epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Нямецкія фашысты знішчаюць культуру беларускага народа

Распрацоўваючы свае людаедскія планы заваёвы еўрапейскіх краін, Гітлер ставіў сабе мэту падначаліць фашысцкай Германіі народы Еўропы, і ў першую чаргу, славянскія народы. Ён задаўся дзікай звярынай думкай зрабіць народы бяспраўнымі нявольнікамі наглых нямецкіх памешчыкаў і баронаў.

Дзеля гэтага Гітлер выхаваў пакаленне жорсткіх бандытаў, якім было ўбіта ў галаву, што яны ёсць вышэйшыя людзі, а кожны, хто не немец, той не мае права жыць як чалавек.

Напаўшы на Савецкі Саюз, гітлераўцы мяшалі з зямлёй нашы гарады і сёлы і знішчалі сотні тысяч нашых мірных людзей. Бесчалавечная крывавая жорсткасць — гэта свядомы гітлераўскі спосаб вайны. Шматлікія дакументы, захопленыя Чырвонай Арміяй у разгромленых ці ўзятых у палон нямецкіх штабах, паказваюць, што вышэйшае нямецкае камандаванне ставіла і ставіць перад сваімі афіцэрамі і салдатамі задачу быць жорсткімі да насельніцтва акупіраваных абласцей.

Гітлераўская банда ведае, і яна гэта ўбачыла на практыцы, што цяжка зрабіць з чалавека акупіраванай зямлі нявольніка. Савецкі чалавек не хоча ісці ў няволю. Ён ідзе на змаганне з ворагам і не пакараецца яму. Бо ў яго душы жыве яго нацыянальная гордасць, свядомасць таго, што ён вольны чалавек, а немец прыйшоў зрабіць яго сваім парабкам, аддаць яго і яго дзяцей у вечную няволю і бяспраўе.

Дзеля гэтага гітлераўцы задаліся мэтай вытравіць з душы народа акупіраваных абласцей яго нацыянальную свядомасць, павагу да самога сябе, знішчыць яго чалавечую годнасць і давесці яго да стану жывёліны. Такі ажывёлены чалавек будзе пакорлівым рабом — з такой думкі выходзіць гітлераўскі план здзеку з нашых людзей. Развіваючы гэтыя паганыя планы, фашысцкія тупыя заправілы не маглі дадумацца толькі да аднаго: да таго, што свабодалюбівы чалавек ніколі не пойдзе ў няволю і ніхто не можа вытравіць з яго душы імкненняў да свабоды і змагання за сваю чалавечую годнасць. Гэтага фашысты не бралі на ўвагу. Яны, як дзікары і звяры, разбураюць усё тое, што створана розумам, працай нашага чалавека.

Уварваўшыся на Беларусь, яны пачалі паліць і знішчаць усе культурныя здабыткі беларускага народа. Яны задаліся мэтай сцерці з твару зямлі нашу культуру, думаючы, што тады наш народ стане цёмным і пакорлівым.

Немцы зруйнавалі ўсе беларускія школы, знішчылі і закрылі беларускія інстытуты, універсітэт, тэатры, бібліятэкі. Спалілі кнігі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, таксама як і кнігі маладзейшага пакалення беларускіх пісьменнікаў. Немцы зруйнавалі ў Мінску Беларускую Акадэмію навук.

Акупанты дамагаюцца таго, каб беларускія дзеці з самых малых сваіх дзён засвойвалі абавязак кланяцца партрэту прайдзісвета і прахвоста, забойцы іхніх бацькоў, крывавага бандыта Гітлера. Немцы імкнуцца пакласці сваю лапу на выхаванне беларускіх дзяцей. Яны стараюцца, каб беларускія дзеці выраслі з пустой душой, з халоднай абыякавасцю да свае радзімы, да роднай зямлі, да роднай мовы, да роднай культуры, да памяці сваіх бацькоў, да свае чалавечай годнасці, да свае нацыянальнай гордасці. Акупанты хочуць такім парадкам ператварыць наш народ у рабочую жывёлу, у сваіх вечных парабкоў, у якіх не будзе ніякага духоўнага жыцця і якія толькі за кавалак хлеба будуць рабіць на нямецкіх паноў.

Вось дзеля чаго немцы так бязлітасна і рашуча знішчаюць культуру нашага народа, таксама як і усе іншыя нацыянальныя культуры на тых землях, куды ім удалося ўварвацца.

Беларускі народ, таксама як і ўсе іншыя свабодалюбівыя народы, не стаў і не стане на калені перад акупантамі. Гераічны беларускі народ узняўся на вялікае змаганне з немцамі, якія прынеслі яму гора і няшчасце. З гэтай прычыны немцы пачалі дзейнічаць хітрымі спосабамі, каб ашукаць беларусаў. Немцы, знішчаючы да канца беларускую культуру і баючыся народа, стараюцца стварыць некаторае ўражанне, што быццам бы яны не ўмешваюцца ў нацыянальнае жыццё беларускага народа. Дзеля гэтага яны сабралі каля сябе некалькі прадажных шарлатанаў і адшчапенцаў ад народа і загадалі ім выдаваць на беларускай мове пару дробных і пустых газетак. У гэтых газетках прадажныя пісакі ўгаворваюць горды і гераічны беларускі народ скарыцца перад нямецкімі акупантамі і быць ціхім у нямецкім ярме. Такім парадкам хітрыя нямецкія шэльмы і родную мову беларускага народа хочуць праз здраднікаў выкарыстаць супраць самога народа.

І тым большая ўзнімаецца народная нянавісць да паганай фашысцкай навалачы. І тым большы бурліць народны гнеў. У скорым часе слаўная Чырвоная Армія выганіць немцаў з Беларусі, і тады пачнецца жорсткая народная расправа з усімі тымі, хто памагаў акупантам вырываць з народа яго душу. Беларускі народ не даруе за свае пакуты і крыўды ні немцам, ні іх паслугачам.

Шырэй жа няхай разліваецца народны гнеў! Слава партызанам!




Беларуская Палічка: http://knihi.com