epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Гаўлятарская акадэмія

Непадалёку ад Вілейкі, у дробным гарадку Смаргоні, яшчэ задоўга да першай імперыялістычнай вайны, адзін з тамашніх панкоў ушчэнт прасвістаўся ў карты. Яму трэба было нейкім парадкам выцерабіцца з даўгоў. Яго рухавыя мазгі ахапіліся шчаслівай думкай. Ён адчыніў у Смаргоні «акадэмію», у якой налоўленыя ў лясах мядзведзі праходзілі вышэйшы клас танцаў.

У гэтай адзінай на ўвесь свет «акадэміі» была чыгунная падлога, пад якой, у падвале, палілася печ. У «акадэмію» ўганялася чарада мядзведзяў. У той меры, у якой награвалася падлога і прыпякала мядзведжыя лапы, мядзведзі не маглі спакойна стаяць на месцы і скакалі з адной лапы на другую. У той жа час за сцяной білі ў бубен. Нарэшце падлога так награвалася, што мядзведзі рабіліся лёгкія і рухавыя, як матылі, і раўлі на ўсе свае жылы. Так што няшчасныя смаргонцы кожны дзень затыкалі вушы і пракліналі на чым свет стаіць свайго вынаходлівага земляка.

Прайшоўшы курс «акадэмічнай» навукі, касматыя «акадэмікі» прадаваліся за дарагую цану брадзячым балаганшчыкам. Даволі было такому «акадэміку» пачуць грукат бубна, як выпрацаваны рэфлекс прымушаў яго паднімаць лапы і пускацца ў грацыёзны танец. Кажуць, што вынаходлівы смаргонец не толькі выцерабіўся з даўгоў, але нават нажыў круглы капіталік.

Дарэмна некаторыя думаюць, што тое, што калі-небудзь было на свеце, другі раз быць не можа. Няпраўда. Гаўляйтар гер Кубэ нядаўна адчыніў у Мінску «акадэмію», ганаровым прэзідэнтам якой ён і назначыў сам сябе. А неганаровым прэзідэнтам ён зрабіў нейкага доктара Ярмачэнку. Віцэ-прэзідэнтам стаў гестапавец з Берліна. А «акадэмікам» той самы Адамовіч.

Трэба думаць, што ў гаўляйтарскай «акадэміі» абыходзяцца без чыгуннай падлогі, бо гаўляйтарскія «вучоныя» ўжо даўно навучыліся скакаць пад гаўляйтарскі бубен. Ды і чарга іх куды меншая за чараду тых смаргонскіх «акадэмічных студэнтаў». Невядома толькі, які поўны абхват «навук» будзе ў гэтай «акадэміі», калі гаўляйтар падбярэ поўны штат сваіх «акадэмікаў». Бо пакуль што тут мы бачым толькі чатырох спецыялістаў. Сам Кубэ — спецыяліст вышэйшай гітлераўскай школы, каб душыць беларускі народ. Адамовіч можа з вялікім поспехам узначаліць «кафедру» шпіёнства і прадажніцтва. Доктар Ярмачэнка, які мае ў сваім «навуковым» багажы артыкулец на тэму «Кал хворага чалавека», паводле сваёй спецыяльнасці і гаўляйтарскага загаду, ужо ўзначаліў гэтую «акадэмію». Берлінскі гестапавец напэўна ўзначаліць «кафедру» катаванняў і расстрэлаў.

Астаюцца яшчэ вакантнымі месцы на «кафедрах» такіх, напрыклад, як «кафедра па вывучэнню спосабаў найбольш эфектыўнага аграблення беларускага народа». Або, скажам, «кафедра па дакладнаму ўстанаўленню таго, як лепш вешаць людзей — ці на жалезны крук тварам, ці пятлёй за шыю».

Гаўляйтар нямала можа адчыніць «кафедр» сваёй «акадэміі», абы-толькі яму ўдалося налыгаць чараду адамовічаў.

Хто яго ведае. Падумаўшы — то можа і не памыляюцца тыя, якія думаюць, што былое другі раз не паўторыцца. Сапраўды. Вучоныя смаргонскія мядзведзі прадаваліся брадзячым балаганшчыкам на простую людскую пацеху. Гаўляйтарская ж «акадэмія» сваіх «вучоных» трымае ў сваім уласным крывавым балагане, і не на простую пацеху, а дзеля ланцугоў на беларускі народ.

Ланцугі, ускладзеныя на народ, рэч нетрывалая. Такі будзе і век гаўляйтарскай «акадэміі».




Беларуская Палічка: http://knihi.com