epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Фэст

— Дзень добры ў хату!

— Здароў.

— Што ты, Мацвей, хворы пасля гэтага дзела, што валяешся на палатках, ці якое табе ліха?

— Не, якое хворы, дай свет. Не выспаўся. Гэта жартачкі, цэлую ноч у гэтакай працы... Праходзь, Тодар, садзіся.

— Сяду. Ну як, удалася?

— Як спірытус.

— Ну?!

— Яй-б-бо...

— А мая, брат, храновая.

— Не можа быць.

— Верна. Абы пацягнуў трохі, дык у горле ўсё роўна, як дзеркачом шмаргануў.

— А мая ж, брат, дык як цымус. На, адно, запробуй. Мацвей саскочыў з палатак, шавяльнуў сваёю рыжанькаю бародкаю, на хаду чухануў сваю шчуплую спіну і шпарка падбег да крывое, аблузанае шафы. Тодар — высокі, плячысты, вусаты — пайшоў за ім.

Мацвей нацадзіў з бутэлькі ў вышчарбленую шклянку і паднёс Тодару.

— На, адно, сцебані.

Тодар разгладзіў вусы і паволі, баючыся капнуць на землю, выцягнуў да дна.

— Ну, што, як?

— А братка ж ты мой, аж язык у гэтае ўцягло. Як агонь.

— Шукай яму, Тэкля, закусіць чаго-небудзь,— гукнуў Мацвей жонцы,— нясі сала, то і я шклянку вып’ю.

— А няхай ты смалы напіся,— абазвалася Тэкля з мыцельніка,— няхай цябе чэрві раз’ядуць з тваім салам. Гаршка не будзе чым заскварыць, а ён што дзень, то ўсё баль адчыняе...

— Маўчы, бо як шыбану гэтаю бутэлькаю, дык нагамі накрыешся,— раўнуў Мацвей,— на, Тодар, хоць яблыка глымзані, мелі свінні есці, то на от, ты з’еш — усё роўна свінням даем — урадзілі дзякуй богу... Дык, ка’аш, твая не ўдалася?

— Не. Чорт яе ведае, што ёй за трасца. Здаецца ж, гэтак стараўся, а выйшла, ліха ёй, хоць вон вылівай... Тры пуды як сабаку пад гэтае ўправіў, і дзела з канцом.

— А што рабіць думаеш?

— Ну, што ж рабіць?!. Зноў гнаць буду. Як жа можна абысціся на фэст без гэтага. Як ні круці, а трэба. Такіта ж, бог даў, храмавы празнік, чым жа яго памянуць і як жа бацюшку сустрэць... Нялоўка...

— Ды яно верна, што нялоўка.

Тодар выцягнуў з кішэні капшук з самарослаю табакаю. Патросшы ў руцэ, працягнуў Мацвею.

— Свой?

— Але; поўну хату навешаў, аж вешалы гнуцца. Бяда толькі, што паперы няма, хоць ты гвалт крычы, няма з чаго скруціць.

— Паперы?! Вось чудзіла ка’а паперы яму няма. Гэта ж трэба! Цяперашнім светам на паперу гараваць? Трэба знаць смікалку, і будзе папера. На гэта я ніколі не гарую.

— Ну?!.

— Яй-пр-ра! Я, брат, трохі смікаю, дзе, як і што. Нядарам ужо шэсць гадоў царкоўным папячыцелем служу; сам царкоўны стараста пад маю дудку скача, а з бацюшкам граю ў адну дудку, я яго, можна сказаць, правая рука,— Мацвей мнагазначна і весела маргнуў правым вокам Тодару.

— Ну дык, ка’аш, ты гэтую самую паперу змікіціў? Дзе ж ты яе?..

— Дзе?! Я ж табе кажу. А хата гэтая чытальня нашто?! Мой жа Міколка адтуль і не вылазіць, здружыўся з гэтымі канцамоламі, проста бяда... Ну і я туды зазіраю. Пасяджу, пасяджу трохі, а пасля прыгледжуся, як нікога няма, ды ціхенька газеціну адну або дзве сцебану ды ў кішэню. А тады як чмыхану адтуль!.. Вось табе і папера. На, круці!

І паволі, важна пачалі яны напаўняць хату густым дымам.

Увайшоў Міколка.

— Дзе ты цягаешся? — наваліўся на яго Мацвей.— Абы свята, дык хоць на бубен давай — згіне, як канфора.

— А што вам да гэтага?!

— Як то што? Каб бацька не меў права над сынам?!

— Нашто я вам тут патрэбен? Курыць з вамі?

— Што гэта вы там прыстройваеце гэткае,— запытаў Тодар у Міколкі,— што аж вучылішча звініць кожны дзень?

— Гэта ў нас сельскагаспадарчы гурток арганізаваўся, будзем спектакль ставіць, суд над трохполкай. Будзе сход, мітынг. Аграном прыедзе, даклад будзе гаварыць. Хто хоча, усякі пойдзе ў нядзелю.

— У нядзелю?! — здзівіўся Тодар.— Дык як жа гэта можна, тады якраз фэст у нас. Гэта ж бацюшка прыедзе, малебства правіць будзе, а вы нейкі сход, ды яшчэ міцін. Хто к вам пойдзе на гэты ваш міцін. Хто яго будзе слухаць, гэтага вашага міціна, што ён там вам будзе плясці?!

— Ат,— дабавіў Мацвей,— хай павар’яцеюць трохі. А мы вось адно свой міцін зробім — пройдзем пасля малебства з абразамі па вуліцы, а пасля, як усе добрыя людзі, і вып’ем, пагуляем.

У дзень фэсту яшчэ з самага рання ўсе гатаваліся. Гатаваўся кожны па-свойму. Хлопцы сядзелі ў чытальні, праглядалі газеты і кніжкі, чакаючы агранома. А старыя чакалі «свайго агранома» — папа. Мала хто з старых мог спакойна ўседзець на адным месцы — мужчыны аціраліся каля печ, раз-поразу зазіралі ў клеці, адкуль цягло самагонкаю. «Царкоўны папячыцель» — Мацвей — ужо некалькі раз падыходзіў да шафы, прыгінаўся перад ёю на зямлю, даставаў бутэльку і цягнуў з яе, задзёршы голаў.

— Не можа дачакацца пары, ліха на яго,— злавала жонка,— успееш яшчэ, пачакай хаця, пакуль абедня кончыцца.

— Калі ж нек, на яго ліха, жывот баліць,— вінавата абзываўся Мацвей,— і чорт яго ведае, што яму сталася, ці то гэта я з’еў што-небудзь такое ўчора вечарам, ці чорт яго ведае.

А каб ён нечага ўжо зарэзаў цябе, гэты твой жывот, — адказвала злосна Тэкля.

Мацвей моўчкі адыходзіў ад шафы...

...Бацюшка прыехаў рана. На краю вёскі, у старой капліцы, служыў ён абедню, а бабы і мужчыны «маліліся».

Мужчыны вялі «сталыя» гаворкі. Напрыклад, у адной грамадзе аж лаяліся на ўвесь цвінтар, спрачаючыся, колькі з пуда мукі можа выйсці бутэлек самагонкі і колькі сартоў. П’яны Тодар даводзіў, што можа выйсці тры добрыя сарты, калі гнаць маладзіком, а яго дзядзька Тарас, цярэбячы сівую бародку, пісклівым галаском крычаў Тодару ў самае вуха, што самагонку лепш гнаць не маладзіком, а «сходнімі днямі»; прытым, як ні круці, усё роўна трох сартоў не выйдзе, а калі і выйдзе, дык трэці сорт будзе як вада, хоць у вочы лі, не пашкодзіць.

— Чаму гэта не пашкодзіць,— крычаў Тодар,— дурны ты, хоць і дзядзька мне, хадзем жа ка мне; на тую практыку запрабуем — я табе ліну ў вочы, у мяне якраз трэці сорт ёсць. Хадзем адно, хадзем. От паглядзіш, што ніводнага вока не астанецца, як ліну. Што ты мяне дурнем робіш?!

Тодар ухваціўся і павалок за руку дзядзьку...

— Гвалт, людзі, ратуйце! — закрычаў стары, перапалохаўшыся.— Вочы хоча высмаліць самагонкаю, а-я-яй!..

— Ціха, браткі,—закрычаў царкоўны стараста, выбегшы з царквы,— не мяшайце бацюшку абедню правіць... Ціха... Тодар, калі напіўся, дык спаць ідзі.

— А ты адкуль гэтакі цэнтразыхер знайшоўся,— закрычаў Тодар, кідаючыся з кулакамі на царкоўнага старасту,— ты думаеш, тут вельмі вялікая штука?! Я сам скора буду царкоўным старастам. Чуў?!.

Стараста шмыгануў назад у цэркаў.

 

Ён палажыў ёй рукі на голаў і сказаў: «На нядужныя рукі вазлажаць і здравыя будуць».

І ўжо не знімаў з галавы хворай сваіх «вазложаных» рук, пустымі-доўгімі кручкаватымі пальцамі згроб ён з галавы хворай палатно і перадаў кульгаваму дзяку Алтароўскаму. Той згарнуў палатно і сунуў сабе пад паху. Працэсія рушыла далей.

Па дарозе бацюшка, пры дапамозе Мацвея з Панцялеем, вылечыў мімаходам яшчэ некалькі баб ад галавы і цераз «вазлажэнне» рук на нядужных і «нізлажэнне» іх назад з палатном.

Увайшоўшы ў вёску бацюшка крапіў вадою кожную хату і гаспадара з сям’ёю, а гаспадыня валакла на плячах у мяшку жыта бацюшку. Жыта для бацюшкі збіраў стары Яначка — памочнік царкоўнага старасты. Ён меў большы чын за Мацвея, простага «царкоўнага папячыцеля», і рызыкоўна з свайго воза паглядаў на яго, як той пацеў, цягаючы з Панцялеем цяжкі абраз. Кульгавы ж дзяк Алтароўскі, спяваючы, пільна наглядаў за Яначкам, каб той часамі не пхнуў як-небудзь сабе за пазуху кілбасу, якую падносіла часта гаспадыня к возу.

Каля кожнае хаты бацюшка соўваў гаспадару ў губы крыжам, а гаспадар падпіхаў пад крыж дзяцей, каравымі пальцамі абціраючы ім губы ад смаркачоў. Дзеці палохаліся блішчастае папоўскае рызы.

— Дурное, гэта ж бацюшка,— угаварваў дзіця бацька.

— Не хацу-у,— чуўся дзіцячы крык.

Яначка з генеральскім выглядам азіраўся па баках на сваім возе, моцна цмокаў на каня і важна пад’язджаў далей.

Некалі людзі пацелі, жнучы збожжа. Цяпер аднаму чалавеку ўраджай прыйшоўся гатовым — «жалася» чыстае зярнё, без саломы, малаціць не трэба было. І жалася так багата, што скора аж конь не мог ужо цягнуць поўнага воза, і Яначку прыйшлося злазіць, каб хоць трохі было лягчэй каню.

«Жніво» ішло далей.

А радам з гэтым падыходзілі і дажынкі. І ўжо гатаваліся, каб добра правесці іх.

Гэта было ў Мацвеевай хаце. Арудаваў там Тодар — блізкі прыяцель бацюшкі. Ён быў назначай «старшым маханікам» па ўтварэнню гэтых «дажынак». Падрыхтоўка да гэтага была для яго чыстая любота. Тупаючы каля стала, ён раз-поразу перакідаў у рот сабе чаркі і камандаваў Мацвеевай жонцы — Тэклі.

— А парасят насмажылі?

— Не было,— адказвала Тэкля, носячы на стол кілбасы і пірагі.

Тодар прымаў выгляд начальніка і крычаў:

— Як гэта не было?! Як жа мы цяпер бацюшку стрэнем без парасяці? Парася і бацюшка заўсёды павінны быць разам.

Язык яго пачынаў заплятацца, думкі блыталіся, а ён усё яшчэ не пакідаў смакаваць з бутэлькі. І ўжо зусім п’яны стрэў ён бацюшку.

Разам з бацюшкам увайшлі ў хату сам гаспадар хаты — Мацвей, утомлены ад працы з образам на вуліцы, чалавек пяць розных царкоўных прычэтнікаў, дзяк Алтароўскі і, нарэшце, Яначка.

Пачалі памінаць «ураджай». Не ўспеў яшчэ бацюшка як следуе ўмасціцца за сталом, як к яму ўжо лез Тодар, дзержачы дзве чаркі ў руцэ.

— Я хачу з бацюшкам першы выпіць,— роў ён хрыплым, п’яным басам.

Бацюшка чокнуўся з ім і выпіў.

— Я з бацюшкам, можна сказаць, адным словам, гэтая, і больш нічога,— крычаў Тодар і лез з бацюшкам цалавацца.

Поп, як мог, бараніўся.

Дзяк Алтароўскі, адставіўшы на палавіну хаты сваю крывую нагу, накінуўся на кілбасы. Яму зазіраў у вочы Яначка, салодзенька смеючыся і гаворачы яму ў руку (з бацюшкам Яначка пакуль што не смеў яшчэ быць так проста).

Пасля трэцяе чаркі Яначка пасмялеў і падсеў бліжэй да бацюшкі.

— Дзякуй богу, сабралі сягоння здорава,— загаварыў ён да бацюшкі, нагнуўшыся ў яго пад локцем,— гэта ж так напакавалі воз, што аж конь не ўзяў.

— Не лішне сабраў бы, каб я образа не насіў,— пакрыўджаным, злосна-п’яным голасам абазваўся Мацвей.

— Не так яшчэ будзем збіраць,— зароў Тодар, грукнуўшы кулаком аб стол і адапхнуўшы ад бацюшкі Яначку,— вось я адно стану царкоўным старастам, не так тады дзела пойдзе.

— Верна,— абазваўся падвыпіўшы бацюшка,— не так яшчэ збіраць будзем, наша яшчэ наперадзе...

— Н-наша на-пер-радзе, г-гуляй, р-р-раб’ят-та! — закрычаў Тодар, зноў грукнуўшы кулаком па стале.— Хто сказаў так, як бацюшка думаў, як не я?! Верна?!

— Тхор ты свінячы,— вылепеталі разам Яначка з Мацвеем,— што ты сказаць можаш добрае?!

Тодар рынуўся з-за стала і схваціў Яначку за нос.

— Гвалт, браткі, ратуйце, нос адкруціць,— заенчыў Яначка,— бацюшка, пагібаю!..

Бацюшка хваціў Тодара за рукі, стараючыся адарваць іх ад Яначкавага носа. Тодар павалок за сабою на сярэдзіну хаты Яначку разам з бацюшкам.

— Браток Тодар, апомніся,— галасіў бацюшка.

— Мацвей, братка, заступіся,— енчыў Яначка,— прападаю за грош.

— Я пакаж-жу, хто я такі ёсць,— роў Тодар,— я царкоўны стараста... Так ці не?!

— Так, так; пусці адно,— галасіў бацюшка.

— А што, чыё бярэ?! — не накідаў раўці Тодар, валочачы па хаце бацюшку і Яначку.

Мацвей кінуўся бараніць Яначку, які цягаўся па хаце за Тодаравымі каравымі пальцамі, сціснуўшымі яго нос.

І ўсе яны кучаю мітусіліся па хаце.

На вуліцы тады было поўна людзей, але ўсё старых. Ужо скончыўся «святочны абед», і ўсе павыходзілі «гуляць». Моладзі ж было відно мала — быў тады сход, на якім аграном рабіў даклад аб пераходзе на шматполле, і амаль не ўся моладзь была там.

На вуліцы відно было толькі некалькі хлопцаў, у тым ліку два самыя забіякі — Мікалай Вяртляк і Павал Цырбун. Яны валтузілі пасярод вуліцы гарманіста Ваньку Юстынавага.

— Ванька, грай ойру,— крычаў Мікалай Вяртляк.

— Вальца грай, сукін сын! — наскакваў на беднага Ваньку Павал Цырбун.

— Ойру, я табе кажу!..

— Я табе пакажу ойру! Грай вальца, япрук свінячы!

Перапалоханы Ванька пачынаў граць вальца.

— Стой! — хватаў яго за грудзі Мікалай Вяртляк.— Даеш ойру!

Ванька, баязліва паглядаючы на Паўла Цырбуна, нясмела пачынаў рыпаць ойру, а Павал з кулакамі кідаўся на Мікалая.

І тады хадуном захадзіў Мацвееў двор і вуліца каля яго хаты. Мітусіліся ў паветры кулакі, ухалі «раб’ята», б’ючы «непрыяцельскія» спіны— хто каго.

Тодар стаяў наводшыбе, шукаючы вачыма сабе пары для бойкі. Якраз здарылася, што яго дзядзька — стары Тарас — усунуў голаў у самы гурт забіякаў, з вялікаю цікавасцю гледзячы на бойку. Ён перажываў гэтую бойку ўсімі сваімі пачуццямі, успамінаючы пры гэтым свае маладыя годы. Тодар зразу змеціў, што дзядзька стаіць «без працы», і з дзікаю радасцю падбег да яго. Падняўшы кулак, ён з усяго размаху лупянуў дзядзьку ў нос.

— Тодарка, за што ж ты мяне,— заенчыў дзядзька Тарас.

— За што? — раўнуў Тодар.— Людзі б’юцца, а я дык што?!

Акрываўлены дзядзька драпануў скоранька дадому.

А бойка тым часам паволі заціхала.

Дзяк Алтароўскі, задумаўшы памагчы бацюшку ўстаць, пераступіў цераз яго, але зачапіўся сваёю крывою нагою за бацюшкаву простую.

І не вытрымала буйная галава моцнага хмелю. Упаў там дзяк Алтароўскі, дзе стаў, ды так і астаўся ляжаць упоперак на бацюшку, не маючы ўжо сіл падняцца.

Надышоў вечар. Узышоў месяц і асвяціў «поле брані», укрытае «паўшымі ваякамі, военачальнікамі і пастырам».

Па ўсёй вуліцы шаталіся людзі, як цені, многія сядзелі пад платамі, але большасць ляжала ўпокат. І толькі Мікалай Вяртляк і Павал Цырбун варушыліся, адбіраючы адзін у аднаго шворан.

З-за крайняй хаты вынырнула куча малых хлопцаў. Яны прыпыніліся, пазнаючы, хто і як зваліўся на землю.

Пазнавалі:

— Тодар.

— Поп.

— Дзяк.

— Мацвей Небарак.

— Яначка.

Тодар сярдзіта падняў голаву і тут жа зноў зваліўся, прабарматаўшы нешта баявое.

— Браткі,— закрычалі хлопцы,— Тодар варушыцца!

— Каму Тодар, а табе дзядзька, смаркач ты,— зарыпеў Тодар,— я царкоўны стар-раста-г-х!..

— Браткі, у Тодара чын пабольшаў,— закрычалі хлопцы і тут жа, як бы згаварыўшыся, гранулі:

 

Ехаў з ярманкі ухар купец,

Ухар купец — Тодар-маладзец.

 

— Стой, давайце бацюшку «трапар» заспяваем,— гукнуў голас,— слухайце.

 

П’яны поп ляжыць, як сноп,

П’яны дзяк ляжыць, як гляк,

А Мацвей, як парася.

Вось і песенька ўся!

 

Хлопцы гранулі песню спачатку.

Пачуўшы ў песні сваё імя, Мацвей неяк узвалокся на ногі. Хлопцы, абарваўшы песню, сыпанулі ўцякаць. Мацвей, не расчомаўшы, у чым дзела, падышоў, шатаючыся ў бакі, да Мікалая і Паўла, якія ўсё яшчэ адбіралі адзін у аднаго шворан.

— Ты што?! — гукнулі Мацвею Мікалай і Павал.

— Вы што, спяваць пра мяне?! — залепятаў Мацвей, растапырыўшы рукі, каб не паваліцца.— Вы...

— Н-на! — ухнуў Мікалай Вяртляк, апускаючы шворан Мацвею на голаў.

Мацвей, як сноп, рухнуў на землю. Згубіўшы шворан, Мікалай Вяртляк і Павал Цырбун разышліся і хутка пападалі пад плотам. На вуліцы стала ціха.

А ў Мацвеевай хаце было вось што. Мужчыны, якія асталіся там, не пакідалі баляваць. Яны папілі ўсю самагонку, запалілі агонь і пачалі шукаць больш. У клеці не найшлі. Не найшлі і ў сундуку ў сенцах і палезлі шукаць на гару. Там кінулі агонь у кастрыцу, і хутка страха Мацвеевай хаты запалала агнём.

Тады якраз у школе кончыўся мітынг. Прайшлі два даклады агранома аб шматполлі і аб палепшанні насення. Кончыўся і спектакль. Моладзь ішла дадому, гаворачы, як бы гэта падняць гаспадарку, зажыць лепш...

Падышоўшы бліжэй, пачалі пазнаваць п’яных; Мацвея, з разбітаю галавою, знайшлі пад плотам. Уняслі яго ў хату; паслалі ў мястэчка па доктара і, прамыўшы рану, прылажылі да яе халодны кампрэс.

 


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том першы. Апавяданні. 1923-1927 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан