Кузьма Чорны

Леў Даватар

Натура вялікага чалавека не вычэрпваецца якой-небудзь адной рысай. Яна шматгранная. І асабліва гэта выяўляецца ў тых выдатных асоб, якія ў сваёй дзейнасці абапіраюцца на масы жывых канкрэтных людзей, якія кіруюць калектывам, калектыўнымі арганізмамі чалавечага грамадства. У іх галаве і сэрцы знаходзяць поўнае адлюстраванне індывідуальныя помыслы і асаблівасці ўсіх членаў калектыву. Да такіх людзей належыць Герой Савецкага Саюза генерал-маёр Леў Міхайлавіч Даватар, за баявыя заслугі ўзнагароджаны ўрадам СССР ордэнам Леніна і медалём «Залатая Звязда».

З самага пачатку Айчыннай вайны Л. М. Даватар камандаваў вялікімі вайсковымі злучэннямі. Пад яго камандай біліся з ворагам тысячы байцоў і камандзіраў, тысячы людзей жылі баявым жыццём, перажывалі свае радасці і смуткі разам са сваім камандзірам — генералам. Генерал ведаў душу сваіх людзей, іх патрэбы і асаблівасці. Баец быў для яго чалавекам-воінам. Генерал быў бацькам сваіх байцоў. Кажучы простай мовай, гэта заўсёды быў добры чалавек.

Тут пачыналася і другая грань яго душы. Гэта быў суровы генерал, у войску якога жыла самая цвёрдая дысцыпліна, часці якога пад яго камандай крышылі ворага і наводзілі жах на яго.

У паходах, пераходах, у паўзах паміж сражэннямі і паміж вырашэннем стратэгічных планаў, хітрых ваенных ходаў, суровы і разумны генерал знаходзіў хвіліну, каб пацешыць вока лясным краявідам і каб падняць галаву і з прыемнасцю прыслухацца да порсткага шчэбету дробных птушак. А праз дзесяць хвілін генерал вёў свае вайсковыя злучэнні ў самае небяспечнае месца на патрэбную баявую аперацыю.

Суровы, добры, жартаўлівы, задуменны — вось некаторыя рысы яго натуры.

Гадамі — гэта «малады» генерал. Сваімі ведамі і справамі — гэта спрактыкаваны генерал.

Вышэйшым камандаваннем генерал Даватар быў прысланы камандаваць вялікім кавалерыйскім злучэннем і выканаць баявое заданне — прабіцца ў тыл ворага і дэзарганізаваць яго на вялікім участку фронту. Пачалася аперацыя. Некалькі дзён вялі разведку. А потым пайшлі ў атаку і прарвалі нямецкі фронт на ўчастку ад У. да П. Масы кавалерыі спешыліся, вялі бой.

Варожыя часці былі разбіты і рассеяны. Часці Даватара рушылі ў тыл. Прайшлі балота, замасцілі дрыгвяную грэблю на балотным пераходзе. Конны рэйд у тыл ворага закончыўся бліскуча.

Па ўсіх навакольных дарогах, на ўсёй разлегласці ўстанавілі засады. Пачалася ліквідацыя асобных нямецкіх груп, знішчаліся цэлыя часці, разбураліся варожыя камунікацыі, знішчаліся эшалоны, сеялася паніка ў асяроддзі ворага.

Па нямецкіх часцях пайшла чутка, што ў тыле ў іх дзейнічае стотысячная савецкая конная армія. Даватар загадаў падтрымліваць гэтыя чуткі сярод немцаў. Немцы ўпадалі ў паніку. Многія часці рассейваліся і адступалі, не ўступаючы ў бой. У раёне Р. зняўся з свайго месца і ўцёк у паніцы штаб 6-й нямецкай арміі.

Генерал Даватар сам знайшоў сабе правадніка па ўсіх навакольных месцах. Гэта быў калгаснік-канюх Б. Ён быў і разведчыкам, і вызнавальнікам дарог. Хадзіў ён заўсёды з аброццю цераз плячо і гаварыў, што шукае сваіх коней. Так не раз ён выратоўваўся ад немцаў. Гэты просты чалавек многа памог генералу Даватару ў справе арыенціроўкі на мясцовасці і ў справах разведкі. Калі пасля заканчэння аперацыі Даватар выводзіў сваю групу з нямецкага тылу, яго праваднік тав. Б. астаўся там у родных мясцінах. За свае дзеянні ён узнагароджан ордэнам Чырвонай Звязды. Даведаецца ён пра гэта скора, калі Чырвоная Армія ачысціць ад немцаў яго мясцовасць.

Дзейнічаць у тыле была нялёгка. Часта не было чаго есці. Жывіліся ягадамі і грыбамі. Генерал Даватар паджартоўваў:

— Папасецеся на ягадах. Ягада такая рэч, што з яе нават найлепшы спірт гоняць.

Першага верасня, пасля заканчэння аперацыі, з вялікімі баямі выходзілі з нямецкага тылу. Немцы замініравалі дарогі, парабілі завалы і пасткі. Даватар сам займаўся справамі разведкі, сам бываў на ўсіх участках баёў — гэты рухавы чалавек малога росту, добры бацька і друг для байцоў і суровы, хітры, разумны і здагадлівы іхні генерал.

Выдатны камандзір бліскуча правёў вялікую аперацыю ў тыле ворага і вывеў адтуль сваіх байцоў.

Увосень 1941 года і зімой 1942 года генерал Даватар узначальваў ужо новыя баявыя аперацыі на іншых участках фронту ў вялікіх баях за Радзіму.

Ва Указе Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР сказана: «За ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства прысвоіць званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Звязда» генерал-маёру Даватару Льву Міхайлавічу.

Вялікая Айчынная вайна нараджае герояў — людзей мужных, адважных, разумных, адданых народу. Народ любіць іх і шануе. Іх імёны астануцца ў гісторыі змагання народа за сваю Радзіму, за яе славу. Імя Льва Міхайлавіча Даватара залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны.




Беларуская Палічка: http://knihi.com