epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Дзядзькі поплаў мераюць

Максім Брадэцкі генеральскім паглядам акінуў паплавы, што маўчалі ў асенніх туманах, і, нагнуўшыся, пачаў закасваць шарачковыя порткі. Калошы былі мокрыя і пруткія, як бляха, і цяжка было іх закасваць; ад гэтай цяжкасці валасаты твар расплываўся, сцягваўся і крывіўся набок, а вочы проста глядзелі на Мікалая Ветра, што стаяў напроці і, спяшаючы, выкалупваў нешта з носа.

— Дык, значыцца, ты заяўляеш, што я на паўтары сажні заняў твайго поплаву, ты заяўляеш? — сказаў Максім, падкасаўшы порткі.— Аг-га, калі ты заяўляеш!

— Тут ніякага «ага» няма і быць не можа,— адказаў Мікалай,— тут табе ўсякі дурань скажа, што на паўтары сажні майго поплаву ў цябе.

— Та-а-ак!.. То, значыць, я, па-твойму, злодзей, значыць, па-твойму? Гавар-ры!

— ?!!

— Аг-га! Калі я, значыцца, злодзей, то зараз жа дакажы, што я калі і ў каго ўкраў, зараз жа дакажы, калі я, значыцца, злодзей! Ты не дакажаш, а я табе магу сведкі прыставіць, пра твайго, значыць, дзядзьку... І калі ты хочаш ведаць, дык гэта ты ў мяне на тры сажні ў поплаў залез, бачыш, куды ты палікі пазабіваў? Калі ты хочаш ведаць!.. Дай закурыць.

Вецер паволі дастае з кішэні капшук, і абодва закурваюць. Закурыўшы, Брадэцкі зноў пачынае:

— Падкасваўся я недарэмна, не для таго, каб тут гаварыць з табою, хадзем, будзем мераць.

— Хадзем, будзем мераць.

Яны ўдвух ідуць па мокрым поплаве; вада пырскае ўгору між пальцаў, а перад імі ўзлятаюць з кустоў патурбованыя вароны.

— Сытыя, на іх ліха, якія ўвосень,— глыбакадумна выказвае сваю ўпэўненасць Максім.

— А што,— адказвае весела Мікалай,— цяпер ім харчу па горла, вунь у Юрася ўсю арабіну за гэтыя дні абклявалі, каб на іх дохлая.

— Ну, а што, хто ў каго перамераў?!

Хлопцы, што заводзілі за глінішча коні, цяпер ідуць назад...

Голас у Мікалая поўны скаргі, але вясёлы ад упэўненасці, што яго праўда:

— На паўтары сажні, браткі мае!

— На тры сажні якраз майго заняў; летам як касілі, тады я яшчэ сцярпеў, а гэта трэба палікі перабіць.

— Як жа вы ведаеце, што па паўтары сажні або на тры?

— Як то каб не ведаць?!. Тут кінь вокам, дык, як той казаў, усё як на далоні!

Дзядзькі ходзяць, ляпаюць нагамі на макраце, а хлопцы садзяцца каля кустоў курыць ды глядзяць.

Пахадзіўшы трохі, дзядзькі ідуць назад, разам закурваюць у хлопцаў і садзяцца супачываць.

Дзьме вецер, ды мокры, і не сушыць ён у дзядзькоў парток, толькі камечыць бараду Максіма Брадэцкага ды разносіць па кустах яго хрыпла-павольны голас:

— Тут, значыць, на адну ляйчыну з гакам перабрана.

— Няхай у таго жывот адбярэ, хто ў каго адабраў,— даводзіць Мікалай, моцна зацягваючыся чорным ад тоўстае паперкі дымам.

— На ляйчыну з гакам, я ж кажу!

— Ляйчына бывае ўсякая.

— Усякая, усякая! — усхватваецца раптам Максім.— Ён ужо ляйчыну ўведаў, што яна ўсякая бывае; ды ў мяне лейцы ўжо другі год адны, як звіў тым летам, дык яшчэ па зіму будзе. А ён — уся-я-я-кая! Ён ужо лейцы ўведаў! Усё роўна, як бы гэта я чужога хачу.

— I я чужога не хачу! Не трэба мне чужое.

— Ах, якія вы абодва справядлівыя людзі.

Дзядзькі і вухам не вядуць насмешлівых слоў хлапца, ды зноў паднімаюцца і ўглядаюцца ў поплаў, дзе няроўна тырчаць на зялёнай роўнасці да часу пабітыя палікі. На адной сядзіць варона і, падтуліўшы мокры хвост, весела крычыць.

— А каб на цябе ўпадкі,— кідае Максім на яе нейкаю ламачынаю,— гра-аа! Раззявіла горла, каб яно табе запухла. Якое табе ліха адходзіць!..

Варона нехаця адлятае трохі назад, садзіцца на зямлю У і зноў весела крычыць.

— Тфу! — злуе Максім і зноў ідзе «адброджваць» мяжу поплаву.

Хлопцы паднімаюцца і аглядаюць усю гэтую работу.

— Самае важнае,— гаворыць адзін,— дык гэта не трэба гарачыцца; от, усё паволі зробіцца, перамераецца, граніца знойдзецца, і тады можна будзе ісці дадому.

Ззаду чуецца рогат, і хлопцы адыходзяць.

Дзядзькі зноў вылазяць на сухое к кустам і глыбакадумна маўчаць. Падыходзіць Кірыла Грак, што насіў у Шастакі тры рублі задатку на стары свіронак, які мельнік Змітрок Чаркас маецца прадаваць па калядах. Грак бярэцца ў бокі і, даведаўшыся, у чым справа, пачынае даводзіць, што якраз такі выпадак быў «яшчэ за старым нажымам» у панамара Калістрата з дзяком. «Два дні мы мералі, а на трэці скасілі разам ды пасля падзялілі сенам».

— Толькі я вам так рабіць не раю,— дадае на канцы Кірыла,— найлепш цяпер жа вырашыць справу на месцы. А то пасля пачнецца цяганіна, бо пачне заходзіць даўнасць, а гэта на свежую руку вы падганеце справу да канца, і дзела кончана, калі вы хочаце ведаць.

Кірыла весела садзіцца пад куст, па звычаю закурвае і дае закурваць Максіму з Мікалаем. Курачы, садзяцца і яны, і гаворка перакідаецца на табаку, пасля з табакі на каноплі, што вераб’і ў Кірылы паклявалі, з канапель на грэчку, якую дзякавы свінні былі стравілі Мікалаю Аднавокаму. А пасля пачалі гаварыць аб драбінах, аб здохлым Карасёвым кані, аб шастакоўскім мельніку, у якога дачка ўцякла з камуністам у горад...

Пераваліла поўдзень. Пачало выяснівацца, гусцей дзьмуў вецер, і весялей закрычалі вароны.

— От, жабы ўжо ніводнае нідзе не відно,— сказаў Кірыла.

— Позна ўжо, каторая пара,— адказаў Мікалай, падбіраючы пад сябе ногі.

— Восень,— глыбакадумна падаў голас Максім Брадэцкі.

* * *

— Дзядзечка, ці не бачылі тут чорнае каровы? — пачуўся раптам звонкі і порсткі галасок.

Перад дзядзькамі стаялі два хлапчукі.

— А дзе вы яе згубілі? — надаў голас Кірыла.

— Гэта яна, дзядзечка, бегае, дык мы яе да дзяка гналі, а яна ўцякла.

— Да дзяка?!

— Але, да дзяка, бо ў дзяка бык заводскі.

— Ага, а то я гляджу, што за ліха.

— Не, тут не было яе. Можа хіба кустамі да рэчкі пабегла, але ж чутно было б, тут блізка,— сказаў Максім.

Хлапчукі пабеглі, і дзядзькі падняліся. Кірыла пайшоў паволі цераз кусты, а Максім упэўнена сказаў:

— Няхай той есці не хоча, хто хоча чужога. Мяне сын угаварваў раніцою: не ідзі ты, кажа, бацька, нашто час траціць, некалі вясною будзе відно. Але я праўду люблю.

— Твой сын у канцамолах, добра яму і гаварыць.

— То чаго ты злуеш? Няхай твой сын будзе хоць у камуністах.

— Няма ў мяне сыноў.

— Ну, то што я вінават?

— Які цябе чорт вінаваціць!..

За кустамі відна была вёска. Плылі над паплавамі хмары, і зноў цямней стала. Канчаўся дзень.

Дзядзькі павысморквалі насы і палезлі мераць поплаў.

І весела абвяваў іх слаўны асенні вецярок.


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том першы. Апавяданні. 1923-1927 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан