epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Герой Савецкага Саюза Ціхон Піменавіч Бумажкоў

На беларускім Палессі
Маленства і юнацтва
Першыя тыдні вайны
На рацэ Пцічы
Юныя разведчыкі
Змаганне за раённы цэнтр
У варожым тыле
Ніводзін немец не астанецца жывым на нашай зямлі


На беларускім Палессі

На беларускім Палессі цякуць поўныя рэкі і густа стаяць лясы. На ўзлессях, на палянах, па прасторах, дзе лясы адыходзяць да прыгожых палескіх даляглядаў, ідзе поле. Там хвалюецца пад ветрам багатая збажына. З полем мяжуецца балотны абшар. Прастор, зарослы асакой, пераходзіць у куп’істае балота. Ідуць тарфяныя масівы. Раптам узнімаецца сцяпа высокай травы. Тут асцярожна трэба ступаць нагой: трава расце на дрыгве, якая гойдаецца пад нагамі, з якое сочыцца вада. Нага правальваецца ў балотную нетру. Паволі цячэ палеская рэчка. Яна абрасла лесам. Лес расце і на дрыгве. У гэтым месцы лес не высокі, густы. Дрэвы зліваюцца з гушчырнёй хмызпячных зараснікаў. Усё зелена. Спеюць ягады, растуць пад дрэвамі грыбы. У вадзе поўна рыбы. Найбагацейшая расліннасць пышна красуе ўсюды. Усё звініць птушынымі галасамі. Палескае неба мае свае адмысловыя найтанчэйшыя адценні. На зямлі багатая разнастайнасць травы, кветак, палескай мятліцы. На балотах, на рэках, у лясах найбагацейшыя віды птушак і дзічыны. Гусі і качкі гнездзяцца над самай вадою. Дзікі япрук рые зямлю ў глухіх закутках. На ўзлессях ходзіць лось. Раптам мясцовасць як бы прыўзнімаецца ўгару. Пачынаецца пясок, на ім без краю хвойны лес. Нізкарослая вярба гусціцца тонкім веццем. Гэтая адмысловая вярба апошнімі гадамі разроствалася тут вельмі шпарка: палескія людзі штучна яе насаджвалі ўсюды на пясках. Яна затрымлівае пяскі на месцы, змацоўвае іх сваімі карэннямі. На пясках з’яўляецца травяная расліннасць, пясок дзірванее.

За апошнія гады багаты палескі край асабліва шпарка ўдасканальваўся савецкім чалавекам. Быў зацверджан урадам СССР пятнаццацігадовы план асушкі палескіх балот. І як толькі пачаліся асушальныя работьг, адразу відно стала, што пятнаццацігадовы план будзе выканан за час, на палову карацейшы. Палескія людзі былі вялікімі энтузіястамі ў справе ўпарадкавання сваіх прыродных багаццяў. Велізарныя масівы палескіх балот ператварыліся б за кароткі час у бязмежныя прасторы найурадлівейшага поля. Багацці Палесся павялічыліся б удвойчы. Чалавечы быт, узровень чалавечага жыцця падняўся б вышэй. І гэтыя вялікія работы перарваў напад ворага на нашу краіну.

За гады Савецкай улады многа выдатных людзей з’явілася ў беларускім Палессі. Гэта дзеячы народнай гаспадаркі, дзеячы ператварэння і ўдасканалення краю, дзеячы навукі і культуры. Палессе выявіла ў сабе многа людзей, якія ў гады вайны сталі народнымі героямі ў справе змагання беларускага народа за сваю волю і незалежнасць, за сваю нацыянальную дзяржаўнасць. Палескія людзі заўсёды, як героі, змагаліся з усялякімі акупантамі на беларускай зямлі. Традыцыі гэтага змагання ідуць і з даўніх часоў, і з свежых яшчэ ў нашай памяці гадоў — войнаў 1914—1920 гадоў. І асабліва людзі беларускага Палесся выявілі свой гераічны патрыятызм цяпер, у час Вялікай Айчыннай вайны, калі самы найзлейшы за ўсе вякі, самы крывавы і паганы вораг уварваўся на беларускую зямлю, каб прысвоіць яе сабе, навекі яе заняволіць і ўздзець на наш народ ланцугі рабства. Змаганне з нямецкімі акупантамі стала магутным народным рухам. І адным з яго пачынальнікаў і выдатным кіраўніком ёсць дзеяч беларускага Палесся, цяпер Герой Савецкага Саюза, Ціхон Піменавіч Бумажкоў.

 

Маленства і юнацтва

Бацькі Ціхона Піменавіча Бумажкова былі бедныя сяляне з вёскі Пудоўля на Магілёўшчыне. У пошуках спосабу жыць гэтая сям’я на некалькі год трапіла на Далёкі Усход, пасля зноў вярнулася ў Беларусь. Бумажковы абсталяваліся жыць у Дрыбінскім раёне, у вёсцы Куляшова, Чарняўскага сельсавета. Пімен Бумажкоў раней займаўся сельскай гаспадаркай, пасля пайшоў працаваць на завод рабочым.

Ціхон Піменавіч радзіўся ў 1910 годзе. Ужо з самых малых сваіх год хлопчык пачаў уваходзіць у працоўнае жыццё сваіх бацькоў і ўсіх навакольных простых, працавітых людзей. Спачатку ён быў пастушком у кулака, пасля, калі падрос, служыў парабкам. Маленства яго праходзіла ў працы і заклапочанасці, і гэта клала сваю пячаць на фармаванне маладой натуры. Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і найбольш патрэбнае. Ён мог падначаліць важнай справе парывы нават свайго маленства. І калі справа была даведзена да канца, маладая душа поўнілася радасцю, і парывы маладосці былі тады ясным шчасцем маладому чалавеку. Так вырас чалавек справы і цвёрдага слова. Людзі, што блізка ведаюць Ціхона Піменавіча, сцвярджаюць, што не ведаюць яны аніводнага выпадку, калі б ён не давёў да канца справы, за якую ўзяўся, або каб не стрымаў дадзенага слова.

Юнацтва Ціхона Піменавіча ішло па гэтым жа шляху, вызначанаму ўжо выразна з момантаў першай маладосці. Гэта быў чалавек кожнадзённай працы, якая перарастала ў дзейнасць. Ціхон Піменавіч рабіўся грамадскім і палітычным дзеячам. Гэты кірунак свае дзейнасці ён пачаў з камсамола. Ужо з першых часоў, пасля ўступлення ў камсамол, ён пачаў выяўляць сябе на камсамольскай рабоце. Разам з гэтым ішла яго вучоба. Ён вучыўся заўсёды. Пасля пачатковай школы займаўся самаадукаваннем, а пасля прыехаў вучыцца ў Мінскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, які скончыў у 1933 годзе. Будучы студэнтам тэхнікума, ён быў ужо членам партыі (з 1930 года).

Тэхнікум даў Ціхону Піменавічу спецыяльнасць, якой ён аддаваўся ўсімі сіламі, але ў якой аднак жа не замкнуўся. У кожным разе гэта не была тая натура, якая зрабіла б чалавека вузкім спецыялістам. У 1933 годзе, пасля заканчэння тэхнікума, Ціхон Піменавіч быў назначан на Гомельскі цагельны завод № 6 тэхнічным кіраўніком. У тым жа годзе ён быў прызван у армію і служыў у кавалерыі два гады. Пасля арміі Ціхон Піменавіч назначаецца тэхнічным кіраўніком на вапняны завод № 2 у Клімавічах. Гэта было ў 1935 годзе. Праз малы час ён назначаецца дырэктарам гэтага ж завода. Завод адразу пачаў паляпшаць сваю працу. Вытворчыя планы пачалі перавыконвацца. Праз год Ціхон Піменавіч пераводзіцца ў г. Петрыкаў дырэктарам на вялікі цагельны завод. І там ён працуе да 1938 года.

Ціхон Піменавіч Бумажкоў стаў выдатным гаспадарнікам, вядомым кіраўніком прамысловых прадпрыемстваў. Гэта была праца з ранку да вечара. Яна патрабавала ўвагі да сотні вялікіх і дробных спраў. І ўсё ж такі дырэктар завода, чалавек малады, у якім яшчэ не спыніўся своеасаблівы працэс фармавання характару, не стаў замкнутым у сабе спецыялістам, які выконвае сваю справу і толькі гэтым задаволен. Гэты момант не вычэрпваецца тым, што дырэктар завода вывучаў спосабы палепшання свайго завода, імкнуўся змяніць і перабудаваць яго. Ён быў гаспадарнік усяго раёна: ён ведаў мясцовасць, дзе сам працуе, і яго слова было патрэбным тут. Ён быў грамадскім дзеячам, работнікам савецкім і партыйным.

У 1938 годзе Ціхон Піменавіч выбіраецца старшынёй Петрыкаўскага райвыканкома. У тым жа годзе ён выбіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

У жніўні 1939 года Ціхон Піменавіч пераводзіцца ў толькі што створаны Кастрычніцкі раён, на Палессі, сакратаром райкома партыі. На гэтай працы яго застала Вялікая Айчынная вайна.

 

Першыя тыдні вайны

На Мазырскім Палессі было яшчэ ціха, калі гітлераўскія полчышчы ўжо рваліся на Случчыну, на Бабруйшчыну, на Міншчыну. Стаялі ясныя дні. Даспявала ў полі жыта. Над Мазырскім Палессем з’яўляліся нямецкія самалёты. Людзям было цяжка думаць, што гітлераўскае звяр’ё можа перарваць штодзённую працу: блізкую прыборку багатага ўраджаю. Трывожныя былі дні. З заходняй стараны даходзілі сюды бежанцы, якім пашанцавала выбрацца з агню нямецкіх бамбардзіровак. Праходзілі групамі і па адным параненыя чырвонаармейцы. Яны адыходзілі ў тыл, на ўсход. Ішлі байцы, якія выбраліся. з нямецкага акружэння.

Ужо немцы спалілі і разбамбілі Мінск. Ужо дайшлі весткі, што нямецкія танкі рваліся на Бабруйск па старым Маскоўска-Варшаўскім шасэ. Быў час — напярэдадні гістарычнай прамовы вялікага правадыра таварыша Сталіна, які заклікаў савецкія народы стаць грудзьмі на абарону Бацькаўшчыны.

У гэтыя дні ў Кастрычніцкім раёне арганізоўваецца партызанскі атрад. Гэта быў актыў работнікаў раёна. Рыхтавалася ў лесе база, з якой павінен быў дзейнічаць атрад. У лясной гушчырні было схована многа засоленага мяса і сухароў. Там жа схавалі спірт, палаткі, плашчы, адзежу. Пачалі збіраць зброю. Збіралі бутэлькі на ўсіх складах раёна, налівалі іх бензінам і хавалі ў лясах.

Вораг пачаў насядаць на Палессе. Над тэрыторыяй Кастрычніцкага раёна часцей пачалі з’яўляцца нямецкія самалёты. Яны пачалі ўжо бамбіць масты і пасёлкі. Паміж лясоў прабіраліся да населеных пунктаў шпіёны і дыверсанты. Яны разносілі хлуслівыя чуткі, што Чырвоная Армія знішчана немцамі, і што Масква гарыць ад нямецкіх бомб, і што Савецкі Саюз гіне і праз некалькі тыдняў будзе ўвесь заняты гітлераўскім войскам. Гэта быў час страшны і цяжкі. І асабліва адчуваў гэта той, на чыіх плячах ляжаў клопат аб усім раёне.

Гэта — сакратар раённага камітэта партыі — Ціхон Піменавіч Бумажкоў.

У раёне было ў тыя дні расстраляна некалькі нямецкіх шпіёнаў і дыверсантаў.

Прамова таварыша Сталіна дала пачынальнікам беларускага партызанскага руху ў гэтым раёне ўпэўненасць, што яны на правільнай дарозе і што перад імі — дні вялікага і цяжкага змагання. Справа стала так: або перамагчы ворага, або памерці ў змаганні.

І вось пачалі з’яўляцца на тэрыторыі раёна немцы. Фронт быў яшчэ заходней ад тэрыторыі раёна, але пачалі высаджвацца невялікія дэсанты, пачалі прасоўвацца разведчыкі і часам прарывацца танкі. К гэтаму часу ў атрадзе было 80 чалавек. Пачалася першая дзейнасць атрада.

Бумажкоў, галоўны арганізатар атрада, быў і яго камандзірам. Яго цвёрдая воля і здаровая развага адразу выявіліся ў тым, што атрад стаў у першыя ж дні свае дзейнасці на самыя важныя ўчасткі. Туды — дзе было самае важнае ў змаганні з ворагам у тыя дні.

Атрад быў разбіты на групы, якія занялі пераправы на рэках. Тут маглі прабівацца на ўсход нямецкія танкі. Фронт быў яшчэ наперадзе. І з часцямі Чырвонай Арміі на фронце ўжо была ўстаноўлена сувязь. Значная частка партызан разышлася па дарогах дзеля таго, каб у атрадзе было вядома ўсё, што робіцца на тэрыторыі раёна. Гэта была няспынная і сталая разведка.

Для большай аператыўнасці, рухавасці атрада была выдзелена група партызан пад камандай Фёдара Іларыёнавіча Паўлоўскага. Гэтая група выконвала аперацыі і заданні, якія даваў камандзір усяго атрада Бумажкоў.

Апрача Паўлоўскага і Бумажкова, былі памочнікі і дарадцы — Чарэднік Іван Сцяпанавіч, Царанкоў Дзімітры Сцяпанавіч.

Пачаліся баявыя сутычкі з дробнымі групамі немцаў, якія пачалі прасоўвацца на тэрыторыю дзейнасці атрада.

Тэрыторыя Кастрычніцкага раёна, таксама як і мясцовасць у суседніх раёнах, нейкі час аставалася незанятай немцамі яшчэ і тады, калі на флангах нямецкая армія ўжо здолела прарвацца далей на ўсход. Тэрыторыя Кастрычніцкага раёна была ўжо бадай што занята немцамі. Астаўся вузкі выхад у бок мястэчка Азарычы. Бумажкоў займаўся справамі атрада, быў у курсе разведкі, пасылаў разведчыкаў, на матацыкле сам выязджаў у найбольш падазроныя месцы, дзе асабліва дакладна трэба было арыентавацца ў абстаноўцы. Ён кіраваў баямі атрада з групамі ворага, якія стараліся часта пераходзіць цераз пераправы на рэках. У той жа час Бумажкоў не пакідаў сваіх абавязкаў сакратара раённага камітэта партыі. Вораг быў блізка і нават ужо займаў тэрыторыю. Бумажкоў займаўся арганізацыяй насельніцтва на абарону. Ён быў агітатарам-прапагандыстам. Ён прымаў у атрад новых людзей. Ён не дапусціў якога б там ні было развалу раённых устаноў і арганізацый. Пад яго наглядам працаваў ваенкамат: ішла мабілізацыя ў Чырвоную Армію прызыўных узростаў.

Паўсталі новыя патрэбы. Бумажкоў заняўся арганізацыяй вялікай сталоўкі і шпіталя. Праз некалькі дзён у сталоўку прыязджалі ўжо ваенныя кухні і бралі гатовы абед для параненых байцоў-фраптавікоў і для маршавых часцей. Яшчэ праз некалькі дзён пачаў працаваць новаадкрыты шпіталь. Там лячыліся байцы, якія адставалі ад сваіх часцей і накіроўваліся ў тыл.

Тым часам варожае кола навакол раёна ўжо сцягвалася, звужалася і неўзабаве гатова было замкнуцца. А на захад ад лініі фронту, у тыле ў ворага, разведчыкі атрада Бумажкова пачалі выяўляць чырвонаармейскія часці, якія трапілі ў акружэнне і шукалі дарогі ў незнаёмай мясцовасці, каб выбрацца з варожага тылу. Бумажкоў даў загад асобным групам свайго атрада вывесці з акружэння выяўленыя часці. І ўжо ў самыя апошнія дні перад вялікімі баямі атрада на пераправах група партызан Бумажкова правяла патайнымі дарогамі з нямецкага акружэння полк з усім узбраеннем і вайсковым абсталяваннем.

Бумажкова бачылі ўсюды. На матацыкле ён кожны дзень з’яўляўся на той пункт, дзе былі найбольш важныя справы. Ён сам наглядаў за ўсім, ён сам усё правяраў і арыентаваўся ў абстаноўцы адразу. І загадваў цвёрда і рашуча. За гэты кароткі час ён у сваім раёне асабліва стаў папулярны. На яго спадзяваліся як на чалавека, які ў рашучы момант дасць верную параду.

І гэта ўжо былі апошнія дні той пары, калі яшчэ ў гэтым палескім кутку было некаторае падабенства цішыні. Гэта быў яшчэ невялікі вецер перад вялікай бурай.

Прыйшлі дні вялікіх партызанскіх баёў з грознай сілай ворага. Надышоў час подзвігаў і геройства.

Была сярэдзіна ліпеня месяца.

 

На рацэ Пцічы

Ужо другі дзень Бумажкоў не пакідаў свайго атрада. У гэтых зарасніках на беразе Пцічы людзі сядзелі прытоеныя. Артылерыйская кананада даходзіла сюды прыглушаным громам. Гарачае лета стаяла над спелай збажыной затоенай трывогай. Цішыня поля і лесу здавалася вялікай перад громам артылерыі і перад узрывам бомб з нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў.

У той дзень Бумажкоў некалькі разоў пасылаў разведку, і кожны раз пацвярджалася тое, што нямецкія танкі з’явіліся там, адкуль яны могуць найсці проста да пераправаў на Пцічы. Але ў першыя дні сярэдзіны ліпеня танкі тут не з’явіліся. Затое вялікая група нямецкіх разведчыкаў падышла да самага берага ракі. І дазорныя атрада Бумажкова іх заўважылі.

У гэтым глухім лясістым месцы, дзе лес часта саступаў месца балоту, трэба было разведваць кожны крок. І вельмі можа быць, што немцы цэлай вялікай групай абмацвалі дарогі для сваіх танкаў. Бумажкоў наглядаў з свайго ўкрыцця, як немцы то па адным, то невялікімі групамі пачалі збірацца да рачнога берага. Атрад яго быў напагатове і пакуль што нічым не выяўляў сябе. Бумажкоў чакаў, пакуль немцы збяруцца разам, каб напасці на іх нечакана. Трэба было прычакаць зручнага моманту.

Партызанскі залп быў для немцаў нечаканым. Але пасля першага збянтэжаныя яны пачалі ўкрывацца для бою. Ужо ляжала некалькі нямецкіх трупаў. Партызаны расстрэльвалі гітлераўцаў з блізкай адлегласці. Немцы неўзабаве таксама адкрылі стральбу. Але яны стралялі ўсляпую, тады калі партызаны, з свае больш выгаднай пазіцыі, бачылі цэль.

Можна сказаць, што гэта была генеральная баявая рэпетыцыя атрада Бумажкова. Нямецкая група была разбіта, і рэшткі яе шпарка адышлі. Атрад Бумажкова ўжо займаў з гэтага дня пазіцыю тут, каля дзвюх пераправаў цераз Пціч. З усяго было відно, што неўзабаве прыйдзецца вытрымаць вялікія баі з немцамі.

Бумажкоў паслаў наперад сваіх падрыўнікоў. З прыфрантавой паласы ўжо былі эвакуіраваны ўсе паязныя саставы і ўся чыгуначная маёмасць. Чыгунка хіба толькі магла служыць для нямецкіх браняпоездаў. Падрыўнікі Бумажкова ў некалькіх месцах узарвалі чыгуначнае палатно і масты. Атрад стаяў на пераправах цераз Пціч.

Гэтыя пераправы трэба было ўтрымліваць за сабой што б там ні было. Яны яшчэ спатрэбяцца нашым рэгулярным часцям. І вось адбылося тое, аб чым раней думаў Бумажкоў. На той самай дарозе, па якой раней ішла вялікая група варожай разведкі, з’явілася вялікая калона нямецкіх танкаў. Разведка Бумажкова данесла, што, не даходзячы да ракі, танкі перагрупіроўваюцца. Яны пайшлі дзвюма групамі на дзве пераправы. Яны пачалі перапраўляцца ўжо на гэты бераг, Бумажкоў сваім атрадам загарадзіў ім дарогу. Гэта быў час наогул першай спробы бою чалавека з танкамі. Яшчэ не было практыкі гэтага страшнага паядынка. Яшчэ партызанамі Бумажкова не была на практыцы праверана сіла бутэлькі, налітай гаручым. А пакуль што ў атрадзе гэта была адзіная супрацьтанкавая зброя.

Партызаны першай групы кінуліся насустрач танкам. Другая група вяла бесперапынную стральбу. Тут былі меткія стральцы, якія цэліліся ў нямецкіх танкістаў, што прымушаны былі выбягаць з танкаў. Пад прыкрыццем стралкоў бранябойшчыкі падбягалі і падпаўзалі да нямецкіх машын і закідалі іх бутэлькамі. Яны працавалі ўздоўж гэтых дзвюх танкавых калон. Немцы адказалі страшным агнём, але калоны танкаў спыніліся на месцы: пярэднія танкі ўжо гарэлі, заднія іх аб’ехаць не маглі, бо тут былі толькі дзве вузкія пераправы і яны былі ўжо заткнуты. Бумажкоў ляжаў на мокрай прыбалочанай зямлі і кідаў бутэльку за бутэлькай. Ён адчуваў паабапал сябе сваіх байцоў, яны чулі голас свайго камандзіра ў кароткія моманты, калі перарываўся гром бою. Але такіх момантаў было мала. Усё грымела і аддавалася рэхам у лясах. Нямецкія танкі гараць. Бумажкоў бачыць, як курчацца фашысты каля гусеніц сваіх жа танкаў, прастрэленыя партызанскімі кулямі. Адзежа на іх гарыць. Яны падаюць адзін за другім. Бумажкоў бачыць, як баец каля яго ўскінуў угару руку і раптам упаў тварам у зямлю. Бумажкоў ускінуў руку на галаву свайго байца. Баец не варушыўся. Ён быў мёртвы. Бумажкоў акідае вачыма грымучую калону нямецкіх танкаў. Ён бачыць: гарыць звыш дзесяці танкаў. Слаўна папрацавалі яго байцы. Раптам ён бачыць: нямецкія танкі, якія яшчэ не гараць, выбіраюцца з калоны, адзін за адным заварочваюцца і на ўвесь свой рух уцякаюць туды, адкуль з’явіліся.

— Загарадзіць ім дарогу! Знішчыць іх усіх! — камандуе Бумажкоў.

Байцы бяруць на прыцэл кожны танк, які робіць разварот паўз дарогу. Вось ужо і на абочыне дарогі гарыць танк, а пасля другі. Байцы кідаюцца да нямецкіх танкістаў, якія хочуць шпаркасцю сваіх ног выратавацца з агню. Вінтовачныя кулі кладуць іх усіх на месцы. Гудзе і трашчыць агонь на нямецкіх машынах. Некалькі нямецкіх танкаў імчыцца назад, уцякаюць. Вось іх ужо не відно. Бой сціх, толькі трашчыць агонь. Байцы становяцца на ўвесь рост, збіраюцца разам. Бумажкоў пайшоў дазнацца аб выніках бою на другой пераправе. Там хацела перайсці раку меншая калона танкаў, але там менш было і байцоў. І там гараць нямецкія танкі.

Вялікі ўздым і радасць. Вялікая перамога над ворагам. Бумажкоў гаворыць сваім байцам:

— Таварышы, сябры! Мы знішчылі семнаццаць нямецкіх танкаў!

У гэтым баі загінула некалькі чалавек партызан. На іх пахаванне сышліся людзі з вёсак. Па ўсім шырокім наваколлі пайшла вестка пра перамогу атрада над вялікай калонай нямецкіх танкаў. У атрад пачало сыходзіцца больш людзей. К гэтаму часу атрад пачаў дзейнічаць ужо ў сістэме часцей Чырвонай Арміі. Праз некалькі дзён пасля таго славутага бою з танкамі атрад прабраўся праз фронт у тыл ворага як дэсант. К атраду была дадзена група чырвонаармейцаў. Атрад сарваў планы немцаў на ўчастку фронту, многа зрабіў ворагу шкоды. З боем атрад выйшаў з тылу.

Калі варочаліся назад, праходзілі праз месца таго выдатнага бою. Як пачварныя страшыдлы, стаялі на беразе Пцічы, на гэтым маляўнічым палескім узлессі, асмаленыя недагаркі нямецкіх танкаў. Байцы атрада з радасцю і гордасцю глядзелі на іх.

— Чыстая работа,— сказаў адзін партызан, і ўсе глянулі на свайго камандзіра Бумажкова.

 

Юныя разведчыкі

У гэтыя часы прыйшлі ў атрад два хлапчукі. Жэня і Віця. Гэта былі выхаванцы Пінскага дзіцячага дома. Сіраты. Жэня меў 12 год, Віця — 13 год. Ідучы з Пінска, далей ад фронту, яны затрымаліся тут, пабылі нейкі час і прыйшлі ў атрад Бумажкова. Пачалося з жартаў. Пыталі: а што вы будзеце рабіць у атрадзе? А ці ўмееце вы бульбу скрэбці? А ці ўмееце вераб’ёў лавіць? На такія запытанні хлопцы адказвалі таксама жартамі: мы бульбу скрэбці не вельмі здатныя. Мы толькі ўмеем яе есці. А што да вераб’я, дык мы яго хутчэй зловім, чым ты, дзядзька, варону застрэліш. Адным словам, гэтым хлопцам не было дзе дзецца, яны асталіся пры атрадзе. Бумажкоў нейкі час да іх прыглядаўся, разы са два пагаварыў з імі і аднойчы сказаў:

— Мне трэба, каб вы былі хітрымі хлопцамі.

— Мы хітрыя і ёсць.

— А можаце вы так зрабіць, каб пабыць у немца, а пасля, як бы нічога і не было, вярнуцца сюды і расказаць усё мне?

— Можам.

— А чаму вы думаеце, што можаце?

— А таму, што хоць ужо мы вялікія, але мы яшчэ малыя. Немец не вельмі будзе да нас прыглядацца.

— Ну, дык пойдзеце?

— А куды ісці?

Бумажкоў даў ім месцы, дзе трэба ўсё абгледзець і разведаць. Жэня і Віця выбраліся ў дарогу. Праз нейкі час яны ўвайшлі ў вёску. У руках іх былі пугі і пустыя завязаныя торбачкі. Адразу кідалася ў вочы, што гэта пастушкі. Яны прыгналі з поля кароў і яшчэ не паспелі зайсці ў свае хаты і пакуль што бадзяюцца па вуліцы. У вёсцы было многа немцаў. У вялікім садзе, агароджа навакол якога была ўжо зломана, стаяла 20 нямецкіх бронемашын. Стаяла многа матацыклаў, легкавых і грузавых машын. Пасля стала вядома, што гэта машыны аднаго нямецкага штаба. Жэня і Віця ўвайшлі ў гэты сад і пачалі прыкідвацца, што ім вельмі цікава паглядзець на машыну зблізку. Падыходзячы да машын, яны паміж сабой пасварыліся за яблык, стараліся вырваць яго адзін у аднаго з рук. Пасля Віця некалькі разоў штурхануў Жэню ў плечы, і той упаў. Усхапіўшыся, ён папусціў агрызкам яблыка ў Віцю. Адным словам, усё гэта было вельмі падобна на сапраўдную сварку паміж пастушкамі. Усё гэта было разыграна натуральна, і немцам не было дзіўна бачыць каля сябе гэтых хлапчукоў. У кожным разе яны не з'явіліся перад вачыма нечакана.

Жэня і Віця пералічылі ўсе да адной бронемашыны, матацыклы, легкавыя і грузавыя аўтамабілі. Яны пацерліся каля немцаў, памацалі колы ў машынах. Да іх падышоў немец, які ўмеў гаварыць па-руску.

— Добрыя машыны? — запытаў ён.

— Добрыя,— адказалі хлапчукі.— У нашых такіх няма.

— А далёка вашы адгэтуль?

— О, далёка. Нашых тут зусім няма. Нідзе не відно чырвонаармейцаў.

— А партызаны?

— Партызан тут ані нідзе не чутно. Іх у нашым раёне зусім няма.

Так, пагаварыўшы з немцамі і абнадзеіўшы іх, што няма ні Чырвонай Арміі, ні партызан, Жэня і Віця пайшлі назад, да Бумажкова. Яны расказалі аб справах свае разведкі. Немцы там адчувалі сябе спакойна. Нічога падазронага не прадчуваючы, яны грэлі ваду і каля сваіх машын у садзе мыліся.

Бумажкоў выслухаў сваіх разведчыкаў. Ён распытаў дакладна, у якім нават месцы саду стаяць машыны, і адразу ж звязаўся па тэлефону з камандзірам браняпоезда, які стаяў у лясным укрыцці. Неўзабаве браняпоезд пайшоў у кірунку на вёску Азімлю. Бумажкоў з групай партызан быў на браняпоездзе. Кіруючыся расказамі Жэні і Віці, ён даў арыенціры для артылерыі.

І вось браняпоезд залпамі сваёй артылерыі адразу накрыў нямецкі штаб разам з бронемашынамі. Гэта было для немцаў вялікай нечаканасцю. Яны не паспелі нават сесці ў машыны. Разгром матарызаванай нямецкай часці быў поўны.

Жэня і Віця пасля гэтага асталіся разведчыкамі на браняпоездзе. Пасля яны былі ўзнагароджаны медалямі «За адвагу».

 

Змаганне за раённы цэнтр

Немцы ўжо займалі тэрыторыю раёна. Іх калоны былі ўжо за два кіламетры ад цэнтра раёна — пасёлка Кастрычнік. Бумажкоў на матацыкле паехаў у разведку. Яго не было гадзіны дзве. Калі ён вярнуўся назад,— убачыў, што каля раённых устаноў стаяць грузавыя машыны і многа работнікаў раёна ўжо гатовы выязджаць. А з раёна яшчэ трэба было эвакуіраваць многа маёмасці. Бумажкоў забараніў выязджаць. Ён загадаў усім зараз жа брацца за зброю.

Немцы пачалі біць па пасёлку з артылерыі і мінамётаў. На вуліцах ірваліся снарады. Бумажкоў вывеў сваіх людзей да асноўных сіл атрада і павёў атрад шырокім абходам у тыл нямецкай часці, якая была ўжо гатова займаць раённы цэнтр. Месца было лясістае, і гэта выкарыстаў Бумажкоў. Ён падвёў атрад да самага месца, дзе дзейнічала нямецкая часць. Удар з тылу быў да таго нечаканы, што немцы пачалі кідацца і мітусіцца. Байцы Бумажкова дзейнічалі цяпер галоўным чынам гранатамі. Яны збілі немцаў з пазіцыі і прымусілі іх адступіць, пакінуўшы на месцы бою многа забітых і параненых.

У раённым цэнтры стала ціха і спакойна. Цяпер ужо льга было спакойна вывезці ўсё, што трэба было. К таму ж, гэта была вялікая падмога адной нашай вайсковай часці, якая ў гэтых месцах вяла з праціўнікам жорсткія абарончыя баі.

Разгромам нямецкай часці Бумажкоў на тры дні затрымаў немцаў на іх ранейшых пазіцыях. Гэты бой адбыўся 3 жніўня. А немцы занялі раённы цэнтр толькі 7 жніўня перад вечарам. У той жа дзень атрад Бумажкова пакінуў пасёлак Кастрычнік і пайшоў у лясы.

 

У варожым тыле

Трэба думаць, немцы ведалі, што недзе тут, паблізу, скрываецца грозная для іх сіла — партызанскі атрад. У раённым цэнтры яны бадай што і не былі: вельмі скора яны выйшлі з пасёлка і абсталявалі свой штаб у вёсцы Ломавічы. У цэнтр раёна толькі наязджалі паасобныя нямецкія групы, каб паграбіць. Гэтыя групы нямецкага гадаўя раз’язджалі і па ўсіх вёсках. Ужо адразу з’явіліся вісельні, ужо ляжалі на вуліцах і дарогах застрэленыя немцамі жанчыны і дзеці. Мястэчкі і вёскі быццам абязлюдзелі. Чалавек баяўся выйсці на вуліцу. Усё прытаілася, замоўкла. Расказвалі, што па дарозе, непадалёку ад Ломавіч, ішла жанчына з дзіцем на руках. Яна была родам, як пасля выявілася, з Старобінскага раёна, ужо раней занятага немцамі. Яна выратавалася там ад немцаў з адным меншым дзіцем. А двое большых загінулі ў часе нямецкага грабяжу. Яна тут шукала сабе прытулку, не могучы прабірацца далей на ўсход: яна была хворая. Каля вёскі Ломавіч яе дагнаў нямецкі матацыкліст. Ён ёй скамандаваў бегчы. Яна спачатку не зразумела і стаяла, спалоханая, збянтэжаная. Немец крычаў і дзіка рагатаў. Нарэшце яна зразумела і пабегла, тулячы да сябе сваё дзіця. Немец спачатку гнаўся за ёю на сваім матацыкле, пацяшаючыся, што яна не можа справіцца з машынай. Пасля спыніўся. Жанчына азірнулася. Твар яе поўніўся жахам і смуткам. Немец крыкам зноў пагнаў яе наперад, але сам не паехаў за ёю, а прыцэліўся і стрэліў ёй у спіну. Яна ўпала пасярод дарогі, і дзіця яшчэ доўга плакала, пакуль зайшлося пры нежывой маці. Ломавіцкія людзі бачылі гэта, і праз некалькі дзён па ўсёй навакольнасці ішла пра гэта паміж людзей гаворка. Прайшло ўсяго некалькі дзён пасля таго, калі атрад Бумажкова даваў немцам бой і разграміў нямецкую часць, а ўжо гаварылі, што атрада нідзе не чуваць і што можа здарылася што нядобрае.

У гэтыя самыя дні Бумажкоў быў у горадзе Мазыры, яго выклікаў да сябе абласны камітэт партыі. Праз некалькі дзён ён вярнуўся і знайшоў свой атрад, як і раней заўсёды, у поўнай баявой падрыхтаванасці. Атрад стаяў у лесе, кіламетраў за дзесяць ад пасёлка Кастрычнік. Расказвалі, што ў гэтыя дні Бумажкоў быў яшчэ больш, як калі раней, скупы на словы. Ён сабраў каля сябе сваіх бліжэйшых сяброў і развіў перад імі план новай задуманай ім аперацыі. Таварышы запомнілі яго словы:

— Цяпер пачалася новая пара ў нашым змаганні. Мы ўжо ў варожым тыле. Калі немец будзе адчуваць сябе гаспадаром у нашым родным кутку — грош нам цана.

Быў прыняты план разгрому нямецкага штаба ў Ломавічах.

Да Ломавіч атрад падышоў з двух бакоў. Разведка некалькі разоў паказвала, што там даволі моцная групіроўка немцаў. Бумажкоў паставіў задачу аб поўным разгроме штаба. І ён надаваў вялікае значэнне раптоўнасці ўдару. Ён дамагаўся таго, каб усё ішло паводле распрацаванага плана. Атрад ужо меў немалую практыку. Ужо людзі ведалі асаблівасці адзін аднаго, ужо звыкліся адзін з адным, і ўжо ўсіх добра ведаў іхні камандзір Ціхон Піменавіч Бумажкоў.

Удар быў нечаканы для немцаў. Толькі праз хвілін дзесяць — пятнаццаць яны маглі ўступіць у бой. Да гэтага часу сярод іх ужо многа ляжала мёртвых. Бой не цягнуўся доўга. Нямецкі штаб быў разгромлен. Мізэрная рэштка нямецкіх салдат разбеглася па лясах. Частка з іх перайшла кудысьці ў іншае месца, дзе іх камандаванне збірала новы свой акупацыйны лагер, а некаторыя з іх бадзяліся па лясах і вылаўліваліся калгаснікамі і партызанамі Бумажкова. Так скончыў сваё існаванне нямецкі акупацыйны штаб на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна на беларускім Палессі. У Ломавічах немцы нават больш і не спрабавалі зноў абсталёўвацца. І наогул на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна яны баяліся смела разгульваць. Іх часці і групы, як правіла, стараліся абмінаць лясныя дарогі і паселішчы, дзе былі блізка лясы.

 

Ніводзін немец не астанецца жывым на нашай зямлі

Ужо вялікая слава хадзіла пра атрад Бумажкова. Ужо скрозь, па ўсіх шырокіх мясцовасцях і па ўсёй Беларусі, пайшла вестка, што слаўны мсцівец за крыўды роднага народа — Ціхон Піменавіч Бумажкоў вядомы стаў па ўсім Савецкім Саюзе. Урад Савецкага Саюза прысвоіў адданаму і вернаму сыну беларускага народа званне Героя Савецкага Саюза. Былі ўзнагароджаны лепшыя партызаны. У шчырай свядомасці свайго вялікага абавязку перад роднай краінай, перад родным народам партызаны пакляліся не складаць зброі да таго шчаслівага дня, пакуль ніводнага жывога немца не астанецца на роднай зямлі.

Палескія вёскі і мястэчкі часта бачылі на сваіх вуліцах свайго героя і яго слаўных партызан. Пачалі ляцець пад адкосы нямецкія паязды. Людзі часта сустракалі на дарогах, у лясах і каля сваіх хат разведчыкаў з атрада Бумажкова. У атрадзе ведалі кожны рух немцаў і скоўвалі яго.

Адзін раз, у сонечны ціхі дзень, Бумажкоў прыйшоў з двума партызанамі на галоўную базу свайго атрада. Скупы на словы, ён моўчкі праверыў, што і як у атрадзе, пасля сабраў людзей і сказаў:

— Чатыры гадзіны таму назад зноў паляцеў пад адкос нямецкі поезд. Зараз вернецца рэштка нашых людзей.

На твары яго праступала пячаць і смутку і радасці. На лбе ляжала глыбокая маршчына. Думка, упартая і глыбокая, ніколі не пакідала яго. Пасля ўдачнай справы ўночы было некалькі гадзін адпачынку. Яму трэба было б паспаць. Ён быццам чагосьці чакаў. Ён паволі выйшаў на ўзлесак. Прыгнуўся к зямлі, сарваў нейкую шыракалістую лясную расліну. Расцёр у пальцах ліст. Востра пахла полем, лесам, мокрым рачным берагам. Сонца свяціла і грэла зямлю. Бумажкоў стаяў у задуменні. Два партызаны ўбачылі яго тут. Яны варочаліся з свае аперацыі, на якой былі ўночы. Гэта былі яго ранейшыя работнікі ў раёне, калі яшчэ тут не было немцаў.

— Ну, браткі...— сказаў ім Бумажкоў, і яны спыніліся.

— Ціхон Піменавіч,— сказаў адзін,— як гэта... ты стаў такі сівы.

— Сівы стаў? — перапытаў Бумажкоў.

— Галава твая сівая стала. За такі кароткі час. Нейк адразу.

Бумажкоў правёў рукой па валасах. Партызан дастаў з кішэні круглае кішэннае люстэрка. Бумажкоў убачыў сваю пасівелую галаву і ціха ўсміхнуўся. Позірк яго спыніўся на вачах тых, каму ён быў бацькам і другам, і цвёрдым камандзірам.

— Пойдзем,— сказаў ён.— Дні якія стаяць... Не, яны тут усе лягуць касцьмі. Яшчэ будзе той, хто ўцалее ў Германіі пасля вайны, ірваць на сабе валасы...

Яны ішлі ў глыбіню лесу. Усім ім хацелася заспяваць родную, тутэйшую знаёмую песню.

Праз некалькі гадзін у Бумажкова быў ужо гатоў план новай баявой аперацыі.


04.09.1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан