epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Дух прагнасці

І так жа яму хочацца далезці да нашай нафты. І так жа яму хочацца пажэрці ўсё наша масла, глынуць усю нашу пшаніцу, напхаць сваю вантробу нашым дабром. Пнецца з усіх жыл. Лезе, як толькі можа. Аж пара з яго верне. Аж пот з яго гоніць і ўсякае паскудства з яго прэ. Дух каля яго стаіць такі, што дыхнуць цяжка.

Вісіць над яго галавою наша зброя, наша ўпартасць. Адапхнуць ён хоча яе ад сябе. Штурхане крывавай лапай, а тут, з размаху — бац яму ў чэрап! Штурхане зноў, а яму з размаху — трах у спіну, у капыты, у морду! Кроў з яго ручаём свішча, а ён усё стараецца адапхнуць ад сябе наш удар і плішчыцца з усёй натугі.

Пакуль яшчэ паўметра вышэй дапаўзе, дык з яго арыйскі дух выйдзе.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан