epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Далікацтва каля вісельні

Ай, не дурыце галавы,

Сапраўды драма ёсць такая,

Калі ураднік станавы

Лірычным вершам прамаўляе.

Максім Багдановіч

 

Вары Няфёдавай было ўсяго дзевятнаццаць год, яе сястра Ольга была за яе старэйшая на два гады. Увечары да іх у дом увайшлі чатыры п’яныя нямецкія афіцэры.

Яны далікатна прывіталіся і загадалі дзяўчатам ісці за імі. Праз два дні дзяўчат прывезлі ў грузавіку назад. Пальцы на руках і нагах сёстраў былі вывернуты, на спінах была зроблена татуіроўка гарачым жалезам. Перад вокнамі дома паставілі шыбеніцу і павесілі на ёй знявечаных сёстраў. Узяўшы далікатна пад казырок, немец сказаў да старой маці няшчасных дзяўчат:

— Жыві, матка, у гэтым доме і глядзі праз акно на сваіх дачок. Яны маладыя, і за імі трэба наглядаць.

Маці ў той жа дзень звар’яцела.

Стаіць гэтая вісельня з трупамі маладых сёстраў на вуліцы ў Віцебску і цешыць вока Брандта, рэдактара бруднай фашысцкай газеткі, якая там выходзіць. Захлёбваючыся ад захаплення, ён піша: «Кожны салдат германскай арміі лічыць сваім абавязкам, увайшоўшы ў дом, прывітацца... Будзем жа браць з іх прыклад».

Гэты прапаведнік далікацтва так дбае аб культурнасці, што не можа стрымаць свайго рухавага пяра.

Ён піша аб «савецкім стылі абыходжання з людзьмі», пры якім быццам бы «зусім натуральна адштурхнуць жанчыну, а самому прайсці ўперад».

Бачыце, які джэнтльменісты кавалер гэты Брандт! І мае даволі-такі не кепскае вока, бо адразу, шэльма, убачыў, як немец далікатна прапускае жанчыну наперад, калі падводзіць яе да вісельні!

Дбаючы аб культурнасці віцеблян, блізкія і родныя якіх вісяць на шыбеніцах, пастаўленых далікатнымі фрыцамі на віцебскіх вуліцах, фашысцкі пісака даводзіць да ведама, што «пара прывучаць сябе, не будзем гаварыць да заходняга стылю, да гэтага нам яшчэ далёка, але хаця б проста да элементарных правіл абыходжання».

Калісьці царскія афіцэры стараліся вымуштраваць салдата так, каб ён на слова «дурак» адказваў «так точна». А Брандт пайшоў яшчэ далей. Каб дагадзіць свайму нямецкаму гаспадару, ён сам сябе называе дурнем і паскудствам, якому далёка яшчэ да таго стылю, аб якім ён марыць. Расказваюць, што быў такі падлізнік, які так шчыра вылізваў панскі зад, што аж самому пану надакучыла.

— Даволі! — крычыць пан.

— Паночку, дазвольце яшчэ раз лізнуць у вашу ласку,— папрасіў той.

А гэты Брандт умільна шэпча:

— Далёка мне да панскага стылю, мне хоць бы што-небудзь пераняць ад вашай ласкі. А за гэтыя аб’едкі я вас, паночку, падхвалю ў сваёй газетцы. Гордасці ў мяне няма, паверце, паночку. Я перад вамі не чалавек, вы нават можаце ўзліць мне на галаву цэбар памыяў, а я скажу, што гэта дождж ідзе. Вы толькі пабольш вешайце гэтых віцеблян, якія не маюць аніякага далікацтва.

Далікацтва рэч умоўная. Мы дакладна ведаем, што віцебляне, таксама як і ўсе іншыя беларусы, і сапраўды не вельмі далікатныя. Яны вельмі недалікатна б’юць па мордзе нямецкаму гадаўю. «Далікатнаму» пісаку вельмі страшна такое недалікацтва, бо ён бачыць, што скора скончыцца яго бандыцкі хлеб, які ён зарабляе, расхвальваючы нямецкую вісельную вяроўку.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан