Кузьма Чорны

Да беларускага народа

Да цябе, вялікі наш, слаўны, гераічны беларускі народ, мы зварачаемся са словам адданасці і любві, з захапленнем ад шчырай душы перад тваёй сілай і тваёй славай.

У гэты час вялікіх тваіх пакут і вялікага ўздыму твае гераічнасці, у час нашага глыбокага гора і такой жа глыбокай волі да змагання і канчатковай перамогі над подлым ворагам, мы азіраемся на ўвесь шлях твае гісторыі і там, ад тысячагодняй даўнасці і да нашых дзён, з гордасцю за продкаў нашых, за нашых прадзедаў, дзядоў і бацькоў, бачым тваю сілу, тваю славу і тваю вялікасць. Нашы сэрцы б’юцца яшчэ мацней і нашы душы гараць яшчэ большай нянавісцю да крывавага чужынца, які ўварваўся на нашу мілую, дарагую нам, як родная маці, беларускую зямлю — і топчацца па ёй сваімі бруднымі капытамі, і залівае яе тваёй крывёй, родны наш народзе.

У далячыні стагоддзяў мы бачым і нашу слаўную Полацкую Русь і ўсю нашу зямлю, на якой выростаў і фармаваўся наш народ, ва ўсіх сваіх непаўторных нацыянальных асаблівасцях, дзе ад мужнай народнай рукі з стагоддзя ў стагоддзе гінулі чужаземныя захопнікі. З часоў сівой мінуўшчыны даходзіць да нас блізкі нам шум вялікіх бітваў нашых продкаў за сваю свабоду і незалежнасць. Нашы вушы чуюць, як у бітве на Нямізе доблесныя воіны роднага народа ў чужаземных захопнікаў «веялі душу ад цела», як пра гэта сказана ў песні аб паходзе Ігаравым.

Ні ў часы панства, ні ў часы царызма не пакараўся ты, родны беларускі народ, сквапным прыгнятальнікам, не цярпеў няволі і скідаў яе з сябе сваёй сілай і сваім ясным розумам.

За шматвяковую гісторыю тваю мы бачым тваіх герояў, якія ставяць перад намі прыклад мужнасці і адданасці Радзіме. У вяках нашай нацыянальнай славы ўзвышаецца Кастусь Каліноўскі. Жыве памяць аб Вашчыле з Крычава, які падняў і павёў супраць панства простых працавітых людзей. Як святыня, шануецца памяць Андрэя Блажко з Міншчыны. Брацкая магіла слуцкіх партызан будзіць у нашых сэрцах лепшыя пачуцці аб гераізме нашага народа і аб яго дзейным імкненні жыць толькі вольным і свабодным.

Мы бачым рух славянства і рух чалавецтва ў няспынным прагрэсе, бачым напластаванне праз вякі чалавечай культуры. І перад намі ў стагоддзях узнімаецца магутная постаць нашага Францыска Скарыны з Полацка, першага друкара на землях стыку еўрапейскага захаду і ўсходу. Перад намі стаяць тураўскія творцы стараславянскай літаратуры.

Мы бачым дарагога нам Францыска Багушэвіча, які ў сваіх кнігах выразіў тваё гістарычнае права быць роўным з роўнымі ў сям’і народаў Еўропы.

Свабодалюбівы наш народ разам з сваімі роднымі братамі Рускім і Украінскім народамі прайшоў са славай вялікі шлях свае тысячагодняй гісторыі. Упрыгожваючы родную зямлю вынікамі працы сваіх дбалых рук, ён прыносіў у вялікую скарбніцу славянства багатыя свае нацыянальныя здабыткі.

І заўсёды, родны наш народзе, ты быў нацыянальна цвёрды і верны кроўнай роднасці сваёй з рускім і ўкраінскім сваімі братамі. Гэта брацкае адзінства давала табе сілы быць заўсёды самім сабою. І такім ты быў нават у самыя цяжкія часы свае гісторыі і заўсёды выходзіў на ясны свой шлях загартованым пераможцам. На арэне свае гісторыі ты фармаваў свае нацыянальныя рысы і дзейнічаў як народ шчыры, дбалы, працавіты, імклівы да прагрэсу свае культуры, справядлівы, добры, чулы душой, цвёрды і непахісны перад ворагам, поўны нязломнай волі да змагання за сваё права і незалежнасць. Народ-герой, з ясным розумам, вялікім сэрцам і з самым глыбокім замілаваннем да радзімы, да роднай зямлі.

Родная зямля! Перад нашымі вачыма жыве неўміручае хараство і багацце яе прыроды — ад Гродна і да Магілёва, ад Брэста і Пінска і да Гомеля. Па Нёману і Сожу, па Дняпры і Прыпяці, па Дзвіне і Бярозе. Веснавым шумам поўняцца нашы лясы, ажываюць пад веснавым сонцам нашы прасторы, б’е ў берагі звонкая хваля нашых азёр! Тут спелі на ўрадлівым полі нашы багатыя ўраджаі. Заводамі і фабрыкамі багацела наша зямля. Новы светлы дом станавіўся на месца старой хаты. У радасці і шчасці ішло вольнае жыццё нашага народа.

Сваю славу і сваю гордасць ты, родны народзе, напісаў на сцягу свае вялікай Камуністычнай партыі, і як вынік усяго папярэдняга твайго гістарычнага шляху, чвэрць стагоддзя жыла і красавала ў сіле і славе Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.

І вось цяпер наша нацыянальная сталіца, тысячагодні наш Мінск ляжыць у руінах. У руінах ляжаць усе нашы гарады. На месцы новага дома нашага ўзнімаецца пад ветрам попел. Цудоўныя нашы дарогі сталі сцежкамі смутку і слёз для няшчасных сірат нашых, якія ў адзіноце і бяздом’і бадзяюцца па іх у пошуках прытулку і хлеба. Над тваёй душой, вялікі народзе, стаіць крывавы кат і забойца, чалавекападобны звер, прыгнаны для пакуты нашай пачварным вылюдкам Гітлерам.

Тупая і азвярэлая нямецкая салдатня топчацца па нашых палетках. Тое, што мы сеялі і жалі для сябе, тое зжэрла гэтая паганая саранча і вымагае ад нас больш — жэрці і каменем сядзець на нашай шыі. Яны загарадзілі нам усе дарогі, яны маюць нас не за людзей, а за рабочую жывёлу для іх. Яны хочуць панаваць над намі і на векі вечныя пакінуць нас у нямецкай няволі. Нашу моладзь яны вывозяць у сваю Германію на катаржную паднявольную працу, гвалцяць нашых жанчын, сірацяць нашых дзяцей. На руінах нашых гарадоў і сёл стаяць шыбеніцы з павешанымі на іх нашымі людзьмі. І пад скрып вяровак на вісельных жэрдках нямецкае гадаўё жарэ наш хлеб і гоніць на сваю сабачую пацеху ў публічныя дамы нашых яснавокіх дзяўчат і жанчын — нашых сёстраў, дачок і матак нашых дзяцей.

Яны прыйшлі на мілую нашу зямлю як тупая і азвярэлая раз’юшаная сіла і сталі перад табою, родны народзе, як самая закончаная супрацьлегласць табе. Ты заўсёды марыў аб вялікім брацтве народаў і волі для кожнага чалавека. Яны ненавідзяць брацтва і баяцца яго і на сваіх паганых сцягах напісалі формулу падняволення і знішчэння чалавека.

Толькі ў першыя дні нападу на Савецкі Саюз, калі яны клалі ў руіны сваімі бомбамі наш Мінск, і за першыя часы гаспадарання ў ім яны ўмярцвілі ў ім звыш як пяцьдзесят тысяч чалавек. У наступныя ж месяцы гэтая лічба павялічылася ўдвойчы.

Свой наступ на Брэст гітлераўскія банды пачалі з таго, што артылерыйскім агнём зруйнавалі мірныя кварталы горада і вуліцы ўкрылі тысячамі трупаў нашых людзей. У Гомелі нямецкае звяр’ё расстраляла звыш дзесяці тысяч чалавек. У Магілёве немцы расстралялі 24 тысячы чалавек, у Пінску 10 тысяч, у Шклове 8 тысяч, у Крупках 1080 чалавек. У Мінску і Гомелі некалькі дзён чуліся енкі і стогны здушаных руінамі людзей, якія ўміралі пакутнай павольнай смерцю. Многія тысячы нявінных ахвяр замучаны немцамі па нашых мястэчках і сёлах. У зруйнаваным напалову Віцебску перад домам гістарычнага музея стаяць вісельні, і на іх ужо доўгі час вісяць трупы замучаных дзяўчат.

Звярынай жорсткасці гітлераўскіх прахвостаў няма межаў. Усё больш і больш практыкуюць яны новыя спосабы мучыць нашых людзей. Цяпер ужо вісельную вяроўку яны заменьваюць жалезным крукам, на які ўзнізваюць чалавека пад плячо або пад сківіцу, каб чалавек некалькі дзён паміраў у нечалавечых пакутах. Яны паставілі сабе задачай фізічна знішчыць лепшую частку нашага народа, а рэшту застрашыць і паставіць сабе ў няволю. Яны хочуць уладаць нашай зямлёю і ўстанавіць для нашага сялянства прыгоннае права, вярнуць былую паншчыну, але ў многа разоў цяжэйшую. На нашу зямлю яны прывозяць з Германіі нямецкіх паноў і ствараюць ім маёнткі, а нашых сялян стараюцца зрабіць іх бяспраўнымі парабкамі. Гэтых паноў яны называюць «інструктарамі», а ўсю гэтую жудасную справу «зямельнай рэформай».

Яны зруйнавалі нашу нацыянальную культуру. Знішчылі нашы школы і бібліятэкі, знішчылі нашы беларускія кнігі, пакінулі нашых дзяцей на цёмнае невуцтва, на беспрасветнае існаванне, замест былога шчасця жыць вольна і радасна, калі перад нашай моладдзю былі адчынены шырокія дзверы ў навуку, у шырокі выбар прафесій, у вышэйшую асвету, у вольную працу паводле сваіх густаў і жаданняў. Яны зруйнавалі нашу гордасць — беларускія тэатры. Дзяды і прадзеды нашы, продкі нашы да дзесятага пакалення могуць садрыгнуцца ў магілах ад крывавага жаху, які перажывае беларуская зямля.

Але мы не леглі пад гітлераўскія капыты! Прыблудныя гітлераўскія гады не заваявалі нас і нашай зямлі. Наадварот! Як толькі яны перайшлі нашу граніцу — за імі ўжо стаў цень іхняй гібелі. Бо яны пасягнулі на зямлю і свабоду, на радзіму бяссмертнага народа, народа савецкага, розум і сіла якога вядзе яго толькі да перамогі. Лепш смерць, чым жыццё ў няволі — так заўсёды гаварылі нашы героі, і гэта заўсёды прыводзіла іх да поўнай перамогі і да знішчэння ўсякай няволі. І вось Вялікая Айчынная вайна з нямецкім фашызмам узняла наш народ на новую ступень геройства. Нашы лясы сабралі ў сабе лепшых сыноў Беларускай зямлі — партызан. За кожную кроплю народнай крыві — мора паганай нямецкай крыві — вось які лозунг нашага змагання! За кожную сірочую слязу нашага дзіцяці — сотні тупых нямецкіх галоў! За боль душы нашай жанчыны аб замучаных дзецях — няхай крывяцца ў дзікіх грымасах страшнай смерці паганыя морды гітлераўскіх прахвостаў.

Па ўсім свеце ідзе слава аб беларускіх партызанах, нараўне з славай Чырвонай Арміі, якая крок за крокам вызваляе ад ворага савецкую зямлю — горад за горадам, сяло за сялом. Чырвоная Армія падышла ўжо да Беларусі і ўжо ўвайшла ў Беларускую зямлю, несучы ёй вызваленне. У радах слаўнай Чырвонай Арміі б’юцца з ворагам сыны беларускага народа. Лепшыя гітлераўскія арміі ўжо знішчаны. Мільёны немцаў параць сабачымі сваімі касцьмі савецкую зямлю. Яны не паднімуцца з магіл і не прынясуць Гітлеру перамогі. Цяпер Гітлер гоніць на фронт зялёнаротых недаросткаў і пажылых немцаў. І яго дывізіі, пабітыя і растрапаныя, кідаючы кожны дзень тысячы трупаў і сваю тэхніку, пад ударамі Чырвонай Арміі паўзуць назад, на захад. І гітлераўскія салдаты ныюць толькі аб адным — каб як выбрацца з вайны і дапаўзці да Германіі. У самой Германіі ўзнімаецца нездаваленне і ныццё. Блізіцца гібель Гітлера.

Па ўсёй Еўропе, па ўсіх акупіраваных ім краінах з кожным днём усё шырэй і магутней кіпіць народнае змаганне супраць крывавага акупанта. Блізіцца разгром гітлераўскай Германіі.

Праз нашу беларускую зямлю нямецкае гадаўё рушыла на Савецкі Саюз, на нашай зямлі яны і зложаць да рэшты свае галовы. Наша зямля бачыла многа чаго! На нашай зямлі, пад Барысавым, і Напалеон пакінуў быць палкаводцам і перасеў з імператарскага каня ў сані, каб толькі вынесці сваю галаву. На нашай зямлі да рэшты сыдзе крывёй і нямецкая гадзіна.

Ніхто нас не адолее! Мы моцныя сваёй сілай у змаганні!

Шырэй жа змаганне з ворагам! Усе, як адзін, у партызанскія атрады!

Родная, любая беларуская моладзь! Ты надзея і будучыня народа, і на табе ляжыць вялікі абавязак быць у першых радах вялікага змагання з ненавісным чужынцам! Гэта перад табой ён, няпрошаны гад, зачыніў дзверы ў жыццё, гэта цябе ён вывозіць у сваю Германію на паднявольную працу дзеля тупога, сытага існавання нямецкага панства — і ад усяго свайго чыстага сумлення і абавязку перад народам — будзь бязлітаснай і цвёрдай перад ворагам.

Вялікая беларуская жанчына, сястра і маці! Ці не твае гэта папярэдніцы, у часы прыгоннай працы, спявалі калісьці на панскім полі сумныя песні над сваімі дзецьмі? Ці не ты гэта ў цяжкія годы над сваім дзіцем стварыла беларускую песню-калыханку, падобную сумнай вялікасцю свае музыкі на жалобны гімн? І ці не ты гэта яшчэ нядаўна радавалася шчасцю сваіх дзяцей? Твая глыбокая душа і вялікае сэрца заўсёды сагравалі вялікай ласкай усё наша жыццё. Благаславі сваіх дзяцей, выгадаваных табой у шчаслівыя часы, на геройства і подзвігі за шчасце радзімы, і сама высока ўзнімай чырвоны сцяг змагання з крывавымі гадамі!

Беларускія сяляне! Беларускія рабочыя!

Не выпускайце жывымі акупантаў з свае зямлі! Магутнымі партызанскімі ўдарамі памагайце Чырвонай Арміі хутчэй вызваліць Беларусь! Марыце голадам нямецкіх ненаеднікаў, адбірайце ў іх хлеб, не давайце ім грабіць, здзекавацца, гаспадарыць у нас! Біце іх і знішчайце! Псуйце шляхі іх адступлення, пускайце пад адкос іх паязды, знішчайце іх абозы, узрывайце іх склады!

Бязлітасна знішчайце паганых вылюдкаў, здраднікаў народу, якія пайшлі служыць фашыстам, якія сталі паліцэйскімі, старастамі, якія прадаюць народ!

У імя светлай блізкай будучыні — вышэй наш гонар, вышэй нашу славу, магутней нашу сілу! Да зброі ўсе, як адзін!

Смерць подлым акупантам! Сабачая ганебная смерць! Гітлераўскае гадаўё няхай гіне ад вашых вінтовак, ад вашых кулямётаў, аўтаматаў! Паганая чужацкая навалач вельмі добра гіне і ад віл, калі іх усадзіць у нямецкае чэрава!

Смерць нямецкім акупантам!

Слава партызанам!

Слава вялікаму Беларускаму народу!

Слава роднай Беларускай зямлі!

Слава доблеснай, непераможнай Чырвонай Арміі, якая спяшае на вызваленне Беларусі!

Чырвоная Армія ідзе! Чырвоная Армія блізка! Чырвоная Армія хутка будзе на Беларусі!




Беларуская Палічка: http://knihi.com