epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Як мы пакінулі хутар

Надвечар неба — як кіслае малако; і на дварэ робіцца ветрана. Вецер — як цёплы дых вялікага, дурнавата-добрага стварэння. І ад таго, што вецер такі, і неба, і мяккая хмурнасць блізкага вечара — здаецца, што няма табе чаго быць там, дзе ты ёсць, цягне цябе некуды ісці па дарогах і напрамік зямлёю.

На хутары пахне салодкімі агуркамі і старою саломаю. Нам надакучыла наша аднастайнасць, і ў гэты час дня робіцца трохі нудна — за дзень утаміліся мы перавозкаю гэтае саломы з хутарскіх стагоў у саўхоз. Павольнасць работы збівае ў непарадак думкі, а жаданне прывесці думкі ў парадак утамляе. Пад вечар, распрагаючы коні, мы падумваем аб тым, як гэта нядобра, што вельмі малыя ночы, а назаўтра трэба рана ўставаць. Гэта нас мучыць усіх аднолькава, гэта ў нас цяпер бадай-што самае важнае. Нас тут трое. Стась, прысланы з саўхоза для перавозкі саломы; яму год семнаццаць; твар у яго ў рабаценні, абветраны і ад ветру аблуплены нос здаецца чырванаватым; вельмі белая галава; ён тоўсты, нізкі і, як мяшок, непаваротны. Другі — Юлік. Высокі, сухі і моцны. Верхняя губа яго ў самыя малыя гады, год дваццаць шэсць таму, была нейк скалечана, ды так і расла ўвесь час, пакуль трэба было. І цяпер яна сцягнута на сярэдзіне носа, ад чаго заўсёды відаць два пярэднія зубы; і здаецца, што Юлік нарыхтаваўся пырснуць дробным рогатам. Юлік — далёкі сваяк гаспадара хутара Юрася Зыля. Цяпер адносіны між імі самыя дрэнныя — нягледзячы на сваяцтва, учора Юлік цераз прафсаюз утварыў з Юрасём працоўны дагавор. І сягоння Юрась увесь дзень, прыходзячы да нас, бубніў сабе нешта пад нос. А ўбачыўшы, як Юлік, уціскаючы воз, нарваў вяроўку, сярдзіта буркнуў:

— Работнік з цябе, як з Стася маханік.

Стась доўга не чакаў з адказам:

— З мяне маханік такі, як з цябе, дзядзька, вінакур. Юрась, мусіць, прыпомніў раптам нядаўні штраф за самагонку, бо моўчкі адвярнуўся, плюнуў і зноў сказаў Юліку:

— От ты тут вяжаш, вяжаш, а каля вузла вяроўка зноў у цябе трэсне... З гэтага піва квасу не будзе.

— А наконт піва таксама слабо,— адказаў Юлік.

— Чаму?

— Таму, што з гэтымі вяроўкамі нельга арудаваць. Гэта вяроўкі? Гэта гнілая кудзеля, а не вяроўкі.

— Пашукай лепшых... Здаецца ж, ты навіў іх многа за зіму!

— Я вяровак віць не гадзіўся!

— Не гадзіўся ты!..

— Такога пункта ў дагаворы няма! — укалоў Юлік Юрася ўчарашнім дагаворам.

Юрась пачырванеў раптам і скрозь зубы ціха вылаяўся:

— Г-гадзіна!

Юлік не пачуў, і Юрась пайшоў. На гэтым гаворка і скончылася. Толькі Юлік мармытнуў:

— Які чорт гаспадар, такая і работа!

Стась скарыстаў гэтую гаворку для сваіх песень. Перш ён зацягваў тонкім бабскім голасам, нудным, выгінастым матывам:

 

З гэтага піва квасу не будзе;

А наконт піва таксама слабо...

 

Пасля, раптам прыпомніўшы, хватаў весялей, свіснуўшы і тупнуўшы нагою:

 

Які чорт гаспадар,

Такая й работа!..

 

Гаворка была забыта. Толькі нейкая варожасць да Юрася засталася. З’явілася яна раптам і ў мяне; Юрась быў багаты, а я вазіў у яго салому.

Распрагаючы коні, Стась сказаў:

— Сягоння мы гуляць пойдзем ці не? Раніцою вельмі спаць хочацца.

Памаўчаўшы і пасля паглядзеўшы на неба, ён ні з таго ні з сяго выказаўся:

— А я дык вельмі люблю кіслае малако з тварагом.

Мы з Юлікам моцна зарагаталі. Юлік ляпнуў рукою навотліў Стася па жываце і пакаціўся, рагочучы.

У тую самую ноч, пад дзень, мы ўтрох ішлі напрамкі заворанымі папарамі з вёскі Тадулічаў. Хацелася спаць і балелі ногі.

Юлік сказаў:

— От гэтая ахвота да дзяўчат ісці, каб яе агонь спаліў, няма спакою.

— А я нічога,— адказаў Стась,— я табе буду хадзіць колькі хочаш, і нічога.

— Пачакай, праз год пяць не тое скажаш.

Я падумаў, што і сапраўды праз кожныя пяць год усякі з нас гаворыць іначай, і нарыхтаваўся ўжо наконт гэтага выказацца перад Юлікам і Стасем. Але тут Стась, які ішоў наперадзе пратоптанаю на раллі сцежкаю, раптам прыпыніўся, прыгнуўся і пачаў нечага прыглядацца... Перад намі чарнеў хутарскі частакол.

І шумеў вецер.

— Чаго ты?

— Браткі, нейкая кабеціна плача.

— Дзе?

— Вунь сядзіць у белым каля плота.

На хутары былі дзве жанчыны: Юрасёва дачка Манька, ад першай яго жонкі, ёй год васемнаццаць, і цяперашняя жонка яго — Надзя, ёй год дваццаць.

— Каторая гэта з іх? — падаў думку Стась.

Юлік, які па сваёй прывычцы, блізкай нам усім, не любіць мацнейшых, не меў вока на Юрася і на ўсё, што было блізка да яго, плюнуў і сказаў:

— Ат, выжла некаторая выцягнулася, не ўсне ніяк, ліха ёй? Хадзем пройдзем там каля яе.

— Нашто канечне каля яе, хадзем, як ішлі.

Але Юліка ўзяла цікавасць. І ён пайшоў. Крута павярнуў налева і зліўся са змрокам там, дзе бялела жаночая постаць. Мы з Стасем прайшлі агародамі да гумна і паслаліся на леташнім сене... Цяпер спаць не хацелася. Усякія думкі лезлі ў галаву. І адна больш усіх: «Тут недалёка мучыцца жанчына. І можа ты, чалавеча, памог бы што тут, але могуць падумаць: от не прамаргаў хлапец выпадку». Што ж, на свеце ўсюды і ва ўсім «заработак», адсюль выходзяць і людскія меркі ўсяму.

— Лепш спаць,— сказаў я моцна.

Стась падняў галаву побач са мною і панура сказаў:

— От я не вельмі практык яшчэ тут, у іхнім гэтым дзеле, а то б я гэтага Юрася прыглушыў бы.

— Чаму?

— А чаго ў яго жонка плача... Гэта жартачкі — гэтакая жонка!

— Там яны ўдзвёх,— сказаў Юлік, з’явіўшыся ў дзвярах, — жонка і дачка. Адна плача, а другая маўчыць...

І тут жа змяніў тон:

— Каб на маё ўзнанне, дык я гэтага б Юрася растрыбушыў бы... Не папаўся ён мне цяпер на вочы, я яго палажыў бы, як бачыш.

— А каторая з іх плача?

— Жонка.

— А чаго?

— Ну, як табе здаецца?!

І тут, укладаючыся спаць, Юлік расказаў нам, як летась ажаніўся Юрась. Як яна, год дзевяць таму, пасвіла ў яго на хутары каровы, пасля, як падрасла, жыла ў бацькоў на суседнім бедным хутары, як не хацела, баялася ўсё ісці за яго і як ён хадзіў да яе на хутар кожны дзень. Пасля ўгаварылі яе, і яна першыя часы была нават вясёлаю, а з канца зімы засумавала раптам.

— Я раней, дык нават і рады быў,— пачынаючы драмаць, сказаў Юлік,— думаю, гаспадыня слаўная на хутары, бо гэтая Маня вельмі ж ведзьма, каб на яе агні.

Ён памаўчаў і зноў сказаў:

— А яно, калі паглядзець, дык і яна штучка добрая — раней ідзе замуж, а гэта выбрыкі свае паказвае...

Стась перарваў яго:

— Ты ж сам гаварыў, што яна ісці не хацела.

— А чорт іх,— адказаў Юлік.— Мне ўсё роўна... Пайду я адгэтуль, яй-богу, пайду... Вазьму ў Тадулічах зямлі, пастаўлю хату і жанюся...

Ён задрамаў.

— Як, Стась, ты аб гэтым думаеш?

Стась таксама спаў.

А Юлік! — дагэтуль ён падабаўся мне як тып; я любіў падоўгу глядзець на яго, глядзець, як у залежнасці ад настрою паволі і тупа мяняюцца рысы яго ўпартага твару. Цяпер раптам, у дадатак да ўсяго гэтага, ён стаў мне чамусьці праціўным.

Я паволі падняўся і пайшоў к дому... Пад босымі нагамі слаўна маўчала трава. Пачынаўся дзень. За агародамі шарэлі стагі старое саломы, трохі далей, на паплавах, вызначаліся дрэвы. Каля дома зусім было ціха.

Я зайшоў з таго боку, дзе павінны былі быць жанчыны,— нікога там не было.

У мяне тады з’яўлялася прывычка пасмяяцца ў другую хвіліну над тым, што ў першую здалося трагізмам. Адкінуты пасля, гэты смех заўсёды памагае праверыць сапраўднасць і глыбіню кожнага трагізму. І цяпер, не ўбачыўшы жанчын, я шырока стаў нагамі на сухой зямлі, весела і моцна плюнуў на пясок і падумаў: «Юрась стары, то якое дзіва, што Надзя выйшла з Манькаю пасядзець трохі: а што яна плакала, то на тое яна і жанчына. А яшчэ калі занялася марамі, дык от табе і ўся музыка. Трэба ж мець асалоду і паказаць сябе. А тут яшчэ можа з суседніх хутароў хлопцы падышлі».

Але выйшла так, што ніякіх трагізмаў правяраць мне не прыйшлося. За акном пачулася гаворка:

— Юраська, ну, нічога мне не трэба, і я пайду,— чуўся нізкі і ціхі жаночы голас.

— Ты некага іншага знайшла! — у непаразуменні стараўся злаваць мужчына.

— Ну, я не люблю цябе, не магу любіць цябе!..

— Што я табе зрабіў кепскае?!

— Хіба я кажу, што ты мне кепскае зрабіў?

— Кажаш, усё ў табе гаворыць аб гэтым!

— Ну, ты добры, над цябе няма найлепшага чалавека. Але я пайду адсюль куды-небудзь...

— Не пойдзеш!

— Ну, пусці мяне.

— Не пойдзеш!

Чуваць стала, як жанчына пачала плакаць.

— Гавары, хто ён такі?!

— Няма яго.

— Як няма?!

— Няма.

— Ты скажы, усё роўна дазнаюся.

Голас мужчыны памякчэў. Жанчына памаўчала трохі і раптам зашаптала:

— Я яго нідзе не бачыла. Дзе тут каго ўбачыш у гэтай адзіноце?

— Аг-га! То ты, значыцца, бачыць некага хочаш?!

Жанчына пачала злаваць:

— Хачу бачыць. Хачу!.. Я нашу яго ў думках, і заўсёды бачу яго, хоць і не бачыла ніколі.

— Ты звар’яцела?!

Апошнія словы свае жанчына сказала, пэўна, сама для сябе, бо ціха і сумна... І ціха цяпер стала на нейкі час у хаце. Пасля раптам пачуўся шум, нешта стукнула, і абрысы дзвюх постацей выраслі раптам каля акна. Тады я падбег і забарабаніў кулаком у раму.

Ужо на хаду чуў я, як за акном усё сціхла, а я ішоў, стрымліваючы нервовае жаданне пабегчы. За частаколам я спаткаў Маньку — адзетая ва ўсё белае, яна выйшла з кухонных дзвярэй.

— Хто гэта ходзіць?

Я падышоў бліжэй і маўчаў.

— Там,— сказала яна, паказваючы рукою ў бок вокан.

— Я там ужо кулаком у раму стукаў.

— Вы? Былі там?.. Чулі?

— Быў і чуў. Там ужо ўсё сціхла.

Яна ўзрадавалася, пасля задумалася. Мы пайшлі з ёю міма агародаў, і раптам яна, як бы што прыпомніўшы ці да чаго дадумаўшыся, жорсткім голасам сказала:

— А чаго вы ходзіце па падвоканню ўночы?.. Каля адчыненых вокан?..

Яна прыпынілася і груба затрымала мяне за руку. «Што яе раптам укалола,— падумаў я,— няўжо яна аба мне і аб Надзі што дрэннае падумала? А можа тут уся музыка ў ёй самой?»

Гэтую сваю апошнюю думку я праверыў так: узяў Маньку за руку і сказаў:

— Я думаў, што вас там спаткаю.

Гэта адразу змяніла ўвесь ход справы. Яна глянула на мяне і слаўным жаночым голасам сказала:

— А я не сплю ўсю ноч. Яны там паладзіць ніяк не могуць, а мне непакой. Хоць не начуй у хаце. Заўтра пайду спаць у сад, на сена.

— Гэта там, у гэтыя копы?

— У копы.

Мы прайшлі з ёю да самага гумна, і адтуль я правёў яе назад да кухоннага ганка. Пачыналася раніца.

Праз гадзіны тры, устаўшы, я спаткаўся з Манькаю на двары. Яна ўсміхнулася мне, а я кіўнуў ёй галавою. Раптам па двары прайшла Надзя, хмурая і маўклівая. Мусіць, без ніякае патрэбы яна прайшла да высокае брамы і вярнулася назад. Пасля абышла ўвесь дом, убачыла мяне і прайшла моўчкі. Я настараўся хутчэй схавацца з яе вачэй. Ціха было.

У той дзень каля поўдня мы скончылі вазіць салому, Юлік стаў раскідаць розумам, ці няма чаго ў яго дагаворы не выкананага Юрасём. Пасля, не знайшоўшы гэтага, пачаў кпіць з Надзіных трагізмаў. Юрась прыйшоў і пачаў бурчаць нешта сабе пад нос. Юлік не выцерпеў і моцна вылаяўся. Тады Юрась накінуўся з крыкам на Стася. Стась падмаргнуў нам усім адным вокам, насвістаў трохі і паехаў у саўхоз — рабіць яму тут не было чаго. Я правёў яго з паўвярсты ад хутара. І ён сказаў мне:

— Чорт яго разбярэ, што там у іх робіцца.

І, абцёршы губы, пагнаў коні.

Юрась хмурны хадзіў па двары, а Надзя плакала.

А пятай жа гадзіне яна выйшла з дома і гарачаю, пыльнаю дарогаю пайшла з хутара.

І тады я раптам адчуў, што мне цяжка заставацца ў гэтым месцы. Я сказаў аб гэтым Юліку. Той груба пасмяяўся:

— Знайшоў у каго закахацца. Ты ўжо ў Маньку хоць бы, тая хоць дзяўчына.

— Ды я не закахаўся.

— Яшчэ што скажы!

І ён зарагатаў.

Я пайшоў развітацца з Юрасём.

Я пакінуў хутар у настроі, які заўсёды бывае ў часы надзвычайнай чыстаты і тонкасці, вастраты дум і адчуванняў.

 

...............................................................................................................................................................

 

Нядаўна я пачуў, што Надзя ў тую ж восень найшла замуж за нейкага меліяратара, а Юрась зноў шукае сабе маладое жонкі.

І мною зноў апаноўвае той настрой, які быў у мяне тады, калі я пакідаў хутар.

 


03.07.1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том першы. Апавяданні. 1923-1927 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан