epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Мы ведаем, хто наш вораг

Рабочыя, сяляне і былыя парабкі выгнаных ад нас у 1920 годзе на Захад паноў п раходзяць свае ўласныя вышэйшыя школы, выдзелілі з свайго асяроддзя шмат выдатных вучоных і літаратара ў. Былы спрадвечны парабак, няшчаснае стварэнне, панскі нявольнік, якому нават не толькі не давалі хлеб пасля катаржнай працы, а нават здзекаваліся за тое, што ён гаворыць па-беларуску (так, як паляк, скажам, гаворыць па-польску, немец — па-нямецку),— гэты чалавек цяпер далучаецца ў нас да вышэйшых дасягненняў усясветнай культуры. Ён ведае, цэніць і любіць Гётэ і Шэкспіра, Л. Талстога і Адама Міцкевіча, Тараса Шаўчэнку, Янку Купалу. Ён ведае і цэніць выдатных дзеячаў культуры больш, чым тыя, хто яго калісьці эксплуатаваў. Бо ён узяў у рукі справу пабудовы новай агульначалавечай культуры, і для гэтай справы ён мае ў сваім распараджэнні ўсё, што стварылі калі-небудзь лепшыя прадстаўнікі чалавецтва.

Знаходзяцца часам «апекуны» гэтага чалавека (напэўна, з тых, што з 1920 года страцілі свой зямны рай на тэрыторыі Савецкай Беларусі). Яны «апекуны» і беларускага народа, і беларускай літаратуры, і беларускай інтэлігенцыі, і ўсяго, што толькі беларускае. Небарак гэты, значыцца, беларускі народ. Масква яго душыць за горла, дыхнуць яму не дае гэтая Масква. Што гэта за Масква — проста страшэнная моц! — ныюць гэтыя «апекуны». І сапраўды, ёсць, скажам, сталіца Савецкай Беларусі — Мінск, былы губернскі горад у нябожчыцы Рускай імперыі. У Мінску Беларуская Акадэмія навук, у Мінску Беларускі дзяржаўны універсітэт, у Мінску Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр, у Мінску Беларускі дзяржаўны оперны тэатр, Беларуская дзяржаўная бібліятэка (роўная бібліятэкам некаторых іншых сталіц, якія не з’яўляюцца так, як Мінск, братамі ці сёстрамі Масквы). У Мінску нядаўна пабудаваны Дом Беларускага Савецкага ўрада (дом, якім могуць паганарыцца і такія гарады, як тая ж Масква або Ленінград). Мінск стаў буйным цэнтрам навуковай думкі: у Мінску бярэ свой пачатак і распрацоўваецца «праблема вялікага Дняпра» — справа нечуванага значэння для гаспадаркі Беларусі. Куды «апекунам» за ўсім гэтым угнацца!

Мы не будзем гаварыць ні пра новае грамадства, новае, шчаслівае пакаленне, якое не ведае ніякага — ні сацыяльнага, ні нацыянальнага — уціску. Ні пра школы не будзем гаварыць, ні пра знойдзеную і здабытую чалавечую годнасць мільёнаў працоўных, ні пра шпаркі рух мільёнаў да заможнага калгаснага жыцця, ні пра тое, што беларуская, скажам, літаратура ў той самай страшэннай Маскве па праву лічыцца як адна з самых перадавых літаратур Савецкага Саюза. Пра гэта гаварыць не будзем, каб не ўгнявіць «апекуноў». Яны могуць угневацца, па-першае, таму, што гэта высокая і ўсё больш і больш растучая культура ёсць культура бальшавіцкая, па-другое, яна беларуская. Гэтыя два словы і палохаюць «апекуноў». Што іх палохае бальшавіцкая культура, то гэта ясна, чаму: самі яны не бальшавікі. Наадварот, з бальшавіцкай ласкі яны страцілі зямны рай на тэрыторыі Савецкай Беларусі. А наконт таго, ці беларусы яны, ці не, то гэта не так важна — ні нам, ні ім. Іхняя ласка і пацеха наконт беларускага народа (гаварылі б ужо нечага проста, па-свойму — мужыкі, хлопы) ёсць проста злосць на тое, што ў Савецкай краіне беларускі народ стаў раўнапраўным з усімі народамі СССР і беларуская мова стала мовай дзяржаўнай.

У нас такі вялікі ўздым беларускай савецкай культуры, якога не дасягалі ніколі, на працягу гістарычнай практыкі, ніякія народы. І гэта таму, што наша справа — справа вялікай пралетарскай рэвалюцыі. Нашым ворагам з’яўляецца кожны, хто імкнецца нам перашкодзіць.

Беларуская савецкая інтэлігенцыя стаіць пад сцягам Камуністычнай партыі.


1934

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан