epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Броня Казакевіч

Усе, хто толькі праходзіў у гэты час паўз заўкомаўскі ганак, ведалі, чаго Бронька гэтак сядзіць на танкавых балясах, унурыўшыся носам у зямлю. Спецвопратка яшчэ была на ім чыстая: ён яе шанаваў, як усё адно святочны гарнітур які (яшчэ ўсё прывыкаў і да завода і да спецвопраткі). Валасы ў яго былі белыя, адмыслова, некалькі гадзін да гэтага, зачэсаныя набок, і шапка сядзела на самым версе галавы. Здавалася, ён зараз з’едзе з спусцістых балясаў на зямлю. Зборачнік Весялоўскі, як праходзіў паўз ганак, спыніўся быў на момант, але пасля пайшоў далей, ведаючы, што цяпер лепей нічога не гаварыць да Броні. Бо Весялоўскі, можа як ніхто іншы тут, навылёт бачыў Броню, гэтага ціхманага хлопца, каржакаватага каваля. Хто яшчэ больш быў блізкі да Броні ці, лепш сказаць, хто за гэтыя тыдні, ці можа нават і дні, апроч Весялоўскага, зблізіўся з Бронем, тут трэба ўспомніць перш за ўсё кавалёў: Рамана (Рому) Даўгінскага, Косцю Сыманутовіча, Гірша (Гірку) Ерынгроза. Далей — фармоўшчыцу Насцю Чырванец, а пра самую важную тут асобу — прыбіральшчыцу Рыву Паперман будзе гаворка пасля. Вось з гэтымі людзьмі Бронька ў апошні час і сустрэўся твар у твар. Яго пачалі заўважаць у канцы лета, калі ён з’явіўся на заводзе. Першыя дні — каму гэта было ў галаву, што ў кавальным цэху працуе новы каваль? Шмат новых людзей бывае на заводзе, асабліва тады, калі летунам яшчэ як мае быць па шапцы не давалі. А пасля неяк раз заўважылі: на вуліцы, перад заводскаю брамаю, стаіць у аглоблях нязграбны канючок і цярэбіцца як можа ад куслівых восенных мух. Хамут у яго, небаракі, на самыя вушы з’ехаў, падсядзёлак перакруціўся на жывот, каля вачэй гною накарэла, але вочы бачаць. Весялоўскі падышоў, каб паправіць хамут, а канюк яшчэ здалёк заўважыў незнаёмага чалавека і адразу натапырыў вушы.

— Эйш ты, які ганаровы, індывідуальнік. Колькі цябе ёсць, а фанабэрышся, як стаеннік які!

Да воза тады падышлі двое: бялявы хлопец у новай заводскай жакетцы (спецвопратка) («Ля кавальнага цэха бачыў я яго»,— чамусьці адразу падумаў Весялоўскі) і другі, за яго, відаць, маладзейшы, гэтакі самы бялявы і вельмі ж на яго падобны. «Браты, няйначай,— падумаў Весялоўскі,— як адзін».

Весялоўскі тады чакаў гудка на сваю змену, сеў з людзьмі на лаўку ля брамы і курыў сабе седзячы. Бялявыя хлопцы гаварылі, абапёршыся локцямі на драбіны.

— Драбіны ў іх, можна сказаць, ерундоўскія,— падаў павольна голас хтосьці, відаць, стары і не лішне руплівы да нейкіх там драбін,— з палавіну лёстак няма і ўвесь зад асеў. Як у іх і салома гэтая трымаецца!

Ля драбін жа хлопцы гаварылі:

— Я каня гэтак турыў, гнаў гэтак,— гаварыў маладзейшы, з нейкаю як бы крыўдаю ў голасе.— Лепш, думаю, няхай каня змардую, а каб хаця ўпору ўсё было.

— Конь адпасецца,— адказаў з панурасцю хлопец у спецвопратцы.

«Ёсць тут што мардаваць, або ёсць тут чаму адпасвацца»,— сам сабе ўсміхнуўся Весялоўскі.

— Дык калі табе не выпадае,— гаварыў маладзейшы,— дык няхай. Тады я, калі гэтак, падскочу па цябе ў сераду, як ты будзеш выходны, калі, вядома, будзе патрэба.

— Можа і не трэба будзе,— задумёна згадзіўся старэйшы.— Ты ж лякарства ўзяў ужо?

— А як жа! — аж пакрыўдзіўся маладзейшы, і ў голасе яго Весялоўскі заўважыў нямала нейкага расчаравання і нават як бы крыўды на свайго таварыша ці брата. А той, таварыш ці брат, меў гэтакі выгляд, што ён у нейкай тут справе вельмі вінаваты. Ён кусаў саломіну, гаварыў ціха, куды цішэй за таго, другога.

Гэтак яны яшчэ пагаварылі, усё пра тое ж, не называючы проста рэчаў сваімі імёнамі, але Весялоўскаму стала ясна: гэта людзі з адной сям’і, у іх дзесьці там, адкуль прыехаў гэты малады фурманшчык на гэтым кашлатым канючку і растрыбушаных драбінах, хтосьці хворы, блізкі ім абодвум.

— Ну, добра,— сказаў маладзейшы,— я паеду адзін. Ты ж будзь у нас у гэтую восень, выберы часіну... А гэта ў цябе што за жакетка гэтакая? Купіў?

— Гэта казённая, да работы выдаецца.

— Да работы? Дык жа нішто! З чортавае кожы?

— Эгэ, з чортавае кожы. Я, ведаеш, сам у сераду пехатой прыйду. Ехаць не трэба будзе, каня гнаць. Я яшчэ зацямна як выйду, дык у вас буду — ледзь развідняе. Чуеш?

— Глядзі ж адно.

Заенчыла сірэна. Людзі з лаўкі, што з імі сядзеў Весялоўскі, падаліся ў глыб двара. Весялоўскі бачыў, як заспяшаўся ля воза малады заводскі работнік і як яны ўдвух вельмі шчыра і сумна развіталіся. Весялоўскі аж прыпыніўся на момант пасярод двара, каб прапусціць паўз сябе хлопца: гэтакі той нейкі пануры раптам стаў. Аж дзіўна нейк было. І незнаёмы! Новы тут! Весялоўскі бачыў, як пайшоў ён у кавальны цэх. Каваль? І другая змена стала на работу.

Тым часам увечары рэдкалегія заводскай шматтыражкі сабралася ў адным з заўкомаўскіх пакояў. Гэта было якраз у той самы дзень. Тут ад кавальнага цэха былі: Рома Даўгінскі (член рэдкалегіі), даўгі і здаровы хлапец; Косця Сыманутовіч і Гірка Ерынгроз (рабкоры). Старшыня рэдкалегіі Весялоўскі, фармоўшчыца Насця Чырванец (член рэдкалегіі) і з ёю — таварышка яе вельмі блізкая, прыбіральшчыца Рыва Паперман (Рыва ў рэдкалегію не ўваходзіла, але кудысьці яна з Насцяю разам ісці згаварыліся пасля рэдкалегіі). Рома Даўгінскі кіраваў брыгадаю цісочнікаў, у тыя дні ў брыгаду гэтую ўвайшоў і новы тут каваль Броня (Бронька, Браніслаў), і на гэтым грунце яны з Даўгінскім і як бы пачыналі сябраваць. І цяпер Рома прывёў з сабою ў рэдкалегію гэтага маладога бялявага каваля Броньку. Так усе і сабраліся. Броня гэтак з усімі тут і перазнаёміўся. Не трэба было толькі яму знаёміцца з Рываю Паперман: яна першая, як толькі Броня з Ромам увайшлі ў пакой, падалася да яго і працягнула руку:

— І ты прыйшоў сюды,— сказала яна ад лёгкай збянтэжанасці.

І гэтакім чынам не Насця Чырванец пазнаёміла Рыву з Ромам і з іншымі, з кім яна не была яшчэ знаёмая, а Броня. І гэта нават адбылося раней, чым сам Броня пазнаёміўся з усімі тут. Нейк гэтак выйшла. Весялоўскі пільна паглядзеў на Броню.

— Новы каваль,— шапнуў яму Рома,— і таксама свежанькі ўдарнік. Здаецца, самавіты хлопец. Няхай уцягваецца ў работу. Гэта я яго прывёў.

— Я яго бачыў сёння перад брамаю. Нейкая растрыбушаная фурманка да яго прыязджала.

— А, гэта брат яго. Ён мне, як ішлі сюды, усё ўжо расказаў. Бацька ў яго вельмі хворы.

— А дзе ж яго бацька?

— У вёсцы недзе. Ён жа нядаўна сам з вёскі. Ну, як нядаўна — можа месяцаў тры ці чатыры якія.

— І ўвесь гэты час у нас на заводзе?

— Не. Ён месяцаў са два ў бальніцы ляжаў тут, у горадзе. Быў ён за вясковага каваля і там нешта параніў сабе аб іржавае жалеза. Уся ў яго рука была ўспухла, ледзьве адхаяўся. А тады і астаўся тут. Тады мы якраз новых кавалёў набіралі сабе.

Але Весялоўскі апошніх слоў ужо не слухаў: ці мала новых кавалёў у кавальным цэху! Рома ж проста быў хлопец прыхільны да свайго новага брыгадзіра і таварыша.

У гэты ж самы час паміж сабою гаварылі дзяўчаты Рыва і Насця. У іхняй гаворцы было крыху, нават можа і не зусім крыху, дзявочага элементу.

— Хто гэта? — пытала Насця.

— Броня Казакевіч — каваль, цісочнік, тут у нас на заводзе кваліфікацыю падвысіў.

Апошнія словы яна сказала проста на тое, каб дасканала паведаміць таварышку пра свайго знаёмага і паказаць яго ў найлепшым святле.

— Ты з ім знаёмая?

— Ну бачыш жа.

Але самой Рыве хацелася расказаць пра гэтае знаёмства. Яна была гэтакая просценькая, ці лепш сказаць, прастадушая, гэтая Рыва Паперман, другі месяц тут — прыбіральшчыца. Пакуль Весялоўскі даставаў з стала паперы і шукаў тыя допісы пра кавальны цэх, пра якія сёння меліся гаварыць, фармоўшчыца Насця Чырванец выслухала гісторыю гэтага знаёмства.

На біржы працы не лішне шмат было народу. Рабочую сілу бралі, як і заўсёды ў гэты час, нарасхват. Беспрацоўных ужо не было. Было толькі тут размеркаванне,падлік і рэгуляванне рабочай сілы. Рыва Паперман хацела змяніць сваю работу. Дагэтуль яна працавала на земляных работах за горадам. Яна доўга не была на біржы. І яна была рада, што пасылаюць яе хоць за прыбіральшчыцу на завод: і сталае месца, і мела яна надзею тут пайсці далей у сапраўдную заводскую работу. У той дзень, як яе пасылалі на працу, яна заўважыла там жа бялявага хлапца: стаіць ля бар’ера, рука на перавязі, перавязь разбэрсалася і не можа ён адной рукою паправіць яе. Тузае, тузае за канец марлі і рады не дасць. Дык Рыва адразу і падышла.

— Дайце я памагу.

Проста так гэта выйшла. Ён моўчкі працягнуў руку, і пакуль яна развязвала стары вузел і завязвала новы, ён глядзеў на яе твар, на яе рукі, пачынаў ціхенька ўсміхацца і ўсё стараўся, каб загаварыць што-небудзь. Проста нейкая далікатная прыемнасць трымала яго у гэты час пад сваёю ўладаю. Рыва была тады ў сваім рабочым адзенні: старая сукенка, парудзелая на сонцы, і каляровая хусцінка на галаве. Ён быў вышэйшы за яе, і як стаялі яны разам, вочы яго якраз глядзелі на яе высокі лоб. І дзіўна нейк было, як на тое ўсё адно ішлося: яна нават сама старалася, каб як даўжэй завязваць гэты вузел з марлі.

— Што ў вас на руцэ? — нарэшце запытала яна.

— У кузні абадраў аб жалеза.

— А вы каваль?

— Каваль.

— А дзе працуеце?

— У вёсцы... Толькі летась з навукі выйшаў. Пры кавалі працаваў.

— А што вы тут?..

— Хачу тут астацца. Каб дзе паслалі на работу. Тут на адзін завод кавалёў цяпер набіраюць...

Тут яго якраз выклікалі. Рыва асталася паглядзець, што далей будзе, і... сапраўды, як на тое ішлося... на адзін завод іх! Ён яшчэ спачатку не ведаў, што і яна там. Ён толькі быў рад, што гэтак адразу ён спатрэбіўся тут; схаваў хутчэй у кішэню сваё накіраванне і чакаў, каб як пайсці разам з гэтаю дзяўчынаю.

— Дык — нас жа разам на адзін завод паслалі,— сказала яна.

Яны разам выйшлі. Яна ўсё стаяла ўваччу яго. Ён быў удзячны ёй за тыя хвіліны, калі яна напраўляла яму перавязь на руцэ. З таго дня, прыходзячы на сваю другую змену, ён стараўся ўбачыць яе дзе-небудзь на заводскім двары; а яшчэ ні разу яны пасля таго не спатыкаліся іначай, апроч як за работаю або выпадкова здалёк. А якая яна была, гэтая Рыва, увесь гэты час! Яна вельмі клапацілася па сваёй рабоце. А работы было нямала.

Сёе-тое з гэтага яна цяпер расказала Насці Чырванец, сёе-тое з гэтага цяпер сам Броня ўспомніў, перадумаў, стоячы ў гэтым цемнаватым заўкомаўскім пакоі, крыху наводшыбе ад усіх. Што ж, яму трэба будзе слухаць, цяміць справу і ўцягвацца ў работу, падвучвацца. І асабліва ў новага старэйшага таварыша свайго — Ромы Даўгінскага.

Нарэшце, Весялоўскі расклаў на стале паперы; ён ужо трымаў у руках дробныя лісточкі з блакнота, а на іх алоўкам нечытэльна напісана. І як толькі Весялоўскі пачаў, дык адразу і сплыла з усіх спакойная, што пасля працы часта бывае, суглядальнасць. Пра што загаварыў Весялоўскі? Ці праўдзівей сказаць, пра што ён стаў вычытваць з блакнотаўск.іх лісточкаў? Гэта быў допіс у шматтыражку пра некаторыя справы ў кавальным цэху. Ішоў ход аб цісках і аб кляпальніках іхніх.

«Ціскі каштуюць рублёў трыццаць, а заклёпка капеек трыццаць. А ў нас некаторыя як кляпаюць? Абы найбольш выгнаць заклёпак! А якія гэтыя заклёпкі? Цэлая куча ўжо каторы час ляжыць на двары збракованых з-за заклёпак ціскоў! З-за дрэннай заклёпкі ліха ведае колькі ціскоў псуюцца, іржавеюць. Гэтакая дробязь псуе цэлы ціск».

Далей яшчэ, пра «склад пад дажджом». Гэта ўжо з другога цэха.

«Выкінуць на дождж, на двор адлітую рэч, яшчэ не абточаную, а яна і ляжыць сабе там, як бы ёй там і месца».

Гэта ўсё прыгаварылі не толькі пусціць у друк, але зрабіць гаворку з адміністрацыяй. Націснуць на яе. Ва ўсякім разе справа не скончылася яшчэ. Гэта Весялоўскі павінен быў правесці. На гэтым гэтая кароткая нечарговая нарада рэдкалегіі павінна была скончыцца, але Рома Даўгінскі загаварыў пра справу, пра якую яшчэ не гаварылі ўсе гэтыя дні, хоць яна якраз у гэтыя дні і адбывалася. Гэта было калупанне.

Прарыў у кавальным цэху знішчылі. Нават перавысілі лічбы вытворчасці. Стараліся ўвесь мінулы месяц як мага. Нават ударнікі выходных дзён добраахвотна на гэты час былі адцураліся. А цяпер было тое, што крыўдаю напоўніла Ромавы словы:

— Раз прарыў знішчылі, дык ужо і забыцца на яго трэба?! А ў нас што робіцца? Робіцца тое, што раз толькі ганьба прарыву над каркам не вісіць, раз яна вочы не муляе, дык і пачынаецца, дык і пачалося адразу калупанне! Нікому і не ў галаву, што калі гэтак будзе, дык зноў прарыў будзе і зноў, як гара, плечы прыдавіць. Калупанне ў нас пачалося, таварышы! Калупацца пачалі, а не рабіць. І не толькі гэта некаторыя старыя ініцыятары тут, а і маладыя гэтаксама!

— Стаіць некаторы, здаецца, сагнуцца баіцца, каб лішні раз не паварушыцца,— падаў насмешны голас раптам Броня Казакевіч.

Усе глянулі на яго.

— О, о! — і Рома патрос яму руку.

Спадабалася гэта Рому чуць ад Броні.

— Заўтра валі ў заўком і да дырэктара, — сказаў Весялоўскі,— няхай склікаюць агульны сход кавальнага цэха.

На гэтым і згадзіліся ў той вечар. Весялоўскі ўстаў з свайго месца, згарнуў паперы, адабраў што трэба ў кішэню, каб дома выправіць да друку, і ўсе пачалі рыхтавацца пайсці адгэтуль. Рома Даўгінскі падышоў да Броні Казакевіча і заўважыў, што той нешта раптам як бы сумны стаў. Глядзеў у адно месца, ажыўленне яго, што было, калі ён высмейваў калупанне некаторых кавалёў, прайшло.

— Пойдзем,— тузануў яго за руку Рома.

Броня ў гэты час гаварыў з Рываю.

— Да мяне сёння брат прыязджаў,— гаварыў Броня.

— Брат?

Рыва была рада гаварыць з Бронем, але што брат да яго прыязджаў — вельмі ж усё гэта было незнаёма ёй!

— Бацька мой проста-такі пры смерці.

— Пры смерці?

— Я табе ўжо расказваў пра яго хваробу... Брат прыязджаў, каб я паехаў сёння да бацькі. А я да серады адклаў — тады ў мяне выходны дзень... Бачыш, тут я з імі вось (паказаў на Рому Даўгінскага) разам працую...

Рома слухаў.

— Я яго ў сваю брыгаду ўцягну,— падаў голас Рома.

Рома тут падышоў бліжэй да іх, каб лепш пазнаёміцца з Рываю.

— От дзеля гэтага ж я і астаўся сёння,— не сціхаў Броня.

— І добра зрабіў,— гаварыў Рома,— добра, што астаўся. Сам бачыш, мы ўдарнікі. А што робіцца ў нашым цэху? І ты ж сам толькі што пра гэта са смехам гаварыў: калупацца пачалі пасля таго, як прарыў знішчылі! Мы сёння з табою як працавалі? Каб гэтак усе, дык... Я сам хваліцца не буду, але я цябе хвалю. Ты тут, можна сказаць, малады работнік, а каб усе старыя гэтакія былі...

Броню аж няёмка крыху стала ад гэтых слоў Ромавых. Няёмка і прыемна. Ён тут сказаў:

— А можа я свайго бацькі і не пабачу.

— Няўжо ён такі слабы?

— Ты не верыш, ці што?

Рома аж спалохаўся ад думкі, што Броня на яго пачне крыўдзіцца, што падхвальвае яго за тое, што ён астаўся на тое, каб сваёю работаю падварушваць калупальнікаў, а сам з-за гэтага не паехаў да хворага бацькі.

— Нічога,— сказаў Рома,— у сераду паедзеш. А калі што якое, дык на дзень водпуску вазьмі.

Нешта адбывалася ў Броневых думках. Ён як бы задумёны быў, разам з тым глядзеў нейк востра на ўсіх. Рома ведаў ужо, што гэта за думкі там пра бацьку. Ведала гэта ўжо і Рыва. Ім абаім Броня расказваў ужо, з чаго бацька хварэе.

І нейк выйшла цяпер гэтак, што ўсе, хто быў тут цяпер (а з пакоя яшчэ ніхто не выйшаў), падышлі ўсе да Броні, абкружылі яго і стаялі гэтак, калі пачулі пра яго ўдарніцтва, пра бацькаву хваробу. Рома першы пачаў успамінаць сёе-тое з ранейшага Броневага расказу, дык сам Броня з нейкаю дзіўнаю тут, перад некаторымі ледзьве толькі знаёмымі людзьмі, адкрытасцю расказаў.

Ён то сам быў тады малы яшчэ, так мо гадоў якіх з шэсць-сем было яму, і памятае ён гэта ўсё, як праз туман. Ён памятае непабаранаваную і непасеяную раллю пад жыта, без меж — скарбовае поле. Восень. Хмурны дзень. Бухаюць, аж трасуць усё навокал нямецкія гарматы. Уся краіна, што ляжыць за імі на захад, выехала ва ўцекачы. На самай мяжы з фронтам асталася толькі іхняя вёска. З самага яшчэ ранку казакі нагайкамі выганялі народ выязджаць. Усе і выехалі, а ў каго не было на чым—пеша выйшлі. Іхняя сям'я таксама выехала: быў у іх канюк (нешта падобнае да цяперашняга, да таго, якога сёння Весялоўскі бачыў перад заводскаю брамаю). Ад’ехалі яны так мо з кіламетраў якіх дзесяць (воз цяжкі), дык канюк і прыстаў. Хоць плач! Хоць гвалт крычы, ды бяда, што не паможа. Так яны і заселі на дарозе. Бацька думаў, што конь адпачне, пастаіць і далей льга будзе як-небудзь выбрацца. Але толькі час страцілі. І гэтулькі страцілі часу, што салдат навокал стала, як чорнай хмары. У гэтым жывым чалавечым струмені давялося і рушыць наперад. І гэта была самая бяда, бо немец гэтаму шырокаму салдацкаму адступленню стараўся зайсці ў тыл, каб усіх і прыдушыць. І от па дарозе пасярод той скарбовай раллі, збоку, адкуль зусім не чакалі, і пачалі бухаць нямецкія снарады. Перад гэтым маці з дзяцьмі пайшлі пеша, за некалькі гадзін да гэтага. Бацька сказаў ім, куды кірунак трымаць, каб пасля спаткацца. А сам астаўся адхайваць канюка: каб хоць крыху набытку якога льга было на чым вывезці. Паніка была страшная. Яго там і дало ў грудзі. Насмерць, праўда, не забіла, але проста такі да паўсмерці ён затхнуўся. З салдацкім абозам з’явіўся ён на ўмоўленае месца, а там ужо сваіх не знайшоў: пагналі іх далей. Цэлы год бадзяўся ён па прыфрантовых гарадах Расійскай імперыі, шукаючы сваю сям’ю, валяўся па шпіталях, зноў выходзіў з іх і ўсё шукаў, шукаў. Пасля зноў клаўся ў шпіталь — прыдушаныя зямлёю і параненыя грудзі вельмі цяжка паддаваліся лекам. І, нарэшце, знайшоў, у бараках ля вакзала знайшоў сваю сям’ю. У голадзе, у холадзе, у нечалавечых пакутах прайшлі ўсе наступныя гады, аж да самага канца вайны, да самай рэвалюцыі. За гэтыя гады асесці ўдалося ў адной вёсцы, непадалёку ўжо адгэтуль (кіламетраў за пятнаццаць ад гэтага горада), а ў рэвалюцыю зямлі далі. Гэтак і астаўся тут. Тут і выраслі дзеці. А сам ён старэў вельмі шпарка, жыў на адных леках і рабіць нічога не мог. Назаўсёды было страчана здароўе. І дзіўна, як мог ён пражыць аж да гэтай пары з гэтакім здароўем. І цяпер цяжка, мусіць, яму ачуняць.

— Я заўтра пайду, вельмі слабы ён,—загаварыў раптам Броня, памаўчаўшы пасля свайго расказу.

Усе, стоячы навокал яго, разумелі яго. Весялоўскі асабліва: у яго галаве праходзілі цяпер малюнкі вайны, той самай вайны! Ён жа сам, можна сказаць, на сваіх плячах выносіў яе, тую вайну. А пасля ваяваў з польскімі панскімі акупантамі.

Броня цяпер маўчаў — бялявы здаравяк, крыху з нейкаю здароваю таўсматасцю ў плячах. Рыва стаяла блізка ля яго; таксама і Насця Чырванец, папраўляючы на галаве хусцінку. Кавалі — Гірка Ерынгроз і Косця Сыманутовіч хацелі ўжо нават гаварыць, што трэба няйначай заўтра выправіць Броньку дадому ў вёску, калі ён думае, што бацька не выжыве гэты раз. (Пра гэта яны пасля самому Броньку ўспаміналі.) Нарэшце, усе пакрысе разышліся. Рома і Насця Чырванец, ужо на дварэ, пакінулі Броню і Рыву ісці разам: заўважылі, што Рыва вельмі горача штосьці гаворыць Броньку. Гэтак Бронька і Рыва выйшлі разам з заводскай брамы пасля ўсіх.

Гэта было ў суботу, а на трэці дзень Бронька сядзеў пасля змены сваёй на заўкомаўскім ганку, спусціўшы галаву ў зямлю. Весялоўскі, як праходзіў паўз яго, здагадаўся: няйначай бацька памёр! А як выйшаў на вуліцу, убачыў: зноў стаіць ля брамы той канючок у драбінах і брат Бронеў пры ім.

— Броню чакаеш? — цяпер ужо адразу загаварыў Весялоўскі.

— Але. Хутка ён выйдзе?

— Мусіць, зараз ідзе. Дома што ў вас?

— Бацька памёр. Вельмі шкадаваў, што Броні не было. Гэтак жа ён хацеў яго пабачыць!

«От чаго Броня нудзіць, седзячы па ганку»,— Весялоўскі думаў гэта, ідучы далей, у свой бок. «Не паехаў жа такі назаўтра пасля тае гаворкі ў суботу Броня ў вёску. Што гэта — ударніцтва, жаданне не адставаць ад Даўгінскага? Няхай бы ён лепш прапусціў са два дні работы!..»

У той вечар Броня выехаў з братам хаваць бацьку. Аднекуль якраз бо ўзялася Рыва і прайшла побач з фурманкаю да канца вуліцы. А наступныя два дні ўся тая моладзь — Рома, Гірка, Косця, Насця — пыталі ўсё ў Рывы, як трымаўся Броня, калі ад’язджаў хаваць бацьку. Цераз дзень з’явіўся Броня назад на работу. На сваю, другую, змену ён спазніўся. Рома ў той дзень быў выходны, і Броня ледзьве прычакаў канца сваёй работы. Ён знайшоў ля брамы на лаўцы Рыву, Гірку, Косцю, Насцю. Не было толькі Весялоўскага (гэты, вядома, напроці іх усіх стары чалавек, будзе яшчэ яму хвіліна пагаварыць з Бронем!). Яны ўсе чакалі Броню і, як толькі ён выйшаў, абкружылі яго, так што ён адразу папаў у гэтакае абкружэнне, якое не «давала яму спакою» немалы час пасля гэтага. Ледзьве яны адышліся ад заводскай брамы, як ужо шпарыў ім на спатканне Рома Даўгінскі. І за наступныя дні яшчэ бліжэй сышліся Рома і Бронька. Ну і гналі ж яны работу! Ну і ўзяўся ж цяпер Броня за сваё ўдарніцтва, за спаборніцтва. І само нейк выйшла гэтак, што склалася брыгада: Броня, Рома, Гірка, Рыва, Насця, Косця — брыгада, якая павінна была націскаць на адміністрацыю — зараз жа пашырыць крыты склад, каб ніводная гатовая рэч не валялася на двары. Гэтая ж самая брыгада ўзялася як мае быць за праверку заклёпкі ціскоў. Тут, вядома, галоўную ролю адыгрывалі брыгадзіры-кавалі. А павольныя тэмпы работы, што пачаліся нейк неўзаметку пасля знішчэння прарыву? Тое калупанне, пра якое і Рома і Броня гаварылі першыя? Тут ужо сам Броня гнаў нават самога Рому. З іх пачалося. Пайшлі брыгады на ўвесь цэх, зноў гэтаксама, як тады, калі змагаліся з прарывам. Сістэма брыгад, можна сказаць, пачала ўваходзіць у самы быт кавальнага цэха. І калупанне знішчылася. А што ж Рыва Паперман? А яна пайшла неўзабаве вышэй: сама яе дзейнасць прымусіла яе быць нядоўга за прыбіральшчыцу, яна пайшла ў ліццёвы цэх кваліфікавацца на фармоўшчыцу. У пачатку зімы Броня вадзіў у госці да Рывы, да Рывінага бацькі, шаўца з арцелі, сваіх таварышаў—Гірку і Косцю. Гэта было пасля ўжо таго, як стала вядома, што Броня і Рыва неўзабаве пажэняцца. Праз некаторы час Рыва пачала працаваць у ліццёвым цэху за фармоўшчыцу.


1930?

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні. 1928-1944 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан