epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Гора

Страшны і худы сядзеў Палікар у сваёй хаце. Здавалася, што ўвесь свет паваліўся яму на грудзі і не дае дыхаць. Вусы яго ўздрыгвалі, і чырвоныя ад бессані вочы дробна міргалі. Ён думаў: каб хаця як вытрымаць, каб не памерці. Локцямі ён успёрся на калені, далонямі падпёр твар і так сядзеў тварам уніз. І яшчэ ён думаў: усё на свеце ідзе і мінаецца. Пройдуць не толькі гэтыя дні. Пройдуць нават сотні гадоў. І косці гэтых замучаных малых, і яго ўласныя косці спарахнеюць і стануць пылам, і нічога тады не будзе. Нічога. Значыцца, і смутку, і жалю, і пакуты не будзе. Але гэта была малая ўцеха. І ён сядзеў.

Недзе за хатаю заспяваў певень. Палікар падняў галаву, здзіўлены і ўзрадаваны. Жывы голас! А то ўжо такая цішыня стаяла, як у магіле. Ужо добра ўмеркла. Ён і не заўважыў, як скончыўся дзень. Дзіўна, што ў такую пору певень спявае, мусіць, на змену надвор’я. З усіх сіл ён стараўся думаць пра надвор'е, пра пеўня, пра першы замаразак, і яму як бы лягчэй стала. Ён ціхом выйшаў на двор. Ужо ўзышлі зоры. Месяца не было. Быў густы змрок. Куды падацца, што рабіць?

Стоячы так у цемені, ён пачаў заўважаць, што ў Кірылавай хаце, у адным акне, як бы ўспыхвае раз-поразу на момант святло. Нават і не святло, а слабы водбліск яго, такі цьмяны, што яго і заўважыць цяжка. «Мусіць, Кірыла курыць, адзін,— падумаў ён.— Баіцца Кірыла немцаў. Дзве яго дачкі, маладыя дзяўчаты, недзе хаваюцца. Ім ужо было сказана, што яны павінны сабрацца ехаць у Германію. Кірыла, мусіць, спадзяецца на нейкі шчаслівы лёс і на свае немаладыя годы: мала ён і прыхоўваецца, пільнуе хаты. Ціхі, нерашучы чалавек».

Палікар увайшоў да Кірылы. Той і сапраўды курыў.

— Бяда прыйшла,— сказаў Кірыла.— Жыць нельга. Бойся кожнага кроку.

— Цяжка,— уздыхнуў Палікар.— Каб я хоць не бачыў смерці сваіх малых, можа б лягчэй было. А то — як Зоська канчалася, а гітлеравец усё крычаў над ёю...

Палікар не скончыў, яму здушыла горла.

— Ты ведаеш, што я думаю,— гаварыў ён далей.— Здаецца, крышыў бы, давіў бы, угрызся б зубамі ў нямецкае горла.

— Барані цябе божа,— устрапянуўся Кірыла.— Калі што надумаешся, дык адыдзіся за многа вёрст адгэтуль. Фашысты паляць кожную вёску, дзе хоць што зробяць супроць іх. Я цябе ведаю, ты чалавек гарачы. Ты можаш. Тады наробіш бяды ўсім. Трэба спакойна перачакаць бяду, перасядзець, як у нары. Дзень за днём. Не губі людзей. Я гатоў тры гады сядзець пад карчом у лесе, абы было ціха, а тады ўсё асталюецца на свеце. І ты, братка, ідзі дадому, няможна хоць і па дваіх збірацца. Тут жа ў вёсцы могуць кожную хвіліну з'явіцца. Ідзі, братка, прашу цябе. Калі што якое — дык я адзін, і нікога і нічога не ведаю.

— А я хацеў у цябе начаваць, вельмі цяжка ў адзіноце.

— Не, братка, ты ж май розум.

Палікар патаптаўся на месцы і з жахам падумаў, што наперадзе доўгая ноч адзіноты. А заснуць яму не ўдасца, ён гэта ведаў. Ціха ён выйшаў. Кірыла быццам напрарочыў: яны і сапраўды з'явіліся. Ішлі чацвёра ў двор. Ужо не было як бегчы на вуліцу. Палікар прыліп да шула ў двары. Адзін стаў вартаваць каля дзвярэй, крокаў за шэсць ад Палікара. Гэта быў немец. У Палікара займала дух. Трое пайшлі ў хату. Палікар не памятаў, што ён робіць. Ён адным махам наскочыў на фашыста і грукнуў яго вобземлю, ускочыў каленьмі на грудзі, заціснуў далоняю рот і задушыў за горла. За ўсё сваё жыццё ён не меў яшчэ такога шчасця ў душы. Ён адчуў сябе так, што ўжо дасягнуў свайго. Цяпер ужо і памерці не страшна. Ён адарваў ад немца аўтамат, з якога не ўмеў страляць, і адчыніў сенцы. Тут ён убачыў: гарыць на лаве свечка і стаіць паліцыянт з вінтоўкай. Гэта быў тутэйшы мужык, нейкі таўстагубы хамула.

— Здавайся, нас тут многа! І ні гуку! — моцным шэптам загадаў Палікар. Паліцыянт пабялеў і аддаў вінтоўку.

— Стой і не выпускай яго з сяней,— сказаў Палікар праз адчыненыя сенечныя дзверы ў пустую прастору вечара. Паліцыянт падняў рукі ўгару і застыў так пры сцяне. Палікар праверыў паліцэйскага вінтоўку, прычыніў хатнія дзверы і стрэліў у немца. Той як скошаны грукнуўся вобземлю. Паліцыянт, які дапытваў Кірылу, дзе яго дочкі, устрапянуўся, каб страляць.

— Хата абкружана партызанамі! — крыкнуў Палікар, і паліцыянт на момант сумеўся. Палікар выбіў у яго з рук вінтоўку і аглушыў прыкладам. Той захістаўся. Палікар звязаў яму рукі і глянуў у сенцы. Той, першы, усё стаяў з паднятымі рукамі.

— Ідзі ў хату! — загадаў Палікар.

Той увайшоў, калоцячыся, і стаў зноў з паднятымі рукамі.

Белы як палатно, Кірыла стаў перад Палікарам:

— Што ж ты нарабіў! Ты згубіў мяне. Цяпер мяне павесяць.

— Павесяць, калі будзеш чакаць.

— Божа мой, з хаты прыйдзецца сыходзіць.

— Цяпер ужо нічога не зробіш. Прыйдзецца сыходзіць і табе, і мне.

— Хаця ж разам каб ісці, пільнавацца адзін аднаго.

— Пойдзем разам, пашукаем партызан. Збірайся. А я тым часам гэтых малайцоў адпраўлю на той свет.

— Братачка, таварышок,— заенчыў той, што быў з развязанымі рукамі.— Не забівай мяне. Нашто табе шукаць партызан, я табе іх сам пакажу!

— А ты паспеў ужо высачыць?

— Каб я не сачыў, мяне немцы застрэлілі б.

Асеннія ночы доўгія. На світанні вартавыя партызаны на ўзлеску ўбачылі малюнак: да іх ішлі чацвёра. Першы ішоў са звязанымі рукамі. За ім — з прыўзнятымі ўгару рукамі. Трэці ішоў пажылы чалавек у кажушку, з вінтоўкай і аўтаматам цераз плечы. Гэта быў Кірыла. Самы задні быў высокі і худы, з вінтоўкай. Чалавек у кажушку, здавалася, нешта тлумачыць таму, з паднятымі рукамі. Як падышлі бліжэй, партызан разабраў яго словы:

— Падла ты, каб на цябе немач! Каму ты пайшоў служыць, каб ты па свеце не хадзіў! Ты думаеш, ад нас, партызан, ухаваешся? Не дажджэш, трасца табе ў галаву, нямецкі папіхайла, каб цябе халера выпрастала!


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан