epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Янка Купала

1
2
3


Кароткі біяграфічна-крытычны нарыс

 

1

 

Вялікі паэт беларускага народа, чалавек, жыццё і дзейнасць якога з вялікай сілай адлюстравалі ў сабе цэлую гістарычную эпоху народа, Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) нарадзіўся ў 1882 годзе, у пасёлку Вязынка, Вілейскага павета, Віленскай губерні. Сям’я Луцэвіча — гэта была сям’я дробнага зямельнага арандатара. Арандатар, беззямельны чалавек, павінен быў арандаваць зямлю ў буйнога зямельнага ўласніка. Ужо гэта, само па сабе, ставіла чалавека ў поўную залежнасць ад пана, на зямлі якога ён сядзеў. У атмасферы залежнасці ад пана, у атмасферы бесперапыннага клопату аб грошах, каб заплаціць арэнду, і ў цяжкай працы на чужой заарандаванай зямлі праходзіла маленства сына арандатара Луцэвіча. Перад яго вачыма праходзілі карціны жыцця народа. Яго дапытлівыя вочы навучаліся перш за ўсё бачыць узаемадачыненні паміж панамі і мужыкамі, яго чулая душа ўспрымала з самага маленства гора і радасць простага працавітага беларускага чалавека. Будучы заўсёды ў асяроддзі людзей цяжкой працы за кавалак хлеба, бачачы перад сабой вяльможных уласнікаў зямлі, адчуваючы горкай практыкай свае сям’і тую сцяну, якою аддзялялася панскае багацце ад мужыцкай нядолі, сын бяздомнага арандатара ўжо з самых малых і маладых сваіх год падслухаў душу народа, ведаў і адчуваў яе імкненні і спрадвечную яе імклівасць да радасці і шчасця. Перад маладой натурай, якая толькі яшчэ фармавалася і складалася, стаяў ва ўсёй сіле сваіх імкненняў і ў сваіх, толькі яму аднаму ўласцівых, асаблівасцях і ў сваім непаўторным харастве вобраз простага, працавітага чалавека, сына і законнага гаспадара роднай зямлі; чалавека, які жыў у старой хаце з саламянай страхою і ў нядолі гадаваў сваіх дзяцей; чалавека, які працай сваіх рук аздабляў твар роднай зямлі, які гадаваў на зямлі багатыя ўраджаі, але не для сябе, а для таго, хто ўладаў зямлёй. Парабкі ў панскіх маёнтках, бедныя беззямельныя і малазямельныя сяляне, тыя, хто кідаў на зямлі галоднае жыццё і ішоў у гарады шукаць работы, каб пражыць на свеце,— многія мільёны гэтых людзей, працоўны беларускі народ магутным сваім мільённым чалавечым вобразам паўстаў і ажыў у маладой душы. І так з’явіўся паэт народа. І так ён сказаў пасля аб мільёнах беларускіх простых людзей, што яны хочуць людзьмі звацца.

Гэта быў час, калі ў абшарах царскай імперыі бяспраўе народа даходзіла да жахлівых памераў усюды. Беларусы неслі на сабе прыгнёт не толькі сацыяльны, але і нацыянальны. Царызм вёў палітыку трымаць беларусаў у стане «ціхай пакорлівай масы». З пункту погляду царскіх чыноўнікаў, само паняцце «беларус» было паняццем этнаграфічным і ні ў якім разе не нацыянальным. Жыццё ў беспрасветнай галоднай працы, бяспраўе, беззямелле і малазямелле, адсутнасць доступу да пісьменнасці ставіла беларускага простага чалавека ў стан, які характарызуецца прыказкай самога ж народа: «ні госць, ні гаспадар у сваім доме». І вялікае значэнне для змагання за волю мела ўсведамленне чалавекам свае ўласнай высокай годнасці, развіццё пачуцця свае нацыянальнай гордасці, усведамленне таго, што на «тутэйшай» зямлі жыве не нейкая шэрая маса сярмяжных «тутэйшых» людзей, цёмных і смешных у вачах пана і царскага чыноўніка, а тут, на сваёй багатай і прыгожай зямлі, у сваім родным краі, імя якому Беларусь, жыве беларускі народ, слаўны сваёй шматвяковай гісторыяй, сваімі нацыянальнымі духоўнымі багаццямі, сваім нацыянальным складам жыцця, сваімі непаўторнымі асаблівасцямі. І таму змаганне за лепшую долю чалавека, за яснасць яго жыцця, за вызваленне ад царызму і панства — ёсць, разам з тым, і вызваленне з-пад прыгнёту яго нацыянальнага я. Адсюль патрэба ў народзе фармавання і росту яго нацыянальнай гордасці, яго нацыянальнай самасвядомасці. І вось сын бяздомнага арандатара на панскай зямлі, які стаяў ужо на парозе свайго юнацтва, сваёй маладой душой успрыняў гэтую праўду свайго народа, і ў яго галаве пачалі фармавацца і прасіцца «на свет цэлы» думкі аб лёсе, аб сучаснасці, аб будучыні ўсёй роднай краіны і ўсяго роднага народа.

У гэтым сэнсе ў яго быў ужо яго слаўны непасрэдны папярэднік: Францішак Багушэвіч, які ўжо сфармуліраваў у прадмове да свае «Дудкі беларускай» думкі аб сацыяльным і нацыянальным пратэсце беларусаў у іх імкненні да лепшай долі. І вось Івану Луцэвічу, які зараз назавецца Янкам Купалам, суджана было стаць магутным трыбунам таго, што цьмяна яшчэ брадзіла дзесьці ў глыбокіх нетрах народных мас і к моманту рэвалюцыі 1905 года пачало рвацца бурнай рэчкай на паверхню жыцця, набываючы ўжо новыя, больш дасканалыя формы і пераростваючы ў новую якасць, набываючы новы свой змест.

Так прайшло юнацтва арандатаравага сына, і так пачаўся паэт Янка Купала. К гэтаму моманту ў яго памяці і перад яго душэўным узрокам ужо навечна занялі сваё месца карціны народнага жыцця, з якім зліваўся і асабісты лёс самога паэта.

Ужо назаўсёды, на ўсё жыццё не знікне з яго памяці мокрая і халодная асенняя ноч. Цішыня цёмнага поля. Зоры не свецяць. На небе хмары. Разбітай калясьмі дарогай паўзуць фурманкі: арандатарава сям’я вязе ў далёкі панскі маёнтак збожжа — плата натурай у лік зямельнай арэнды. На пярэднім возе — старэйшы брат Янка, далей едзе маладзейшы брат, яшчэ зусім невялікі хлопчык Казя. Праходзіць ноч, пачынае цадзіцца золкае світанне. Ехаць трэба далёка. Праходзіць дзень, блізіцца ноч, калі браты варочаюцца дадому. У прыдарожнай карчме папасваюць коні. У карчме поўна падарожных людзей: брадзячыя цесляры з сякерамі, пільшчыкі з піламі, местачковыя балаголы, сезонныя панскія парабкі, якім скончыўся тэрмін службы і якія труцца паміж людзей, каб дачуцца — ці няма дзе на старане работы. Забрыў у карчму перадыхнуць ад вечнай свае дарогі і жабрак з торбамі накрыж цераз плечы, з ліраю. Лірнік круціць корбу і пад гукі ліры спявае аб нядолі сірат. А час ад часу ён запявае аб смелым казаку Марозе, які любіў праўду, нічога не баяўся, вёў людзей на злога пана, многа пабіў паноў і папаліў іх маёнткаў і якому паны выкалалі вочы і спалілі жывога ў агні. Цягнецца ў карчме вечар. Карчмарка налівае гарэлку. Па дарозе паўз карчму грукаціць абоз параконных фур: у жалезных бочках вязуць з панскага бровара на склады ці на станцыю спірт. Абоз спыняецца. Першы ўваходзіць у карчму маёнткавы намеснік. Штосьці, праз дзесяткі год, захавалася ў яго абліччы ад цівуна часоў прыгону. І не дзіва. Ён служыць у пана, уласніка тысяч дзесяцін зямлі. А навокал яго парабкі — галодныя, абарваныя.

Два браты паміж людзей. Да ўсяго прыглядаюцца, да ўсяго прыслухоўваюцца. Але вось праходзіць вечар. Коні выстаяліся. А заўтра трэба араць поле. Трэба ў дарогу. Два браты са сваімі фурманкамі выязджаюць у дарогу. Смутак аб жыцці душыць сэрца. Жаданні і імкненні жывуць у душы і не знаходзяць дарогі ў свет. Быццам штосьці страчана, штосьці патрэбнае не знойдзена.

К канцу ночы яснее неба. Хмары звалакліся за цёмны далягляд. Перад світаннем запальваюцца зоры. Маўчыць прыдарожны лес. Беларуская восень пахне хвояй і цішынёй. На ўсходзе пачынае шарэць край неба. Маладая душа паэта адгукаецца хараству свету, і тым большы смутак у ёй, што жыццё так неўладавана, што — бяздомнасць, чужая зямля.

Меншы брат страшна перамёрз за ноч. Яму нездаровіцца. Вось ужо і дадому прыехалі, і маці спаткала сыноў добрай сваёй мілай усмешкай. Пасля кароткага спачыну трэба ехаць араць поле.

Стаіць пагодны асенні дзень. Жоўтая восень. Чыстая вада ў рэчцы. Запозненыя грыбы ў лесе. Чырванеюць арабіны. Спяваюць асеннія птушкі. Пастушкі наклалі агню, і ядлаўцовы дым плыве над полем. Спакойна і ціха на зямлі. І нечага не хапае ў душы. Думка аб хлебе, аб спосабе як жыць, аб заўтрашнім дні не дае спакою вечна заклапочанаму бацьку, адданай ласкавым сваім сэрцам дзецям маці. К вечару Казя адчувае сябе горш. Праходзіць два дні, ён ляжыць у гарачцы. Меншая сястра таксама захварэла. Праходзіць яшчэ некалькі дзён. Казя і меншая сястра памерлі ў адзін вечар, а дзве старэйшыя сястры ляжаць хворыя на скарлаціну. Можа, ніколі так, як цяпер, гэтая сям’я адчула сваю бездапаможнасць на свеце, калі бяда і гора так бязлітасна паказалі тут свой твар. Спатрэбіліся неадкладна грошы, каб лячыць хворых, хаваць мёртвых і неўзабаве аддаць пану рэшту арэнды. Іван Дамінікавіч быў старэйшы з дзяцей, і на яго плечы лягло ўсё.

Быццам нейкая злая наканаванасць павісла над сям’ёй. Вечныя турботы без пары звялі ў магілу бацьку. Праз некалькі месяцаў пан загадаў выбірацца з арэнды і ачысціць зямлю іншаму арандатару, у сям’і якога было больш рабочых рук і на якога пан мог больш спадзявацца, што ён у тэрмін выплаціць арэнду. Іван Дамінікавіч, малады юнак, у сваёй душы гатовы ўжо да вялікай сваёй дзейнасці ў сваім народзе, пачынае хадзіць па панскіх маёнтках у пошуках якое-небудзь новай дробнай арэнды. Пасля ўжо, праз многа год, паэт успамінаў гэты час свайго жыцця, як самую чорную безнадзейнасць, як камень, які душыў і думкі і душу. У гэтыя цяжкія дні ў Івана Дамінікавіча пачалі з’яўляцца думкі шукаць сабе ў жыцці якой-небудзь іншай дарогі, дамагацца якога-небудзь іншага спосабу жыць. Сёстры яго, успамінаючы той час, гавораць, што іх брат стаў тады вельмі маўклівы, задуменны, увайшоў у сябе, імкнуўся аставацца сам з сабой. Начамі ён запальваў лямпачку і падоўгу штосьці пісаў. Сёстры не ведалі, што піша іх брат.

Нейкая захудалая зямля ў арэнду была знойдзена, але ўсё гэта было Івану Дамінікавічу чужое, непатрэбнае, нецікавае. Ён пачаў шукаць сабе службы дзеля кавалка хлеба. Нейкі час быў прыказчыкам пры маёнткавай канторы ў пана, пасля працаваў на бровары. Усё гэта было страшнае, чужое. Перад чалавекам стаяла жыццё, а дарогі ў яго не было. І з новай сілай паэт адчуў, як лёс яго зліваецца з лёсам народа, усіх тых простых людзей, якія жывуць навокал яго. І перад ім ужо ва ўсёй сваёй паўнаце вырысаваўся вобраз «мужыка», якім «усе пагарджаюць», але які будзе жыць, бо «ён мужык». Гэта ўжо быў бунт. І так з’явіўся першы надрукаваны верш Янкі Купалы «Мужык». Гэта было ў 1905 годзе, у вялікім годзе рэвалюцыі. Рэвалюцыйны ўздым падняў на сваіх хвалях чулага, разумнага, вялікага сваёй душой і сэрцам маладога сына народа і зрабіў яго народным трыбунам. Яго талент ішоў ад багацця народнай душы, ад думак і імкненняў народа. Паэт пачаў ад імя народа «на свет цэлы» гаварыць мовай гэтага народа — прыгожай, багатай беларускай мовай, якая лічылася царскімі сатрапамі і панствам мовай «простай, мужычай». Мову гэтую забаранялі ў школах, друкаваць на ёй не дазвалялі, яе абсмейвалі так, як эксплуатавалі народ, які гаварыў гэтай мовай. І на гэтай мове загучала бурная, магутная паэзія вялікага паэта. Цяжкая, пакутная ў тыя часы, але пачэсная і слаўная дарога ўсяго жыцця была знойдзена.

Адзін за адным з’яўляюцца творы маладога паэта. Яны клічуць народ «да шчасця і да зор». І ўжо неўзабаве ён у вершы, які Максім Горкі назваў гімнам, сфармуліраваў імкненні беларускага народа да выхаду на шырокую арэну гістарычнага жыцця, да роўнасці паміж усімі іншымі народамі.

 

А чаго ж, чаго захацелась ім,

Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?

— Людзьмі звацца.

 

Рэвалюцыя 1905 года выклікала да жыцця гэтыя імкненні мільёнаў працоўных беларускіх людзей, і вялікі паэт народа Янка Купала стаў трыбунам народных мас. За першыя годы яго літаратурнай дзейнасці выходзяць з друку кнігі яго паэзіі «Жалейка», «Гусляр» і «Шляхам жыцця». Кнігі гэтыя выходзяць з друку нелегальна, трэба было ашукаць або абысці царскую цэнзуру, якая не выпусціла б гэтых кніг у свет і за іх змест і за тое, што яны напісаны на беларускай мове.

У гэтыя часы Іван Дамінікавіч паехаў у Пецярбург вучыцца ў народны універсітэт. У гады навукі ён быў, як і раней, у атмасферы свае кіпучай творчай дзейнасці.

 

2

Калі мы гаворым пра Янку Купалу, пра яго жыццё і дзейнасць, калі думаем аб датах і фактах яго жыцця, перад намі не можа не паўстаць другая не менш магутная постаць нашай літаратуры — Якуб Колас. Біяграфія Янкі Купалы мысліцца намі ва ўзаемадачыненні з біяграфіяй Якуба Коласа, якога да вялікай творчай дзейнасці ў беларускім народзе таксама выклікала рэвалюцыя 1905 года. Два вялікія паэты ўпершыню спаткаліся яшчэ ў маладыя свае гады, тады яны ўжо былі вядомы як паэты. У сваіх спатканнях яны былі блізкімі, і іх дружба была той жывой вадой, якая асвяжала тагачасную маладую беларускую літаратуру. У тыя часы з’явілася цэлая плеяда маладых талентаў. Мала пазней за Янку Купалу і Якуба Коласа пачаў друкаваць свае творы Змітрок Бядуля. Яшчэ пазней з’явіўся Максім Багдановіч. Была тады заснавана ў Вільні беларуская газета «Наша Ніва», якая і з’явілася цэнтрам, навокал якога групаваліся тагачасныя літаратурныя сілы. Праз нейкі час Янка Купала пераязджае з Пецярбурга ў Вільню на сталую працу ў рэдакцыю «Нашай Нівы».

Пачалася новая паласа ў грамадскім жыцці. Рэвалюцыйныя сілы пасля ўздыму 1905 года прымушаны былі пайсці ў падполле. Па ўсёй краіне запанавала рэакцыя. Царская паліцыя па-зверску распраўлялася з тымі, хто ўзнімаў свой пратэст, хто бунтаваў, хто ішоў у рэвалюцыю. Па турмах сядзелі лепшыя сынкі народа. Чыноўнікі і панства перажывалі сваю ўрачыстасць. Здавалася, што ночы бяспраўя не відно канца. Родная Беларусь уяўлялася паэту як попелішча, на якім спраўляюць свой драпежны банкет чорныя совы і груганы.

У гэты час Янка Купала піша сваю паэму-драму «Раскіданае гняздо» — вобраз раскіданай сялібы і людскі смутак на яе месцы. У гэтыя годы паэт усё часцей і часцей звяртаецца да народных паданняў, легенд і казак. Ён думае аб гераічным мінулым свайго народа, аб яго змаганні, аб яго сіле. Можа, ніколі, як цяпер, у яго творчасці выступае з вялікай сілай матыў нянавісці паміж простым чалавекам і панам, матыў панскага здзеку з мужыка. Выдатная «Бандароўна» з’явілася як слова вялікага гневу. У той жа час з няменшай сілай гучаць матывы страшнай жальбы аб долі панскага парабка і беднага селяніна, смутак аб тым светлым, што далёка і чаго так цяжка дасягнуць. У гэтыя годы з’яўляецца з-пад пяра Янкі Купалы многа вершаў, якія гучаць як гімн хараству беларускай прыроды, беларускаму лету, вясне, восені. Гэта было ў пэўным сэнсе выяўленне гонару за сваю зямлю і адчуванне, што «я тут гаспадар». Бо бадай-што ў кожным з гэтых вершаў гучыць матыў або пратэсту супраць нядолі, або непасрэдны гнеўны зварот да тых, хто пануе над народам.

Творчасць Янкі Купалы гэтай пары характэрна яшчэ матывамі кахання, дружбы, вернасці, адданасці — высокімі чалавечымі пачуццямі, якія характарызуюць чалавечую асобу і ўзнімаюць яе на вышыню чалавечай годнасці. Вялікі паэт як бы гаварыў усяму свету аб вялікасці і благароднасці беларускага народа, аб яго справядлівай чулай душы і аб яго высокай вартасці ў чалавецтве.

І ў гэты час, і пасля з’яўляліся цэлыя плеяды талентаў рознага ўзроўню, якія наследавалі ў сваёй творчасці Янку Купалу, былі яго пераймальнікамі, наследавалі яго вершаваныя формы і матывы яго твораў. Уплыў Янкі Купалы на фармаванне і рост беларускай паэзіі быў незвычайны. І сам факт яго літаратурнай дзейнасці абуджаў да літаратуры новыя сілы і ўзводзіў іх на дарогу.

 

3

Імперыялістычная вайна 1914—1918 гадоў прайшла па ўсёй Заходняй Беларусі бязлітасным сваім смяртэльным маршам. Мільёны беларусаў кінулі свае хаты і родныя загоны і рушылі ў бежанства. Фронт вайны праходзіць па Беларусі. У народзе адбываюцца працэсы нарастання рэвалюцыйнага ўздыму. З усёй вастрынёй устае пытанне, каму патрэбна гэта вайна, за чые інтарэсы льецца народная кроў. Працоўныя масы народа нясуць на сабе вялікі цяжар вайны. За што? За тое, што зямля належыць панству? За тое, што народнае бяспраўе астаецца тым жа самым? А на тэрыторыі, занятай немцамі, правіць сваё воўчае права нямецкі капрал, грубы прускі салдафон?

Вялікая трагедыя роднай зямлі, роднага народа ёсць у гэты час тое галоўнае, куды сыходзяцца ўсе кожнадзённыя думкі паэта. У гэты час адзіная беларуская газета «Наша Ніва» ў Вільні закрываецца. Янка Купала жыве ў Мінску. Тут збіраюцца і іншыя беларускія пісьменнікі. Мінск робіцца цэнтрам нацыянальнага беларускага культурнага жыцця. Янка Купала працуе ў бежанскім камітэце і ні на хвіліну не спыняе свае літаратурнай дзейнасці. У яго з’яўляецца цыкл вершаў аб вайне і лёсе беларускага народа. Паэт імкнецца ўбачыць будучыню роднай краіны. Яго душа поўна болю за пакуты народа. І з новай сілай гучыць цяпер у паэзіі Купалы заклік ірваць ланцугі і выходзіць на шырокі шлях вольнага жыцця. Матыў таго, што годзе ўжо быць рабом, праходзіць праз усе яго вершы гэтага перыяду. Паэт адчуваў блізасць вялікіх падзей, блізкі пачатак новай эпохі, пералому гісторыі народа. У адным са сваіх вершаў часоў вайны, калі канчаўся 1914 год, першы год вайны, паэт пісаў аб тым, што прыйдзе новы час, іншы год, калі меч «напіша бескрывавы свой закон».

Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя палажыла канец вялікай няпраўдзе, якая вякамі вісела над Беларуссю. Працоўны беларус стаў гаспадаром на сваёй зямлі. Збылася мара паэта: беларусы сталі людзьмі звацца.

Але пасля рэвалюцыі, у час грамадзянскай вайны, Беларусі прыйшлося яшчэ перажыць паласу акупацый. Рабіліся спробы зноў заняволіць беларускі народ. Паэт зноў выступае з агністым сваім словам трыбуна. Лёс народа, думкі аб яго будучыні — тое адзінае, чым жыве паэт.

І вось, нарэшце, скончылася грамадзянская вайна, прыйшоў канец усім акупацыям. У жыцці беларускага народа адбылася вялікая падзея: была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Паэт піша:

 

Беларусь на куце

Ў сваёй хаце села...

 

Маладыя сілы народа былі ўзняты рэвалюцыяй да творчага жыцця, да вялікага будаўніцтва шчасця Радзімы. У паэта загучалі новыя матывы. Яго паэзія напоўнілася бурным аптымізмам. Паэт так звяртаўся ў гэты час да моладзі:

 

У маланках перуновых,

З гулкім гоманам грымотаў

Для вякоў дыктуйце новых

Нечуваныя ясноты.

 

Цень мінуўшчыны праклятай,

Дзе бізун гуляў з нагайкай,

Змеціцё вы, арляняты,

Сваёй новай сілай-байкай.

 

Ужо выбіла часіна

На вялікую прыгоду

Выйсці з мутнай каляіны

Беларускаму народу.

 

У жыцці паэта пачынаецца новая пара. Янка Купала ў гэтыя часы многа ніша. З друку выходзяць яго новыя кнігі, ён займаецца вялікай грамадскай працай. Увесь час ён жыве ў Мінску, які стаў сталіцай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У гэтыя часы пачынаецца бурны рост беларускай савецкай літаратуры. У літаратуру прыходзяць новыя маладыя сілы, і Янка Купала становіцца настаўнікам літаратурнай моладзі. Разам з Якубам Коласам ён быў пачынальнікам і стваральнікам новай літаратурнай беларускай мовы. Новае пакаленне беларускіх пісьменнікаў развівала літаратурную мову на аснове, пакладзенай Янкам Купалам і Якубам Коласам.

Дом, дзе жыў Янка Купала, заўсёды быў тым месцам, куды імкнулася літаратурная моладзь. У свайго слаўнага бацькі маладыя пісьменнікі вучыліся любіць свой народ і самаахвярна служыць яму. Вялікае жыццё Янкі Купалы заўсёды было ўзорам для кожнага маладзейшага беларускага пісьменніка. Гэтае жыццё было поўным адлюстраваннем жыцця і лёсу народа. Перажываў народ нядолю — у нядолі быў і яго вялікі паэт. Прыйшло для народа шчаслівае жыццё — быў у шчасці і радасці і паэт.

Савецкі ўрад высока ацаніў заслугі Янкі Купалы. Яму была дадзена Савецкім урадам годнасць Народнага паэта Беларусі. Савецкі ўрад узнагародзіў паэта вышэйшай нагародай — ордэнам Леніна. За кнігу паэзіі «Ад сэрца» Янка Купала атрымаў Сталінскую прэмію.

Яго дзейнасць перарасла межы Беларусі. Ён стаў адным з самых любімых і папулярных паэтаў усяго Савецкага Саюза. Ён стаў вядомым і ва ўсім свеце.

Творчасць Янкі Купалы стала гімнам народнай радасці. Беларускі народ у вялікай сям’і ўсіх савецкіх народаў, пад мудрым кіраўніцтвам вялікай партыі Леніна пабудаваў сабе шчаслівае жыццё ў сваёй рэспубліцы. І паэзія Янкі Купалы, як вялікае сцвярджэнне народнага шчасця, стала элементам жыцця народа.

Як чалавек яснага розуму і вялікай душы, як вялікі талент, як лепшы з лепшых сыноў народа, як вялікі грамадзянін Янка Купала бачыў і адчуваў працэс гісторыі. Узброены гістарычнай практыкай свайго народа, ён адчуваў, што Беларусі суджана яшчэ перажыць новае выпрабаванне. Яшчэ ў 1935 годзе паэт пісаў:

 

...Што гітлеры і герынгі з Берліна,

Культуру нішчачы, што кінулі вякі,

І ў божышча узвёўшы гільяціну,

На край савецкі точаць шаблі і штыкі.

 

І калі прыйшоў гэты цяжкі для радзімы дзень, калі фашысцкая подласць рынула на савецкую зямлю, зграі адзічэлых і атупелых немцаў, калі родная, мілая беларуская зямля стала арэнай крывавага разгулу гітлераўскага звяр’я, Янка Купала з першага ж дня вайны стаў змагаром з крывавымі нямецкімі захопнікамі. Ён зноў з’явіўся перад народам як магутны народны трыбун, і яго гнеўны кліч да змагання прайшоў па ўсёй беларускай зямлі ад краю яе і да краю. «Да зброі, браты беларусы!» — гукнуў ён. Крываваму Гітлеру ён даў такую ацэнку:

 

Брыдзе, паўзе ў крыві людское па калена,

Народамі пракляты гнусны зарубежнік,

Не шакал ён, не гадзіна і не гіена,—

Ён — Гітлер, фюрэр прускі, трупаед, грабежнік.

 

 

Паэт так звярнуўся да беларускіх партызан:

 

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

За няволю, за кайданы,

Рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны!

Не давайце гадам сілы

Над сабою распасцерць,

Рыйце загадзя магілы,

Вырывайце з жывых жылы,

Кроў за кроў, а смерць за смерць!

 

Сваю душу і сэрца, усяго сябе Купала аддаў змаганню з ненавісным ворагам. Ён быў адным з дзеячаў Славянскага Камітэта, адным з арганізатараў Першага ўсеславянскага мітынгу. Перамагаючы свае фізічныя недамаганні, ён аддаваўся дзейнасці вялікага грамадзяніна, ён бачыў, што яго слова чакае родны народ, які ўзняўся на ворага. Ён бесперапынна сачыў за дзейнасцю беларускіх партызан, поўніўся яснай радасцю ад кожнай перамогі Чырвонай Арміі і чакаў таго шчаслівага дня, калі беларуская зямля будзе ачышчана ад нямецкай навалачы.

Смерць заўчасна адабрала яго ад нас. Яму не суджана было дачакацца таго дня, калі апошні нямецкі вырадак ляжа на святой беларускай зямлі сваімі паганымі касцьмі. Але беларускі народ будзе святкаваць сваё вызваленне з ім, з яго імем, з памяццю аб ім. Урна з яго прахам будзе прывезена ў вызваленую Беларусь, і да яе ісці будуць людзі з святым пачуццём чыстай пашаны да таго, хто пражыў сваё жыццё дзеля роднага народа, хто стаў славай і гордасцю беларускай зямлі, чыё імя на векі вечныя любае, роднае, дарагое народу і ненавіснае ворагам народа.

Дом у Мінску, дзе жыў Янка Купала, разбуран нямецкімі бандытамі. Каля дома раслі дрэвы, пасаджаныя рукой паэта. Калі хоць адно з гэтых дрэў астанецца — яно стане сімвалам працы вялікага сейбіта, які сеяў у народзе слова праўды і цешыўся з росквіту роднай краіны.

Родная краіна будзе цвісці і красаваць, а чорныя косці паганых нямецкіх акупантаў паточаць чэрві. Беларускі народ з народа-пакутніка стаў народам-змагаром і героем. Дзеля гэтага пражыў сваё слаўнае жыццё вялікі паэт беларускага народа Янка Купала.


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан