epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Мае творчыя планы на 1940 год

У 1939 годзе адбылася ў жыцці беларускага народа вялікая падзея, якая мае непасрэднае дачыненне да нашай літаратуры. Гэта — з’яднанне ўсяго беларускага народа ў адзінай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Мы ўсе марылі аб той часіне, калі на заходняй беларускай тэрыторыі згіне навекі панаванне польскага панства. Але са смуткам думалася: гэта будзе праз доўгі час, можа пройдзе многа дзесяткаў год, пакуль гэта здзейсніцца.

У мінулым 1939 годзе я працаваў над раманам аб жыцці дзвюх родных сясцёр. Адна жыла ў Савецкай Беларусі, а другая ў Заходняй Беларусі. Паводле майго замыслу, кніга павінна была закончыцца тым, што старэйшая сястра з Заходняй Беларусі, пасля гібелі яе сям'і (да гібелі лагічна і заканамерна давёў сям'ю лад польскай панскай дзяржавы), ідзе ў бальшавіцкае падполле, дзе ён, як я думаў, прыйдзецца доўгія гады змагацца за вызваленне свайго народа. Гістарычныя падзеі адбыліся хутчэй чым думалася. І гэта дало новы змест маёй кнізе. Гераіня рамана, заходнебеларуская сястра, становіцца членам Народнага Сабрання, якое ўстанавіла ў Заходняй Беларусі Савецкую ўладу.

Над заканчэннем гэтага рамана я буду працаваць у пачатку новага, 1940 года. Пасля гэтага буду працаваць над раманам «Вялікае выгнанне» — аб імперыялістычнай вайне і падрыхтоўцы Кастрычніцкай рэвалюцыі. Над раманам гэтым я ўжо працаваў ў мінулыя гады. Апроч таго, у планах маёй працы на 1940 год ёсць п’еса на тэму аб вызваленні Заходняй Беларусі з-пад польскага прыгнёту.

Таксама мяркую скончыць у гэтым годзе пачатую яшчэ ў 1938 годзе крытычную працу аб «Новай зямлі» Якуба Коласа — аб гэтым найвыдатнейшым творы нашай літаратуры, які, на маю думку, яшчэ не быў правільна ацэнен.


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан