epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Лісты Кузьмы Чорнага да Пятра Глебкі

Дарагі братка Пятрусь!

Што з Трусам сталася — чорт яго ведае. Я проста расцэньваю гэта так, што не мае хлопец свайго ўласнага погляду на рэчы, бо невядомы такія прыклады, каб чалавек так хутка мяняў свае перакананні. Гэта проста абсалютная адсутнасць усякай глыбакадумнасці. Можа проста (чаму б і так не падумаць) паабяцалі хлопцу паслаць на курорт ці што-небудзь падобнае, от табе і ўся музыка. Што ты хочаш ад такога чалавека, які наогул яшчэ нічога не бачыў. Але чорт з усім гэтым. Заўтра даем у газету аправяржэнне.

У іх адбыўся пленум. На пленуме аб усім гаварылася, не гаварылася толькі аб літаратуры. Найбольш гаварылася аб палітыцы, ды аб узняцці вытворчасці — якой? (Аб літаратуры ж ні слова). Чорт з імі. Нас усіх абурыла толькі подласць Труса. Але ясна толькі адно: літаратура ні подласцю, ні палітыкай не творыцца.

Нашу справу ў ЦК адлажылі да прыезду тт. Крыніцкага і Гэсэнь. А калі яны прыедуць — не вядома.

Ты пішаш наконт зборніка — безумоўна, складай, знойдзеш дзе-небудзь месца, пастараемся гуртам і выдрукуем.

Будзем дабівацца свайго, ніхто ж не пасмее адмовіць літаратурнай значнасці нашай групы. Верш твой у «Вёсцы» ўжо выдрукаваны. У «Вёсцы» я яшчэ папрацую, хутка высылаю ганарар. Верш твой у «Полымя» перадаў, але пайшоў у друк ці не — не ведаю. Папытаю й напішу.

Трус цяпер не хоча паказвацца на вочы — стараецца не сустракацца. Я, мабыць, хутка, на дзён два паеду ў Маскву, пагавару з Дубоўкай і зноў пачнем «бузацёрыць».

Будзеш пісаць Лужаніну — ад мяне яму прывітанне. А табе кланяецца Адам, якраз толькі што быў у мяне.

Пішы

Твой Кузьма

15/VІІ.26 г.

 

Братка Пятрусь!

Праз дзён 5—6 будзе часопісь. Заўтра-паслязаўтра высылаю «Пісьменніцкія нататкі». Збірай спешна другі нумар. Гані Траецкага і Бядулю. Траецкага давай столькі, колькі патрэбна для нумару, хоць усё да канца, калі будзе ў яго гатова. Пагавары з Адамам і Антошам — няхай даюць крытыку. Мая навэла калі і будзе, дык вельмі маленькая. Усё, што гатова, здавай адразу ж у Галоўліт. Пільна сяджу цяпер над раманам. Праз 2 тыдні будзе начыста гатова да 3-х аркушаў. Працую вечарам у гасцініцы, а кожны дзень бываю на прадпрыемствах. Сёння цэлы дзень быў на Беліцкай запалкавай фабрыцы «Везуві» — буйны пралетарскі асяродак. Быў і ў вёсцы. Як мы і нашы творы адарваны ад жыцця! Гэтая паездка вельмі шмат дасць для майго рамана. Шкадую толькі, што адзін паехаў. Паслязаўтра паеду на Добрушскую папяровую фабрыку, а заўтра на Сельмаш. Гані другі нумар — усё роўна першымі нумарамі мы творчае пагадненне зробім, адно падагнаць нумары трэба. А там разгорнем творчасць. Ніякому песімізму не павінна быць і кроплі месца. Няма падставаў. Літаратура спадзяецца на нас. Вітаю.

Кузьма

Пабуду яшчэ дзён 4.

9/3-1930 г.

 

Пятрусь!

Дай, братка, цераз маю жонку рукапіс «Звягі» і мой (таксама і арыгінал) і рэдакцыйны — для аўтарскае праўкі пасля машынкі, бо там наблытана шмат. Заўтра зранку дастаўлю табе ў рэдакцыю.

Горне мяне ў пасцель — нейкая трасца на мяне ўссела, з жыватом качаюся.

Кузьма

1З/ІХ.ЗЗ г.

 

1З/ІХ.ЗЗ.

Пятрусь!

Стылістыку выправіў, хіба можа чаго не заўважыў. Некаторыя твае пытальнікі асталіся мне незразумелымі: я нічога не знайшоў каля іх, што трэба было б правіць. Сяргей і Андрэй сапраўды былі пераблытаны — Андрэя ніякага няма.

У некаторых мясцінах я паадпраўляў назад «совецкая» на «савецкая»: гэта там, дзе гэтае слова гаворыць каваль і, здаецца, у адным месцы, Францкевіч. Справа ў тым, што я трымаюся думкі наконт таго, што трэба і праз мову герояў характарызаваць іх, хоць мова і не трымаецца граматыкі (у залежнаці ад героя, тыпа). Напр(ыклад), я пакідаю за сабою права ўкласці ў вусны якому-небудзь свайму непісьменнаму персанажу слова «пляшпарт» замест «паспарт» і г. д.

Таксама, кіруючыся гэтым, я выправіў «амерыканца» на «амарыканца». Бо гэта слова гучыць у вуснах персанажа (пэўнага). Гэтыя ўсе фразы, дзе тыя словы, стаяць у апав(яданні) у кавычках. Гэтыя папраўкі на стар. 3, 16, 23.

І яшчэ адно: я думаю назваць «Звягу» — аповесцю. Хоць дзея тут адбываецца і хутка, але карэнні яе ідуць здаўніны, тут біяграфічнасць герояў і г. д. Як твая думка? Калі ты таксама думаеш, што можна назваць «аповесць», дык напішы сам гэтае слова пад загалоўкам. Калі ж у цябе на гэта ёсць нязгода або няпэўнасць, дык пускай без азначэння якога б там не было жанру.

Выстарайся ў Зарамбоўскага, ці ў каго там, рэшту майго паасобніка (з машынкі) «Звягі», у мяне няма з пачатку да 21 стар., і аддай жонцы.

У жываце ў мяне няміласэрдная рэвалюцыя.

Кузьма

Цябе павязуць.

А я тут буду.

Пятрусь!

Я чуў, што ты нібыта заўтра едзеш на курорт, а я тут ляжу хворы. То: або перадай Рэні зараз жа вершы ў альманах, або напішы мне, дзе яны ляжаць, зрабіўшы для мае арыентыроўкі спіс аўтараў.

Калі вершы не зусім гатовы, то я сам іх прыкончу (самае вернае дзела).

Альманах трэба здаць.

Няхай табе будзе прыемны курэрт. Аман.

К. Ч.

Друг мой Петрусец!

Цябе варта застрэліць, як падлу якую! Мала таго, што ты, заехаўшы на край света, мне не абазваўся. Дык ты нават і жонцы сваёй не пішаш. То гэта добра, што я яе разоў са два бачыў, а то б яна зусім ссумавалася б. Гэта адно. Цяпер другое. Не так ужо кепска і мы тут жывем. Не думай, што адно ты прахладжаеш сябе на курортах. Мы робім яшчэ лепш. Калі раней успаміналі з’езд у форме выступленняў і паездак, то цяпер пераключыліся на банкеты. І не кепска выходзіць. У ва ўсякім разе я думаю падацца к бондару і нацягнуць на сваю галаву якую-небудзь пару абручоў: баюся, каб не лопнула, кожны дзень трашчыць. Спачатку то я не лішне і бедаваў: начорта тая галава, абы розум быў. Але гэтымі днямі нехта (здаецца, ці не Кучар, калі не Хадыка) давёў мне дэталёва, што, безумоўна, калі не будзе галавы, то трасцы той і розум дзе-небудзь адзержыцца. І я паверыў. Разумееш? Сцяў зубы і паверыў. Цяжка было, але паверыў.

Горш за ўсё, што чым больш па банкетах ідзе ўлага, тым больш чарнільная ўлага без ужытку высыхае на стале.

Так, брат, хочацца на месяц які зачыніцца ў хаце і пісаць. Гэтымі днямі прачытаў «Зямлю» Э. Золя (Тваю, растрэсеную, узяў у Кандрата). Страшная кніга! Вялікі твор!

А сам я на тым тыдні ў рамане «Надзея Назарэўская» забіў даўбешкай па галаве Стафана Сэдаса, даўнейшага панскага сырніка, і рад. Так яму і трэба. Ён дзён тры ляжаў у рэчцы, і ракі грызлі яго за ляшкі. Мой герой Міхаіл Канатоўскі чуць не самлеў, убачыўшы гэты малюнак. І што ён зрабіў далей, яшчэ не прыдумаў: банкеты не даюць. Але ўжо ў галаве пачало вырысоўвацца.

Бывай. Пшапрашаёнц!

Твой Кузьма

(28.10.1834)

Менск, Свярдлоўская, 49, кв. 48

Каб цябе, Нонічак, агонь спаліў, дзе цябе чэрці душаць! Я тут амаль дагаварыўся прыставаць сюды ў прымы, а ты недзе, ліха цябе ведае, што ты робіш. Тут я дазнаўся, што ты, падла, вельмі ж кашулі рвеш, і ў лазню не ходзіш, і дадому не прыходзіш, калі я тут цябе чакаю. Каб ты ўжо, бог даў, не чакаў сябе ніякае хэнці, калі ты гэтакі. Халера на цябе, дзе ты падзеўся! Свінячая ты спіна, конская ты грыва, сабачае сумленне, каровячае вымя, з-пад разніцы цюцька, аспіда ўнук і нашага крытыка крук. От як я табе выказаў, надобіна ты нядошлая. Чысла не знаю, бо календара не маю. Месяц на небе, а год у календары. Чысло такое ў нас, як і ў вас, каб ты не даждаў больш ашукваць нас!

(1935 г.) Пісар — Чыкірында-Янцута-Тхарловіч-Банкрут

 

Ноня!

Заўтра, 18/ХІ, каб ты мне быў у тэатры на «Салаўі». Білеты Табе і Ніне будуць у таго чалавека, які стаяцьме і прапускацьме.

 

17/ХІ. 37 г. К. Чорны

Мікола і Пятрусь!

Браткі мае родныя, ніяк не магу прыйсці цяпер на «планавае» паседжанне літ. габінета — працую. Давайце так: з 7 да 9 гадзін сёння ўвечары я буду працаваць у літгабінеце, а тады, у 9 гадзін, пойдзем да мяне і складом план. Роўна ў 9 збяромся ў літгабінеце.

26/ХІІ. 39 г. Кузьма

 

Дарагі мой, мілы Нонік!

Даўно атрымаў тваё пісьмо і зрабіў па-свінску, што не адказаў табе ў скорым часе. Чытаў я тваё пісьмо, напісанае і Петрусю. Справа, бачыш, не толькі ў тым, што мы «агрубелі». Адзін агрубеў, другі змяк, як гліна, трэці пастарэў, і з яго ва ўсе бакі, як з дудак, свішча такая драбяза, якая была толькі ў зародку ў маладзейшыя яго гады. Тут, браце ты мой, над п’янак карытам часам адбываюцца такія сцэнкі, што хочацца заткнуць вушы і «уцякаў бы, бег, здаецца, сам не ведаеш куды». Не агрубелі, а здрабнелі! І думаеш — ці гэта пісьменнікі, ці гэта чэрці іх ведае хто. Адным словам, я, наколькі мне гэта ўдаецца, стараюся быць сам з сабою. Галоўнае, чым я жыву — гэта сваёй працай. Я скажу табе проста — за апошнія гады я яшчэ і ў Мінску пачынаў аставацца сам з сабою, так нейк выходзіла. Я не гавару, што гэта добра! І ў асаблівасці гэта не добра з майго боку ў дачыненні да цябе. І гэтага больш, дарагі Нонік, не будзе. Пачытаўшы ў Броўкі пісьмо тваё, я адчуў сябе вінаватым. Мне стала брыдка, і асабліва таму, што тваё пісьмо ка мне вельмі мяне ўзрадавала: на мяне павеяла ад яго лепшымі часамі нашай дружбы і колішняй блізасці. А паспрачацца і пагаварыць на літаратурныя тэмы сапраўды хочацца. Вы гэта можаце рабіць з Айзікам. У мяне ж няма з кім. Праўда, тут Кандрат, але ён адзін, і ўсяго. А некаторыя іншыя сябры падаліся ў трохкапеечныя інтарэсы. Быццам бы над светам не ідзе вялікае змаганне за чалавечае шчасце, быццам бы па нашай роднай зямлі не прайшла вялікая крывавая драма! Ён, як той верабей, які дзяўбе конскае гаўно і думае, што гэта важна ўсяму свету. Сцэны, якія бывалі яшчэ пры табе і Айзіку, цяпер паўтараюцца часта, і з новым натхненнем. Вось і пагавары аб літаратуры!

Вашу газету я атрымліваю і, прачытаўшы, разам з нашай газетай адсылаю Рэні і Іры. Усе яны там прагнуць беларускага слова. Чытаю Лявона Бушму і думаю — няўжо гэта Лявон Бушмар, добры наш знаёмы, выкінуў з прозвішча літару «р» і пайшоў на газетную працу? А што ты думаеш? Відаць падвучыўся, пацёрся паміж людзей ды і гэтае! Перадай яму ад мяне прывітанне. А ці чытаеце вы нашу газету?

Мы цябе, Нонік, усе апошнія дні вельмі ўспаміналі з Дорскім. Ён з Ільінскім прыязджалі ў Маскву і былі тут дзён дзесяць. Справы іхняга тэатра добрыя. Сёння яны паехалі. Я чытаў ім першую дзею драмы. Былі заўвагі, і вельмі слушныя. Заўвагі такія, якія метамарфозы зрабіць з некаторымі персанажамі, каб глядач роў седзячы. Я падумаў і вырашыў паслухаць заўваг. Што ж да майго рамана, то як мае быць ён яшчэ не закончаны, але выйшла вялікая кніга — аркушаў пад дванаццаць.

Пра якія ж навіны яшчэ табе напісаць? Вольскага выклікалі загадваць літаратурнай часткай беларускай оперы. Наш рэдактар ужо не рэдактар, а невядома дзе будзе. Жыву я ў гасцініцы «Масква» і з 12-га паверху мне відзён захад. Калі заходзіць сонца, я думаю, што ў тым ружовым баку Беларусь.

Вялікае прывітанне міламу Іллі Гурскаму. А што да Айзіка, то ты яму, вядома, прывітанне перадай, але я збіраюся яму пісаць сам пісьмо. Цвёрда веру, што неўзабаве збяруся. Бачыш — сабраўся табе напісаць. І яшчэ два прывітанні ад мяне: калі ў вас працуюць Ліля Бегічава і Лена Зіма — мілыя дзяўчаты, якія працавалі ў нас, то скажы ім, што я ім кланяюся.

Атрымаў я быў пісьмо ад вашага Пеці Бялькевіча. Ён разам з Насцяй, і працуе выкладчыкам у школе. Вось яго адрас: п/о Саботки Горьковской обл. Средняя школа № 1.

Бывай здароў, Нонічак. Цалую цябе.

5 красавіка 1942 г. Твой Кузьма Ч.

На ўсякі выпадак мой адрас:

Масква. Арбат, Филипповский пр. 22.

Беларускае Постпредство

К. Ч.

Дарагі Нонік!

Ну што, і як, і дзе парабляеш? А я на ягадах трохі пасуся і патроху папраўляюся. Нічога не рабіў, ані, а апошнія дні пацягнула да працы, дык я час-часом бяруся на паўгадзіны за пяро. Але найбольш сяджу ў гультайстве. А яно, ліха на яго, даволі такі непрыемная рэч. Паглядзеў сабе куст піжмы і наглядаю, як яна расце і ўжо скора зацвіце. Ужо людзі тут кашамі грыбы цягаюць. Хочацца ўжо ў вашу родную кампанію. Каб ты толькі ведаў, якая вялікая асалода трымаць у руках пяро. Учора я пісаў, як у вераснёвую ноч свецяць зоры. Цалую цябе.

26/VІІ. 43. Твой Кузьма.

Нонік!

Заходзіў сёння да цябе, а час-часам званю табе вечарам. Як бы там ні было, нешта з мае фатыгі выходзіць чыстая фацэція ды і годзе, а турбацыя сплывае ў марнатраўства. Найлепшы інтэрас быў, калі ты жыў у Мінску. Тады ты сабе пішаш мне пісьмо, вязеш яго ў Маскву, нясеш пісьмо да мяне — вось і ёсць прычына нам пабачыцца.

Апроч усяго іншага — ці не параіш ты мне, дзе мне льга ўбачыць т. Горава (акадэміка)? З той прычыны, што я часта дома, пазвані, братка, мне ў Якар. Д 31009-27

1 верасня 1944 г. Твой Кузьма Чорны


1926-1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан