epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Мураваны скляпок

Пра Тоню Базылькевіча прывыклі гаварыць, што ён можа варочаць горы. Вядома, гэта было перабольшванне справы. У гэтай мясцовасці нават і гор ніякіх няма, шмат толькі лесу. Так што горы не горы, а бярвенне Тоня Базылькевіч мог сапраўды добра варочаць. За сваё жыццё ён бярвення папаварочваў і карчоў папакарчаваў. Як задумаў вымураваць сабе скляпок на бульбу, то нешта з год усё каменне на полі збіраў. Нават і вялікія камяні, якія цяжка было і павярнуць, ён браў адзін. Ён быў цягавіты і працавіты. Калі ехаў, бывала, на начлег з канём, то не садзіўся на каня конна, а запрагаў у драбіны, клаў салому, а наверх плуг ці барану. І пакуль была ноч і конь пасвіўся, ён спаў на возе, а як толькі займацца пачынала на дзень, ён ужо араў. Так што пакуль людзі павыязджаюць, бывала, на поле, Тоня Базылькевіч загон і ўзарэ.

Ён асірацеў тады, калі яму было дваццаць год. Бацька і маці памерлі ў адно лета. Тоня астаўся адзін пасярод гаспадарскай няўладжанасці: трэба было і скляпок дамураваць, і падваліны ў хаце змяніць, і хляўчук новы паставіць. І ён яшчэ больш увайшоў у сваю бесперапынную цягавітасць. Ён не ведаў светлай гадзіны, думаючы толькі пра тое, што, быць не можа, зробіць ён усё, што хоча і што надумаўся зрабіць, стане калі-небудзь і спаць, колькі трэба чалавеку, і на лепшым кані ездзіць.

Аднойчы, праціраючы ад пылу вочы і абліваючыся потам ад гарачыні, ён вёз дадому каменне. На вуліцы стаяў натоўп.

- Тоня! - гукнулі яму. - У салдаты збірайся, вайна!

Ён анямеў. Сэрца яго быццам упала на сваё месца з нейкай страшэннай вышыні і зноў паднялося туды ж, каб зноў падаць. Уз'ехаўшы на двор, ён не заўважыў ні ўкопанага ўчора на брамку ў агарод новага шула, ні маладзенькай рабінкі перад вокнамі. У страшэнным смутку ён перабыў дзень, а назаўтра, яшчэ сцямна, паклікаў перакупшчыка, прадаў шмат што з гаспадаркі і паехаў за дваццаць вёрст у горад, да доктара, якому некалькі год яшчэ да гэтага вымуроўваў печы ў новым доме. Тоня быў да шмат чаго майстар, а доктар рыхтаваўся да старасці і выбудаваў сабе ўласны дом.

Доктар пазнаў Тоню, але гэта мала памагло справе: усё адно цана была загароджана здаравенная. Тоня паспрабаваў як умеў далікатна і лісліва патаргавацца. Але тут жа ўбачыў, што гэта яму не перакупшчык, і змоўк. Доктар даў яму чагосьці выпіць і сказаў прыехаць праз дзён пяць, а пакуль што ляжаць у пасцелі.

Тоня Базылькевіч пяць дзён скардзіўся на боль у жываце - і сапраўды яму, небараку, прыйшлося крута. З сям'і яго была толькі сястра, і яна ціхом плакала, шкадуючы брата.

Людзі пайшлі ў салдаты, а Тоня астаўся правіцца. На шосты дзень сястра завезла яго да таго самага доктара і там пакінула. Доктар паклаў яго ў сваю ўласную бальніцу і сказаў:

- Можна бараніцца ад салдат вачыма, жыватом, грудзьмі - чым хочаш. Выбірай, толькі не марудзь, мне часу няма.

Тоня падумаў: зачапі жывот, то працаваць не будзе як. З папсаванымі грудзьмі таксама доўга не пацягнеш. І ён выбраў вочы. Вочы ўдаліся добра, можа, нават больш як трэба. Тоня пачуў ад доктара:

- Цяпер у салдаты не пойдзеш. Бачыш няважна, але, як скончыцца вайна, я табе гэтыя вочы зноў пастаўлю на месца.

Стала і глыбакадумна Тоня Базылькевіч явіўся дадому і зноў узяўся за перарваную няшчасцем работу. Бачыў ён цяпер толькі зблізку, здалёк усё было як у тумане. З сенечнага парога ён зусім не бачыў новага слупа, пастаўленага ў агароднай агароджы; да яго трэба было прырабіць брамку. Апанованы страшэнным смуткам, Тоня пайшоў у той бок, дзе стаяў слуп. Свінні пакорпалі навокал зямлю, першая ад разгароджанага месца града была здрасавана ўшчэнт. Хлеў быў адчынен, і там было пуста - карова пайшла ў перакупшчыцкія рукі, а грошы за яе ўзяў доктар. Усё, што было набыта такой упартай працай, пайшло марна. Праўда, Тоня Базылькевіч не ў салдатах, не на вайне, але затое - і набытку няма, і вочы не свецяць. Тонеў смутак вырас удвойчы. Ён не мог адразу акінуць вокам сваёй раптоўнай спустошанасці і пачаў хадзіць з аднаго кутка сваёй сялібы ў другі, разглядаючы ўсё хворымі вачыма. Трэба было ўсё пачынаць спачатку - старацца, не спаць, мазалі націраць - набываць. І як толькі гэтая думка выясніла перад ім такі стан рэчаў, зноў устрапянулася і ажыла ранейшая цягавітасць і працавітасць. Роўна праз хвіліну Тоня Базылькевіч біў з-за вуха абухом па коллі, канчаючы агароджу. У агародзе лапушыўся гарбузеннік. На градах ляжалі гарбузы і гуркі. І хоць Тоня Базылькевіч ужо не мог са свайго месца разгледзець іх, ён усё ж адчуваў свой агарод: з яго цяклі запахі. Гэта паменшыла яго смутак. Пасля падзьмуў вецер, запахлі з-за гумен каноплі, і Тоня Базылькевіч яшчэ мацней пачаў біць абухам, поўны ўпартай волі працаваць да сёмага поту.

У гэты момант пачуўся з двара скрыпучы голас:

- Дзяндобры, пане Базылькевіч.

Пане Базылькевіч, забыўшыся на недасканаласць сваіх цяперашніх вачэй, азірнуўся і нікога не ўбачыў. Але з голасу ён пазнаў, што дзесьці ў глыбіні двара ідзе да яго мельнік Сымон Бірыла. Так і ўяўлялася Тоню, што доўгі і тонкі, як прут, Бірыла, пачухваючы пальцам шыю, шырока сцібае нагамі дзесьці яшчэ каля хатніх сянец.

- Добра здароўе! - абазваўся Тоня і, каб не траціць марна часу, зноў падняў угару абух.

- Чаго я да цябе, пане Базылькевіч, прыйшоў, - загаварыў Бірыла, працягваючы Тоню руку.

- Ну чаго?

- Тут, пане-браце, такая загваздка выходзіць, што ці не ўзяўся б ты мне малатарню паправіць?

Тоня Базылькевіч быў добры майстар на такія рэчы, і душа яго ў гэты момант устрапянулася: калі ўдзень працаваць дома, на сваёй гаспадарцы, то ўночы пры агні можна пры Бірылавай малатарні. А часамі можна і ўдзень часіну ўварваць. Адмовіцца ж ад такой работы нельга, гэта само шчасце ідзе ў рукі чалавеку, гэта жывы заработак! Работа зробіцца, час пройдзе, а заробленыя грошы ён аберне на заняпалую гаспадарку.

- А многа ў саміх работы каля малатарні?

- Хадзем паглядзім.

Пайшлі аглядаць. Выявілася, што там трэба ўстаўляць усе кулакі, самае кола трэба перасыпаць, шасцярню зрабіць зусім новую, ды і барабан занадта ўжо нешта гайдаецца ў бакі, калі пхнеш яго рукой, - і яго трэба падмацаваць.

- Тут жа многа работы! - радасна заявіў Тоня Базылькевіч, ужо дыхаючы паветрам вялікага заработку.

- Ну, што трэба, тое зробіш.

- Гэта ж выходзіць, што, можна сказаць, палавіну малатарні трэба нанава зрабіць!

- Ну якая там, пане Базылькевіч, палавіна?

І яны пачалі таргавацца. Вытаргоўвалі спачатку па рублю, пасля па паўрубля, пасля спрачаліся хвілін пятнаццаць за дзесяць капеек. І от нарэшце старгаваліся. Тоня Базылькевіч пабег дадому канчаць гарадзіць плот.

- Толькі ж, пане Базылькевіч, вы не марудзьце тут мне з малатарняй, самі ведаеце - восень на носе, малаціць трэба будзе.

- Бог дасць, зраблю, - гукнуў у адказ Тоня Базылькевіч.

Да вечара ён яшчэ паспеў дагарадзіць плот, на змярканні выехаў з драбінамі і плугам на начлег, досвіткам і пакуль не ўзнялося сонца араў, пасля прыехаў дадому і пайшоў даводзіць да парадку Бірылаву малатарню. Так пайшлі дні. Тоня Базылькевіч сляпіў свае хворыя вочы ўночы пры агні, вычэсваючы кулакі. Малатарню ён упарадкаваў і пайшоў разлічацца з Бірылам.

- Я табе, пане Базылькевіч, дам цяпер палавіну грошай, а рэшту аддам увосень, як намалачу і прадам.

- Можна і так.

Увосень, пасля таго як дзень пры дні папагула спрытна наладжаная Бірылава малатарня, Тоня зноў пайшоў па грошы.

- Пачакай, пане-браце, да замаразкаў, - скрывіў набок дробную галаву Бірыла. - Мы, пане-браце, я ж кажу, сварыцца і па судах цягацца не будзем.

- Добра, - сказаў Тоня Базылькевіч. - Мне абы па судах не цягацца.

Пасля замаразкаў нападаў снег, і Тоня зноў пайшоў да Бірылы.

- А ведаеш, пане-браце, - сказаў гэтым разам Бірыла, - нешта мне, як той казаў, не выходзіцца цяпер з грашыма. Хіба ты, пане Базылькевіч, пачакай крыху. Бог дасць здароўе, то аддам, не такі я чалавек, каб на чужое квапіць.

- То вы ж, пане Бірыла, чорт што збожжа прадалі!

- Мне трэба на гаспадарскі абыходак, мне трэба гаспадарку трымаць, каб не спусціцца з яе. Я аддам, але брыдка, пане Базылькевіч, лезці да чалавека з нажом да горла. А калі чалавеку не выходзіцца, тады як?

- Тады я ў суд падам.

- У суд? А чаму гэта ты не на вайне, пане Базылькевіч? Усе ваююць, а ты дома сядзіш?

Збянтэжаны і ўстрывожаны Тоня змоўк, пасля ледзьве выгаварыў:

- У мяне вочы хворыя. Мяне камісія забракавала.

- А ці дорага гэтая камісія абыходзіцца? Можа б, я свайму швагру нараіў бы, дзе той камісіі шукаць?

- Можа, вы мне, пане Бірыла, усё ж такі аддасце грошы?

- Дурань ты! Ты злупіў з мяне такую цану, што... Тым часам!

- Вы не аддасце?

- Я чужога не хачу.

- Калі ж вы аддасце?

- Я на чужое не кваплю.

- Калі ж мне зайсці да вас?

- Мне чужога не трэба.

Такім парадкам прайшла і зіма, і вясна, і лета, а Бірыла ўсё гаварыў Тоню, што ён на чужое не квапіць, а калі Тоня ўзвышаў голас, то Бірыла пытаў, колькі каштуюць Тонікавы вочы. Тонік нарэшце не вытрымаў. Аднойчы звечара ён выехаў на начлег. І прыехаў у той палетак, дзе даспяваў Бірылаў авёс. Цэлую ноч ён пасвіў каня ў гэтым аўсе, а пад дзень сеў конна і разоў пяцьдзесят прагнаў каня дробным трухам туды і назад уздоўж палетка. Бірылаў авёс ляжаў, як пласт, скручаны, зблытаны і змалочаны конскімі капытамі. Тонеў конь абліваўся потам. Тоня явіўся дадому і трывожна ўзяўся за работу. Бірыла прыйшоў к яму апаўдні.

- Дзе ты сёння свайго каня ўночы пасвіў?

- На пакошы каля рэчкі.

- Чаму ж у мяне загона аўса няма?

- А адкуль я ведаю?

- Галаву зніму!

- Знімі сабе, - адрэзаў Тоня, даведзены да роспачы хворымі вачыма, Бірылам і нязвыклай справай глуму чужога ўраджаю.

- Гэта ты мне такую шкоду зрабіў!

- Што ты выдумляеш?

- Ты!

- Брэшаш! Абармот! Гад! Ашуканец! Падай мне мае грошы!

Раз'юшаны Тоня Базылькевіч хапіў даўбешку і кінуўся да Сымона Бірылы. Той ледзьве паспеў выскачыць на вуліцу. Такім парадкам яны затаілі адзін да аднаго нянавісць. Яна цяглася праз гады і ніколі не скончылася.

К канцу вайны Тонік Базылькевіч набыў у сваю гаспадарку тое, што было патрачана на вочы. Вайна скончылася, і трэба было падумаць, каб ранейшыя вочы назад вярнуць. Але на гэта зноў трэба рашаць шмат што з гаспадаркі, каб пасля зноў такім горам і бядой набываць. Яго мучыла думка пра гэта. Калі ён праходзіў па загуменню і глядзеў на зробленую ім Бірылаву малатарню, нянавісць душыла яго. Малатарня стаяла - новая, моцная, удалая, зробленая добрым майстрам з поўным сумленнем. Спакайнеў ён толькі дома, калі бачыў, што яго набытак зраўняўся з тым сваім даваенным станам, калі яшчэ Тоня не браўся за свае вочы. Тады гэтага чалавеку было мала, цяпер гэта было пачаткам уцехі. Пакрысе ж набытак стаў яшчэ падвышацца.

«Толькі вочы! Але як іх будзеш лячыць? Доктар возьме за гэта не менш, чым узяў тады, калі псаваў іх. Не, няхай яно згарыць, - падумаў Тоня, - пачакаю, пагляджу, падумаю».

Можна вылічыць, колькі яму было к гэтаму часу год. Сястру ён аддаў замуж. Трэба было самому спяшаць жаніцца, каб не сплылі марна лепшыя гады. Пачакаць яшчэ некалькі год, і гатова ўжо быць позна.

І от ён пачаў сягды-тагды даходжваць да сваёй ранейшай Насці. «Ранейшай» таму, што ўжо год за шэсць да гэтага ён меўся выбраць часіну і пасватацца да яе. Але хоць яго і мучыў смутак па ёй, гэтая часіна так і не падабралася: трэба было дамуроўваць скляпок, трэба было вазіць з лесу бярвенне, каб зарабіць грошай на аддачу даўгоў за прыкупленую дзесяціну зямлі, трэба было і сабе прызапасіць дрэва. Многа чаго трэба было! Часамі ён тады прыходзіў да Насці, браў яе за руку, стараўся, як умеў, паказаць усялякімі намёкамі, што любіць яе, і мучыўся, што няма як яшчэ жаніцца, бо нічога ж у яго яшчэ не ўладжана.

Цяпер ужо быў і скляпок дамурован, і хляўчук пастаўлен, і новыя падваліны ў хаце, конь някепскі - можна было жаніцца і абсямейвацца, але нагадзілася новае няшчасце: к гэтаму часу ён ужо быў не проста Тоня Базылькевіч, а Тоня Дойла. От як адбылася гэта змена Тоневага прозвішча на мянушку.

Раз, у гарачы поўдзень, ён вёз з лесу даўжэзную хвою. Конь так змучыўся ў хамуце ад цяжкасці воза і ад балючай назолы аваднёў, што ў вуліцы стаў і не мог нейкі час крануцца з месца. Запараны да сёмага поту, Тоня Базылькевіч прысеў на дзеравячыну і охнуў:

- Ох, каб ты выгарала!

І пачаў выціраць рукамі лоб. Перадыхнуўшы з хвіліну, ён пачаў падварушваць каня.

- Но, малы, но! - пагукваў ён, як і заўсёды, нікога і нічога не заўважаючы навокал сябе, апроч таго, чым заняты.

- А браткі, а дойла ж ззаду вісіць! - пачуўся голас нейкага дванаццацігадовага ўрвіцеля.

- Якое дойла, у каго?

- У каго ж! У Тоніка Базылькевіча.

- Але, хоць ты падой яго, - спавагу абазваўся сталы гаспадарскі голас.

Тоня Базылькевіч азірнуўся і ўбачыў, што навокал яго аж кіпіць натоўп дзяцей, а наводдалек стаіць гурт мужчын.

- А ў яго заўсёды штаны вісяць, як у каровы вымя.

Хтосьці зарагатаў, а самы сталейшы заўважыў:

- Вядома, чалавек вечна пры рабоце. Няма часу носа ўцерці, а не то каб штаны там яшчэ падцягваць.

З гэтага моманту ўсе пачалі бачыць тое, чаго раней не бралі на ўвагу; сапраўды, у вечна занятага сваёй работай Тоні Базылькевіча штаны ніколі не бываюць на сваім месцы: крэсла абвісае да кален. І ён, з-за клопатаў, не заўважае гэтага.

Увечары пад яго акном ішла работа. Натоўпам дзеці (а сярод дзяцей былі і не зусім дзеці: адзін з такіх «не зусім дзяцей» меў сорак тры гады, лысіну і сівыя вусы) кішэлі на Тонікавай прызбе. Кожны стараўся сапхнуць другога з прызбы пад акном, заняць яго месца, замест яго самому ўкласці губы ў шыбу і гукнуць на ўсе жылы:

- Дойла!

У першы вечар Тоня Базылькевіч яшчэ нічога не разумеў. У другі вечар ён пачаў здагадвацца, а ў трэці вечар ён ужо ганяўся па вуліцы з дручком.

- Дойла! Дойла! - аж разлягалася на ўсю вуліцу. Што ён ні рабіў, гэты Тоня Базылькевіч: і скардзіўся крыкуновым бацькам, і скардзіўся крыкуновым дзецям, і стараўся не браць на ўвагу - нічога не памагала. Даволі было яму хоць раз выйсці з цярплівасці і выскачыць на вуліцу з цапільнам ці з млёнам, крык «Дойла, Дойла!» пачынаўся з новай сілай. Так што канец вайны і рэвалюцыю Тоня Базылькевіч спаткаў ужо з як мае быць усталяванай мянушкай.

- Здарова, Насця, - сказаў Тоня Базылькевіч, хітра ўсміхаючыся. «Зараз скажу табе такое, ад чаго ў цябе закружыцца галава і затрапечацца сэрца», - гаварылі ўсе выразы яго твару.

Насці кінулася ў вочы, што ў яго над вухам некалькі сівых валасоў. Яму кінулася ў вочы, што ў Насці занадта ўжо нешта падазроныя дзве маршчынкі каля пераносся: па адной пад кожным вокам.

Можа б, пераборлівая Насця, маючы на ўвазе свае маршчынкі пад вачыма, і была б інакшая ў дачыненні да Тоні, каб ён адразу не ўзяў такога заліхвацкага тону. А то ён спачатку нейк вельмі ж нястала падміргнуў Насці некалькі разоў, пасля, думаючы ўзяць яе жартам, пекануў ёй у самае сэрца:

- Што ў цябе пад вачыма робіцца?

- Чаму, можа, у сажу запэцкалася?

- Дзе там у сажу! Раўчукі ад старасці!

Вядома, Тоня Базылькевіч, ды яшчэ і Дойла! Ён прывык бярвенне варочаць, а не далікацтва каля дзяўчыны мець.

«Якая там к чорту старасць, - думаў ён, ядучы вачыма яе локці, шыю і ногі, - такая яшчэ дзявуха, што чорт ёй і рады дасць».

Тоня падсунуўся бліжэй. Насця маўкліва глядзела сабе пад ногі. Тоня двума словамі сфармуляваў тое, што яна апошні час адчувала. Гады праходзяць, даўно пара замуж. Можа, нават хоць за гэтага самага Тоніка, які калісьці сапраўды яе любіў. Яна гэта добра ведала.

Яна яго тады таксама сапраўды-такі, калі цяпер падумаць, можна сказаць, любіла. У кожным разе, яна тады хацела, каб ён часцей прыходзіў, каб трымаў яе за рукі. Але як жа за яго ісці было замуж, каб ён нават і пасватаўся? Ірвацца з ім у такой нечалавечай рабоце? А не рвучыся, то навек прападзеш: пойдуць дзеці, трэба будзе іх адзяваць і карміць, трэба будзе даць ім у рукі які-небудзь спосаб жыць. Зямлі даць? А дзе яе ўзяць?

Вядома, з такой дакладнасцю Насця ніколі не думала, але атмасфера такога абмеркавання навісала, стварала пэўныя настроі і паставіла перад вачыма постаць Тоні Базылькевіча ў святле яго вечнай заклапочанасці, неахайнасці ад вечнай работы, яго няроўнай паходкі, як быццам яго ногі былі так натруджаны, што на іх і стаяць спрытна ўжо нельга. Так дваілася Тонева постаць. Чым больш да яго гарнулася душа, тым больш паміж імі вырастаў парог. І нарэшце Насця пераканала сябе: нічога не павінна быць у яе з Тонем. А тым часам Тоня не пасватаўся, і так усё ўсталявалася. Аднойчы за Насцяю пацягаўся крыху нейкі заезджы семінарысцік. І гэта надало яе думкам выразны паварот: прыгажосці сваёй яна ніколі не будзе губіць з Тонем Базылькевічам. На свеце ёсць настаўнікі, чыноўнікі на пошце. А то яшчэ падкруціўся малады ляснічы і пачаў на яе прыглядацца. І хоць ён быў проста-такі непрыемны на выгляд (дзюбасты нос і барада як прыпек у добрай варыстай печы), але ж затое ён ляснічы! Ён падараваў ёй два флаконы духоў - «Резеда» і «Букет моей бабушки». Дзе ўжо там было небараку Тоню ўлазіць у гэтую «резеду».

Цяпер Тоня шапнуў Насці:

- Нагніся, Насця, нешта скажу на вуха.

«Зараз нагнецца, я скажу, каб ішла за мяне замуж, яна, мусіць, будзе маўчаць, я абніму яе, тады яна прыціснецца да мяне, і скончан увесь інтэрас». Так думаў Тоня Базылькевіч. А тым часам Насця і сапраўды як бы пачала нахіляцца да яго, але толькі на тое, каб угледзецца ў яго валасы над вушамі і сказаць зусім не такім тонам, якім ён гаварыў ёй пра маршчыны пад вачыма:

- Ты калі ў люстэрка глядзішся ці не?

- Чаму ж не, гляджуся.

- То ты, мусіць, ведаеш, які ты стаў дэраш?

Тоня раптоўна адшатнуўся ад Насці, уставіўшыся вачыма ў аконную шыбу. Так ён адчуў паміж сабою і Насцяй холад. Насця была злосная, але менш за ўсё на Тоню. Злосная яна была на сваё дзявоцтва і на першыя маршчынкі пад вачыма.

Яны сёе-тое гаварылі, найбольш маўчалі. Такі паганы стан цягнуўся з гадзіну. Нарэшце Тоня адкінуў усе жарты ўбок і ціха выгаварыў пра свае намеры. Злосная Насця падумала: «Некалькі год ты і носа не паказваў, а гэта так, адразу». Можа, яна хацела яго толькі памучыць, каб пасля даць яму згоду. Гэта не так важна. Важна тое, што яна адсекла яму адразу:

- Як жа я пайду за цябе? Ты ж цяпер ужо Дойла. Хочаш, каб мяне Дойліхаю дражнілі?

Тоня быў зняважан да канца. Ён устаў і сказаў:

- Як быццам ты без мянушкі! Разяда! Цябе ж усе і завуць так з-за тых тваіх смярдзючых духоў, якімі ты ўсім некалі хвалілася. Стаўбуней сабе ў дзеўках, разяда аблезлая.

І пайшоў са смуткам па ёй і па сабе. Яна адчувала сябе не лепш.

Страшэнны смутак мучыў яго доўга, але не ён пачаў абуджаць і варушыць думкі. Паварот справе дала новая мянушка. Праўда, яна была дадзена не самому Тоню, а яго каню. Але выгаварвалася заўсёды ў спалучэнні з Тоневай мянушкай, а гэта было яшчэ горш. Аднойчы, святочным днём, Тоня сядзеў адзін на сваёй прызбе і думаў: «Пайду зараз да Насці, адкрыю ёй душу, годзе мне мучыцца». Ён быў як прыглушаны. З яго думак не сыходзіла Насця, адзетая ў белае, - такую ён бачыў яе неўзабаве да гэтага моманту. Тым часам з выгану цягнуўся дадому Тонеў конь. Тоневы вочы, не лечаныя да гэтага часу, зусім аслабелі. А конь яго быў белы, так што Тоня не распазнаў, што гэта такое белае мільганула ў яго перад вачыма пасярод вуліцы. І язык яго выгаварыў на ўсю вуліцу тое, што гняло яго сэрца.

- Здарова, Насця! - гукнуў Тоня, махнуўшы шапкай свайму каню.

На суседняй прызбе грунуў рогат і не сціхаў, можа, з гадзіну. Некалькі вышчараных вусастых рыл тут жа рушылі да Тоні і, зазіраючы ў яго акамянелы твар, рагаталі бесперастанку. Найбольш стараўся мельнік Сымон Бірыла. Той аж бокі драў сабе з рогату. Можна было бачыць, што мельнік знайшоў тут сабе чаканую праз гады ўцеху. Памучыўшыся з паўгадзіны, анямелы Тоня ўстаў і, не ведаючы, дзе дзецца, паспрабаваў яшчэ пашукаць разрыўкі ў рабоце. Ён сеў на свайго каня і паехаў на ім назад на выган. Але як толькі ён выткнуўся на кані са свайго двара, з-за шула вылезла Бірылава вусатае аблічча і аж заенчыла на ўсю вуліцу, захлёбваючыся рогатам:

- Дойла на Насці едзе!

Тоня з усіх сваіх сіл разануў рэменем па ні ў чым не віннай конскай галаве.

З гэтага моманту Тонікавага каня празвалі «Насця», а ў Насці пад акном у той вечар крычалі:

- Насця! Насця!

- Гэта ж яе імя, - гаварылі сталейшыя людзі, але нічога не памагала. У гэтым і была ўся музыка, што імя ператварылася ў мянушку. Даволі было Насці выйсці на вуліцу, як адкуль-небудзь чуўся крык:

- Насця!

Праз некалькі дзён яна прыбегла з плачам, злосцю і крыкам да Тоні, але ён затупаў нагамі і прагнаў яе, не пусціўшы нават і на ганак. Моцна плачучы, яна пайшла назад на вуліцу. Штосьці зварухнулася ў яго сэрцы, і ён следам за ёй паказаўся з двара. Напэўна, ён хацеў ужо вярнуць яе назад, але ў гэты момант недзе з-за вуглоў галасоў пяць залямантавалі:

- Дойла! Насця! Дойла! Насця!

Тоня рвануўся назад у двор, схвастаў ламачынаю свайго каня і з енкам «Божа мой, Божа, да чаго я дажыўся» зачыніўся ў адрынцы і пралежаў там на саломе з паўсутак. Ён глядзеў у цёмную страху і думаў пра сябе і людзей. Паканчаліся войны, прайшлі рэвалюцыі, людзі паварочаліся з франтоў, былі партызанамі, пазаслужвалі ордэны, пажаніліся, гадуюць дзяцей, пайшлі вучыцца. Зараз два сыны Тоневага суседа будуць дактарамі, а ён... Нават Насця, колішняя дарагая Насця, плача і скардзіцца, што ён прычыніўся да таго, што яе імя ператварылі ў мянушку.

Тоня ўсхапіўся з саломы і выскачыў на двор. Работа валілася з яго рук. На чорта рабіць. Трымаючыся аберуч за галаву, ён пайшоў у глыб двара. Там важна стаяў сабе пад сваёй страхой даведзены да поўнага ладу мураваны скляпок. Здавалася, што нават і страха яго служыць па-заліхвацку набакір. Каб ён быў выгараў, гэты скляпок, уся гэтая драбяза, якая жыццё глынула і шчасця не дала! Тоня ўбег у хату і кінуўся да люстэрка. На яго глянуў аброслы, каравы твар, злямцаваныя валасы, сарочка чорная, як скаварада.

«Якое дзіва, што Насця не горнецца да мяне!»

Яму стала праціўна ўсё, работу ён зненавідзеў, корпаўся на ёй нехаця, абы не пайшло ўсё марна. Тоня хадзіў як атручаны.

Кончылася восень, усталёўвалася зіма. Тоня Базылькевіч яшчэ ніколі не меў такога суму. Ён не мог вытрымаць у адзіноце свае хаты. Ён усё часцей і часцей заглядваў у люстэрка, праз кожныя дзён чатыры пачаў брыцца, вечарамі, прыадзеўшыся, выходзіў на вуліцу. Праўда, ні да якой кампаніі ён не прыставаў: ён быў старэйшы за ўсіх тых, што збіраліся вечарамі гуляць, і яшчэ баяўся, што сярод хлопцаў знойдуцца тыя самыя крыкуны, што могуць абсмяяць яго мянушкай. Папацёмку ён праходзіў некалькі разоў з канца ў канец вуліцу, па шмат разоў спыняўся супроць Насцінай хаты, стараючыся разглядзець праз асвечаную з сярэдзіны шыбу, што там робіцца і чым занята Насця.

Аднойчы, стоячы так пасярод вуліцы і прыглядаючыся да акон Насцінай хаты, ён пачуў недзе як бы нейкі трэск. Было падобна, што дзесьці, не зусім далёка, ломяць дзверы або трашчыць так што драўлянае. Гукі ішлі як бы з глыбіні Бірылавай сялібы (Бірыла жыў праз некалькі хат). Вядома, каб гэта калі-небудзь раней, хоць бы тады, калі дамуроўваўся пакрысе скляпок, Тоня аніяк не ўзяў бы на ўвагу нейкага там шуму з Бірылавага двара (нават і з чыйго-небудзь іншага). Цяпер жа трэба мець на ўвазе тое, што рабілася з гэтым чалавекам. Ён быў як бы ў атмасферы нейкага рэзруху. Так бывае ў доме, з якога толькі што вынеслі хаваць нябожчыка. У гэтыя дні Тоня Базылькевіч нават раз зранку, толькі што ўстаўшы, трымаючы ў руках збанок з вадой, каб прамыць твар і вочы, ні з сяго ні з таго высвістаў раптоўна разоў тры кракавяка, чаго з ім ніколі за ўсё жыццё не было. Трэба думаць, што думкі яго так ішлі навалай, што ён сам не заўважыў свайго кракавяка, прынамсі, ён хвілін тры прастаяў у акамянелай позе са збанком у руках. Цяпер ён, чуючы нейкі падазроны трэск дзесьці ў нетрах Бірылавай сялібы, падаўся адразу туды. Ён ясна ведаў, што асабіста яму няма ніякай справы да гэтага. Але тут можа быць так: там робіцца што-небудзь важнае - можа, крадуць што, ці так што падобнае. Тады ён, дасканала дазнаўшыся пра гэта, кінецца туды, дзе гуляюць хлапцы і дзяўчаты. Уся кампанія пойдзе туды - і от ужо Тоня Базылькевіч натуральна ўвайшоў у гэтую кампанію. Само сабой выйдзе так, што ён астанецца там. І, напэўна, такая яго ініцыятыва ў гэтай справе зробіць тое, што ніхто не гукне на яго мянушкай, ніхто не будзе пытацца, чаму гэта ён раптам пачаў шукаць кампаніі, цягнуцца да моладзі, прыглядацца да дзяўчат, хадзіць вечарамі па вуліцы. Тоня выйшаў на загуменне і пералез цераз Бірылаў жардзяны плот. Клён стаяў голы, сухое бадылле на ўзмежку растапырвалася ва ўсе бакі і чаплялася за ногі. Па няроўнай мёрзлай зямлі пустога капусніку Тоня Базылькевіч падышоў да самага Бірылавага гумна. У гумне гарэў агонь. Тоня ўставіў вока ў шчыліну - мала што ён мог разгледзець так сваім хворым вокам. «Няўжо зладзеі будуць паліць агонь?» Ён абышоў навакол гумна і падышоў к дзвярам. Яны былі зачынены, але ў іх у адным месцы быў выламан кавалак дошкі. Тоня глянуў праз дзірку ў сярэдзіну. Доўгі, як жэрдка, Бірыла стаяў непадалёк ад дзвярэй, пры левай сцяне, і штосьці калупаўся ў малатарні. «Сам гаспадар, якое дзіва, што...» Тоня плюнуў і пайшоў назад. Але не ступіў ён і трыццаці крокаў, як шкрабануліся дзверы, святло пабегла ў шчылінах сцен, пасля пайшло палосамі па зямлі. Бірыла ішоў пад паветак, у манеж, дзе ўпрагаліся ў малатарню коні. Раптам зноў пачало трашчаць дрэва, Тоня прытуліўся к сцяне, падышоўшы бліжэй. Ліхтар асвятляў вычасаныя калісьці ім, Тонем, кулакі, шасцярню яго ж уласнай работы, вал. Бірыла разварочваў шасцярню, пасля пачаў выбіваць кулакі і расколваць кожны напалам сякерай. Здзіўлены Тоня хацеў спачатку запытаць, чаму гэта ўсё самім гаспадаром робіцца, але старая закаранелая нянавісць паміж ім і Бірылам не дазволіла яму загаварыць. Так ён і пайшоў назад. Было позна, хлопцы і дзяўчаты разыходзіліся. Тоня пераходзіў вуліцу ўпоперак, да сваёй хаты. Трое хлопцаў перанялі яго на дарозе:

- Тонік, дзе ты быў гэта?

- От быў.

- Недзе да дзяўчат ходзіш і нам не кажаш?

- Вы мне таксама не кажаце, хэ-хэ.

- Ну бывай, Тонік.

Яны пайшлі. Тоня падумаў: «Што ж, я ім і сапраўды як бы не сказаў нічога. Можа, яны і някепскія хлопцы. Але што ім сказаць?» Тут ён гукнуў ім наўздагон:

- Эй вы, ведаеце што? (Тыя сталі. Тоня падышоў да іх.) Бірыла малатарню сам сваю ломіць.

Адзін хлопец сказаў:

- Сам сваю? От дурань, няхай бы лепш табе аддаў, гэта ж твая работа, а ён табе не заплаціў.

І ён зарагатаў. Тоня абазваўся:

- Не заплаціў, халера.

Другі хлопец здагадаўся:

- Хадзем глянем.

Усе пайшлі і, чыркаючы запалкамі, убачылі паламаную малатарню.

Назаўтра к Тоню явілася сельсавецкая камісія.

- Хадзем, Тоня.

- Куды?

- К Бірылу ў гумно.

- Чаго?

- Як чаго? Ты ж сам агледзеў, а цяпер «чаго».

Бірыла так загаварыў пра ўсё гэта:

- Каб так ліхі на свеце жыў і быў, як гэты Дойла бачыў, што я ламаў малатарню. Каб сваё ды ламаць?

- Цяпер гэта не тваё ўжо. І сам ты тут доўга не будзеш. А за тое, што псаваў, пойдзеш пад суд.

- Я не ламаў.

- От жа сведка.

- У гэтага сведкі вочы не свецяць. Ён на мяне ў злосці. Ён сваімі вачыма не мог бачыць. Гэта ж Дойла. Дойла дурны!

- Добра, так і запішам у акт, што зневажаў мянушкай таго чалавека, які выкрыў злачынства. І за гэта судзіць будуць. Нічога, Тоня, наплюй, не зважай. За гэта суд упячэ.

«За знявагу Тоні Бірылу будуць судзіць?»

Тоня, аднак, не ўзяў гэта на ўвагу. Сапраўды, гэта небывалая рэч! Паверыў ён толькі тады, калі праз некалькі дзён паклікалі яго пацвердзіць тое, што ён сапраўды бачыў, як Бірыла ламаў малатарню і як пасля аблаяў яго мянушкай.

Тоні не было, калі раскулачвалі, судзілі і высылалі Бірылу. Тоня ў гэты час ляжаў у бальніцы. Вечарам таго дня, калі ён пацвердзіў свае паказанні наконт Бірылы, большы яшчэ, як калі, сум агарнуў яго. Уся справа была ў тым, што ён цяпер, можна сказаць, з гэтага вечара сам глядзець пачаў на сябе як бы звысоку. Смутак часамі ападаў да лёгкай журбы, пасля зноў даходзіў да найвялікшага гарту.

«Колькі год я пражыў на свеце? Гадамі сваімі - ці таварыш я маладым знаёмым людзям? Дзе ж дзелася маладосць? Мураваны скляпок з'еў яе?»

Тоня пачаў дзейнічаць. Ён ледзьве прычакаў канца ночы. З самага ранку рушыў ён у горад. Явіўся ў бальніцу, паказаў вочы.

«Чорт яго забяры ўсё, з скляпкамі, з хлевушкамі, усё спушчу, а вочы напраўлю. Хоць адной хібай будзе ў мяне менш» - так думаў Тоня ў той момант, калі доктар даследаваў яго вочы.

- Можа, якую суму трэба ўнесці ў бальніцу, то я магу, - сказаў нарэшце Тоня доктару.

Доктар зірнуў на Тоню:

- А вы што, багаты?

- Які там багаты! Але вочы каб як вылечыць.

І Тоня паказаў сваю даведку з сельсавета.

- Можаце свае сумы трымаць пры сабе, - усміхнуўся доктар.

Тоня ляжаў у бальніцы чатыры месяцы. Вярнуўся ён дадому тады, калі малады калгас наладжваў сваю работу.

Увосень трэба было малаціць. Пасля Бірылавых рук малатарню нельга было пускаць. Трэба было намалаціць жыта і пасеяць, усё трэба было рабіць скора. Тоня ўзяўся направіць малатарню за тры дні. Яму далі падручных памагатых.

Тры дні і тры ночы Тоня не пакідаў работы. Можна сказаць, ён і не спаў гэты час. Так не стараўся ён некалі і каля мураванага скляпка. Вочы яго свяцілі добра, і ён спрытна вычэсваў і выгаблёўваў дрэва. Адвячоркам, скончыўшы работу, калгаснікі сыходзіліся глядзець, ці сапраўды будзе зараз гатова малатарня. Кожны бедаваў, што работа можа зацягнуцца. Многа людзей з надзеяй паглядалі на Тоню - калі зробіць, то вельмі будзе добра, выратуе ўсіх.

Позна ўвечары трэцяга дня месяц стаяў над паплаўным туманам. Тоню хацелася выйсці туды, на агароды, цераз гэтыя шырока расчыненыя дзверы: агародамі вяла найкарацейшая сцежка дадому. Газа ў лямпе выгарвала. Кнот пагарэў і куродымеў. Гэта вельмі вялікая работа стомленаму чалавеку - ісці браць з кута бляшанку з газай, наліваць у лямпу, закручваць. Няхай тухне!

У той якраз момант, як патухла лямпа, Тоня Базылькевіч, разглядаючы пры месячным святле кола над шасцярнёй, стаў на лескі, прыставіў і ўвагнаў абухам апошні кулак. Малатарня гатова!

Ніколі яшчэ не было такой радасці. Цяпер можна з гонарам заявіць усім людзям. Заўтра ўсе ўбачаць.

Ледзьве цягнучы ад стомы ногі, Тоня павалокся сцежкай дадому. Здалёк была відна ад двара сцяна Насцінай хаты.

«Можна і праз Насцін двор прайсці. Там выйду на вуліцу, а там і дадому».

У Насціным двары ён спыніўся.

«Можа, зайсці? Цяпер жа ў мяне мянушкі няма. І яе імя цяпер не мянушка, а імя, сапраўднае, чалавечае».

Ён увайшоў у хату.

- Скончыў, гатова! - сказаў ён замест «добры вечар». - Ледзьве ногі валаку. От бо працы было! Смага мяне мучыць.

- Пачакай, братка, садзіся. У мяне квас на вішнях. Я табе зараз...

Насця хапіла збанок і выскачыла ў сенцы.

- Рукі памыць, ці што, - сказаў Тоня і з конаўкай вады выйшаў на двор.

Туман плыў над агародамі, паплавамі, цераз платы і садавыя дрэвы. Месяц стаяў высока.

- На ручнік, - зашаптала Насця.

Яна ўся абліта была малочным святлом.

 

1934


1934?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая