Кузьма Чорны

Наша вясна

Быў такі Фрыц, які ўсю зіму вельмі чакаў вясны. Расказваюць, хто яго бачыў, што на ім за зіму распладзілася вошаіі, як на валачашчым сабаку. Ён так і пражыў зіму, як той сабака,— залазіў начаваць, дзе цяплей і цішэй, еў, што траплялася вырваць у чалавека з рук. На яго шыі нарасла шышкамі кароста. Ён ‘чухаўся, дзёрся, ляскаў зубамі ад холаду і злосці, грэў у прасмердлых анучах звіслае абмарожанае вуха, брахаў на дзяцей і жанчын і дрыжаў перад грозным гаспадаром той зямлі, на якую прывалокся — перад партызанам.

Ён вельмі спадзяваўся на вясну. Вясной ён думаў скінуць з сябе свой сабачы выгляд. Выгадаваўшыся на гітлераўскім сабачніку, ён прывык мець сабачую душу, а зверху меў падабенства да чалавека, і нават гладкага і франтаватага.

Была ў яго недзе там, у Германіі і сука, таксама франтаватая. Фрыц замучыў многа беларускіх дзяўчат і жанчын, паздзіраў з іх шоўкавыя і шарсцяныя плацці і паслаў іх туды, к сабе. Выфранціўшыся ў прысланае плацце, фрыцава сяброўка ганарыста лічыла, што фрыц выконвае высокую нямецкую місію, на якую паслаў яго фюрэр,— заваяваць для Германіі ўвесь свет і з усіх жанчын свету паздзіраць для яе адзежу.

І вось нарэшце прыйшла чаканая фрыцам вясна. Сышоў з зямлі снег, пад цёплым дажджом і ясным сонцам зазелянела першая трава, і на ёй, чыстай і маладой, як пачварнае непатрэбства і паскудная знявага вясне, вылез з-пад снегу спруцянелы фрыц. Прабіты чырвонаармейскай куляй, яго сабачы чэрап ужо вышчарыў смяртэльныя сківіцы, і груган ужо вырваў яго сквапныя вочы. Яго франтаватая хаўрусніца ходзіць у жалобе і раптам убачыла, што калі нагу душыць цесны чаравік, то ад шырыні акупіраванага мёртвым фрыцам свету ні карысці, ні ўцехі няма. Яна заныла, заскуголіла і раптам падумала пра тое, што, круцячы, свет пройдзеш, але назад не вернешся. І ў ёй ажыў чалавек, вытраўлены раней Гітлерам.

Не вернецца фрыц, і не паўстануць з магіл гітлераўскія дывізіі, і не прынясуць фюрэру перамогі! Ганс, які разам з фрыцам чакаў вясны і быў пры яго смерці, з сумам глядзіць на чужую яму беларускую вясновую траву, з жахам слухае гром савецкай артылерыі, дрыжыць перад тварам Чырвонай Арміі і думае пра тое, якая страшная для яго рэч — вясна на савецкай зямлі! Фюрэр гаворыць пра наступленне, а перад яго вачыма выскаляецца смертны фрыцаў чэрап.

Вясна! Май!

Чырвоная Армія ідзе на Беларусь! І хутка вясна беларускай прыроды ператворыцца ў вясну беларускага народа — у час поўнага вызвалення яго ад гітлераўскай погані, якая чакала вясны не дзеля чалавечай радасці, а дзеля сваіх сабачых выгад.

Наша вясна — пагібель подлым прышэльцам!

Наша вясна — нам радасць перамог над імі!




Беларуская Палічка: http://knihi.com