epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

На нашай зямлі хоча гаспадарыць нямецкі пан

Немцы выцягваюць з нашага народа жылы. Яны абабралі яго да ніткі. Больш ужо няма чаго і грабіць. Усё зжэрлі фашысцкія ненаеднікі. І вось цяпер хітрая нямецкая шэльма ўскладае на нашу шыю новае ярмо. Яны збіраюцца праводзіць на Беларусі «зямельную рэформу». Усё гэта зводзіцца да таго, каб як мага больш выцягнуць з нашай зямлі хлеба, жэрці самім і карміць сваю вашывую армію, якая сядзіць на нашай шыі.

Наўрад ці знойдзецца хто-небудзь такі, хто б на сваёй уласнай зямлі ахвотна араў і сеяў на тое, каб якая-небудзь прыблудная гадзіна забрала сабе і зжэрла ўраджай. А вось немец хоча падахвоціць нас на гэта. Ён выдумаў «зямельную рэформу». Што ж гэта за «рэформа» такая?

Нямецкая газета і нямецкае радыё тлумачыць гэта так, што, пакуль ідзе вайна, зямля будзе апрацоўвацца «абшчынай», талакой. Кіраваць гэтай «абшчыннай» гаспадаркай прыедзе з Германіі нямецкі інструктар. Гэта значыць з’явіцца з Германіі на нашу шыю пан. За работу сяляне не атрымаюць хлеба і прадуктаў, а ім заплацяць грашыма. А гэта значыць — акупацыйнымі маркамі, за якія нідзе нічога не купіш.

Пасля ж будзе нейкае «надзяленне зямлёй», якое нібыта адбудзецца пасля вайны. Гэта будзе «спадчынная арэнда». Надзел, які каму прыйдзецца, селянін будзе арандаваць у немцаў. Але не ўсе будуць мець права арандаваць у немцаў сваю ўласную зямлю. На гэтую арэнду будзе мець права толькі той, хто набудзе жывёлу, сельскагаспадарчыя прылады і машыны.

А каму гэта будзе пад сілу купіць жывёлу і машыны, седзячы галодным і аграбленым? Значыцца, ніхто гэтай арэнды і ў вочы не ўбачыць. Да гэтага ўсё і вядзецца, каб не даць нам нашай зямлі, а каб на яе пасадзіць нямецкага пана і нас зрабіць яго прыгоннымі парабкамі. Гэта будзе самая страшная і лютая паншчына, якой не ведалі нашы дзяды і прадзеды.

Нямецкая шэльма прывыкла дзейнічаць ашуканствам і гвалтам. Не слухайце абяцанак нямецкіх абармотаў, не верце іхняй брахні, а ўзнімайцеся на змаганне з імі. Нямецкае гадаўё гіне і ад кулямётаў, і ад віл, калі іх усадзіць у нямецкае чэрава. Чырвоная Армія ўсё далей цісне немцаў на захад і неўзабаве ачысціць ад фашысцкай брыды Беларусь. Ведайце гэта, і ўсе ідзіце ў партызанскія атрады.

Тры аршыны магільнай зямлі для немца — гэта самая найлепшая зямельная рэформа.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан