epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

На трыбуне «просты чалавек»

«Просты чалавек». Колькі ў гэтым слове вялікага сэнсу! Быў жа час, што ўвесь беларускі народ зваўся «простым народам», ці яшчэ інакш, «тутэйшым народам». З стагоддзя ў стагоддзе «простым чалавекам» на беларускай зямлі зваўся той, хто мазалём і крывёю здабываў хлеб панству і чыноўніцтву, а сам быў галодны і раздзеты. Польскае панства не задаволілася нявінным тэрмінам «просты чалавек», яно назвала гэтага чалавека «быдлам». Сталін казаў: «Народ — бяссмертны». Беларускі народ за стагоддзі нацыянальнага і сацыяльнага прыгнечання не толькі не страціў сваёй нацыянальнай годнасці і свайго нацыянальнага твару, а яшчэ мацней вызначыў яго. Народ Савецкай Беларусі прынёс у сацыялізм сваё вялікае нацыянальнае багацце — сваю мову, сваё мастацтва, свае вялікія сілы, свой вялікі аптымізм, сваю працавітасць і здольнасць. Гэтыя народныя якасці яшчэ больш расцвілі і ўдасканаліліся ў эпоху, якая з’яўляецца эпохай вялікай волі чалавека. «Просты чалавек» стаў вялікім чалавекам у вялікай дзяржаве. Слава былых каранаваных заканадаўцаў меркне перад славай «простага чалавека», які ў нас з дзяржаўнай трыбуны выражае волю народа. Былыя каранаваныя заканадаўцы будавалі свае дзяржаўныя акты на народных касцях. Наша савецкая дзяржава мае за сваю аснову чалавечае шчасце.

12 лістапада 1939 года на Унечарговай Трэцяй Сесіі Вярхоўнага Савета Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі адзін момант быў асабліва велічным, поўным асабліва вялікага сэнсу. Гэты момант астанецца назаўсёды ў памяці. На дзяржаўную трыбуну ў вялікай зале Дома ўрада БССР узышоў «просты чалавек». Гэта — выбраннік народа Заходняй Беларусі і галоўны дакладчык на Сесіі — селянін вёскі Гулі, Слабадской воласці, Вілейскай вобласці — Малевіч. Менш як два месяцы таму назад гэты чалавек быў бяспраўны і няшчасны — ён быў падданы спрадвеку ненавіснай нашаму народу польскай панскай дзяржавы. Цяпер ён прыехаў перадаць Сесіі просьбу ўсяго народа Заходняй Беларусі прыняць Заходнюю Беларусь у састаў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Як слаўна і горда гучала з яго вуснаў беларуская мова, і асабліва ў гэтым месцы і ў гэты вялікі гістарычны момант, на вялікім сходзе Беларускага парламента, на сходзе дзеячаў Беларускай Сацыялістычнай Дзяржавы! Мы стараліся ўгледзецца ў рысы твару гэтага чалавека, якому народ даверыў вялікую сваю справу. Якая веліч у гэтым слаўным твары!

Бурная авацыя ўсёй залы рванулася насустрач яго словам. Выдатныя людзі рэспублікі, яе дзяржаўныя дзеячы — члены Вярхоўнага Савета Беларусі — уся зала ўстала з сваіх месц. Бурная авацыя, крыкі «ўра», радаснае захапленне ніяк не маглі заціхнуць. Стаялі каля сваіх месц ваеначальнікі Чырвонай Арміі, якая нядаўна вызваліла Заходнюю Беларусь, стаялі лепшыя работнікі сацыялістычных палёў, сацыялістычных фабрык і заводаў, стаялі дзеячы савецкай навукі і мастацтва — члены савецкага парламента. Крыкі «ўра», нястрымны гром апладысментаў! І перад усімі на трыбуне — гэты, дарэчы, яшчэ «просты чалавек», які ў момант вырастае ў вялікую фігуру ў дзяржаве.

— Ад імені народа Заходняй Беларусі я прашу прыняць Заходнюю Беларусь у састаў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі,— гаворыць ён.

Авацыя ўсёй залы ператвараецца ў нястрымную стыхію.

Стыхія бушуе з новай сілай. Чалавек на трыбуне горда ўзнімае галаву. Бляск яго вачэй робіцца магутным. Дзесьці на векі вечныя ў небыцці Рыдз-Сміглы і Масціцкія, якія не давалі гэтаму чалавеку чалавекам звацца. Чалавек назваўся чалавекам! Просты чалавек стаў дзяржаўным дзеячам! Народ лікуе! Шчасце і радасць! Вялікі момант! Так, сам народ вырашае свой лёс!


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан