epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Не пі густога чаю

Загадчык рэгістратуры выступаючых і ўступаючых папер у нейкай установе, Барыс Іванавіч Цэнтразыхер, выпіў два куфлі піва і ўжо хацеў ісці з піўной, як раптам пачуў непадалёку недзе цікавую гаворку. І самае галоўнае, дык гэта тое, што галасы былі як бы знаёмыя.

- У нашыя часы, Ферапонт Пятровіч, - чуўся недзе блізка хрыпла-густы і нізкі голас, - асоба ў гісторыі ніякай ролі не грае, і больш нічога я вам не кажу...

- З якіх гэта часоў пачалося? - запытаў другі голас, скрыпуча-павольны і вялы, як тандэтная кілбаса.

- З якіх часоў гэта пачалося, точна вам указаць не магу, бо яшчэ пакуль што на занятках гуртка мы да гэтага не дайшлі, але даволі таго, што я канстатую факт, які дамініруе над усім, і загэтым тут ніякім сітуацыям думкі не павінна быць месца.

- Значыць, наколькі я асмелюся думаць, тут інструкцыя такая выйшла для няўхільнага правядзення ў жыццё.

- Чаго не ведаю, таго не скажу.

- А пад якім нумарам інструкцыя была ў журнал заведзена?

- Пачці што і не помню... Эй, гражданін, давайце яшчэ па куфлі.

Барыс Іванавіч Цэнтразыхер, пачуўшы гаворку, высунуўся з-за стала, каб выгледзець, хто гэта ў піўной вядзе такую сталую размову. Для гэтага яму прыйшлося агледзець некалькі бліжэйшых столікаў.

- Чорт яго ведае, - сказаў сам сабе Цэнтразыхер, - вось і пазнай тут, хто гаворыць, калі за кожным столікам усё такія, відаць, людзі, якія не могуць вырашаць такія пытанні.

Налева ад Цэнтразыхера, зусім блізка, сядзелі два рэпарцёры мясцовай газеты і трымалі ў руках нейкія запісачкі.

«Вось гэта яны, мусіць, і гавораць», - падумаў Барыс Іванавіч і прыгнуўся ў іх бок, каб слухаць.

- А я вам, таварыш Пастрочны, магу даказаць, - гаварыў нервова і рашуча адзін рэпарцёр, махаючы рукамі перад носам другога, - што з гэтай вашай заметачкі больш не выйдзе, як дзесяць радкоў. Вы мне хоць кол на галаве чашэце, а я буду стаяць за сваё.

- Вы памыляецеся, таварыш Ганарарны, - апраўдваўся другі, - тут будзе сама менш пятнаццаць радкоў...

- А калі пусціць яе на сем квадратаў, ды зрабіць чатыры абзацы, - не ўнімаўся першы, - дык гэтая ваша заметка страціць усякую цікавасць...

«Ну, тут гавораць пра справы службовыя», - падумаў Барыс Іванавіч і перавёў вочы на другі столік. Там цэлай кампаніяй вырашалася пытанне, дзе і як цяперашнім светам трэба шукаць жонку, каб яна была самаю настаяшчаю жонкаю, а не ліха ведае чым.

«Ну, гэта народ дробны і адсталы, - падумаў Барыс Іванавіч, - яны аб ролі асобы ў гісторыі гаварыць не будуць. Для іх гэта недаступна».

І, падумаўшы так, перавёў вочы і вушы зусім направа. Там, пры самай сцяне, было цемнавата, і загэтым чалавечыя галовы зліваліся з куфлямі піва і трудна было ўгадаць - ці то гэта там на адну голаў прыходзіцца дзесяць куфляў, ці на адзін куфель дзесяць галоў. Барыс Іванавіч прыслухаўся і, пачуўшы ўсяго некалькі галасоў, прыйшоў к пункту погляду, што там на аднаго чалавека прыходзіцца каля дзесяці куфляў.

- У нашы часы, - чуўся адтуль голас, - рыфма ў вершах ніякай ролі не грае. Я неяк раз гаварыў з старшымі механікамі па гэтай часці, дык яны мне гэтае самае сказалі. Так што ты, калі гэта сур'ёзна задумаў узяцца сцішкі сачыняць, дык звярні на гэта ўвагу. Я табе раю як прыяцель, які хоча табе дабра.

- Я гэта, братка, бачу, - пачуўся ціхі і нервовы голас.

«Ну, - махнуў рукою і ўсміхнуўся Барыс Іванавіч, - не з маім становішчам па службе слухаць такія рэчы. Я чалавек практычны і сталы».

«Ну, значыць, так і не давядзецца, мусіць, даведацца, хто гэта пра гістарычныя тэмы гаворку разводзіў, - падумаў далей Цэнтразыхер, - а цікава было б пабачыць сталых людзей. Трэба было б пазнаёміцца з імі».

На ўсякі выпадак Барыс Іванавіч падняўся са свайго месца і акінуў вокам столікі далей. І раптам сеў, застыўшы на адным месцы. Проста перад ім, за другім столікам, сядзелі рэгістратары папер у яго аддзеле - рэгістратар уступаючых папер Ферапонт Пятровіч Чарнілюк і рэгістратар выступаючых папер Павал Крамінадавіч Чыстапіс - абодва пажылыя і сталыя мужчыны з акуратна пастрыжанымі чыноўніцкімі бародкамі.

- От табе і раз, - сказаў сам сабе ціха Барыс Іванавіч, - вось з імі-то мне якраз тут не хацелася б сустракацца. Нявыгаднае дзела, калі аба мне сярод служачых пойдзе гаворка, што і я п'ю. На маім месцы трэба лепш усяго выяўляць сябе за чалавека сучасных поглядаў - за чалавека, які не п'е, карт не ведае, у Бога не верыць і не любіць мяшчанства. А тут яны мяне якраз могуць за куфлямі ўгледзець, гэта проста, значыць, папаўся я перад людзьмі, якія ніжэй мяне стаяць. У старыя часы, калі я служыў у казённай палаце, ні разу не пападаўся, а гэта якраз папаўся. І перад кім, каб хто папытаў?! А тут, ліха на яго, і выйсці няма як - якраз міма іх століка праходзіць прыйдзецца. Трэба чакаць, пакуль яны першымі выйдуць.

Барыс Іванавіч адсунуў ад сябе куфлі, падпёр твар рукамі і пачаў супакойвацца.

«Добра, што хоць тут нейкі цемнаваты куток», - з'явілася ў яго радасная думка, і ўжо зусім прапала ў яго цікавасць да той асобы, якая «ў нашы часы ў гісторыі ролі не грае».

- ...Але скажэце вы мне, Павал Крамінадавіч, нашто для нашага брата гэтыя гурткі ўведзены? - гарачыўся Ферапонт Пятровіч за куфлем піва, як бы здаволены тым, што гаворка перайшла ў спрэчку. - Ну для чаго, скажам, вы на гэтым самым гуртку вывучаеце, што ў нашы часы асоба ў гісторыі ролі не грае?!. Ды я каму хочаце скажу, што для нас гэта не мае жаднае маралі... І я зараз вам цвёрдым агрумантам перагэтае думкі свае: ну, скажэце вы, Павал Крамінадавіч, на міласць - ад таго, што асоба ў гісторыі пакінула ролю граць, вы паперы запісваеце ў журнал зверху ўніз ці знізу ўверх? Парадак той самы, а загэтым для нас, скажам, рэгістратараў, гэтыя гурткі, з такімі пытаннямі, маюць такую цану, як асоба ў гісторыі ці гісторыя ў асобе... Я гавару пра сябе, скажам...

Ад піва галава ў Ферапонта Пятровіча звесілася ўніз, намокшыя вусы пераблыталіся з барадою, а вочы зрабіліся як мокры попел. Павал жа Крамінадавіч яшчэ не паддаваўся - усё абціраў хустачкаю пад носам ды падпіраў леваю рукою бок.

- Што вы тут, Ферапонт Пятровіч, паніку наводзіце, - накінуўся ён на Чарнілюка, - з вас крытык усё роўна, як з нашага кур'ера марксіст. Нашто вам гаварыць аб тым, аб чым вы нічога не ведаеце. Гурток патрэбен і должан быць!

- Але нашто?

- Аб гэтым можна і не пытаць. Брыдка пытаць аб гэтым у нашы часы. Патрэбен, дый усё тут!..

- Даўней, аднак, ніякіх гурткоў гэтых не было, а паперы ў журнал яшчэ больш акуратна запісваліся, чым цяпер!..

- Што вы даўнейшае памінаеце?! Даўней гісторыя ў асобе, значыць, гэтае, а цяпер зусім іншае... Вам яшчэ, як бачу, трэба павучыцца!..

- А вы б, Ферапонт Пятровіч, чым вучыць сталых людзей, адвучылі б сваю жонку ад несучасных мяшчанскіх прывычак...

Ферапонт Пятровіч раптоўна падняўся, растапырыў рукі і, трагічна паківаўшы галавою, уставіў свае вочы ў твар Паўла Крамінадавіча.

- Калі ўжо справа дайшла да жонкі, - закрычаў Чарнілюк, - то я вам павінен сказаць, што як вы сабе ні перагэтае!..

І раптам змоўк Ферапонт Пятровіч Чарнілюк. Змоўк, а твар яго сабраўся ў змаршчакі, яшчэ больш пачырванеў, губы папрабавалі выявіць ухмылку, ды не маглі. І сеў Ферапонт Пятровіч, уткнуўшыся носам у стол.

- Што вы там такое ўгледзелі? - запытаў шэптам Павал Крамінадавіч.

Запытаў і падняўся, паглядзеў туды, куды глядзеў Ферапонт Пятровіч, і таксама сеў, прыціхшы.

Там, у цемнаватым кутку, угледзелі яны нешта такое, што пачало зварачаць ім цвярозасць.

І Ферапонт Пятровіч Чарнілюк, і Павал Крамінадавіч Чыстапіс у кутку за столікам убачылі ўскудлачаную галаву і вастраносы твар Барыса Іванавіча Цэнтразыхера. Абодва яны зараз жа селі і, забыўшы асобу ў гісторыі і мяшчанскія погляды на жыццё жонкі аднаго з іх, зрабіліся вялікімі прыяцелямі адзін аднаму.

- От, каб яго агні спяклі! - загаварыў ціхенька Ферапонт Пятровіч, прыгнуўшыся да Паўла Крамінадавіча, - да таго шкода патрачанага часу і энергіі, проста крыўднае дзела... Збіраўся, збіраўся, хадзіў-хадзіў на гэтыя сходы, і раптам усе дуды аб землю.

- Чаму, што? - прашаптаў зусім ужо спалоханы Павал Крамінадавіч.

- Гэта ж такая справа ў мяне выходзіць. Значыць, пачаў прыглядацца да людзей, уваходзіць думкамі і смякалкай у жыццё, ды адзін раз і гавару дома вечарам жонцы: «Так і так, кажу, а ці не пачаць мне паступаць, кажу, у партыю. Дзякуй Богу, пара, час спакойны, цяпер самы раз паступаць; абы толькі як Бог памог убіцца туды». «А што ты думаеш, - адказвае мне жонка, - выгаднае дзела, тады зусім інакшы від будзем мець». «Вагу тады я буду ў сабе мець», - падумаў я. А тут якраз мой добры знаёмы канторшчык на жалезнай дарозе Гіцмаржовінскі гэтае самае задумаў, мне ва ўсім прызнаўся і паехаў у Екацярынаслаў паступаць у партыю; дык мяне калі возьме яшчэ большая ахвота! «Ну, думаю, калі Бог дасць здароўе - неўзабаве буду ў партыі састаяць». Зараз пачаў зарэкамендоўваць сябе - сходы там усякія, скромнасць, пашана да старшых, білеты сабе і жонцы на спектакль, калі ён ставіцца на карысць прафсаюзаў, ды ці мала чаго. «Абы, адно, Бог даў здароўе», - думаю сабе... А гэта якраз сягонняшні вечар, каб ён згарэў, каб ён, усё сапсаваў - гэта ж Барыс Іванавіч Цэнтразыхер сам таксама ў партыю хоча, і здаецца мне, што скарэй за мяне паступіць, а, паступіўшы, мне ходу не дасць, бачыўшы мяне за куфлямі...

- Смякнеце вы і радуйцеся, - перабіў ціха і ў захапленні Павал Крамінадавіч, - раскіньце розумам направа, раскіньце налева і ўразумейце, што ён будзе маўчаць, як вады ў рот набраўшы.

- Чаму?!.

- Чаму?!. Ды папытайце вы ў яго, чаго гэта ён тут сядзіць, у цёмны кут забраўшыся?..

- Як я бачу, - загаварыў вялым голасам Ферапонт Пятровіч, - дык вы, Павал Крамінадавіч, хоць яшчэ трыццаць тры гады з палавінаю запісвайце пад нумар паперы ў журнал, усё роўна будзеце тым, кім вы ёсць. І перад тым, як пачынаць выказваць думку сваю, заўсёды падумайце. А то заўсёды ўзрадуеце гаворкаю, а пасля гэтай радасці горш яшчэ на душы робіцца, бо вашы словы - на ўзвей вецер.

- Чаму?

- А таму, што вы не падумалі аб тым, што тут не толькі піва, а чаго хочаш дастанеш. І, можа, ён зусім не для піва сюды прыйшоў.

- Вы думаеце? - узрадаваўся Павал Крамінадавіч. - Калі так, дык тым пачай: калі ён, скажам, настаяшчы напітак п'е, дык уручаю галавой, што слова нідзе не скажа, бо сам гэткі самы.

- Эх, Чыстапіс, Чыстапіс, - патрос галавою Чарнілюк, - служыце вы разам з ім у ваднэй установе, а не можаце дадумацца, што ён можа тут калі-небудзь чай піць. Ну хто яму можа забараніць прыйсці сюды шклянку, скажам, чаю выпіць? Паколькі я яшчэ не згубіў розум, пастолькі бачыў яго толькі голаў, ніякіх жа куфляў, ні шмуфляў каля яго не бачыў.

- Не бачылі? - устрывожыўся Павал Крамінадавіч. - Няўжо каля яго куфляў няма; значыць, гатова быць непрыемнасць па службе. От увагнаў чорт мяне сягоння сюды!

- А мяне?!

- Ну і вас?

- А ў яго такі, здаецца, відаць два куфлі, - радасна шапнуў Павал Крамінадавіч, прыгледзеўшыся.

- Ну?! - крыкнуў Ферапонт Пятровіч голасам, у якім было надзвычайна многа і радасці і надзеі.

- Верна. Вунь нешта блішчыць, здаецца, вуха ад куфля.

І яны ўдвух трохі прыпадняліся і пачалі прыглядацца на столік Цэнтразыхера.

 

«Прыглядаюцца, каб яны папруцянелі, - падумаў Барыс Іванавіч Цэнтразыхер, - от табе і прыйшоў, чорнага піва папрабаваў. Цяпер, сволачы, разнясуць языкамі па ўсім свеце, што я вечарам па піўных цягаюся. Гэта ж мяшчане чыстакроўнай крыві. Прападзе, ліха на яго, погляд на мяне як на чалавека з сучаснымі поглядамі на жыццё. Горка жыць на свеце! Папрашу я, адно, чаю, - з'явілася ў яго думка, - ды так папрашу, нібы я цяпер гэта піў не піва, а чай такі густы».

- Гражданін, - гукнуў Цэнтразыхер, - дайце мне яшчэ чаю, ды не такога густога і ў шклянцы!

Гражданін абцёр рукі аб свой белы фартух і прынёс чай.

- Чуеце вы, - загаварыў Ферапонт Пятровіч, - гэта ж ён чай з куфля, мусіць, піў; і чаму гэта з куфля, чорт яго ведае. Няўжо гэта шклянак не хваціла? Давайце і мы сабе закажам чаю ў шклянках і закруцім яму галаву за мілую душу.

- Давайце!

- Эй, гражданін, нам таксама чаю ў шклянках, але густога.

Гражданін прынёс чай, і трое людзей за двума столікамі пілі яго, радасна паглядаючы адзін на аднаго і адсунуўшы ад сябе куфлі з астаткамі чорнага піва.

Праз паўгадзіны яны ўсе ўтрох па-прыяцельску выходзілі з піўной.

- А я, ведаеце, чаго трохі сягоння тут сцебануў, - гаварыў, выходзячы, Барыс Іванавіч, - маю прывычку хадзіць у піўную вечарамі чай піць.

- Гэтаксама і мы, - адказаў Ферапонт Пятровіч, - ішлі гэта мы з Паўлам Крамінадавічам міма дый рашылі зайсці ў піўную чаю выпіць... Ну, выпілі гэта мы па куфлі чаю, а пасля задумалі яшчэ па шклянцы выпіць... Ну, выпілі яшчэ па шклянцы, дый гэтае...

- Я таксама, - падаў голас Цэнтразыхер, - выпіў два куфлі чаю, а пасля яшчэ шклянку... Але вельмі нейкі чай тут густы падаюць, проста чорны, як дзёгаць. Ці то гэта, можа, ён ад таго такім здаецца, што ў куфлях?!.

- А мне, каб вы ведалі, - сказаў Ферапонт Пятровіч, - прафесар забараніў густы чай піць, паколькі ў мяне, значыць, біццё сэрца і плеўрыт мазгоў. Так мне выразна і сказаў: не пі ты, кажа, браце, густога чаю (мы з ім на ты). Але потым п'ю - не магу ўстрымацца, нутро прымае. Ну, бывайце здаровы, Барыс Іванавіч, і вы, Павал Крамінадавіч. Сягоння яшчэ не позна - пайду пачытаю трохі. Я, ведаеце, Барыс Іванавіч, цяпер палітычныя кнігі чытаю вечарамі - светагляд пашырыць трэба... Паколькі цяпер асоба ў гісторыі ролі не грае, пастолькі, значыць, адным словам, і гэтае... Бывайце здаровы.

 

1925




Беларуская Палічка: http://knihi.com