epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

На беразе

I
II
III


I

 

Густы і мокры вецер гоніць сырыя і цяжкія хмары; яны грузна плывуць, лезучы адна на другую, закрываюць сабою неба і сонца і робяць асенні дзень шэрым і хмурным.

Часам спускаюцца яны нізка і сеюць на мокрую зямлю дробны дождж-імглу, а часам узнімаюцца вышэй і, не вытрымаўшы сілы ветру, разрываюцца і ачышчаюць бледную сінь неба. Тады пакідае ісці дождж, і пачынае выглядаць сонца.

Ад яго свету белая пена быстрай і шумлівай ад ветру ракі аддае жаўтавата-блішчастым колерам.

Рака выйшла з сваіх берагоў.

Густая і каламутная ад асенніх дажджоў вада ў ёй паднялася і заліла абодва берагі.

З быстрага размаху свайго кідае яна на іх сваёю пенай, б'ецца аб купчастыя вяршаліны затопленых ёю кустоў алешніку і крушыны і весела плюхае, бурліць і шуміць...

У тым месцы, дзе канчаецца вада і пачынаецца жаўтавата-зялёны, пацямнеўшы бераг, стаіць прыкручаны к слупку новенькі невялічкі паром. Ззаду за ім, бліжэй к сярэдзіне ракі, свецяцца ў вадзе жоўтыя дошкі-масткі, якімі абложан бераг у тым месцы, дзе ў звычайны час прыстае паром. Цяпер, як паднялася вада, ён прыстае проста к зямлі і ходзіць паверх сваіх масткоў.

Направа, збоку - залітыя вадою, асмаленыя пблі, на якіх трымаўся мост, спалены палякамі ў вайну. Паром ходзіць да часу, пакуль не будзе зроблен новы мост.

Проціў парома, у некалькі кроках ад вады прытулілася к зямлі будка паромшчыка. Яна сплецена яшчэ ў канцы лета з бярозавых дубцоў. Лісце на іх пажоўкла і пасохла і цяпер шуміць на ветры ціха і нудна.

Вакол будкі - скошаны ўлетку поплаў, сям-там чарнеюць на ім нізкія купіны, атава збіта быдлам і пацямнела.

Па ёй задумёна і важна спацыруюць вароны; месцамі зямля ад іх, на вялікі абшар, чарнее жывымі купінкамі. Як пачынае свяціць сонца, яны ўзнімаюцца і, весела крычучы, нізка кружацца над зямлёю.

На той бок ракі, на ўзгорку, сярод заворанага на зіму поля, відаць вёска Хартонаўка.

На гэты бок, не вельмі далёка - голы ўжо дубовы лес і пры ім, як клешч пры вялікім целе, - малады бярэзнік.

На беразе пуста.

Адзінокі паром трасецца на вадзе, шморгаючы аб пусты, звіты ў некалькі столак дрот, працягнуты цераз рэчку, з аднаго берага на другі. Каля будкі валяецца некалькі паленняў дроў, куча лому і каля яе патухшае вогнішча...

Паромшчык Амелька Вілач не вылазіць з свае будкі - рад, што перавозіць некага: гэтакаю пагодаю мала хто ездзіць і ходзіць.

Яму пяцьдзесят год. Цвёрдыя вусы яго канцамі сваімі растуць уніз і закрываюць рот. Мяккая, махнаценькая «папоўская» шапка яго заўсёды ссунута на патыліцу, адкрываючы шырокі лоб і даючы твару яго такі выгляд, як бы ён на доўгі час збіраецца падняць сваю галаву ўгару і чорнымі вачыма сваімі пільна ўглядацца ва ўсё тое, што робіцца вакол.

Нізка стрыжаныя валасы яго каля вушэй чуць-чуць серабрацца сівізной.

На ім кароткая цвёрдая жакетка з тоўстага гаспадарчага сукна, саматканыя порткі з вузкімі чорнымі палоскамі, уздоўж па шэрым, і боты з нізенькімі халявамі і падковамі.

Сягоння ён вясёлы.

Атрымаўшы ўчора ў іспалкоме месячную пенсію за сваю службу пры пароме, ён начаваў гэтую ноч дома - у вёсцы, на той бок лесу, вёрст дзве ад парому.

Прыйшоў ён сюды раніцаю, як яшчэ было цёмна, і свайго васемнаццацігадовага сына Міхася, які быў пры пароме замест яго, застаў стаячым пры самай вадзе.

- Ты чаго ў будку не лезеш? - запытаў ён яго.

- Толькі што прыйшоў, - адказаў той весела.

- А дзе ж ты быў?

- На тым баку, у Хартонаўцы.

- Чаго?!

- Там камсамольцы нашы спектакль ставілі, ішлі вечарам, я іх перавёз і сам пайшоў з імі.

- А паром на каго пакінуў?!

У голасе бацькі пачуўся нейкі страх.

- Ні на каго. Прывязаў на тым боку і пайшоў. Які тут чорт, думаю сабе, паедзе гэтакім ліхалеццем.

- І нічога?

- Мусіць, нічога. Як пакінуў - так і застаў.

- Добра, што каго чорт не нагнаў, - сказаў Амелька ўжо весела. - А дзе ж больш хлопцы?

- Там начуюць.

- Вось ты, чорт яго бяры, - загаварыў Амелька ўжо зусім развесяліўшыся, - пакінуў ды і пайшоў. Адвага. Я б ніколі не адважыўся. Ну, ідзі дамоў, - закончыў ён цішэй.

Міхась паглядзеў на свае мокрыя боты, падцягнуў вышэй халявы і пайшоў паволі к лесу, а Амелька, зірнуўшы на той бераг і апрача туману нічога там не ўбачыўшы, палез у сваю будку.

І з таго самага моманту аж дагэтуль ніхто тут не ездзіў.

Толькі ў гадзін восем раніцы прыйшлося перавозіць камсамольцаў - усё суседніх хлапцоў з свае вёскі.

Яны, паставіўшы спектакль, начавалі ў Хартонаўцы і ішлі дамоў.

Яшчэ здалёк Амельку пачуліся вясёлыя песні і крык:

- Міхась, э-ээ!.. Рыла суконнае, перавозь!.. О-о-э-э!..

Амелька выскачыў з будкі і стаў адвязваць паром. Мокрая, раскудзеленая вяроўка не развязвалася, і хлопцы нецярпліва крычалі:

- Скарэй, а то ўто-о-о-пім! Заснуў!.. Гэ-эй!..

- Успееце, чорт вас не возьме, - сярдзіта і весела гукнуў ім Амелька.

- А, дзядзька Амяльян! - пачуўся крык з таго берага. - Скарэй, дзядзька, не марудзь!

- Скінь порткі, дык будзеш вё-о-орткі, - весела, са смехам гукнуў другі голас.

Хлопцы крычалі, часам апошнія словы прыспеўвалі. Звонкія галасы іх рэзалі паветра і глушылі шум ветру і вады.

Амелька ўпёрся нагамі ў паром і пачаў перабіраць рукамі мокры дрот. Паром, ціха паскрыпваючы, загойдаўся на вадзе і папоўз цераз раку.

Зразу Амельку абвеяла мокрым ветрам. Ён зажмурыў вочы, ад чаго твар яго прыняў выгляд такі, як бы Амелька к нечаму прыслухоўваецца...

Яшчэ не падплыў ён к берагу, як вясёлыя камсамольцы пачалі скакаць на паром.

- Паволі, - крычаў Амелька, - патопіцеся, дурні, чаго вас дрэнчыць!

- Назад! - закрычалі яму ў адказ хлопцы.

Паром яшчэ не прыстаў к берагу, а яны ўжо ўсе былі на ім. Некалькі рук, адапхнуўшы Амельку, замітусіліся на мокрым дроце. Паром быстра, так, як ніколі, пайшоў к берагу.

- Вось чэрці, - сказаў Амелька, - усё роўна, як лукавы іх падмывае. Чаго вы гэтакія вясёлыя?

- А чаго плакаць, - адказаў яму смуглы Міколка, сын яго суседа Кастуся, - на свеце няма чаго плакаць...

І, пачакаўшы з хвілінку, закончыў:

- Каб, здаецца, трохі цяплейшая вада, дык так бы плюхнуўся і паплыў бы проці вады.

- І ўтапіўся б, - сказаў Амелька.

- Не ўтапіўся б, - адказаў рашуча Міколка.

Паром падплыў к берагу. На зямлі рабілася святлей - на небе пачала расплывацца светлая лапіна: гэта сонца хацела прабіцца скрозь хмары.

Хлопцы пасаскаквалі з парома. Міколка прыкруціў яго к слупку, і ўсе пачалі біць рукамі аб полы свае адзежы - ад сырасці і халоднага, мокрага дроту памерзлі рукі.

Амелька праверыў, ці добра Міколка прывязаў паром, і хацеў ужо лезці ў сваю будку, але хлопцы, як бы згаварыўшыся, схвацілі яго за рукі і, зрабіўшы кола, усе гуртам закружыліся.

- Пусціце, д'яблы, - крычаў Амелька, - знайшлі таварыша!

Але хлопцы зналі вясёлы гумар Амелькі. Зналі, што часта ён сам, схваціўшы дзе-небудзь на ігрышчы дзяўчыну, пускаўся з ёю ў скокі.

І яны яшчэ мацней закружыліся і зачмокалі нагамі па мокрай зямлі.

 

Сонца весела пячэ,

Цераз мост вада цячэ, -

 

стараючыся пападаць у такт нагамі, загукаў Міколка вясёлую песню. Гурт здаровых галасоў зычна хваціў далей:

 

Пад вадою мост дрыжыць,

Па вадзе Міхал бяжыць!

 

Старога Амельку раптоўна ахваціла буйная вясёласць. Ён бачыў, як хлопцы спрытна ўзляталі ўгару, ускідалі махам галавы з вачэй свае доўгія валасы і шчабяталі песню. А мокры і жывы вецер весела свістаў у вушы і вочы.

І ўжо не спрачаючыся, а з ахвотаю, ён дробна затупаў нагамі, махнуў галавою, каб скінуць з яе шапку, і, стараючыся не адставаць ад хлапцоў, загукаў разам з імі:

 

Ой, куды цябе нясе?!

Згінеш ў рэчцы-паласе.

Разгулялася вада,

Чаго прэ цябе бяда?!

 

Далей Амелька не знаў слоў песні і, кружачыся, выкрыкваў толькі адны галосныя зыкі:

- О-а, о-а, о-а-о!

А хлопцы не пакідалі:

 

Не загіну я ў вадзе:

На той бок, у слабадзе

Жджэ дзяўчыначка мяне

- Дык ці ж можна згінуць мне!

 

- Капут! - крыкнуў адрывіста Міколка, пускаючы рукі.

Кола раскідалася, і хлопцы пачалі выціраць рукавамі пот з зачырванеўшых твараў.

- Ой, замарылі, д'яблы, - сказаў, моцна сапучы, Амелька.

- Давай, дзядзька, яшчэ пагрэемся, - смеючыся, сказаў Міколка.

- Хай яго агонь спаліць, дайце адсапціся, - адказаў Амелька і моцна дыхнуў.

- Калі так, дык марш, - сказаў адзін з хлапцоў, - можа, дзядзька, маеш што дамоў перадаць?

- Я толькі што сам з дому.

- Ну, дык аставайся здароў! - закрычалі хлопцы.

- Пабольш скачы - весялейшы будзеш, - пачуўся яшчэ адзін голас.

- Не маракуй, што пакруцілі, - пачуў яшчэ Амелька адзін голас.

На апошнія словы ён аглянуўся на хлапцоў і весела, ласкава зарагатаў ім услед:

- А каб вас паляруш, каб вас!

Хлопцы пайшлі к лесу, а Амелька астаўся адзін на беразе. Ён трохі патупаў на адным месцы, паглядзеў на неба.

Там вецер нагнаў цэлыя шэрагі хмар, збіў іх у адну густую цёмную масу і закрыў ёю светлую лапіну ад сонца. На зямлі зрабілася цёмна і нудна. Здавалася, што мокрыя лагчынкі кругом на поплаве больш яшчэ сталі выпускаць з сябе густога і белага, як малако, туману.

Пільна і падрабязкова разгледзеўшы ўсё гэта, Амелька палез у сваю будку і, лежачы там на саломе пад кажухом, да самага паўдня думаў розныя вясёлыя думы.

 

II

 

Па паўдні к парому зноў прыйшоў Міхась.

Амелька сядзеў ужо на зямлі пры раскладзеным вогнішчы і пёк на ражэнчыку сала.

- Ты чаго? - запытаў ён Міхася.

- Нічога, - адказаў Міхась, - на поле гэтакаю пагодаю не выедзеш, дома работы няма, пайду, думаю, сюды, панюхаю ветру.

- Панюхай, - сказаў, смеючыся, Амелька. Яму было смешна з таго, што сказаў Міхась.

- Хочаш? - працягнуў ён сыну сала.

- Не, - адказаў той.

Амелька пачаў есці, а Міхась, абапёршыся на локаць, расцягнуўся па сухім месцы каля будкі і, паплёўваючы на зямлю, стаў глядзець некуды паверх вады.

На зямлі зноў рабілася святлей. Вецер зганяў хмары ў адно месца, на паўночную старану неба; яны, ужо лёгкія і паслушныя, паднімаліся высока і быстра плылі, ачышчаючы паліняўшае неба. Туман пачаў знікаць, і на той бок рэчкі выразней стала вырысоўвацца вёска Хартонаўка. Рака плюхала так, як і раней, але вада ў ёй пачала фарбавацца ў ясныя, блішчастыя колеры.

Міхась маўчліва і быстра падняўся з зямлі, не аглядаючыся вакол, падышоў к вадзе і стаў так, як і раней, глядзець паверх яе.

- Што разглядаеш? - запытаў сына Амелька.

Міхась маўчаў.

- Аб чым думаеш? - запытаў зноў Амелька, памаўчаўшы.

- Не ведаю і сам. Нечага хочацца.

- Чаго?

- Кажу, што не ведаю.

Міхась пакінуў глядзець цераз рэчку і падышоў к бацьку.

- Вось так, - загаварыў ён, - часам паглядзіш на ваду, на хмары, паходзіш па полі на ветры, і захочацца нечага. Каб той, здаецца, аэраплан, дык узняўся б на доўгі час і лятаў бы, каб вецер свістаў у вочы і вушы. Эх, няма лодкі, паплыў бы проці вады.

- Ага, узяло, - у сваю чаргу загаварыў Амелька, - і са мною гэта часта бывае. Узяў бы тады, здаецца, у кузні молат і лупіў бы з усіх сіл па кавадле. Эх, сколькі сілы ў нашага брата!

Амелька набраў поўныя грудзі паветра і дыхнуў.

- Вось жывём, - загаварыў ён далей, увесь ахоплены наплывам нейкіх новых думак, - зямля вялікая, колькі на ёй усяго ёсць, а мы, апрача свае вёскі ды гэтага лесу, нічога больш не бачым. Жывём неяк, як той поп кажа, па-божаму, на адным месцы, хоць сілы ў нас многа.

- Знаеш, - сказаў Міхась, - пайду я ў флот, зраблюся матросам. Запішуся ў камсамол і пайду. Нашто, каб сіла прападала дарэмна; буду тут марнаваць сябе адно.

- Як хочаш. Не малы ўжо, - сказаў Амелька.

Амелька быў увесь, таксама як і Міхась, ахоплен нейкаю вольнаю сілай - на зямлі было так шумна і весела.

- Пайду, - сказаў Міхась і неяк задумёна прыбавіў: - Весела ісці лесам. Дома там нейкі сход будзе вечарам, трэба быць.

Ён зняў з галавы шапку, паправіў валасы і пайшоў паволі, углядаючыся ў зямлю і як бы што думаючы. Шырокі і кароткі, без каўняра, кажушок на ім развяваўся на ветры.

Амельку абхапілі думы.

«Вось астаўся адзін на пустым беразе, - кружылася ў яго галаве, - астаўся адзін, і ніхто не бачыць і не ведае, дзе я і што раблю. Колькі людзей на свеце, і ўсякі па сабе. Схованы адзін ад другога па вёсках, лясах. Не можа чалавек бачыць таго, што робіцца нават за дзесяць вёрст, не то што каб угледзеў ён усю зямлю сваю. Не бачыць ён яе, бачыць усяго маленькі кусочак пад нагамі сваімі».

«Не бачыць, а знае яе, - выплыла другая думка, - ведае, дзе што на ёй. Без абмылкі патрапіць, куды хоча. А можа калі-небудзь выдумае што-небудзь такое, на чым паднімецца так, што ўбачыць усю зямлю, як бачыць сонца. Пэўна, што некалі, можа нават скора, будзе гэта.

Хай ідзе Міхась, куды хоча, - думаў ён далей. - Ніколі не трэба станавіцца чалавеку на дарозе, калі ён чаго шукае. Шукаючы і хочучы, усё знойдзеш. Хто шукае разумнага - таму памажы.

Але ці разумнага шукае Міхась?

Загаварылі многія цяпер па-новаму. Многа іх з'явілася і зусім новых. Павярнулі ўсё жыццё, пакінулі багатую спадчыну мінулага».

І тут у Амелькі бліснула новая думка-пытанне:

«Чаго гэтыя, новыя людзі заўсёды так радасны, такія вясёлыя?!

Значыць, у жыцці яны бачаць нейкую радасць, нейкае няшчасце. Знаюць яны кожны крок свайго жыцця...

Ідзі, Міхась», - думаў далей Амелька.

 

За Дунаем стаіць хатачка-а-а... -

 

перарваў яго думкі высокі чысты голас. Спяваў чалавек, паволі пад'язджаючы к парому.

Не кажучы ні слова, Амелька ўзяў каня за обраць, узвёў на паром, які і пагнаў прывычнаю рукою к другому берагу.

Там, узяўшы грошы за перавоз і даўшы чалавеку квітанцыю, паволі паплыў назад.

Чалавек не сказаў ніводнага слова, а толькі, ад'язджаючы, кіўнуў галавою і з нейкаю задуменнасцю ў голасе зноў заспяваў.

«Вось праехаў чалавек, - думаў Амелька, - невядома, адкуль і хто і пра што ён думае. Колькі ў гэты момант думак на зямлі?! І ўсякая думка аб тым, каб як найлепей зрабіць дзела гэтага моманту. І аднак, нягледзячы на гэта, чалавек увесь час мучыцца на зямлі. А гэтыя, новыя камуністы, суседнія мае хлапцы-камсамольцы, заўсёды вясёлыя, знайшлі, мусіць, дарогу к гэтай радасці...»

Амелька адплыў на сярэдзіну ракі, прыпыніўся і стаў глядзець на ваду.

Яна ўжо не пенілася і не шумела так моцна, як раней, бо сціх вецер; яна адлівала чырванню, бо празрыста свяціла сонца. Яно ўжо было на захадзе, і свет яго быў чырвоны. Неба ачысцілася ад хмар.

Амелька паглядзеў, як паволі, але заметна, супакойвалася вада, і ў звязку з гэтым у яго выплыла новая пастаронняя думка:

«А чалавек некалі ўзварушыць сабе на карысць усю зямлю, так, як вецер ваду. Чалавек моцны. Каб яго сілы не растрачваліся на тое непатрэбнае, што дагэтуль вядзецца на зямлі, не тое б можна было бачыць цяпер у жыцці...

Што б з чалавекам ні зрабілася, нідзе ён не дзенецца з свае зямлі. Уся зямля, кожны яе кусочак адналькова родны чалавеку».

Думкі ў Амелькі выплывалі адна за другою. Ён не мог улавіць ні пачаткаў, ні канцоў іх. Але ўсе яны зводзіліся к таму, што людзі, злучыўшыся ў адну вялікую сям'ю, зробяць на сваёй зямлі нешта такое, што будзе большае па сваёй сіле за самую зямлю. Вялікае дзела робяць яны.

Корань гэтай думкі ён пачуў раз у павятовым горадзе ад аднаго прамоўцы на лекцыі для сялян.

- Усе тыя, што самі працуюць, - гаварыў прамоўца, - злучыўшыся пад сцягам камунізма, арганізуюць вялікую сілу, якая знішчыць усё тое, ад чаго так мучыцца, жывучы, чалавек...

Амелька думаў і глядзеў вакол.

На той бок рэчкі, недалёка ад вёскі Хартонаўкі, выехаў араць чалавек. Яго каравая, цёмная фігура здавалася здалёк куском той самай зямлі, па якой ён ходзіць.

- Пайду, пагавару з чалавекам, - сказаў сам сабе Амелька, - а то яшчэ здзічэю тут адзін.

Над апошнімі сваімі словамі ён неяк хмурна ўсміхнуўся.

Паволі, як бы раздумваючы, ці варт плысці, папоўз паром назад к берагу. Амелька, утомлены думкамі, вяла перабіраў рукамі дрот.

Выйшаўшы на бераг, ён зразу размеранымі крокамі пайшоў к аратаму. Той, ласкава пакрыкваючы на свайго коніка, паволі ішоў за плугам, неглыбока заворваючы ржышча на зіму.

Ён быў у доўгім, парыжэўшым ад старасці халаце, няроўна абарваным унізе; доўгія валасы яго закрывалі вушы. Каравыя рукі яго ўспіраліся на плуг, і, каб не ён сам тут, можна было падумаць, што гэта які-небудзь корч, нядаўна выцягнуты з зямлі. Босымі нагамі ён ціха ступаў па мяккай чорнай зямлі.

Гэта быў Амелькаў знаёмы.

- Здароў, брат, - сказаў Амелька, падыходзячы блізка.

- Здароў! - адказаў той, прыпыняючыся.

- Позна, браце, араць выехаў.

- От... распагодзілася, - загаварыў араты, - дык я думаю сабе, выеду хоць ад меж адбяру, усё хлопцу будзе заўтра лягчэй. Але як выпагадзілася, - панізіў ён голас, - цёпла, весела.

У гэтых словах - «цёпла, весела» - чулася нейкая радасць чалавека, які бачыць сонца і светлую ад яго зямлю.

- Добра арэцца? - запытаў Амелька, каб як-небудзь разгаварыцца.

- Добра, - адказаў чалавек і, глянуўшы ў разору, прыбавіў: - Люблю я, браце, араць. Ходзіш сабе босы па мяккай разоры, і здаецца табе, што зямля ў цябе ўлазіць.

- А хіба гэта добра?

- Ну, а што, браце. Чалавек адарваўся ад зямлі - прапаў...

- А дзе ж ён можа дзецца з зямлі? - сказаў Амелька. - Усё роўна нікуды з яе не зыйдзеш, каб і хацеў. На ёй астанешся.

Чалавек паціснуў плячыма, бо не знайшоў адказу.

А Амелька пачуў думку, выказаную чалавекам. Гэта думка ўвесь час у яго самога была ў галаве. І яму стала весела. І ўсе яго думкі, як бы зрабіўшы сваё дзела, зніклі, пакінуўшы нейкае лёгкае і бадзёрае пачуццё ў грудзях.

- Дай, браце, я прайду зараз вакол, - сказаў Амелька, беручыся за плуг, - даўно ўжо не араў.

- Прайдзі сабе, - сказаў чалавек і, махнуўшы пугай на каня, ціха гукнуў: - Но!..

Амелька пайшоў за плугам па паласе. Падняўся на гору, мінуў яе і спусціўся ўніз, дзе пачынаўся невялічкі паплавец і на ім рэдкія кусты.

К яму, па калючым іржышчы, босы і ў адной кароткай кашульцы, падкасаны, быстра бег хлопчык гадоў трынаццаці.

- А дзе тата? - запытаў ён, трохі спалохаўшыся.

- Там, за горкаю, - адказаў Амелька.

Хлопчык пазнаў Амельку і загаварыў быстра, глытаючы словы:

- А я бягу, гляджу - здаецца, не тата. Ажно ж гэта вы, дзядзька Амелька. Дайце адно мне.

Амелька перадаў плуг хлопчыку, і той, трохі блытаючыся па разоры нагамі, пайшоў, сваімі дзіцячымі тоненькімі рукамі дзержачыся за плуг і пакіроўваючы яго верна, так, як і трэба.

- Чаго ж ты прыйшоў, змерзнеш, - сказаў бацька яму, як яны з Амелькам, абышоўшы кругом, прыйшлі на старое месца.

- Так, - сказаў хлопчык і засмяяўся.

- Ходзіць у школу, - сказаў бацька з нейкаю гордасцю ў голасе, гледзячы на Амельку і паказваючы пальцам на сына, - і мне памагае.

- Ну, а што ж, - адказаў Амелька, зноў адчуваючы наплыў думак.

Бачачы, што аратыя збіраюцца дамоў, ён паглядзеў, як сонца быстра кацілася за лес, і, развітаўшыся з імі, пайшоў к парому.

Там ён хутка перавёз на свой бок некалькі фурманак з жытам, а на другі бок двух чырвонаармейцаў.

Яны ехалі на двухкалёсным зялёным возе і некуды спяшалі.

Прыцемкам ужо стаў Амелька раскладаць агонь на беразе.

 

III

 

- Паром! Гэ-эй... паро-о-о!..

Чутно было, што крычыць чалавек здаровы і з ахвотаю, рад, што ёсць прычына пакрычаць.

Ён бачыў ужо, што паром плыве к яму, але не пакідаў крычаць і, мусіць, любаваўся сваім голасам, які зычна, на некалькі раз, паўтараўся на другі бок ракі, у лесе.

Праціраючы заспаныя вочы, Амелька плыў па крык. Паром без шуму сунуўся па спакойнай, цёмнай каля берага і белай на сярэдзіне вадзе, якая пад ім чуць-чуць дрыжала серабром ад свету месяца.

Ад гэтага свету і поле кругом было нейкае белаватае, і здавалася, што нешта там прытаілася, сочыць за ўсім, што робіцца вакол.

На паром чакала многа фурманак. Шэрай масай стаялі яны каля вады, каля іх цямнелі і варушыліся коні і чуліся людскія галасы.

- Хто першы - узводзь каня, - сказаў Амелька, прыгнаўшы паром к берагу.

- А колькі фурманак можа ўз'ехаць на яго зараз? - пачуўся з змроку грубы, як стук абуха, голас.

- Адна.

- Э, мала. Доўга перавозіць будзеш.

Чорная ад змроку пара коней усцягнула на паром высокі воз, узышло чалавек пяць людзей.

Паром ціха рушыў назад.

- Чырвонаармейцы, - сказаў Амелька, прыглядаючыся да людзей.

- А што?! - гукнуў з-за воза голас.

- Нічога. Пазнаю, што за людзі. Здалёку?

- З горада.

- Куды?

- На граніцу.

Памаўчалі.

- Што за рака? - бухнуў той жа грубы голас.

- Лоша.

- Слаўнае месца. Лесу многа.

- Гэ-эй, там, скар-р-рэ-эй! Паро-о-о-о!.. - гукнуў з берага нецярплівы голас.

- Чаго арэш, не пакінем, не бойся! - гукнулі з парома.

- Э-э-э, там, о-о-э!..

- Хочаш скарэй - кідайся ў ваду!..

Два галасы з розных берагоў весела рвалі ціш светлае ночы. Паром і без крыку быстра лятаў ад аднаго берага к другому, але людзям хацелася пакрычаць і слухаць зычныя рэхі ў лесе над полем.

А на беразе, каля Амелькавае будкі, ужо раскладвалі агні. Аднекуль цягалі лом, сухія дубцы і збіраліся каля агнёў кучкамі. Выпрагалі і кармілі коней.

Гадзіны праз дзве ўсе ўжо перабраліся цераз рэчку. Людзей было бопьш сотні, яны зразу напоўнілі ціхі і пусты дагэтуль бераг роўным стрыманым гоманам. Чутно было, як «грукалі» коні, жуючы сечку. Гарэла некалькі вогнішчаў.

Амелька стаяў, прыпёршыся плячом да свае будкі, і глядзеў, як дрыжаў свет ад агнёў на тварах людзей.

Адзін твар здаўся яму знаёмым. Гэта быў малады яшчэ чалавек з густымі, падстрыжанымі вусамі.

«Няўжо Юрась з Даўгінава?» - падумаў Амелька і хацеў ужо падысці бліжэй, каб лепш разглядзець, але чалавек сам падняўся з зямлі і, пільна ўглядаючыся ў светлы змрок, стаў хадзіць вакол будкі, як бы стараючыся што-небудзь угледзець.

Прымеціўшы пры будцы Амельку, ён падышоў к яму і запытаў:

- Паромшчык?

- Але, - адказаў Амелька, пазнаючы Юрася.

- Тутэйшы? - зноў запытаў Юрась.

- Не пазнаў? - у сваю чаргу запытаў Амелька. - Юрась, так?

- Чакай, - сказаў замест адказу Юрась і, схваціўшы Амельку за плечы, павярнуў яго твар у бок агню.

- Амелька! - крыкнуў ён весела. - А я такі думаю - хто тут можа быць паромшчыкам, як не тутэйшы чалавек, і стаў прыглядацца, пагавару, думаю, з сваім чалавекам. Аж так яно і ёсць. Ну, як жывеш?

- Жывём. А ты яшчэ ўсё ў войску?

- У войску, старшым тэлефаністам служу, дамоў яшчэ мяне не пускаюць. Папалася якраз праходзіць праз свае, родныя мясціны.

- Дома будзеш?

- Буду, гэта ж па дарозе. Там, мусіць, дняваць будзем.

- Не надаела служыць?

- Не. Каб на адным месцы стаялі, можа і надаела б. Але служба такая папалася жывая - сягоння тут, а назаўтра за сотню вёрст дзе-небудзь. Так ніколі не надаесць. Разглядай сабе свет і жыві. Весела так.

- А мне вось тут весела. Перавожу сабе што дзень, то новых людзей. Часам, чакаючы, думаю, каго-то цяпер прыйдзецца перавозіць. Што за чалавек і адкуль?

- І так слаўна, - адказаў Юрась, - самае галоўнае, у сябе не закапвайся, а жыві ў людзях. Глядзі на ўсё і ўсё ведай.

- Ну, а дамоў не хочацца?

- Мала калі думаю аб гэтым. Заўсёды хочацца да свае сям'і, сваіх хочацца пабачыць, пагаварыць, пажыць. А зямля - усюды зямлёю. Усюды працуй і будзеш жыць.

- Вось, - сказаў сам сабе Амелька ў думках сваіх, - ад каторага чалавека чую тое, аб чым сам часта думаю. На ўсякім месцы на зямлі чалавек дома.

І раптоўна захацелася яму глянуць на ўсё тое, што ў тую хвіліну рабілася на ўсёй зямлі. Захацелася яму куды-небудзь ісці, ісці ўсё бліжэй і бліжэй к нечаму таму, што ў галаве яго вырысоўвалася як галоўны пункт, цэнтр усяго жыцця.

Хацелася яму самому не стаяць каля свае будкі ціха і спакойна, а рабіць якое-небудзь дзела, якое магло б быць відавочным і карысным для ўсіх.

І, як Юрась, пакінуўшы гаварыць з ім, пайшоў к возу збірацца ў дарогу, Амелька, ахоплепы вялікім наплывам думак, глядзеў, як варушыліся на беразе людзі, пакрыквалі на коней і збіраліся згінуць з гэтага берага, каб ніколі не паказацца пры такіх самых варунках на ім.

«Усё на свеце бяжыць і не варочаецца, - мігнула ў Амелькі новая думка, - не траць дарэмна і хвіліны жыцця, бо не вернеш яго».

Пасля таго як бераг зрабіўся пустым, Амелька стаяў і слухаў, як патроху, неўзаметку сціхалі недзе каля лесу зыкі вайсковага абозу.

І тады, у звязку з усім перадуманым, з'явілася ў яго новая, ім самім не зразумелая думка, нават не думка, а пачуццё.

«Трэба глыбей убіраць у сябе жыццё, бо жыць слаўна...»

Ён пайшоў у бок свайго парома і моцна, зычна дыхнуўшы, сказаў, не думаючы аб сваіх словах:

- Эх, ты!..

Каля самага парома ён азірнуўся кругом і бачыў, як чуць-чуць рабілася святлей на ўсходзе. Чутно было, як у Хартонаўцы галасілі пеўні.

Вакол больш не было ніякіх зыкаў; густая і чорная вада цякла ціха і спакойна.

 

[1942]

 

 

Каментары

 

Друкуецца па газеце «Савецкая Беларусь», 1924, 31 студзеня, 1 і 2 лютага, дзе апублікавана ўпершыню. Дата напісання пад тэкстам адсутнічае.


1924?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кузьма Чорны. Выбраныя творы. Менск, «Беллітфонд», 2000.
Крыніца: невядомая