epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Нямецкае вараннё над Случчынай

На Случчыну злятаецца нямецкае вараннё. Кіпцюрастае, крыклівае, злоснае, ненаеднае, яно дзяўбе і грабе сабе кожнае зерне з урадлівага поля Случчыны. Садзіцца на галаву жывога чалавека, выпівае зажыва вочы і вырывае душу.

Мардастыя, тупыя, распусныя, бяздушныя, закаранелыя ў грабяжах і разбоях, з’язджаюцца на Случчыну фрыцы «арганізоўваць» тут сабе маёнткі. Яны робяць на Случчыне 60 новых маёнткаў у дадатак да раней створаных 35. У кожным маёнтку садзіцца на шыю народа «зондэрфюрэр» з сваёю паршываю зондэрфюрыхай. Сялянская зямля забіраецца ў гэтыя маёнткі.

Случане павінны цягнуць ярмо нявольніцтва на сваёй уласнай зямлі. Прыгожыя случанкі павінны абмываць і абчэсваць паршывых шчанят, якіх зондэрфюрэры з зондэрфюрыхамі збіраюцца пладзіць на нашай Случчыне.

Ад Семежава і Вызны, ад Капыля і Грозава, ад Слуцка і Урэчча ідзе смутак і гора.

Не для паганай нямецкай сабачні слуцкія бэры, не для гэтай навалачы слуцкія сады, урэцкія дачы, вызнянскія паплавы, семяжоўскія коні, Шастакоўскія і Прускія пушчы, Скіп'ёўскія і Смаленшчынскія лясы, селіцкая збажына, пцічынская і марачанская рыба, страхіньскія балоты, орлікаўскія хвоі, цімкаўскія настольнікі, жавалкаўскія ручнікі, пячэрынская гонта, лешанскія вышыўкі. Не для нямецкай погані тонкае палатно нашых удалых случанак і гучныя слуцкія песні.

Кол у горла кожнаму зондэрфюрэру, а не наша зямля! Ніякага паслухмянства перад немцамі! Ніякай спагады гадзіне! Няхай кожны зондэрфюрэр у зробленым на нашай зямлі маёнтку ўдушыцца ў лапах паганай смерці, з віламі ў чэраве ці з куляй у тупой галаве.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан