epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

(Быў час у жыцці беларускага народа...)

Быў час у жыцці беларускага народа, падобны як бы на досвітак перад новым днём. Ішла рэвалюцыя 1905 года. Бяспраўе народа даходзіла да жахлівай меры. І ў такой жа ступені бурліла ў народзе бунтоўная нездаволенасць. Гэта і быў час маладых год Якуба Коласа. Ясны розумам і чысты душой юнак выйшаў з самых глыбокіх нетраў народа. Усё, што пасля з такой сілай раскрылася перад намі ў створаных паэтам паэтычных і літаратурных вобразах, гэта — карціны жыцця і змагання народа — якраз цяпер, у гэтую пару маладосці, убіралася маладой чулай душой. Перш за ўсё гэта быў просты чалавек, чалавек працы, бяздольнасці, чалавек з сумленнем і справядлівасцю. К таму ж чалавек, якога ў тым укладзе дзяржаўнага жыцця і за чалавека не лічылі, а называлі тутэйшым, мужыком, без нацыянальнага твару. Мова гэтага чалавека, яго звычаі, яго глыбокая душа і чыстае сэрца, яго сум і радасць, яго памяць аб продках і клопат аб дзецях, усё, чым ён жыў і праз што выяўляўся яго твар,— было зняважана, абязвечана і абсмеяна. Працай сваіх рук ён аздабляў родную зямлю, а з хараства роднай зямлі мог толькі як бы здалёк цешыцца. На сваёй зямлі ён шукаў гэтай зямлі, і яна была ад яго далёка.

Стаялі палацы магнатаў; у трухлявых хатах, ці, як у тым кутку Беларусі паны і панскія службоўцы казалі, «афіцынах» цяглі сваё беспрасветнае існаванне парабкі. Вясковыя людзі мадзелі на сваіх драбнюткіх кавалках зямлі. Дзеці гэтых людзей раслі на такую ж беспрасветную бацькаўскую долю. Гэта быў той людскі свет, у якім пачалося свядомае жыццё маладога чалавека, будучага вялікага паэта. Даведзеныя беспрасветнасцю да галечы, людзі зганяліся з зямлі і ішлі ў гарады шукаць іншага спосабу жыць.

Праз гэтую мясцовасць ішлі вялікія дарогі на Вільню і Мінск. Непадалёку ад роднай паэту вёскі Мікалаеўшчыны, у дробным горадзе Нясвіжы жыў у замку, апушчаным вадой, з чыгуннымі пад’ёмнымі мастамі, князь Радзівіл, зямельны магнат, які, здавалася, уладаў паўсветам. З замкавай вежы далёка чутны былі сумныя гукі старых курантаў. У мястэчку Свержані на кірмашы з’язджаліся простыя людзі. Старцы гралі на лірах, рухава ішоў дробны гандаль у местачковых крамах. А да станцыі Гарадзеі ішлі абозы з скупленым у сялян жывым набыткам і гналіся чароды буйнай жывёлы. Усё гэта грузілася ў вагоны і адпраўлялася ў Варшаву, дзе часткаю асядала на мясцовы ўжытак, а часткаю ішло далей на захад, у Германію. Некалькі купцоў і перакупшчыкаў нажывала сотні тысяч рублёў. На дарогах стаялі карчмы, а ў бок ад дарогі —

 

«могілкі ў полі адны-адзінюткі»,

 

як пісаў паэт. Тут, у гэтым месцы вечнага сумнага спакою, ляжалі бацькі і дзяды тых, хто рыхтаваўся неўзабаве выйсці на расправу.

Гэты свет абкружаў сваімі праявамі маладога паэта. Карціны жыцця паўставалі перад ім ва ўсіх сваіх узаемных супярэчнасцях.

Стаялі лясы. Цяклі рэкі. Тут Нёман паіў зямлю сваёю вадою. Журботная восень уціхамірвала душу сваёю цішынёй у лясах. Стагоднія дубы, здавалася, вартуюць хараство роднай прыроды. На захад Навагрудчына, на ўсход Случчына, на поўдзень Палессе: усё цудоўныя краявіды. Гэта радзіма паэта. Гэта тут яшчэ ў свае маладыя гады падслухаў паэт голас прыроды, і ў яго творчасці яна заняла вялікае месца. Прырода ў Якуба Коласа — гэта тыя абсягі, у якіх жыве і дзейнічае чалавек.

Першыя творы Якуба Коласа і маюць у сабе два тэматычныя моманты: сацыяльнае змаганне і прырода. Глыбакадумная паэзія Якуба Коласа тых часоў — гэта было поўнае адлюстраванне душы таго простага чалавека. Гэта былі і матывы суму, і матывы народнага гумару.

 

А як песню заспяваюць,

Колькі ў песні той нуды.

Уцякаў бы, бег, здаецца,

Сам не ведаю куды.

 

Тагачасныя апавяданні Якуба Коласа і многія вершы — гэта тонкае разуменне народнага смеху, калі чалавек і ў горы смяецца, і гэта ёсць той народны аптымізм, які робіць чалавека нязломным.

Вядома, чалавек з такой чулай душой не мог быць толькі пасіўным наглядальнікам народнага гора. Ён з самых маладых сваіх год падаецца ў грамадска-палітычную дзейнасць, ужо і ў часы свайго студэнцтва ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі.

Пасля, будучы маладым настаўнікам, ён робіцца грамадскім і палітычным дзеячам, трапляе пад падазрэнне паліцыі, арыштоўваецца і чатыры гады адбывае зняволенне ў мінскай турме. Выйшаўшы з турмы, без перспектыў на далейшае, малады настаўнік і паэт шукае сабе жыццёвай дарогі: яму забаронена ў пэўных мясцовасцях быць настаўнікам. Але ніхто не мае сілы адабраць ад яго самай вялікай перспектывы: быць заўсёды з сваім народам. І ўсе горасці і радасці народа — гэта радасці і горасці самога паэта. Пачынаецца нястомная літаратурная дзейнасць — гэта была бліскучая форма змагання за шчасце народа.




Беларуская Палічка: http://knihi.com