epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Гаўляйтар і яго падлізнікі

Якое цудоўнае слова «гаўляйтар»! Для беларускага вуха гэта не слова, а «музыка». Гэтае слова абазначае чыноўны тытул таго самага Вільгельма Кубэ, якога Гітлер назначыў генеральным камісарам Беларусі. Гэты гаўляйтар прыехаў на Беларусь пхаць у сваё шырознае нямецкае горла беларускі хлеб і душыць беларусаў вісельнай вяроўкай. Кажуць, што ў гэтага гаўляйтара, з таго часу, калі ён з’явіўся на Беларусь, здорава патаўсцела морда. Так што таўстаморды Кубэ з гаўляйтарскім чынам на Беларусі — важная персона.

Каля гэтай персоны круціцца кампанія гаўляйтарскіх падлізнікаў. Гэта мясцовая драбяза, якая хоча толькі аднаго: падбіраць абсліненыя гаўляйтарам крошкі, якія падаюць з гаўляйтарскага стала. Гэта ўсялякія казлоўскія, адамовічы, ксяндзы гадлеўскія, станкевічы. Яны слова «гаўляйтар» з вялікай радасцю ўставілі ў тую сваю «беларускую мову», на якой выдаюць у Мінску гаўляйтарскую газетку.

З вялікай ахвотай яны ўставяць у беларускую мову ўсё, што толькі загадае берлінскі гаўляйтар. Нават калі гаўляйтар запатрабуе анямечыць беларусаў, а з беларускай мовай абысціся з такой увагай, з якой фрыцы абыходзяцца каля шыбеніцы з беларускім народам, гаўляйтарскія падлізнікі ахвотна выканаюць гэта.

Кат акупіраваных немцамі савецкіх земляў Розенберг сказаў: «Нямецкае кіраўніцтва хоча дапамагчы беларусам так развіць край, каб з яго стаў моцны і квітучы перадкрай Нямеччыны».

Коратка і ясна. Беларусь не мае права быць самастойнай рэспублікай, а толькі «нямецкім перадкраем». І гаўляйтарскі падлізнік Казлоўскі ў сваёй газетцы трашчыць, парашчыць і з скуры лезе, каб гаўляйтарскія словы расхваліць на ўсе лады.

Гаўляйтар сказаў, што беларусам няма чаго рабіць з рускімі, а ім ёсць што рабіць з немцамі. Дык Казлоўскі там жа піша, што гэта святыя гаўляйтаравы словы. Імкненне немцаў задушыць беларускую культуру ён называе спыненнем на Беларусі русіфікацыі. Каб памагчы нямецкай навалачы як найспрытней узяць у ланцугі беларускі народ, гаўляйтаравы паслугачы стараюцца «давесці», што беларусы нічога агульнага не маюць з рускімі, бо «рускія — славяне, а беларусы — арыйцы». А вядома — раз арыец,— дык калі не немец, то хоць палавіна немца.

Гэта так стараюцца гаўляйтарскія падбрэхачы. Што ж да самога гаўляйтара, то яму не важна — славянін беларус ці арыец. Яму патрэбен беларус не як чалавек, а як рабочая жывёла для Германіі. І чым больш гэтая «жывёла» будзе далей ад культуры, тым яна будзе больш паслухмяная. А калі так — дык падлізнікі рады старацца.

Высокія з’явы беларускай культуры, якія беларускі народ стварыў за час існавання Беларускай Савецкай рэспублікі, для гаўляйтарскіх паслугачоў не культура. Наогул іх дачыненне да культуры характарызуецца іх лакействам перад гаўляйтарам. Яны паводле жаданняў гаўляйтара стараюцца культуру беларускага народа замяніць стагоддзі таму назад аджытымі прымітыўнымі абрадамі, якія былі адлюстраваннем тагачаснага прымітыўнага чалавечага мыслення.

Так у пачатку ліпеня яны ў Мінскім гарадскім садзе наладзілі святкаванне купалля. Расклалі агні і скакалі навакол іх. Гаўляйтар Кубэ быў тут жа і з высакамернай усмешкай глядзеў на нябачаную ім раней фацэцію, наладжаную для яго ж уцехі. Трэба думаць, што яго асабліва цешылі дробныя выкрунтасы, якія вырабляў ксёндз Гадлеўскі.

Гаўляйтарскія лізуны могуць усё зрабіць. І народ прадаць, і ракам паўзці да гаўляйтара на паклон. І нават калі хто-небудзь гугнявы ў слове «гаўляйтар» не так выгаварыць літару «л», гандляры народным горам прызнаюць гэта вялікай мілагучнасцю беларускай мовы, якая ім патрэбна ў той меры, у якой за анямечанне яе можна поўзаць каля гаўляйтара.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан