epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

"Дзякуй богу, як шклянка"

І
ІІ


 

І

— Што гэта ў вас, свята якое ці сход?

— Ды не, таварыш, гэта бабы б’юцца.

— Як, усе?!

— Не, сягоння ўсяго дзве.

— А ў вас хіба і пабольш б’юцца?

— Ага-а-а!.. Каб толькі здароўя. Вунь на святога Юр я, як бацюшка свянцонаю вадою гавяду акрэпліваў, дык бабы як пачалі дзеркачамі хвастацца — усякая хацела першай сваю карову падагнаць. Проста бяда. Прыйшлося вадою разліваць.

— Свянцонаю?

— Не-э-э!.. Чорт яго свянц... Тфу, каб ты згарэла... Бог яго свянцонае набярэцца, гэта хаханькі — на гэтакі гурт. Хаця простаю, з Мікітавага вядра.

— Ну, а чаго ж цяпер выйшлі ўсім сялом?

— Глядзець.

— Хіба гэтак цікава?

— Ого! Часам і мужчыны глядзяць, глядзяць, дый давай самі.

— Э-э-э, дык у вас, значыць, баявая вёска!

— Чорта яна баявая. У выпадку чаго, дык усе па кустах.

— Ха-ха-ха! — заліліся камсамольцы рогатам на ўсю вуліцу пасля такога адказу.

— Гы-гы-гы! — рагаталі яны доўга, пабраўшыся ў бокі і аж прысядаючы к зямлі.

— Чаго паехалі? — раззлаваўся пасля такой выхадкі стары дзядок.— Чаго, блазнота?..

— Ха-ха-і-гі-і!..— доўга не мог стрымацца адзін, Грышка.

— Ну, дык завядзі нас, дзядуля, у свой сельсавет,— папрасіў другі, Ванька.

— Э, не-э,— зацягнуў дзядок,— не-э, на гэта каюх. Наш сельсавет на той бок рэчкі, за дзве вярсты, у вёсцы Гнілое Балота. Там і пячаць, а ў нас адзін толькі член, дый той увесь аблузаны.

— А-га-га-га-хі-го-о!..

— Ха-ха-ха-ха! А браткі ж, як гэта аблузаны?

— Ат, што з блазнотаю гаварыць,— махае рукою дзед, зусім ужо раззлаваўшыся на няўважлівых рагатуноў,— скажы ім, як людзям, а яны залягаюцца на ўсю вуліцу, чорт ведае чаго.

З — Ну, як жа не рагатаць, дзе гэта відана, каб члены сельсавета былі нейкія аблузаныя. Што гэта, прозвішча такое можа, ці якое ліха?

— Не, якое к чорту прозвішча. Ты не рагачы, а слухай. Гнаў ён, значыць... уга-а-а, калі гэта было, яшчэ перад калядамі... самагонку. Ды, як чорт надаў, разарвала ўсю гэтую яго прыстройку. Вось яго ўсяго і абкаціла кіпенем, небараку, як япрука. Так і ходзіць аблузаны.

— Ну?!. Ха-ха-ха!.. А-яй, вось трапілі ў вёсачку...

І два камсамольцы рагочуць на ўсю вуліцу. А вакол іх ужо збіраецца грамада. Там, далей, яшчэ чутны пісклівыя крыкі, лаянка, відно, як мітусяцца ў паветры над галовамі радасных мужчын і баб растрэсаны дзяркач і нешта вёрткае, пакручастае, ні то скрутак чорных нітак, ні то скручаны ручнік. Чутны вясёлыя крыкі ўзбуджаных мужчын:

— А-та-та-та, лупі, лупі чорт д’ябла!

— Так, так, гак, г-г-г-ух!.. Гоп!

Але цэнтр увагі ўжо тут, і патроху там усё пачынае заціхаць. Шэраю, шчыльнаю сцяною абкружваюць Грышку і Ваньку мужчыны, чухаюць бароды, скрабуць за каўнярамі і глядзяць на новых, «відаць, гарадскіх» хлапцоў.

— Ну, дык дзе ж ваш той аблузаны, хоць бы паглядзець на яго, які ён?

— Ён...— пачаў дзядок і раптоўна змоўк, адчуўшы, як яго моцна штурхануў пад бок сусед, малодшы, увесь, як агонь, рыжы, доўгабароды чалавек.

— Дурань ты,— накінуўся ён на старога,— хоць і ў бацькі мне гадзішся. Няпраўда, браткі,— звярнуўся ён раптоўна да камсамольцаў,— мала што ён тут вам брыдзіць. Не слухайце яго, гэта ён не хоча палохаць вас. Якая тут к чорту самагонка, гэта хвароба такая пануе ў нас, пошасць. Вельмі заразлівая, так зразу ўвесь твар і аблазіць.

Камсамольцы змікіцілі, што тут вядзецца нейкая «палітыка».

— Асабліва на свежых людзей вельмі бярэцца,— гаварыў далей рыжы,— хіба, браткі, мы раім вам, уцякайце адгэтуль як мага!

— Э-э-э, вунь куды загнуў! — засмяяўся Грышка.— Мы не баімся, мы дактары ад усіх хвароб.

— Пайшоў ты к чорту! — загаманіў ціха дзядок, крыва ўхмыльнуўшыся і ўціскаючыся назад у грамаду.— Знайшоўся доктар, смаркач нейкі!

— Многа такіх дактароў знойдзецца,— начуўся яшчэ адзін голас,— давай адно ўсякаму.

— Што давай? — запытаў Грышка, ужо і сам дагадаўшыся.

— Калі вы сапраўды дактары і прыехалі лячыць нас,— зноў загаварыў рыжы,— дык мы і самі лечымся без ніякіх дактароў. Няма ў нас чым плаціць вам. І аднаго трудна аплаціць.

— Якога аднаго?

— Што часамі, гады ў рады, прыязджае з воласці, з мястэчка. Часам, як хто захварэе, дык прывозяць багатыры, а ён усё кажа — давайце яму.

— Слухайце,— выступіў наперад шчупленькі чалавечак з падслепаватымі чырвонымі вочкамі,— калі гэта трэба вам узяць тут фурманку, дык нічога не будзе, не варта нават і быць вам тут доўга. У Гнілое Балота ідзеце, там вам будзе і фурманка і шмурманка. А тут няма каму, нават і пячаць там. Я ж кажу.

— Ды нам вашай фурманкі не трэба. Нашто яна нам. Мы сваімі нагамі ходзім,— адказаў Грышка.

А Ванька запытаў:

— У вас тут, мусіць, хаты-чытальні няма?

— Якое гэта шпітальні? — пачуўся голас.

А другі, ні то жартам, ні то сур’ёзна сказаў:

— Ніякай шпітальні ў нас няма, а ёсць толькі шпіталь вар’ятаў,— сказаўшы гэта, зарагатаў, і ўсе зарагаталі.

— А што гэта за ўстанова такая,— запыталі насмешліва хлопцы,— гэта можа ў вас замест сельсавета?

— Не,— адказалі з рогатам,— гэта ў нас святымі днямі моладзь збіраецца ў Марціна Галавешкі гуляць. Ды там, набраўшыся да адказу, заўсёды галовамі ходзяць. Дык старыя і празвалі Марцінаву хату — шпіталь вар’ятаў.

— А ў вас усе маладыя такія?

— Ды, можна сказаць, усе. Што ім рабіць,— адказаў дзядок і аглянуўся вакол сябе.

Аглянуліся і камсамольцы.

Бабы пакінулі ўжо біцца і ўсе падышлі сюды. Сталі з’яўляцца і хлопцы. У кожнага над левым вухам віўся чуб «па-казацку». Амаль не на ўсіх былі шырокія, жоўта-чырвоныя раменныя паясы, з усякімі бляшкамі і бляшанкамі. Пападаліся галіфэ — чорныя, зялёныя і ўсе з чырвонымі або жоўтымі кантамі. Але гэта былі саўсім яшчэ маладзенькія хлопцы, старэйшыя ж наперад не лезлі, а гаманілі з мужчынамі ззаду.

Сонца весела смаліла зямлю.

Грышка і Ванька пайшлі ў цень і селі на прызбу. Мужчыны — хто пайшоў дадому, хто, разам з хлопцамі, падышоў к прызбе. А Грышка і Ванька сядзелі і аглядалі непрывычны для іх малюнак: каля кожнага калодзезя была на палавіну вуліцы зялёная лужа, разам з качкамі плюхаліся тут дзеці, а другія качаліся збоку ў пяску разам з вераб’ямі і пісклівымі парасятамі. Каля платоў соўваліся сонныя свінні. З гультайскім рохканнем і філасофскім выглядам яны паволі чухаліся аб шэрае дзерава.

Грамада сабралася каля прызбы.

— Вы, браткі, ведаеце, чаго мы к вам прыехалі? — запытаўся Грышка ў хлапцоў.

— Ну, чаго?

— Гэта мы, значыць, прыехалі ўзяць шэфства над вамі, над вашаю вёскаю. З горада мы прыехалі. Шэфамі вашымі будзем. Ведаеце, што гэта такое?

— Ну, што?

— Гэта, значыць, на манер вашых старшых братоў будзем. Калі што трэба будзе памагчы або парадзіць — мы ў гэтым першыя.

— Паможаць, памочнік знайшоўся,— забубніў дзядок, махнуўшы рукою і падступаючы на крок бліжэй.— Ды хто вы такія будзеце?

— Мы камсамольцы. Чулі гэтакіх?

— Чаму не! Цяпер жа іх распладзілася, як грыбоў пасля дажджу,— зацягнуў дзед тоненькім галаском,— вунь па ўсіх вёсках, куды ні глянь, дык гэтых кансамолаў што робіцца-а-а— страх! Не ацерабіцца! Адно, дзякуй богу найвышшаму, у нас іх няма. Бог крыў...

— Наша вёска, дзякуй богу, чыстая, як шклянка,— падкрэсліў яшчэ адзін дзядок.

— Гэта хаханькі,— гаварыў першы,— ка’а, не гэтак, як трэба. Дык чорт жа яго мацеру і бацьку ведае, як ужо тут жыць! Проста даўнейшых дэмакратаў прайшлі.

— Ат,— пачуўся голас,— што галава, то розум. Я вам, браткі, скажу...

— Пачакай, я скажу,— перабіў дзед, хітра, весела паглядаючы на камсамольцаў,— тут яно робіцца гэтак. Я табе, тымчасове, пане Матусэвіч, скажу (дзед панізіў голас і паляпаў па плячы суседа). Гэта якраз тое самае, як даўней польскія мяцежнікі спявалі:

 

Палем хаты, ламем праслы —

Будзем есці курку з маслам,

Будзем піць,

Будзем хораша хадзіць...

 

— Тут яно так, усякі ў сваю капэлу заве, дый не знайся.

— Ты, дзядуля, усё ж такі маладзец, што гаворыш смела тое, што думаеш,— адказаў Грышка,— але паслухай, паслухайце і вы, хлопцы! Добра гэта, што ў вас кожны дзень бабы дзеркачамі хвошчуцца або што доктар дзярэ, калі прыедзе раз у год к хвораму? Народ жа ў вас часта, пэўна, хварэе?

— Ну-ну, страляй далей,— насмешліва сказаў дзед.— Пад’язджаеш то ты, сынку, добра, як то выедзеш?

— Я пытаю, народ у вас часта хварэе?

— Часта,— адказалі хлопцы,— нават і цяпер многа ляжыць на крываўку.

— Ну от, бачыце. А доктара няма? Чаму? А ты, дзядуля, кажаш, што вельмі добра жывецца.

— Мы лечымся самі,— адказаў дзед,— зеллем. А ў Гнілым Балоце жыве шаптун Бандарчык, дык ён хворых праз дуплявы дуб працягвае і дзёшава бярэ. А на доктара мы не лішне квапім — Бандарчык дзешавей. А зелле мы самі рвем каля рэчкі ў Бушылаве — кусты гэта так у нас празываюцца.

— А многа памагае Бандарчык і зелле?

— Калі бог дасць, то паможа.

— Але ж, пэўна, многа і ўмірае?

— Ну, каму суджана, той умірае.

Дзед ужо саўсім стаў сур’ёзны, а хлопцы сказалі:

— У нашага папа хварэлі дзеці на крываўку, дык доктар і не вылазіў з хаты, усе і выздаравелі, а ў панамара Юстына таксама хварэлі, дык абое і памерлі без доктара.

— Ну, бо ім гэтак суджана,— адказаў сур’ёзна дзед,— ім гэтакі век назначаны.

— Якое к чорту суджана,— сказаў адзін з хлапцоў,— чаму ж поп не глядзіць на гэтае «суджана» ды доктара заве?

— Ну, бо ён грошы мае.

— От, бачыце,— сказаў Грышка, вы самі дагаварыліся да праўды. Хто мае сілу, дык усе тыя «суджана» яму на карысць. А вы гаворыце, што вельмі тут у вас усё добра. Або якая карысць вам, што вашы каровы поп вадою абкрэплівае, а бабы дзеркачамі хвошчуцца каля яго? Пэўна ж, не дарэмна поп гэта робіць!

— А папу не трэба жыць?! — закрычаў дзед.— Ён жа на гэта вучоны, што ж яму рабіць?

— Няхай бы вучыўся чаму іншаму, няхай работу робіць і будзе жыць.

— Не дуры мае галавы! — махнуў рукою дзед, зусім збіты з панталыку.— Смаркач аблезлы,— вылаяўся ён ціха і злосна за тое, што не знайшоў чаго адказаць гэтаму вясёламу хлапцу, які невядома адкуль з’явіўся.

I пайшоў дзед, ціха бубнячы нешта пад нос. За ім і ўсе старыя пачалі разыходзіцца.

А Грышка і Ванька доўга яшчэ гаварылі з хлапцамі. Хлопцы як бы і самі адчувалі ўсю супярэчнасць быту свае вёскі. З камсамольскай жа працай яны былі знаёмы з суседніх валасцей і вёсак.

— Дык вось, браткі,— гаварыў Грышка,— мы арганізуем у вас камсамол. Будзем к вам часта прыязджаць. Адчынім чытальню — у воласці пакінулі мы цэлую звязку кніг і газет. Вы павінны ўжо нам памагчы даставіць іх сюды к вам...

Ужо заходзіла сонца. Пацямнеўшая вуліца пыліла ад прайшоўшага з поля быдла, як хлопцы сталі разыходзіцца.

 

ІІ

Грышка і Ванька начавалі ў вёсцы. Завёў іх у сваю крайнюю ў вуліцы старую хату Міколка, саўсім маладзенькі хлапец-падростак. Вечарам яны ўтрох сядзелі на вуліцы, на прызбе, і прыслухоўваліся к вячэрняму жыццю глухой, старой вёскі.

Тыя самыя хлопцы, якія днём слухалі іх, цяпер «гулялі» па вуліцы. Яны хадзілі «па-салдацку ў ногу» і дралі на ўсё горла розныя песні, якіх Грышка з Ванькам даўно ўжо не чулі.

«Маладая дзяўчыначка сына радзіла»,— драў дзіцячы няроўны голас.

З неміласэрным свістам і бразганнем у нейкую бляху хлопцы хваталі далей:

«Р-р-рыбалоўцы-хлопцы рыбу лавілі; трай-рай, рата-тай, рыбу лавілі! Не спаймалі шчупака, спаймалі ліня, развярцелі, паглядзелі — там было дзіця...»

— Якія ж тут у вас яшчэ старыя песні спяваюць! — гаварылі Грышка і Ванька Міколку, слухаючы.

— Яны сябе завуць чамусь-то дзевятаю ротаю,— сказаў Міколка,— і што вырабляюць — страх, часам чуць вокан не б’юць.

І тут жа міма іх прайшла другая «рота-кучка» зусім яшчэ малых хлапцоў — гадоў па трынаццаць. Яны нечакана вынырнулі аднекуль са змроку і зразу напоўнілі вуліцу моцнаю «салдацкаю» лаянкаю і заліхвацкімі славечкамі. Потым выбег паперад адзін і загукаў на ўсю вуліцу, размахваючы рукамі:

— У імя айца — Мацвей з канца і духа святога — Кузьма з другога. Амін — Францішак-дваранін.

— А Міхалка яго сын! — гукнулі ўсе гуртам, не даўшы яшчэ таму скончыць, і на ўсю вуліцу зарагаталі.

— Што гэта значыць? — запыталі хлопцы ў Міколкі.

— Гэта яны «перахрысцілі» вёску,— адказаў Міколка,— з канца Мацвей — мой бацька, з другога канца вуліцы жыве Кузьма, а пасярэдзіне — шляхціц Францішак з сынам Міхалкам.

Грышка і Ванька доўга рагаталі.

— Ур-р-ра!.. Ядры вашу палку, лупі, бі-і-і!..— няслося з другога канца вуліцы.

— А гэта,— паясніў Міколка,— мусіць, падпіўшыя хлопцы «гуляюць».

— Ну, браткі, і жывеце вы,— гаварыў Грышка Міколку,— прыйдзецца ў вас тут здорава папрацаваць.

Вуліца стала заціхаць каля дванаццатай гадзіны ночы...

А назаўтра — у нядзелю — Грышка і Ванька сазвалі сход вясковай моладзі. Прыйшло трохі і старых.

Грышка доўга тлумачыў аб арганізацыях моладзі і іх мэтах.

— ...Каб разумна жыць, трэба старацца ўсё ведаць, што робіцца на свеце. А то часта глухая вёска не ведае, што робіцца нават у сваім павеце,— закончыў ён сваё слова.

Учарашні дзядок, які пацікавіўся прыйсці і сягоння, насмешліва махнуў рукою і з ухмылкаю сказаў:

— А нашто мне канечна ведаць, што робіцца недзе там, невядома дзе. Я, дзякаваць богу, пражыў на свеце з семдзесят год, прайшоў за сваё жыццё чорт ведае колькі мясцоў, паўсотні гарадоў праехаў, а папытай, дзе я быў? Чорт яго ведае. Я не ведаю, бо не цікавіўся. На чорта мне яно! Аднак жыву не горш за людзей. Былі тры жонкі — кожная перада мною слова сказаць баялася, бо я быў гаспадар. А на чорта мне там ведаць, што дзе за светам робіцца. Што яно мне, хлеба дасць?!

Усе хлопцы зарагаталі.

Дзядок не спускаў з губ ядавітай ухмылкі, гледзячы на камсамольцаў.

І тут жа хлопцы пачалі спрачацца, зацікавіўшыся дакладам.

Потым камсамольцы слухалі, што хлопцы гаварылі пра сваю вёску.

Многа хварэла тут дзяцей, збіраў поп па некалькі разоў на год свой падатак, доктарам для ўсіх быў у суседняй вёсцы шаптун Бандарчык. Было па некалькі фэстаў, у якія пасля абедні ў царкве ўся вёска залівалася самагонкаю. Не было тут і школы.

Усё гэта Ванька запісаў.

А Грышка на ўсім гэтым пабудаваў свой даклад. Ён доўга гаварыў аб прычынах такога цёмнага і шкоднага жыцця, аб дзіцячых хваробах, аб жаночым горы.

І калі стаў гаварыць аб тым, як многа ўмірае дзяцей па вёсках, дзядок ужо чамусьці не смяяўся.

У дакладзе сваім Грышка выявіў прычыны ўсіх вясковых бед і намечаны шлях барацьбы з імі.

І нарэшце сход моладзі вынес пастанову адчыніць хату-чытальню і школу. Камсамольцы абяцалі паклапаціцца ў горадзе, каб сюды прыслалі доктара агледзець вёску. А потым згаварыліся ўсе гуртам пайсці ў воласць — забраць астаўленыя камсамольцамі кніжкі для чытальні, а вечарам знайсці хату для яе.

— Будзем мы прыязджаць к вам часта,— сказаў нарэшце Грышка,— каб выцягнуць вашу вёску з тае ямы, з якой яна цяпер свету не бачыць. А цяпер, хто хоча стаць камсамольцам, каб працаваць разам з намі?

І хлопцы адзін за адным сталі падыходзіць к сталу.

 


1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том першы. Апавяданні. 1923-1927 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан