Кузьма Чорны

Фашыст Курц раве жаласна

Нейкі гітлераўскі Курц у гітлераўскай газетцы «Дэйчэ цэйтунг ін Остланд» вельмі ж расплакаўся аб лёсе беларускай сталіцы Мінску. Цераз усю курцаву морду ідзе сляза, і з душы яго верне жаль. Ён, небарак, бядуе, што «незадоўга да ўваходу германскіх часцей у Мінск, калоны НКВД падпалілі ўнутраную частку горада», якая была амаль поўнасцю знішчана.

Курц не быў бы гітлераўцам, каб прызнаўся ў чыстай праўдзе, як яно сапраўды было. Было так, што 24, 25 і 26 чэрвеня 1941 г. нямецкая авіяцыя рабіла на Мінск налёты і бесперапынна бамбіла горад. Гітлераўскія банды з паветра падпалілі горад з розных канцоў і забілі некалькі дзесяткаў тысяч мірных людзей. Некалькі дзён з-пад мінскіх руін чуліся енкі і стогны здушаных людзей, якія ўміралі там. А зверху немцы яшчэ сыпалі бомбы.

Курцава сляза — гэта сляза спрактыкаванага бандыта, які ўмее і за горла душыць і ў той жа час спяваць песеньку. Як кажуць,— ён, калі захоча, дык і раве жаласна.

А далей Курц цешыцца, што ў Мінску паміж нямецкімі ваеннымі ўладамі і «мясцовым самакіраўніцтвам» ужо знойдзен кантакт для супрацоўніцтва. Тут Курц напэўна пад супрацоўніцтвам разумее тое, што знайшлося двое прахвостаў, каб языком глянцаваць нямецкія боты. Бо не можа быць, каб Курц хваліўся тым супрацоўніцтвам беларускага народа з немцамі, ад якога нямецкае гадаўё кладзе свае галовы.

Дзеля ўцехі Курца можна сказаць, што скора гэтаму разжалабленаму малайцу не ў галаве будзе плакаць над чужым яму Мінскам, бо трэба будзе плакаць над сваім фюрэрам і над сабою.




Беларуская Палічка: http://knihi.com