epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Не хачу гэтак

І
ІІ
ІІІ
IV
V


 

І

Па мокрай дарозе шырокія разваліны пад’ехалі да нізкага і доўгага дзеравянага дома сельсавета. Хлапчук прыпыніў лейцамі лапавухую кабылу, злез з развалін і падкінуў кабыле сена. Лейцамі прывязаў яе за мокры клён напроці вокан на вялізным двары. Узяў з саней жменю саломы, абцёр боты і пайшоў на ганак, падагнуўшы полы аблезлага кажушка і ўсунуўшы рукі ў адтапыраныя кішэні картовых портак.

У сельсавеце шмат было народу. У светлых сенцах нечага чакалі дзядзькі, стоячы каля сцяны, папрыпіраўшыся да яе плячыма. Сядзелі на падлозе. Адзін, з доўгім і спакойным тварам, панура расказваў:

— ...Дык я толькі адхіліўся на момант ад воза, дык адразу нехта пугу з сядзення выцягнуў. І такая ж была пуга, каб ён не спажыў яе! Стусіна, у краме куплена. І схавана ж была пад саломаю.

— Мусіць, бачыў, як ты хаваў яе,— сказаў другі.

— А можа і так, наманы,— падышоў, памацаў — бачыць, пуга тырчыць!..

Хлапчук вярнуўся назад, выцягнуў з саней з-пад саломы сурамцовую пугу і падаўся зноў у сельсавет.

У першым пасля сяней пакоі народу было больш. Каля аднаго стала стаяла чарга. Хлапчук пакуль агледзеўся, пакуль паперачытваў надпісы над сталамі, прайшло колькі хвілін. Раптам знаёмы голас над самым вухам адарваў яго ад чытання:

—- Пятрок, што ты тут робіш?

— От тут... трэба...

— А як ты ехаў, праз Валадзькоўшчыну ці напрамік?

— Напрамік.

— Хіба трымае яшчэ?

— Пачало пускаць... На сярэдзіне вада стаіць.

— Як жа ты ехаў?

— Праехаць яшчэ можна ўлегцы.

— А я кружыў Валадзькоўшчынаю, чатыры вярсты, ліха яму, кругу даў. Не ведаў, думаў, што зусім пусціла.

Пятроў швагер — невялікага росту і чарнявага воласу — Сальвэсь таксама трымаў пугу ў руках. Тонкім канцом пужальна ён стараўся запхнуць у лапаць разбэрсаны край анучы, што збоку вылез наверх. Доўгі і новы халат яго, апрануты на кажух, адтапырваўся ў бакі поламі. Каўнер кажушка быў выцягнены з-пад халата і быў трохі падняты і абвязаны паверсе рудым самаробным шалем. Паправіўшы анучу, Сальвэсь патупаў падмочанымі лапцямі і сказаў:

— Як той казаў, завозна вельмі. Чакаць доўга давядзецца, каб яно ўтанула. Людзей назбіралася вельмі ж.

— А вы чаго прыехалі?

— От... трэба.

Тут Сальвэсь пільна паглядзеў у твар Пятру. Той разглядаў забруджаную і пашчапаную падлогу. Пасля адзін аднаму стараліся не глядзець у вочы.

— Мусіць, некалі тут дровы секлі,— заўважыў Пятрок.

Сальвэсь допытна і нават устрывожана разгледзеў Пятроў твар. Аднак з роздумам адказаў:

— Тут кухня была, калі поп жыў.

Калі ж Пятрок глянуў на яго, ён павярнуўся ўбок, як бы для таго, каб разгледзець стол, каля якога стаяла чарга.

 

ІІ

«Няўжо ён гэта таксама дзеля гэтага ж самага прыехаў?» — думаў Сальвэсь, гледзячы цераз спіны мужчын на сельсавецкі стол і пазіраючы збоку на Петрака.

Глядзеў на яго і чакаў, каб хутчэй дазнацца, чаго ён прыехаў сюды.

Пятрок жа думаў: «Каб хутчэй узяць гэты квіток на дровы ды ехаць дадому. Можа б сёння яшчэ да лесніка справіўся б, каб паказаў, дзе збіраць гэтае галлё. І каб хаця Сальвэсь прыставаць не пачаў з усялякімі допытамі, а то тут можа і гаварыць чаго не трэба, а ён гатоў мяне ўблытаць, як сам захоча». Апошняя думка не была выразнаю ў Петрака, і ўсё гэта адчувалася. Ён зрэдку паглядаў на Сальвэся, заўважаў, як той коса пазірае на яго і ўскідае вачыма паверх чужых спін.

Сальвэсь дачакаўся, пакуль Пятрок дастаў квіток і, убачыўшы, што ён ніякай большай справы тут не робіць, а збіраецца, мусіць, ехаць адгэтуль, паспакайнеў і сказаў Петраку:

— Значыцца, скончыў сваё?

— Але.

— Дадому цяпер?

— Не зусім.

Сальвэсь зноў трохі ўзнепакоіўся:

— А куды ж?

— Да лесніка заеду.

Зноў Сальвэсь паспакайнеў:

— Дык гэта ж можна выкіраваць, што і па дарозе будзе.

— Я ж так і зраблю.

— Значыцца, напрамік льга яшчэ ехаць?

— Льга.

Раптам Пятрок падумаў: «А от вазьму ды папытаю, што ён тут робіць. Папытаю і паеду зараз жа. Добра было б дазнацца, чаго ён прыехаў сюды — дома расказаць». І ён запытаў:

— А вы што тут робіце?

Сальвэсь паглядзеў на падлогу, хмурна агледзеўся вакол і адказаў:

— От таксама з дрывамі.

— Чаму ж вы са мною разам не бралі, як усім выдавалі?

«Не верыць, ліха яму»,— падумаў Сальвэсь і раптам загаварыў:

— Што я табе, браце, буду гаварыць. Ты тут у гэтай справе ўсё роўна мала што можаш разабрацца. Я табе скажу гэта проста. Што думаю, тое і гавару. Табе якіх-небудзь чатырнаццаць год, што ты тут лішне можаш разумець. Што тут табе гэта! Вядома, што б там ні было, а ты заўсёды будзеш супроць мяне. Ты яшчэ не жыў, можна сказаць, не ведаеш жыцця і слухаеш, што там у вас у сям’і гавораць. Што я гад, што я згубіцель. А тут ва ўсім вінавата яна, і больш нічога. Яна там нагаворыць! Ох, яна там нагаворыць ужо! А тут што, яна дзеля гэтага і замуж ішла, каб маім дабром сваю гаспадарку паправіць. Ты на мяне паглядаеш коса, а што ты ведаеш тут? Гаворка!.. Дурня знайшлі, ездзіць па ім! Пазіраюць, раты паразяўляўшы, вочы скасабочыўшы!

Вакол іх пачалі збірацца людзі. Пятрок праверыў, ці палажыў ён у кішэню квіток і, нічога не кажучы, хутка падаўся да свайго воза, абы так пільна не разглядалі яго. Сальвэсь падышоў да акна, глядзеў, як Пятрок адвязаў кабылу, падабраў з-пад яе сена, паправіў на развалінах салому, ускаціўся на разваліны і, развязваючы на хаду торбу з хлебам, пагнаў кабылу. Каля Сальвэся стаялі мужчыны.

 

ІІІ

— Тут гаворкі доўгае быць не можа,— гаварыў Сальвэсь, гледзячы ў людскія твары і шукаючы ў іх сабе спачування,— тут няма чаго лішне доўга гаварыць. Гэта добра даць права якой-небудзь гарадской кабеце, якая, можна сказаць, больш ведае як і што, бо яна хоць трохі ды вучоная. А гэта — дай ты ёй, нашай кабеціне, усялякія, як той казаў, правы, дык яна цябе асядлае ды паедзе на табе.

Пачуліся галасы:

— Ды ты, чалавеча, гавары выразна.

— Гавары ты, хто гэта там за такая, што па табе паехала?

— Пра што гэта ты?

Сальвэсь паглядзеў вакол сябе. Стаяла перад ім чалавек пяць, незнаёмых усё, з суседніх, мусіць, вёсак. Стаялі і глядзелі на яго, некаторыя і не лішне цікавячыся, а па прывычцы даведацца пра ўсё, што дзе гаворыцца, каб, расказаўшы дома вечарам у сваёй хаце, тут жа і забыцца на гэта. У некаторых можа і была вялікая цікавасць, але на твары яна не выяўлялася. Твары былі спакойныя, заклапочаныя нечым сваім.

Сальвэсь паглядзеў яшчэ на сельсавецкія сталы. Там перабіраліся паперкі, гаварылі між сабою і з мужчынамі, што наляглі на стол...

Сальвэсь сказаў:

— Баба ад мяне ўцякла.

Зразу ўстрапянуўся нечы голас:

— Ось ліха!

— Уцякла. Пажылі мы тры гады ўсяго.

— Чаго ж яна ўцякла?

— Дрэнна жыла са мною. Нелады былі ў хаце.

— А можа гэта ты з ёю дрэнна жыў?

— Ну, як жа ўжо жыць з ёю? Жыў, як усе жывуць добрыя людзі. А што нелады былі ў хаце, дык у каго іх няма. Усе людзі так жывуць. Ці гэта ж дзіва?!

— А якія ж нелады?

— Ды от што я скажу або зраблю — ёй не падабаецца. Што яна скажа, мне не падабаецца.

— Сварыліся, значыцца?

— Было і гэтага, але ці гэта ж дзіва?

— А чаго ж вы не маглі падзяліць?

— А хто яго ведае. Можа гэта так ідзецца на жыцці мне — узяць такую паскудную кабеціну.

— А невядома, як яна скажа на гэта?

— Ну вядома, што гэтая сцерва будзе ўсюды на мяне нагаворваць.

— От і разбяры тут.

— Ды яшчэ, паскуда, падала ў суд, каб частку з мае гаспадаркі ёй забраць. Я, кажа, тут працавала.

— А як жа ты думаў?

— Як думаў? Я яе не праганяў. Няхай бы жыла. Жылі б, рабілі б і мелі б. Далікатная вельмі! Слова ёй не скажаш.

— А дзеці ёсць?

— Адно. Хлопчык. З сабой забрала.

— То табе, чалавеча, значыцца, аліменты давядзецца плаціць.

— Я проці гэтага нічога не маю. Плаціць — дык плаціць, але нашто гэты здзек — каб забраць там з гаспадаркі частку. Адно кажу — я яе не праганяў.

Ужо некалькі галасоў пачулася:

— Тут сапраўды закавыка.

— От табе, браце, ты і ажаніўся. Цяпер цацкайся.

— Бо можа ты крыўдзіў яе вельмі чым? Можа ёй вельмі жыць было дрэнна за табой?

Сальвэсь перабіў:

— Я тут думаю проста — пайшла яна замуж дзеля таго, каб пакарыстацца маёю гаспадаркаю. Яна законы гэтыя ўведала — і давай, думае, папрабую. Хіба гэта мне не крыўдна? Дзе я ні быў — усюды кажуць, што яна частку адсудзіць. Што гэта за такое, браткі мае? Хіба гэта закон? Яна не хоча бо са мною жыць! Не хочаш — дык ідзі к чортавай матары, калі гэтак намаглася сама! Я цябе не праганяю. Я ўгаварваў нават яе, каб засталася. Халера... Трасцы! Не адсудзіць, я на яе ўправу знайду!..

— Ты, чалавеча, пачакай. От я ў цябе зараз запытаю... Сальвэсь глянуў. Наперад вылез чалавек у кароткім новым кажушку. Бялявы, з падстрыжанымі вусікамі. Высокі. Падышоў да самага Сальвэся, жмурачы вочы ад сонца.

— Ну, запытай.

 

IV

Сальвэсь глядзеў на гэтага чалавека і пачаў пазнаваць патроху яго:

— Дзе гэта я цябе бачыў?

— Не ведаю, можа дзе і бачыў.

— Ці не ў саўгасе гэта ты кавалём трохі быў?

— Быў.

— А, то я ж цябе ведаю. Гэта ты тады са мною барыш піў, як памог мне каня выбраць. На гэтым кані цяпер езджу, дай табе божа панаванне.

— Ну, панаванне там, дык гэта...

— Я табе і цяпер кажу перад усімі, што...

— Пачакай. Дрэннае было такое жыццё, калі кожны дзень сварка?

— Не дай божа.

— То на што ты цяпер крыўдзішся?

— На тое, што частку з гаспадаркі возьме. Не ўдалося мне жыццё, дык чаму павінны яшчэ бацькі мае пакутаваць? Гаспадарка і так небагатая.

— Ну, што ж табе тут парадзіць? Няўдачы ў жыцці бываюць. Ясна адно, што добра твая жонка зрабіла, што парушыла гэтае пекла, якое, мусіць, было ў вашай сям’і.

— На гэта то я нічога, але от мне за гаспадарку душа баліць. І так яна дробніцца. Як падзялілі з братам, дык колькі там тае гаспадаркі?

— Не трэба было дзяліць з братам.

— А як?

— Не трэба было зусім дзяліцца. Сам кажаш, што гаспадарка здрабнела.

— Чалавек усё прабуе, як лепш.

— А дзе ж яна цяпер?

— Хто?

— Жонка.

— Да брата і маткі пайшла.

— Дык частку, чалавеча, мусіць, давядзецца табе даць.

— А ты ж сам дзе цяпер?

— За Астрэйкамі на гаспадарцы.

Сальвэсь пачаў расказваць, як Пятрок — брат яго жонкі — быў тут кагадзе і, мусіць, гэта не так наконт квітка на дровы, як пра гэты ўсё суд — клапоцяцца яны ўсе.

 

V

Пятрок ехаў па мокрай дарозе. Пад капытамі ў каня плюхала, уезджаны і пачарнелы снег правальваўся.

«У лесніка каб хутчэй справіцца ды дадому. Бо трэба яшчэ будзе ў аптэку заскочыць па лякарства сестрыному малому». Даставаў з торбы хлеб і еў. Не паклалі яму нічога больш у торбу, бо не было нічога палажыць, апроч хлеба. І ён думаў яшчэ пра гэтае самае: як сястра, што адчувала цяпер сябе дома ні госцяю, ні гаспадыняю, клала яму гэты хлеб у торбу.

І гаварыла:

— Заедзеш, братачка, яшчэ ў аптэку...

— Добра,— адказаў ён.

І яму захацелася сказаць што-небудзь добрае сястры, супроць якой нават і матка пачынае гаварыць, што от не магла яна жыць замужам, што от уцякла на смех людскі. І цяпер ні дзяўчына, ні ўдава. Адказала была яна матцы:

— Не магла я жыць разам. Бо гэта не жыццё, а пекла.

— Біў ён цябе?

— Не, але ненавідзелі адзін аднаго.

— Чаму?

— Праціўнымі былі адно аднаму.

— Трэба было, дачушка, як-небудзь трымацца. Як-небудзь перажылося б, перагаравалася б. Ты ж сама ведаеш, як я жыла. І бедна жылі, і сварыліся, і таксама ненавідзелі, біліся нават. Колькі я пабояў перанесла! Аднак пражыла век.

— Я не магу гэтак.

— Трэба было трымацца, дачушка.

— Не хачу гэтак!

— То чаго ты злуешся на мяне, старую?

— Бо калі табе, мама, я замінаю тут у хаце, дык ты скажы мне проста. Я куды-небудзь буду старацца — хоць на службу да каго застацца.

Маці заміргала вачыма, пачала выціраць рогам хусткі слёзы.

Петраку нядобра стала стаяць пры гэтым, і ён сказаў:

— Хутчэй улажэце мне хлеба ў торбу.

— От зараз.

Сястра правяла яго за вароты і зачыніла іх за ім.

Цяпер у полі было весела. Пахла вясною. Пад мокрым снегам адчувалася зямля.


снежань 1927; сакавік 1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні. 1928-1944 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан