epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

На пыльнай дарозе

Паабапал жвірыстай дарогі калышыцца леташні быльнік, і веснавая шырыня вее над неабдымным полем. Неба сіняе, сонечнае; над дарогаю тонкі, як туман, падымаецца пыл- плыве вецер з-за сініх лясоў, і на дзернавых узмежках пры жоўтых каляінах шуміць сухі палын... Моцна думаюць голыя яшчэ кусты, а за імі, далей, пярэсцяцца колеры зямлі: зялёныя ўзгоркі, ціхія лагчыны, рэдкія чорныя палосы першай раллі і леташняя шэрань веснавой цаліны.

Вецер прынёс аднекуль сухі жмут аўсянай саломы, прыпёр да сухога быльнікавага куста, растрасае патроху і разганяе па саломіне ў полі, салома звонка шалясціць і навявае задуменасць вялікай далечыні.

Моцна шуміць яшчэ нейкае зелле, перазімаваўшае, падгніўшае, цяпер сухое і шэрае. У яго галоўках захаваліся, мусіць, зярняты - маленькія, порсткія птушкі гаварлівымі семямі прылятаюць і клююць іх.

Дарога - ад таго, што шырокая, ветраная і пыльная - вясёлая. Шырокі паварот з яе ў горад; горад блізка, і не відзен за блізкімі ўзгоркамі, і каля павароту куча бітых каменняў, пры зямлі абмалёваная зялёным шлакам травы.

Нам слаўна было сядзець тут на гэтых каменнях; і мы сядзелі - сушылі на ветры спацеўшыя шыі і маўчалі. Шмат было перагаворана дарогаю - паволі прайшлі мы з ім разам трыццаць вёрст, многа я зразумеў у яго без слоў, і цяпер трэба было разысціся таксама, як выпадкова сышліся на дарозе. Было яму год дванаццаць, а я ішоў у горад, дзе ўжо жыў. Убачыў быў я яго пасярод дарогі - ён стаяў, растапырыўшы босыя ногі ў палатняных портках, і трымаў у руках шапку.

- Што ты робіш? - запытаў я, праходзячы міма.

- Пчолы нейкія, каб на іх упадкі, з зямлі вылазяць, - адказаў ён з вялікай сталасцю дарослага, і гэта выйшла ў яго смешна, па-дзяцінаму, - адна, ліха ёй, джала дала мне ў нагу, чорт яе бачыў, ішоў ды наступіў.

Ён даў раптам з-за вуха шапкаю па зямлі і з расчараваннем сказаў:

- Уцякла, каб яна здохла... І пайшоў са мною.

- Куды ты ідзеш?

- Гэта я іду на хутары па брата. Ён там цэлую зіму служыў, значыцца, а гэта як памёр айчым наш, дык трэба, каб дома быў, неканечна яму было і так ісці, але што ты парадзіш.

- А даўно айчым памёр?

- Нядаўна.

- А маці жыве?

- Маці жыве.

- А больш хто ў вас ёсць?

- А больш у нас яшчэ дзяўчыны дзве ёсць, старшыя за мяне сёстры, дык яны дома, нідзе не служылі, бо яны хоць бабы, але цвярдзейшыя за Васіля, дык айчым іх не мог выкурыць з хаты.

- А хіба ён выкурваў?

- Уга... Ён чуць Васіля на той свет не адправіў, як пачаў грызці. Дык той і пайшоў у людзі.

- Маці што?

- Дык жа ён чуць і мацеру ў труну не ўвагнаў - азіят нейкі быў, а не чалавек.

Гаварыў ён стала, як дарослы. І відно было, што пражытыя на свеце дванаццаць год навучылі яго многаму, паказалі яму многа бакоў жыцця, закалілі яго і давялі да вострай цвёрдасці.

І цяпер ён ішоў па брата, адзін, па пустой ветранай дарозе. Ён і забаўляўся ідучы, і разважаў стала: і наглядаў, і абдумваў. Твар яго, у лішаях ад сонца і ветру, меў на сабе ўсе адзнакі халоднай сталасці і прывычкі - вялікае лічыць часам малым; і толькі калі-нікалі прарываліся ў ім не згладжаныя яшчэ дзіцячыя манеры.

- А ты гаспадарыў ужо?

- Я летась адзін паараў усё. Айчым тады ўжо хварэць пачаў.

- А цяпер айчыма шкада?

- Цяпер не... Але шкада маткі, бо яна нездараўчаная вельмі. Хто яе ведае, ці пажыве яна доўга на свеце. Мы то не прападом - мы ж усе ўжо ўзняліся на ногі, але яна як... Мы ж яшчэ яе нічым не пацешылі...

Ён моцна аб нечым стаў думаць і змоўк. І твар яго раптам ажыў. Пачалі, як цені ад хмар у ветраны дзень па зямлі, праходзіць па твары яго адзнакі перажытага смутку і ўздымаў, адбітак як бы нейкай мудрасці пазнання жыцця з'явіўся на ім, і ўпэўненасць у неабходнай патрэбе пацешыць матку, і моцнае жаданне гэтага, важнае і для яе, і для яго. І зусім не адбілася на твары яго непаразуменне перад тым, што гэта ж сам ён нічым яшчэ не нацешыўся.

Толькі хутка шырокае нешта і надзвычай тонкае лягло на гэты сталы і глыбокі твар, і яно паведаміла пра вялікую ўцеху, вылаўленую ў жыцці з самога жадання пацешыць матку, з самога працэсу падарожжа па брата і ва ўсім, што даводзілася рабіць, у самым тым, што трэба было дзейнічаць.

У тым, што ён сказаў, было сказана самае важнае, і ўсё іншае стала зразумела, і была асалода глядзець на гэты сталы не па-дзяцінаму твар...

Ён шырока ступаў па пыльнай дарозе.

- Тым часам так, - загаварыў ён, - хутка аўсы будзем сеяць...

І зноў змоўк і задумаўся.

- Ногі баляць, - падаў ён яшчэ голас. - Я цяпер паляжаў бы, скурчыўшыся пад кустамі дзе на сонцы, але да вечара дайсці трэба.

І ўжо ў менш, як мне здалося, значных гаворках і многа моўчачы прайшлі мы астатак дарогі да павароту і на каменнях прыпыпіліся. Ён дастаў з кішэні сваіх палатняных портак кавалак хлеба і пачаў ламаць каравымі, тонкімі пальцамі і есці. Хлеб запах суха і кісла - так, як пахне ён, паляжаўшы ў торбе паўдня на полі, пакуль не даарэцца загон і не падыдзе пара есці.

Нам абодвум не хацелася ўставаць, мне было бліжэй, яму яшчэ вёрст дзесяць.

- А калі назад?

- Заўтра, - адказаў ён, жмурачыся ад ветру, - заўтра з Васілём, - павесялеў ён.

Цераз паўгадзіны ён кіўнуў мне галавою і пайшоў, роўна гойдаючыся ў такт крокам. Я застаўся адзін і сачыў за тым, як бела-шэрая постаць яго патроху рабілася меншай ад роўнай далечыні дарогі і пасля зусім згінула за першым узгоркам. Пасля зноў відаць стала галаву яго - маленькую ўжо і чуць прыкметную, як цемнаватая кропка. Пасля нічога не відаць стала.

Я сядзеў на каменнях і думаў аб маленькіх і нязначных здарэннях, якія слабым здаюцца вялікімі і страшнымі, і аб вялікіх і страшных здарэннях, якія моцным здаюцца маленькімі і нязначнымі. І ад таго, што гэтае дзіцянё не сагнулася і не сагнецца і ідзе сабе моцна па дарозе, стала мне радасна і думна.

Было жаданне спяваць што-небудзь моцнае і цягучае, спяваць яго доўга без слоў і без лішняй тут вясёласці.

«Будзем зараз аўсы сеяць», - прыпомніў я яго хрыплыя словы...

Аўсы будуць улетку шумець тут паабапал дарогі, і радасная зямля ўсцешыць чалавека...

Ён, малы, вырасце і таксама, як цяпер, моцна і горда пройдзе па зямлі, па дарозе...

У такіх думках я сяджу на каменнях...

Пры пыльнай дарозе шумяць палыны, і вясёлыя плачуць наводдаль каліны.

 

1926

 

 

Каментары

 

Друкуецца па зборніку «Хвоі гавораць» /2-е выданне, Менск, БДВ, 1928/. Упершыню апублікавана ў зборніку «Хвоі гавораць» /1-е выданне, Менск, БДВ, 1926/. Датуецца красавіком 1926 года.




Крыніца: Кузьма Чорны. Выбраныя творы. Менск, «Беллітфонд», 2000.

Беларуская Палічка: http://knihi.com