыў доўга на адным месцы. Збег некуды. А пасля зноў з’яўляўся, пасля зноў прападаў немаведама куды...

Гурык цяпер адно смяяўся вачыма і ўсім тварам.

— ...А апошні раз зноў з’явіўся, ужо вось гэтакі. Бачыш, які хлапец! Дык я ўжо цяпер яго ад сябе не пусціла. Мы сюды прыехалі. Я ўжо залічана на работу, на новую галантарэйную фабрыку, гэтымі днямі яна адкрыецца, а цяпер пакуль я на пабудове ля завода.

— А на самай тэрыторыі завода ты не была яшчэ ні разу?

— Не.

— Там помнік стаіць. Не бачыла?

— Не. А чаму?

— Так.

Цяпер гаворка набывала ўжо спакойны характар. Людзей у сталавальні цяпер было шмат, шумней стала. Хана ўстала з свайго месца. Яны ўтраіх выйшлі на вуліцу.

— Ён жыве ў мяне,— сказала Хана пра Гурыка,— але гэтак прывык не сядзець дома. Я ўжо так і ведаю, дзе шукаць яго, калі іду палуднаваць у сад: дзе-небудзь у садзе чакае мяне. Ён з заўтрашняга дня на рабоце.

— Дзе?

— На вашым, здаецца, заводзе. Ты ж на чыгуналіццёвым, здаецца? Ты адтуль у спецвопратцы выйшаў, як гукаў на мяне?

— А што ён там будзе рабіць на заводзе?

— Я там буду за прыбіральшчыка ў клубе і канторы,— адказаў порстка Гурык.

— Самая індустрыя! — падаў жартаўлівы голас Казя. І ўсе ўтраіх засмяяліся.

 

* * *

У хмурны дзень жоўтыя каштаны і клёны збіралі на сябе ясныя колеры з усяго заводаўскага малюнка. Пад імі, перад брамаю, чорная зямля — сажа, дзындра і гразь — была разгруджана нагамі і калясьмі. Клёны і каштаны засланялі ад вуліцы першыя заводаўскія дамкі: заўком, кантору. Шчыльная агароджа перад імі дзеліць двор на дзве часткі. Па той бок гэтай нізенькай і месцамі разламанай агароджы — вялікі двор, цесны ад жалезнага і чыгуннага лому, ад пажарнага хлява, што вытыркнуўся нейк на сярэдзіну... Тут часамі і ўсялякая непатрэбшчына мазоліць вочы: страшэнная размешаная гразь, цераз якую трэба, каб яе не было, пакласці шырокі тратуар або проста выбрукаваць двор, а тратуар ляжыць вузенькі, так што, калі двое спяшаюць хутчэй размінуцца, адзін няйначай тупне нагою ў гразь ля тратуара. Але тут жа побач, толькі ўбок крыху, пакладзены новы, шырокі асфальтавы тратуар, але ён ідзе туды, куды мала яшчэ хто цяпер ходзіць: там няма аніводнага цэха, толькі наглуха зачыненая нізенькая брама. Адтуль пахне заўсёды размочанаю вапнаю, смольнымі стружкамі; адтуль чуваць людскія галасы — там вырастаюць новыя карпусы. Пакуль жа яшчэ пойдзе ў ход новы тратуар, ён толькі большай мізэрнасці надае растаптаным аполкам старога тратуара. Пакуль яшчэ не загула сірэна на другую дзённую змену, можна сказаць, двор тут зусім пусты, калі-нікалі толькі пройдзе то бібліятэкарша, то хто-небудзь з прыбіральшчыкаў з сталавальні... З такарнага цэха коціцца на двор роўны гул — з няспыннаю песняю варстатныя долаты скрабуць адліты чыгун. Роўную тахту гэтай песні адбівае дробны звон у кавальным цэху. Скрыгоча, папісквае, б’е ў барабанныя талеркі цэх бляшаны. Дзесьці, не разабраць дзе, проста-такі енчыць жалеза: абзавецца і сціхне, абзавецца і сціхне. І самотны пажарнік задумёна дастойвае сваю першую дзяжурную палову выходнага дня ля адчыненых дзвярэй пажарнага хлява.

Перад самым гудком пажарніка змяніў яго таварыш. Пажарнік скінуў з галавы мядзяную шапку і перадаў таварышу. А сам пайшоў скрозь цераз двор да нізкага доміка заводскай сталавальні. Гудок дагнаў яго ўжо ў карыдоры. Ён там астаўся на колькі хвілін пастаяць, пакуль не заўважыў, што чалавецкі струмень лінуўся проста сюды. Тады ён падаўся ў сярэдзіну і стаў чакаць. Людзі зараз жа з’яўляцца пачалі тут. Чорны абкуродымлены натоўп прынёс сюды густы гул галасоў. Нядаўны пажарны дзяжурны стаяў ужо ля стала, а ля яго наляглі адна на адну галовы, спіны... Падлога тут нядаўна падмецена; і гэтак шчыра мялі яе, што пыл цяпер стаіць у паветры і паволі асядае на сталы, панакрываныя белымі цыратамі.

— От бо мятуць, хоць бы вадою скрапілі, а то душыцца трэба з пылу!

— Хто гэта тут падмятае гэтак?

А самы той падмятальнік стаяў у натоўпе ля хлопца, што мерыўся быць за старшыню сходу. Гэта яшчэ хлапчук, у нейкай зборнай адзежы, проста немаведама як ён адзеты. Нядаўна, відаць, пастрыжаны: галава белая і круглая, як бручка.

— Здароў, Казя,— сказаў ён хлопцу ля стала, які ўжо даставаў з кішэні скрутак папер і пачынаў перабіраць іх.

— Гурык! Ну, як табе працуецца?

— Ат. Дармо.

І раптам пахваліўся:

— Зараз у лазню пайду. У крэдыт авансам выдалі з кааператыва бялізну і адзежу.

— Маладзец,— адказаў Казя.

Хлапец ушыўся яшчэ больш у натоўп і не зводзіў вачэй з Казі.

Сход пачаўся тады ж. Гурык чуў:

Дзесяць дзён асталося да канца гаспадарчага квартала, і калі не пастарацца, дык не будзе дацягнена да канца гаспадарча-вытворчая праграма. Прарыў можа быць не малы. А як дацягнуць і праграму да канца і нават перавысіць яе? Трэба развіць ударніцтва да максімальнасці. «Што гэта «да максімальнасці», папытацца ў каго, ці што?» Працаваць перашкаджае загружанасць цэхаў сыравінаю, а каб іх разгрузіць, трэба раней разгрузіць і ачысціць двор ад лому. А на гэта няма вольных людзей. Дык заўтра трэба наладзіць суботнік: абавязак кожнага, хто заўтра выходны, прыйсці на суботнік. А тады — гнаць работу, кожны трэба каб быў ударнікам.

Гурык хадзіў пасля сходу па двары: зноў мокры двор быў пусты, і цэхі ціха спявалі сваю працавітую песню. На двары ўжо часамі сёй-той, прабягаючы, кідаў гаспадарскае вока на стары чыгун і лом паўз сцены, паўз агароджу. Казю Гурык спаткаў тады ж. Ён увесь гэты час, з таго самага вечара ў сталавальні, прагнуў быць бліжэй да гэтага хлопца.

— Ты што тут аглядаеш? — падаў да яго голас Казя.

— Так сабе. Куды ты, Казя?

Казя хапіў яго рукою за плячо, і гэтак яны выйшлі на вуліцу.

— Ты як, будзеш доўга за прыбіральшчыка?

— Як будзе.

— Табе вучыцца трэба. Ты не думаеш пра гэта?

І цяпер яшчэ болей пацягнула Гурыка да Казі. Ён бег дадому шпарка. Як бы штосьці падганяла яго (як і ўсе гэтыя дні), як бы што адабрала ад яго ранейшую суглядальную павольную порсткасць. Ён не застаў дома Ханы. Ён выцягнуў з кутка скрутак у газетнай паперы і сабраўся. Як бы спяшаючы, ён шпарыў у лазню; і ўвесь гэты час, і пакуль ён мыўся там, беглі ў галаве яго бурныя думкі. Яны нічога не маглі яшчэ яму сказаць выразна і адкрыта, але яны яшчэ больш прымушалі яго бліжэй трымацца да Казі. Казя памятае яго маці! Казя паказаў яму помнік пасярэдзіне заводскага двара і расказаў яму пра брата яго, камандзіра. І сам ён памятае брата, ці толькі цьмянае адчуванне яго, няяснае ўспамінанне яго стаіць перад ім? А Хана? Гэтая яго старэйшая сяброўка, як сястра, як маці! А ўсе гэтыя людзі, чорныя, клапатлівыя, якія пакуль што яшчэ зліваюцца ў адну масу і толькі пачынаюць перад ім выдзяляцца асобнымі абліччамі, якія пакуль што яшчэ яму здаюцца ўсе незнаёмымі. Як бы віхор нейкі трымаў яго ў сабе ўсе гэтыя дні. Ён з асалодаю мыўся, не спяшаўся адсюль, пасля гэтаксама доўга адзяваўся. Ён з страшэннаю, не веданаю раней лёгкасцю, з найвялікшаю асалодаю, адчуваў на сабе новую бялізну: яна, здаецца, адразу натуральна зраслася з целам.

«Той чад, які поўніць гаркачэчаю нашу сталавальню з кухні, той бруд, які ўкрывае падлогу нашага клуба, той пыл, што асядае на нас, на паперу і кнігі, пасля таго як раз у тры дні яго падмятуць,— усё гэта тая сажа, якую рабочы пасля работы кожны дзень абмывае з свайго твару. Усё гэта змыецца неўзабаве, разам з усёй іншаю нарасцю, якую змывае рэвалюцыя і якая вырасла на нас за доўгія вякі... Калі гэта Казя гаварыў гэтак? Дзе-небудзь на сходзе ці з Ханаю?»

Назаўтра Гурык бачыў: адна змена саступала месца другой. Паджылы чалавек, што стаяў ля свайго такарнага варстата побач з Казем, з паўхвіліны падумаў, штосьці шэпчучы губамі, пасля махнуў рукою, укусіў хлеба і, адразу налёгшы зноў на варстат, астаўся стаяць пры ім на другую змену. Ля наступнага варстата тое самае зрабіў малады хлапец. А далей — чалавек адышоўся крокаў за дваццаць да дзвярэй ад свайго варстата, пасля адразу павярнуўся на адной назе, вярнуўся назад і зноў стаў ля варстата. Гурык міргнуў да Казі, Казя яму ўсміхнуўся. Гурык выйшаў на двор, а там ужо выходныя варушыліся на двары, ачышчалі двор ад лому. Гурык пастаяў крыху сярод усіх, узяў іржавы шворан і ўскінуў на тачку. Пасля пачаў цягнуць з-пад урослай у зямлю рэйкі ліст пагнутай бляхі. Так ён і астаўся на суботніку з усімі да самага вечара.

— Дзе ты гэтак быў позна? — сустрэла яго дома Хана.

Яна пра яго думала яшчэ і цяпер. Як яна яго шкадавала тады! Як клапацілася пра яго ўсе гэтыя гады! Яны ж разам прыехалі ў гэты горад калісьці, і яна дарогаю растраціла ўсіх сваіх небаракаў родных.

Цяпер кожную раніцу яны з Гурыкам разыходзіліся да вечара: яна ішла на сваю галантарэйную фабрыку, а ён — на сваю работу.

Новы малады інжынер Мікалай Сурэвіч прыехаў на пабудову заводскіх карпусоў. Было ў яго, так сказаць, масавае спатканне з усімі старымі рабочымі. Помнік на заводскім двары паставілі ўжо без яго. Брат яго Казя Сурэвіч павёў яго паказаць помнік. Навокал сабраліся таварышы. Мікалай Сурэвіч расказаў:

...Свайго камандзіра я пазнаў як блізкага таварыша Уладзімера, можна сказаць, незадоўга перад тымі днямі, калі нас прыслалі сюды, пад гэты наш горад. Што мы з ім землякі, я яшчэ тады не ведаў. Уведаў гэта я толькі тады, калі ён канчаўся ад раны. Канчаўся ён не доўга, рана была вялікая, але ён яшчэ мог сказаць колькі слоў. Але сказаў не ўсё, што хацеў. Гэта я ўбачыў тады ж. Я ў тую хвіліну затрымаўся каля яго, бо незадоўга перад гэтым хтосьці сказаў, што наш камандзір нібы родам з гэтага горада. От я, значыцца, і спаткаў земляка, можна сказаць, дома і толькі цяпер пра гэта дазнаўся! Хоць сышоўся блізка такі даволі я з ім раней ужо, але што адзін горад нам абодвум нейкім чынам родны, мы тады яшчэ не ведалі. Паранены ў грудзі, ён кінуўся на зямлю тады, калі ўжо, можна сказаць, усё было скончана. Хоць яшчэ страляніна была, але ўжо лес быў як мае быць ахоплен кругом намі, і яны былі сагнаны ў адно месца, адкуль, пасля таго як Уладзімер сканаў, праз самы малы час некаторыя выходзілі здавацца. Уладзімер ляжаў, моцна сціснуўшы зубы. Я падбег да яго.

— Тут мая маці недзе,— ледзьве выгаварыў ён.

— Дзе? — запытаў я.

— Тут, у горадзе. І брат малы.

— А дзе іх знайсці, калі што? — запытаў я.

Але ён тут штосьці пачаў вельмі шпарка гаварыць. Гаворыць, гаворыць. Гэта ўжо была слабасць і першыя адзнакі смерці...

— А от і той брат яго Гурык, зялёненькі яшчэ фабзавучнік,— падцягнуў Казя Гурыка да Мікалая.

Гурык у першыя дні пасля пачатку сваёй вучобы часта цёрся з прывычкі на заводзе. Мікалай Сурэвіч паціснуў Гурыку руку.

— Ён вас як успамінаў,— сказаў ён,— брат ваш Уладзімер, дык я шмат прачытаў тады быў у вачах яго. Ён тады ляжаў, памятаю, на беразе ядлаўцовых зараснікаў. Смерць яго адбылася на маіх вачах. Ён пралежаў, ужо нежывы, на тым самым месцы да вечара. Вечарам яго хацелі пахаваць, але ў блізкім лесе выявілася яшчэ астача незаўважанай дагэтуль банды. Так што яшчэ як мае быць спакою дзён два ці тры не было. Мы яго пахавалі назаўтра. Там брацкая магіла. Я тое месца цяпер як бачу перад вачыма: густа сыходзіцца ядловец і ручаіна цячэ. Ядловец над самаю ручаінаю...


1931

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні. 1928-1944 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан