epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Народная нянавісць

Яны ішлі ляснымі сцежкамі і глухімі закуткамі. Ішлі з дзецьмі. Меншых неслі на руках. Яны былі маўклівыя. У гэтай маўклівасці іх было адно-адзінае для ўсіх іх пачуццё — вялікае і наймацнейшае ад усяго, што было цяпер у іх жыцці. Гэта была нянавісць, агністая і непераможная нянавісць да подлага забойцы і бессаромнага злодзея, нянавісць, якой няма канца і межаў і якая не можа скончыцца раней таго, пакуль хоць адна пара акаваных жалезам капытоў каго-небудзь з гітлераўскай банды будзе таптацца на роднай зямлі.

Найбольш гэта былі жанчыны. Былі маладыя, былі і сярэдніх год, і пажылыя. Але ішла сярод іх адна «жанчына» з «сваімі дзецьмі», у якой адной з’ядналася бадай-што ўсё, што было напісана на многіх тварах, што жыло ў многіх душах. Гэтай «жанчыне» было год трынаццаць. Вяла яна з сабой двое дзяцей. Большаму хлопчыку было год сем, меншай дзяўчынцы — год пяць. Гэтую дзяўчынку яна нават разы са два спрабавала падносіць на руках. Я гэта сам усё бачыў. Было гэта поблізу і раўналежна Н-скай шасэйнай дарогі. Бадай-што кожны з гэтых людзей перажываў сваю «асабістую» крывавую драму. Адзін не ведаў, дзе ў страшную мінуту дзеліся бацькі, другі не ведаў, дзе дзеліся дзеці. Дзеці, якія ішлі адны, не ведалі, дзе дзелася маці. Але ўсе ішлі, не жадаючы астацца ў ворага. Усё асабістае ў кожнага злілося ў адно агульнае і злівалася з пачуццямі і імкненнямі ўсяго народа.

Трынаццацігадовая «жанчына», якая вяла «сваіх дзяцей», не ведала, што гэта за дзеці. Яна іх спаткала на дарозе адных і ўзяла іх пад сваю апеку. Калі выйшлі на палявую дарогу і калі з’явіўся над галовамі нямецкі драпежнік, яна цвёрдым голасам загадала «сваім дзецям» упасці на зямлю ў жыта і ўпала сама. Увесь натоўп жанчын і дзяцей ляжаў на зямлі, пакуль пералятаў далей крывавы ненаеднік. Здавалася, што ён ужо мінуў гэтае месца. Але раптам выпусціў на дарогу град куль з кулямёта. Бессаромны забойца не мог вытрымаць, каб не пасеяць смерць сярод жанчын і дзяцей.

Што ж у гэтую мінуту рабіла трынаццацігадовая жанчына? Упаўшы грудзьмі і тварам на зямлю, каб перачакаць бяду, яна на гэты момант заснула самым сапраўдным сном. Трэція суткі яна не спала і ўсё ішла.

Насустрач нямецкаму драпежніку ўзвіўся наш знішчальнік. Немец павярнуў назад і неўзабаве знік. Можна было ісці далей. З нейкага інстынкту трынаццацігадовая жанчына адразу прачнулася, паднялася на ногі, падняла «сваіх» дзяцей і стала ў ланцуг усяго натоўпу. І неўзабаве яна ўжо ішла далей — прысутуленая, маўклівая, з завостраным носам, у стракатай хустачцы на мілай дзіцячай галоўцы. Твар яе сабраўся ў адну рысу — непарушная ўпартасць паклала на яго сваю пячатку. Вочы накіраваны былі ў адзін-адзіны пункт — глядзелі туды, што ўжо было знойдзена і вядома.

Усё было вядома і ўсё ішло з душы! Вядома стала, што прыйшла пара вялікага выпрабавання, смутку, упартасці, непахіснасці і непакорнасці. У душы воля да жыцця і радасці, а над душой — крывавы забойца! І свавольная жыццярадаснасць трынаццацігадовай дзяўчынкі ператварылася ў сталасць спрактыкаванага чалавека, які многа ведае і да многага імкнецца. І мілы, пакутлівы твар яе, з тым, што на ім напісана,— гэта твар усіх гэтых людзей, з якімі яна ідзе. І тое, што яна падабрала па дарозе невядомых ёй дзяцей і апякуецца над імі,— гэта выяўленне адной вялікай агульнай свядомасці.

З гэтым адзіным — у душы і ў сэрцы — людзі гоняць жывёлу далей, каб не патрапіла яна ворагу, ідуць у народнае апалчэнне, нясуць варту на дарогах і ў вёсках, правяраюць кожнага невядомага чалавека, вылоўліваюць дыверсантаў і шпіёнаў і збіраюцца ў партызанскія атрады ў тыле ворага.

Адно вялікае імкненне і воля з’яднала ўсіх, увесь наш народ. Разгневаная душа народа ў пакутах гартуе вялікія сілы, якім няма і не будзе межаў і перашкод. Хітрасць і каварнасць ворага натыкаецца ўсюды на народную азлобленасць, на народны розум і кемлівасць. І гора будзе ворагу ад народнай нянавісці!

У вёсцы Н. з выглядам пераможцаў і гаспадароў немцы пайшлі па хатах і загадалі людзям ставіць на стол усё самае лепшае з яды. Вядома, хто мог іх не паслухаць? Але ў адной хаце, дзе два немцы жэрлі смятану з тварагом, двое пажылых мужчын падабралі зручны момант і з аднаго ўдару кіямі палажылі няпрошаных гасцей на месцы.

У мястэчку Ц., пасля заняцця яго немцамі, бадай-што ўсё насельніцтва некалькі дзён хавалася ў лясах. Але, нарэшце, адзін за адным пачалі варочацца дадому. У хатах усё ўжо было разграблена і перавернута драпежнікамі. Аднак штодзень з’яўляліся няпрошаныя госці і вымагалі яды — самай адборнай. Калгаснік Х. паставіў на стол усё, што меў. Але немец, які арудаваў за сталом, быў вельмі нездаволен. Тады Х. выйшаў у сенцы і кашлянуў. З гары паказаўся твар мала вядомага яму чалавека, які за дзень да гэтага папрасіўся, каб яго схавалі ад немцаў. Цяпер Х. выразна паказаў чалавеку вачыма на немца. Чалавек цішком злез з гары і з-за сенечных дзвярэй забіў з вінтоўкі немца.

Усё новыя і новыя прыходзяць весткі з тылу ворага аб тым, што расце і шырыцца партызанскі рух народа. Атрады не даюць спакою ворагу. Народ адгукнуўся на заклік правадыра, слова якога злілося з душой і імкненнем народа. Подлыя забойцы, крывавыя фашысцкія зладзеі знойдуць сабе магілу на нашай зямлі, поўнай народнага гневу.


1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан