epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Наша армія і народ — адзіны

У часе Вялікай Айчыннай вайны з вялікай сілай і ясней, як калі, выявіліся самыя глыбінныя тайнікі душы народа, тое, чым заўсёды жыў народ і праз што выяўляліся твар і душа яго, тое — у вялікія, цяжкія і гераічныя часы вайны вылілася ў непераможнае імкненне адстаяць сваю Радзіму і назаўсёды знішчыць ворага. Гэтае магутнае імкненне злітых у адно цэлае народных сіл ёсць вынік вялікай любві кожнага нашага чалавека да роднай зямлі. А ў цэлым — гэта неадрыўнасць народа ад яго тэрыторыі, на якой, ад самага пачатку фармавання народа і праз вякі, праходзіла гістарычная яго дзейнасць.

Усёй душой і сэрцам мы любім сваю зямлю за тое, што тут мы нарадзіліся, што тут упершыню пазналі шчасце жыць, што тут адкрываюцца вялікія магчымасці для дзейнасці чалавека. Мы ганарымся прыродным хараством роднай зямлі і яе непаўторнымі асаблівасцямі. Паводле сваіх патрэб і жаданняў мы пераўтваралі сваю зямлю, удасканальвалі яе прыроду, клапаціліся аб дрэвах і рэках, аб полі і раслінах, аб гарадах і сёлах. Жоўтая восень цешыць наша вока, смольны пах хвойнага лесу робіць прыемнымі нашы дні. У нас было многа хлеба з нашага поля і многа тавараў з нашых заводаў. І тут злівалася ў адно цэлае — і карысць з працы на патрэбу жыцця, і радаснае адчуванне роднага нам навакольнага хараства.

Мы не сухія практыкі, якія могуць толькі выцягваць матэрыяльную карысць з зямлі. Калі б гэта было так — наша жыццё было б сытым існаваннем, а не шчасцем жыць на роднай зямлі багата і па-чалавечы. Замілаванне да Радзімы — вялікая сіла, і яна ўсёй сваёй магутнасцю спрыяла таму, што тры родныя браты — рускі, беларускі і ўкраінскі народы з стагоддзя ў стагоддзе ніколі не скараліся перад чужынцамі-захопнікамі, а заўсёды крышылі іх і гналі вон, а самі раслі, мацнелі і ўзвышаліся на агульначалавечых дасягненнях свае нацыянальнай культуры.

Кастрычніцкая рэвалюцыя вызваліла на вялікую дзейнасць сілы народа, якія скоўваліся царызмам. І для абароны волі народа на вольнай роднай зямлі 24 гады таму назад з народных жа нетраў нарадзілася Чырвоная Армія — носьбіт народных ідэалаў і абаронца іх. У першыя свае годы Чырвоная Армія разграміла шматлікіх чужаземных інтэрвентаў і акупантаў, якія стараліся задушыць маладую савецкую рэспубліку, хоць Чырвоная Армія была тады горш узброена за сваіх ворагаў і дрэнна адзета — у часе разрухі і матэрыяльнага абяднення ўсёй краіны. Але Чырвоная Армія была моцная духам і любоўю да абноўленай рэвалюцыяй роднай краіны.

Цяпер Чырвоная Армія ўзброена лепшай у свеце ваеннай тэхнікай — сваім узбраеннем гэта адна з самых магутных у свеце першакласных армій. Але Чырвоная Армія перавышае любую ў свеце армію сілай свайго поўнага зліцця з народам, адзінствам з ім у сваіх імкненнях, мэтах і любві да Радзімы. Чырвонаармейцы ідуць у бой са смуткам у душы за кожны метр занятай ворагам савецкай зямлі і з поўнай рашучасцю — знішчыць і скрышыць да канца ворага. Пакуль не будзе адпомшчана народная крыўда і кроў, датуль чырвоны баец не пакладзе зброі — так мысліць кожны чырвонаармеец.

Маладзейшае пакаленне беларусаў ваюе з ворагам у радах Чырвонай Арміі, а ў той жа самы час бацькі іх ваююць з ворагам у тыле, на роднай Беларускай зямлі, з самага пачатку вайны пайшоўшы ў партызаны. І гэта ёсць поўнае адзінства нашай Чырвонай Арміі з сваім народам, і гэтага адзінства не вытрымае вораг.

Чырвоная Армія і народ — адно цэлае і непадзельнае. Такога адзінства яшчэ не ведае гісторыя, і ў гэтым наша перамога.


люты 1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан