epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

«Кось, кось, пакуль у аглоблі»

Нямецкае акупацыйнае начальства абвясціла па Віцебску і ў яго ваколіцах, што кожны тыдзень з Віцебска праз Полацк ідуць у Германію два адмысловых паязды з тымі, хто добраахвотна захацеў паехаць туды.

«Ці не хочаце і Вы паехаць?» — пытае нямецкі абармот у гэтых аб’явах. І так далікатна ён пытае, што нават зварот «Вы» піша з вялікай літары.

На шыбеніцах вісяць трупы павешаных, і тут жа побач такая ліслівая ўсмешачка і такая лагоднасць! Пазнаём хітрую нямецкую шэльму!

У Германіі вельмі мала рабочых рук. Нямецкія салдаты кожны дзень многімі тысячамі кладуцца на фронце. На фронт Гітлер паслаў ужо бадай што ўсіх мужчын, пачынаючы ад самага зялёнаротага фрыца і да таго паважанага нямецкага «таты», з якога ўжо ззаду парахня сыплецца. У сельскай гаспадарцы і на фабрыках няма каму рабіць. Жаночых рук таксама не хапае. А ад гэтага вельмі цяжка прыходзіцца і нямецкаму фронту і нямецкаму тылу. І немцы вязуць у Германію на работу людзей з акупіраваных абласцей. Гэтыя людзі там працуюць суткамі, сядзяць на галодным пайку. Немцы стараюцца выціснуць з такога чалавека ўсё, што можна, а тады ён можа сабе ўміраць.

Так яно і ёсць. Прывезеныя ў Германію рабочыя ўміраюць сотнямі ў дзень — ад голаду, ад непасільнай працы, ад нямецкіх прыганятых, якія стаяць над імі з бізунамі.

Рабочых трэба многа, і немцы робяць усё новыя наборы. Часам яны проста загадваюць збірацца і гоняць сілай. Часам звярынае нямецкае рыла расцягваецца ў ліслівую ўсмешку, і спрактыкаваны нямецкі прахвост зварачаецца на «Вы» з вялікай літары да будучых кандыдатаў на смерць на катаржнай працы ў Германіі. Адным словам — як з тым канём: кось, кось, пакуль у аглоблі.

Ён абяцае проста-такі рай зямны. Ён пацяшае таго, хто яго паслухае, што там яму будзе і кватэра добрая, і есці ён будзе смачна, і нават нямецкай мове ён навучыцца! — ад гэтага, гаворыцца ў аб’явах, «будуць лепшыя магчымасці наперадзе».

«Вы многаму там навучыцеся»,— абвяшчае гітлераўскі абармот.

Перш за ўсё, той, хто паслухае і паедзе ў Германію, навучыцца горкай практыкай бачыць, што калі яго немцы клічуць на пагібель, а гавораць, што ён трапіць на банкет, то ён сам павінен разабрацца, каму і чаму верыць.

Цераз кожныя пяць радкоў у гэтай аб’яве бесперастанку гаворыцца аб тым, што ўсе, хто паедзе ў Германію, вернуцца назад. Каб гэта было так, то нашто было б у гэтым так надакучліва ўпэўніваць людзей? А ўся справа ў тым, што ў Германіі ўсе, хто паехаў туды, мруць як мухі, і гэта немцы стараюцца скрыць ад нашых людзей.

Нарэшце, немец запрашае браць з сабой у Германію балалайкі і гітары, «каб мець магчымасць граць там».

А як жа! Вязі сваю галаву, вязі і балалайку. Для немца ўсё роўна — што галава нашага чалавека, што трохрублёвая балалайка. Ён сам пасля будзе смяяцца з таго, хто паслухаў яго і паехаў туды, куды ён яго кліча.

«Няхай гэты дурань цешыцца з свае балалайкі»,— так думае нямецкая шэльма. Самому яму лепш відно, які лёс чакае таго, хто паслухае яго і паедзе ў Германію. Таму ён, запрашаючы ехаць туды, і робіцца такім лагодным, што хоць ты яго да раны прыкладай.

«Хутчэй спяшайцеся, бо толькі нямногія могуць паехаць»,— лямантуе нямецкі махляр у сваіх аб’явах.

Яму самому трэба спяшацца скора выносіць ногі з Беларусі, а людзей яму трэба чым найбольш вывезці ў Германію. Вось і ўвесь сэнс яго абяцанак і яго запрашэнняў.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан