epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Мяшчане ў густой пары

Дзядзя Стафанковіч пачухаў распараны жывот, шырока растапырыў ногі і ўзліў сабе на голаў ражку цёплай вады.

- Ах, здорава; як маслам па нырках, - сказаў ён весела і з філасофскім выглядам стаў намыльваць сваю жоўтую шыю.

Каб спрытней зрабіць гэтую аперацыю, прыйшлося задраць голаў угору, ад чаго на верхніх палатках, у гарачых хмарах густой пары дзядзя Стафанковіч убачыў нешта шырокае і круглае, чырвонага колеру і буйнага складу.

«Ці не парыцца гэта хто на верхніх палатках? - падумаў дзядзя Стафанковіч і стаў пільна ўглядацца. - Але як ён можа там вытрымаць, у самай гары, - думаў ён, прыглядаючыся, - гэта ж трэба мець нечалавечую голаў, каб выседзець у гэтакай пякельнай моцы, як у яго там шкура, разам з валасамі, не аблезе?..»

Дзядзя Стафанковіч, ахвачаны цікавасцю, падняўся па ўсходах трохі вышэй да верхніх палатак і зразу пазнаў свайго знаёмага - быўшага штабс-капітана пяхотнага палка Еўсцігнея Свірыдавіча Разнюхайліна.

- А-а-а, Еўсцігней Свірыдавіч! - зацягнуў дзядзя Стафанковіч радасна. - А я гляджу, што гэта там такое чырвонае, аж гэта вы. Ну, як жа маецеся?

Разнюхайлін быў у гэты час заняты здзьмухваннем мутных кропель вады са сваіх пруткіх вусоў. Скрозь пару ён уставіў свае круглыя вочы на Стафанковіча і густым басам адчаканіў:

- Можна сказаць, жывём і хлеб жуём, мірна дні свае дажываем. Як гэта даўней у нас у палку спявалі: «Агонь запалю, буду піць, не мяшала б сабаку купіць!» Толькі і ўсяго.

- Толькі і ўсяго, - трагічна паўтарыў дзядзя Стафанковіч і, збіраючыся сказаць нешта больш важнае і як бы сакрэтнае, агледзеў усю лазню з выглядам вельмі тонкага палітыка.

Народу мылася мала. Каля дзвярэй некалькі старэнькіх дзядкоў неміласэрна церлі адзін аднаму рагожамі худыя спіны, трохі далей скроб пад пахамі нехта высокі і тонкі, як спічак. На ніжэйшых палатках парылася двое. Адзін ляжаў спінаю ўгору, другі хвастаў яго распараным венікам. А той варочаўся пад венікам, як япрук, і ўсё камандаваў:

- А та-та-та! Д-давай, давай, давай! Каля лапатак наярвай, кажу табе!

Тут жа, побач, мыліўся Макей Філатавіч Валакіткін - быўшы начальнік нейкай губернскай канцылярыі, а цяпер рэгістратар выступаючых папераў у нейкім бумтрэсце (ці, можа, табактрэсце, хто яго акуратна даведаецца). Больш у лазні нікога не было.

Агледзеўшы ўсю гэтую кампанію, дзядзя Стафанковіч зрабіў «уміліцельны» твар і ціха загаварыў, паглядаючы на Разнюхайліна:

- Справядліва замецілі, Еўсцігней Свірыдавіч, што «толькі і ўсяго». Чалавек я, можна сказаць, такі, што, як кажуць, хлеб-соль еш, а праўду рэж. І калі дзе што якое, адным словам, дык я тут жа, на месцы, гэтае, і больш нічога. Вось гляньце хоць бы на гэтую лазню. Ды ў мяне на Нямізе дом, на Ляхаўцы дом і на Серабранцы дом. А гэта значыць, што я тры дамы маю. А раз я тры дамы маю - значыць, я чалавек, а не які-небудзь пасвісцёл. І даўней, верце маёй совесці, што я тут вось мыюся, а на сэрцы ў мяне ўжо іначай мыецца. Што з мяне лазня параю выцягне, тое я вярну: заўсёды, бывала, пасля лазні, як людзі, пойдзем гуртам ды вып'ем і закусім. Верна, Еўсцігней Свірыдавіч?

- Верна, - адчаканіў з палатак Разнюхайлін.

- Чалавек я, можна сказаць, Еўсцігней Свірыдавіч, прыблізіцельны. Возьмем вось зноў для прыкладу мяне і, разам са мною, хоць бы вас. Вы думаеце, сягонняшняя лазня вельмі нас пацешыць? І нічуць, і ніколі. Яна табе толькі і дасць карысці, што гразь з сябе ў ёй абмыеш. Толькі і ўсяго - як вы, Еўсцігней Свірыдавіч, справядліва замецілі. А дзе ты пасля яе пад гэтае? Як ні круці, а прахладзіцца не ўдасца. Што ты, з расейскаю горкаю разгуляешся? Ды я ўручаю галавою, што вазьмі ты яе кватэрку ды ўлі дзіцяці ў вочы - нічога не пашкодзіць, а не то што каб гэтае. Вада, і больш нічога, я на яе і глядзець не хачу. Адным словам, згадзіўся свет. Гэтак і ўсё.

- Такі храновы свет стаў, - бухнуў басам з густой пары Разнюхайлін, - адным словам, дні свае мірна дажываем, як у балоце...

- І то, скажыце, гаспада, - перабіў раптоўна Разнюхайліна Валакіткін, - што знаходзяцца малайцы, што гатоў ён табе вочы выдраць, калі скажаш, што ўсё гэта не так, як трэба каб было, па палажэнню жыцця. Я чалавек, можна сказаць, пастаронні ў вашай, гаспада, гаворцы, але, пры ўсёй маёй скромнасці, не магу я свайго слова не ўставіць, асабліва калі гавораць паважаныя, будзем лічыць, людзі. Чалавек я пажылы, можна сказаць, век свой пражыў, а начальскі гонар - словам, не то што каб дзелам, не сакрушыў. І даўней, і цяпер. А змаўчаць, калі на тое пайшло, усё ж такі не магу. Адным словам, тут усё справядліва - свет не свет, а чорт ведае што. У Свяшчэнным пісанні ўсё было наперад сказана, і больш нічога.

Высокая фігура дзядзі Стафанковіча ўся была поўна радаснай увагі. Ён аж забыў, што яшчэ не парыўся, і ўсё стаяў на адным месцы і ківаў галавою. Разнюхайлін жа быў сур'ёзны. Ён закруціў свае пруткія, намокшыя вусы, падмыліў калені і лёг на бок, а голаў падняў, каб лепш было слухаць.

- Мне хочацца сказаць, як чалавеку шырокіх поглядаў, - гаварыў далей Валакіткін, - што, як я сказаў, у Свяшчэнным пісанні ўсё было прадбачана. Паўстане народ на народ і царства на царства, і сын стане ворагам бацькі роднага...

- Справядліва замячаеце, - уставіў салодзенькім галаском дзядзя Стафанковіч.

- Не толькі справядліва, а дажа нават чыстая праўда, - загаварыў раптоўна худзенькі дзядок каля дзвярэй, абціраючы мокраю рагожаю намыленыя грудзі, - я ж кажу, чалавек я просты і богабаязнены. Дзякаваць Богу, трыццаць тры гады з палавінаю крамку бакалейную і мучную трымаў, і даводзілася мець дзела з людзьмі ўсіх рангаў і чыноў - пачынаючы старшым чыноўнікам на пошце і канчаючы самым апошнім смаркачом - шаўцоўскім чаляднікам. І што ж вы думаеце? З практыкі, самай сібірнай практыкі, людзей пазнаў і магу гаварыць цяпер, вокам не маргнуўшы... Нашто вам што?! Ды ў мяне ўнук у пінаерах. Чуеце?! Уласны мой унук пінаер. А бацька маўчыць; малы смаркач верх бярэ над бацькам. Ды яжэлі б гэта, скажам, быў мой не ўнук, а сын, дык я яго, сукінага сына, так бы пінаернуў, што ён у мяне хадзіў бы, як падмецены... Гэта жартачкі? Дасць Бог дзень, людзі адзяюцца, а ён раздзяецца - усцягае на сябе нейкія сінія портачкі без калошаў - адна паясніца, ды ідзе маршыраваць па вуліцы. Па Захараўскай вуліцы маршыруе, з голымі лыткамі, у портачках без калошаў, аж усе гізунты відаць. Верце маёй совесці, справядлівы чалавек, яй-права. І нічога сказаць не смей - маё, кажа, права. Крыўда слухаць - малое вашанё, а яго ўжо права. Права ўжо нейкае ён, сукін сын, пазнаў! Што вы скажаце на гэтае права?

- Каму права, каму лева, - пачуўся голас з кутка.

Гаварыў высокі і тонкі чалавек, як спічак. І невядома, што прымусіла яго сказаць гэтыя два словы, - сказаўшы іх, ён зноў увесь увайшоў у сваё дзела: сеў на лаўку і так, як раней, не звяртаючы ні на што і ні на кога ўвагі, стаў паліваць вадой і шараваць шырокімі далонямі доўгія і худыя ногі. І нічога не слухаў, ні на кога не глядзеў, маўчаў і мыўся...

Дзядзя Стафанковіч, пачуўшы яго два словы, раптам прыціх, прысеў на лаўку, пасля ўстаў, пасля зноў сеў і зноў устаў. Падумаўшы трохі, паглядзеўшы на высокага і худога чалавека, ён тарапліва махнуў к сабе рукою рэгістратара Валакіткіна, і ўдвух палезлі на верхнія палаткі к Разнюхайліну. У вялікім узбуджэнні яны ўсе ўтрох пасунуліся ў самы кут і сталі шаптацца.

Першым пачаў дзядзя Стафанковіч.

- Ну, браткі, і папалі, - шаптаў ён скоранька, пырскаючы слінаю з рота і задыхаючыся ад пары і нервовасці, - вось папалі, дык папалі, як м'яла ў кісель. Гэта ж ведаеце, хто? Гэта ж, пэўна, камісар які-небудзь. Нават я прыпамінаю, як хавалі нябожчыка, вечны пакой, Авар'яна Тофілевіча, дык перад самаю працэсіяй быў ён, дарогу ўпоперак з тоўстым партфелем перайшоў. Здаецца, гэта ён быў, так мне ясна памятаецца. А мы тут развялі палітычныя гаворкі, не расчомаўшы, хто ў нас пад бокам мыецца... Я хоць асцярожна ўсё гаварыў, а вы, Макей Філатавіч, вельмі глосне пачалі выказваць думкі свае. У выпадку чаго, дык вы павінны ўзяць віну на сябе, каб цераз вас, часамі, усім нам не пастрадаць.

- Што гэта вы гаворыце, - зашаптаў, засердзіўшыся, Макей Філатавіч, - што гэта я павінен адказваць за чужыя грахі?!. Ды я, калі вы хочаце, маўчаў увесь час, гэта вы першыя пачалі ўсю гэту музыку, а цяпер на мяне ўзвярнуць хочаце. Ды я не пагляджу, што ў вас тры дамы, я магу за знявагу свае асобы зрабіць што хочаце!..

- Не лішне злуйце, - ускіпеў дзядзя Стафанковіч, - вы павінны памятаць, што я гаварыў пра палітыку ўмеючы, вежліва і далікатна; і за маю палітыку ка мне прычапіцца ніхто не мог. А вы ў нейкае Свяшчэннае пісанне зразу ўперліся, як чорт у грэблю, рады, што чыстапсалміе на памяць можаце чытаць. Да я хоць чыстапсалмія на памяць не ведаю, але перад вамі ўручаю, што не падгаджу. А вы дарэмне злуеце...

Дзядок, у якога ўласны ўнук «пінаер», пачуўшы шэпты на палатках, зразумеў усё і сам палез наверх.

- І то, браткі, ліхое, - перабіў ён дзядзю Стафанковіча, - мыецца, ліха яму, і як бы нічога не чуе і не бачыць, а сам усё слухае ды на вус матае.

- Так, храновае дзела выйшла, - грымучым шэптам адчаканіў Разнюхайлін. - Але так нічога не паможа, а трэба павярнуць палітыку ў другі бок.

Макей Філатавіч Валакіткін раптоўна адсунуўся ў куток, пастукаў пальцам па лбу і сказаў:

- Трэба адно к яму падлашчыцца; памыць яго трэба.

- Ваш язык гаворыць мудрасць, - радасным басам грунуў на ўсю лазню Разнюхайлін. І ўсе трое злезлі з палатак.

- Вы, пане Стафанковіч, не лішне лезьце наперад, бо зноў бяды наробіце, - сказаў важна Валакіткін. - Я пачну справу, а вы пасля ўжо гуртам.

Худы і высокі чалавек, ні аб чым не дагадваючыся, мыліў голаў, прыгнуўшыся к лаўцы. Мыльныя рагі цяклі ў яго з галавы па спіне.

Валакіткін, расплыўшыся ў шырокую ўхмылку, ціхенька падышоў к яму і стаў на пальчыках. Той нічога не запрыкмеціў.

- Кхэ-кхэ, - уважліва кашлянуў Валакіткін, каб звярнуць на сябе ўвагу.

Чалавек падняў вочы і зноў апусціў.

- Мыла ў вас, таварыш, рагамі па спіне пайшло. Гэта добра - усю гразь аб'есць.

- На тое яно і мыла, каб ад гразі бараніцца.

- Справядліва сказалі, таварыш... Кхэ-кхэ... кхэ... кхэ... Вось ліха на яго, чалавечыя рукі кароткія - усякае месца на сваім целе можаш памыць, а спіны вось не дастанеш. Дайце я вам, таварыш, спіну памыю.

- Я і сам памыю.

- Вам нявыгадна, дайце я. Давайце рагожку... Просценька вы мыецеся - рагожкаю... Прастата - гэта дабрачыннасць. Давайце, таварыш, адну рагожку.

Валакіткін упіліўся ў рагожку і стаў цягнуць к сабе. Чалавек не паддаваўся. І тут жа падаспела дапамога Валакіткіну: справа падскочыў Разнюхайлін, злева дзядзя Стафанковіч. А дзядок не знаходзіў месца, дзе б уляпіцца, і бегаў, як апараны, вакол.

- Што вы маеце да мяне?!.

- Нічога, таварыш, давайце рагожку.

- Ды вось мая рагожка, - вылепетаў дзядок.

- Станавіцеся, таварыш, ракам або прыпірайцеся рукамі на лаўку і падстаўляйце спіну.

- Ды я не хачу, я сам, я не прашу вас!

- Скромнасць таксама, як і прастата, дабрачыннасць. Падстаўляйце спіну.

Яны сілаю павярнулі чалавека к сабе спінаю і пачалі мыць. Абкацілі вадою, абмылілі нанава і пачалі шараваць. Дзядзя Стафанковіч вадзіў па спіне рагожаю, Макей Філатавіч намыльваў, дзядок паліваў вадою, а Разнюхайлін камандаваў:

- Так, так, пабольш мыла кладзі на шыю, вось тут шмаргані, ніжэй, ніжэй; а ты вадою пад лапаткі боўтні, ды толькі не бяры кіпню, каб не апарыць таварыша!..

- Гвалт, людзі, ратуйце, пусцеце, браткі, што я зрабіў вам... А-я-яй!.. Да я на вас заяву падам!!!

Усе ўчатырох адскочылі ад чалавека, а той, зарадаваўшыся вызваленню, кінуўся раптам за дзверы і пачаў адзявацца.

- Што яму за ліха, ды ён папраўдзе як бы баіцца нас, - паціснуў плячыма дзядзя Стафанковіч.

- Нічога не баіцца, а палітыку вядзе, - грунуў басам Разнюхайлін. - Ідзіце хто паглядзіце, хто ён такі: ваенны ці штацкі?!

Дзядзя выйшаў за дзверы.

Чалавек, адзеты ўжо ў старыя салдацкія палатаныя порткі, паспешна нацягваў на левую нагу парваны бот, увесь запэцканы гразёю і гноем.

Дзядзя, атарапеўшы, шмыгануў назад.

- Браткі ж мае, гэта ж абарванец нейкі!

- Ну?!!

- Яй-права!

Усе выскачылі за дзверы.

- Да вы хто такі? - запытаў Разнюхайлін.

- Я тут служу.

- Па штацкай ці па ваеннай?

- Па штацкай.

- А кім служыце?

- У заезджым доме Гірша Дрэйзіна на Нямізе, дворнікам - гной, значыць, падчышчаю пасля коней.

- Фу ты, чорт!

Чалавек паспешна схваціў пад паху шапку і жакетку і баязліва выскачыў за дзверы.

Забыўшы абмыць з сябе распараную гразь і мыла, усе ўчатырох сталі адзявацца.

Не гледзячы адзін на аднаго, моўчкі, па аднаму, сталі выходзіць.

І як, выходзячы, дзядзя Стафанковіч вінавата глянуў на Разнюхайліна, той апусціў вочы і прабарматаў:

- Так, ядры яго дагары, маржовае дзела выйшла.

 

1924


1924?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая