epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Небеларуская мова ў беларускай літаратуры

Вялікая беларуская моўная стыхія не толькі не загінула за час шматвяковага нацыянальнага падняволення Беларусі, не толькі не была праглынута моцнымі культурамі суседніх народаў, а захавала сваю чыстату, скрышталявалася ў надзвычайнае багацце арыгінальных формаў, служачы нават багатым матэрыялам для суседніх моўных культур. Беларуская мова - мова беларускіх казак і песень, фразеалогія народнае гутаркі, - гэта найглыбейшая самабытнасць і хараство.

Сіла самабытнасці слова разбурае ўсе спробы іншых моўных культур залічыць якую-небудзь мову ў свае «наречия». Гэта даведзена якраз прыкладам з беларускаю моваю. А чым больш нацыянальных асаблівасцей мае гэтая культура, тым больш гэта ўзбагачае тыя нацыянальныя элементы, з якіх ствараецца агульная чалавечая культура.

Усё гэта даўно вядома. Але ўсё гэта даводзіцца прыгадваць з тае прычыны, што мы перажываем асаблівую пару ў развіцці нашае культуры. З аднаго боку - яшчэ і цяпер не зусім змоўклі галасы некаторых акадэмікаў і дацэнтаў пра «наречие». З другога боку - павінны быць створаны беларускія вышэйшыя формы беларускай культуры. І тут паўстае найвялікшае пытанне мовы. Бо каб гэтыя «вышэйшыя формы культуры» былі і вышэйшымі і беларускімі, няйначай трэба, каб яны былі сапраўды ў беларускай мове.

Беларуская жывая літаратурная мова перажывае цяпер пару свайго фармавання. Дык трэба, каб усе ўсвядомілі, якую вялікую гістарычную адказнасць жыццё ўсклала на літаратараў, гэтых адзіных тварцоў жывога кніжнага слова. А тым часам частка літаратараў, трэба думаць, не зразумела сваіх задач у моўным пытанні, мусіць, не адчувае на сабе гэтае адказнасці. Бо траха не ўсе нашы часопісы і газеты, а таксама творы некаторых пісьменнікаў выходзяць у свет у гэтакай мове, якую можна назваць сапраўды толькі «наречием». Фразеалогія гэтае мовы зусім не беларуская. Гэта фразеалогія той мовы, стыхія якое пануе ў аўтара, на якой у аўтара працэс думання. Гэтая з'ява, якая не толькі не слабее, а набывае памеры нястрыманай навалы, цяжкім каменем загароджвае дарогі развіцця беларускае культуры.

У «Узвышшы» № 2 за 1927 г. Уладзімір Дубоўка ў сваім артыкуле «Пра нашу літаратурную мову» ўспамінаў адзін верш, які напісаны нібы ў беларускай мове, але ў якім усяго некалькі беларускіх слоў. Верш з гэтакімі тэрмінамі, як «лунныя лапы»... Гэтыя «лунныя лапы» ўсё больш і больш пускаюць карані, усё больш і больш імкнуцца запанаваць цалкам у нашай літаратурнай мове. Гэтая навала робіць справу змагання з беларускаю культураю і яе льга выкараніць толькі тады, калі нашы літаратары стануць тут свядомымі і дзейнымі, калі яны адчуюць усю сваю адказнасць. Бо іначай, побач з крышталяваннем нашае літаратурнае мовы, гэтая навала будзе ўсё ўмацоўвацца і загароджваць дарогі літаратурнай культуры. Гэтае злачынства цалкам ляжа на сумленне тых літаратараў, якія сталі на працу як бы дзеля таго, каб патаптаць і знішчыць тое моўнае багацце, якое Беларусь збірала і ахоўвала ўсе доўгія вякі свае падвойнае няволі.

Возьмем з першае, якая апынулася пад рукамі, расейскае кнігі кавалак тэксту. «По утрам солнце светило мне сквозь двойные решетки. И от него, и от счастливо воркующих за окном голубей хотелось смеяться. Я тихо ходил от стены до стены и сквозь решетки видел весело синеющее небо».

Беларускаю моваю гэта можна гэтак выказаць: «Раніцамі сонца свяціла мне праз падвойныя краты. І ад яго, і ад галубоў, якія шчасліва буркавалі за вакном, хацелася смяяцца. Я ціха хадзіў ад сцяны да сцяны і праз краты бачыў неба, што весела сінела».

Гэта калі цвёрда прытрымлівацца моўнага кірунку ў расейскім тэксце. Ніхто не забараняе выказаць і гэтак:

«Па раніцах сонца свяціла мне праз двайныя рашоткі. І ад яго, і ад шчасліва варкуючых за вакном галубоў, хацелася смяяцца. Я ціха хадзіў ад сцяны да сцяны і скрозь рашоткі бачыў весела сінеючае неба». Тут справа вельмі простая. Для таго чалавека, у якога моўнае думанне не беларускае, а расейскае, гэтакім жаргонам куды лягчэй пісаць, чымся беларускаю моваю. Дык гэтак і пішуць. І лічаць, што гэта беларуская мова, і ніколі ім не ўзбрыдзе нават на думку, што творы, якія напісаны гэтакаю моваю, ёсць творы па форме расейскія, а не беларускія; але расейскія непісьменныя, бо на расейскай мове, напрыклад, не «сінеючых», не «рашоткі», не «варкуючых», а «синеющих», «решетки», «воркующих». У беларускай жа мове гэтакіх формаў зусім няма. Дык расейцы маюць права лічыць гэта сваім «наречием». Але ўсё ж «наречия» гэтакага расейская мова не мае; абсалютна не мае гэтакіх формаў і беларуская мова. Формы гэтыя ёсць раўналежныя расейскім; такім чынам, гэта ёсць расейская мова зусім непісьменных аўтараў. Іначай гэтую з'яву ні растлумачыць, ні апраўдаць нельга.

Але можа хто скажа, што нічога гэтакага ў нас няма? Дык вось бяру «Полымя». Бяру № 5, за 1928 год - той паасобнік, які першы трапіў у рукі. Пачынаецца гэтая кніга перакладам з нямецкае мовы. Пераклад гэты ўспомнім пасля, а раней глянем на арыгінальную беларускую творчасць. Адразу ж першае слова - загаловак: «Над абрывам». Аўтар думаў «над обрывом» і напісаў «над абрывам». Не ведаючы, што ў беларускай мове «абрыў» гэта значыць «парсюк лычам дрэва абрыў». Якраз, як той аўтар «лунных лап» думаў: «И такие смешные следы лунных лап по утесам легли» і пісаў: «І такія смешныя сляды лунных лап па ўцёсах ляглі». А пасля пачынаецца тэкст твора «Над абрывам» і адразу ж з першага сказа: «Вясна ў тым годзе наступіла неяк рана». А за гэтым і скрозь пачынаецца: «Звярнуўся да свайго суседа па фурманцы». «Ты занадта вялікае значэнне прыдаеш барацьбе з адзінкамі» (33 бал.). «Мы пераможам, калі асабістае, прыватнае прынясём у ахвяру агульнаму, грамадскаму» (34 бал.). «Зграбная, хілкая постаць, абрысы якой адзначаліся з-пад лёгкай, адпаведнай часу вопраткі, прыдавала ёй выгляд вясенняй жывасці». «Праворным махам рукі». «Але большае ўражанне выклікаў яе праніклівы погляд». «А мо адабрэнне?» «Пранікала ў душу». «Карпіцкі таксама накіраваўся паглядзець, як размяшчаюцца аддзелы». «Памяшканні для службы». «Рэзка непрыемна рыпалі цвікі пры распакоўцы скрынак» (35 бал.). «Густа пасеенымі, колеру ільнянога насення, плямкамі на твары» (36 бал.). «Ды гэтаму ж Баханская галаву закруціла, мусіць хоча выйсці за яго замуж». «У белай кофтачцы» (37 бал.). «Адсюль адкрываўся прыгожы малюнак». «Даклад датычыўся самавольных парубак лесу». «На гэтых днях зайшлі яны з Батурскім у партком пагутарыць наконт водпуску дрэва» (38 бал.) і г.д. і канца-краю няма гэтым «лунным лапам», на кожнай балоне, да самага канца. Усіх іх я выпісваць не буду, бо дзеля гэтага трэба перапісаць усю рэч, з пачатку да канца. Кожны сказ тут паказвае, што аўтар яго моўна думае па-расейску. Сапраўды, што гэта «вясна наступіла»? Наступіць можна (думаючы ў беларускай мове) каму-небудзь на нагу, можна наступіць на жабу і растаптаць яе. Але аўтар думаў: «Весна в этом году наступила как-то рано». І пісаў гэта беларускай транскрыпцыяй, зменьваючы, як умеў, некаторыя словы. Але характар, кірунак сказа застаўся цалкам расейскі. «Ты занадта вялікае значэнне прыдаеш барацьбе»... Гэта значыцца, па-расейску дзіка-непісьменна напісана: «...большое значение придаешь борьбе»... Трэба ведаць, што мала замест «слишком» напісаць «занадта» і замест «большое» напісаць «вялікае». Трэба ведаць, што ёсць фразеалогія, уласцівы кожнай мове свой уласны кірунак сказаў. «Мы пераможам, калі асабістае, прыватнае прынясём у ахвяру»... Аўтар уяўляў сабе гэтак: «Мы победим, когда личное, частное принесем в жертву»...

Дзе аўтар чуў гэтакія характары сказаў? Калі ён чуў іх у канцылярыях, выдавецтвах, рэдакцыях, дык гэта не дазваляе яшчэ пісаць гэтак для друку. Бо збеларусізаваныя чыноўнікі, а часта і рэдактары, пазнаёміўшыся з «практычных слоўнікаў» з «беларускаю моваю», замест, напрыклад «я не имею охоты идти», гавораць: «я не маю палявання ісці», замест «половые отношения» гавораць «падлогавыя адносіны», замест «дай ключ открыть шкаф» - «дай крыніцу адчыніць шафу»... «Лунныя лапы» ўсялякіх «Над абрывам» якраз створаны гэтакім жа самым прынцыпам.

«Дык гэтаму ж Баханская галаву закруціла, мусіць хоча выйсці за яго замуж». Аўтар добра ведае: «она ему вскружила голову... выйти замуж», дык ён піша «галаву закруціла». Беларуская мова ведае гэтакі зварот, ён ёй вельмі ўласцівы, але ён ужываецца зусім іначай. Напрыклад, гэтак: «Каб табе галаву набок закруціла». «На гэтых днях зайшлі яны да Батурскага». Не піша ён «гэтымі днямі», а «на гэтых днях». Як жа ён можа напісаць гэтак, як гаворыць беларускі селянін або не зрусіфікаваны рабочы, калі ён сам прывык гаварыць «на этих днях». Або «даклад датычыўся самавольных парубак». Ці не лепш жа было напісаць «доклад касался самовольных порубок»? Гэта была б жывая прыгожая расейская літаратурная мова. А то - пераносіць гэты, прыгожы ў расейскай мове, сказ у мову беларускую, не адчуваючы, што ў беларускай мове гэтакага кірунку няма. Уводзіць у беларускую мову «крыніцу, якою адчыняюць шафу» і думае гэтым дубовым пілавіннем забіць жывую прыгожасць народнай мовы. Няўжо гэта цяжка напісаць: «у дакладзе гаварылася пра самавольныя парубкі»? Але дзеля гэтага трэба вывучыць мову, калі ўжо не давялося ведаць яе змалку.

Небеларуская фразеалогія захавана цалкам. Усё гэта атулена вянком з тых словаў, якія створаны паводле расейскіх, і створаны людзьмі, якім трэба было як-небудзь беларусізавацца. Яны добра ведалі расейскую мову, але зусім не ведалі беларускае. Дык замест таго, каб вывучыць беларускую мову, яны пачалі тварыць сваю, уласную. І, доўга не працуючы, можна сказаць, проста гуляючы, стварылі свой жаргон. І пішуць усялякія свае «сінеючыя, захаваўшыхся, падаючага, дадзеныя»... Трэба было яму ўжыць «безусловно». Але як ты яго тутака ўжывеш, калі трэба беларусізавацца. Дык ён падумаў: «условие» - кажуць людзі, што па-беларуску будзе «ўмова». Дык чаму не напісаць «безумоўна»? Або замест «у нас есть данные» не напісаць «у нас ёсць дадзеныя»? Усё як мае быць. Вось і пайшлі ўсе гэтыя «прыблізна, неабходна, адносна» і г.д. У народзе гавораць «збольшага работа скончана». Але кніжная мова трымаецца зусім іншых прынцыпаў. Вы думаеце, чалавек, які піша для друку, напіша гэтак? Ён напіша: «прыблізна работа скончана». І спакойны душою, што ведае беларускую мову.

Але асобныя славечкі - не гэтак яшчэ страшныя. Больш удалыя з іх прыжывуцца, няўдалыя могуць адсеяцца. Самая бяда гэта ў навязванні беларускай мове зусім неўласцівай ёй фразеалогіі. Гэта вядзе да таго, што ў быце беларускае вёскі, напрыклад, мова будзе адна, з усім яе хараством і багаццем арыгінальных формаў, а ў кнігах для гэтых жа самых людзей мова будзе іншая. Якраз тое самае, што даўней казалі: «Вучыся, сынку, чытай кнігі, можа табе як бог паможа выйсці ў людзі. Дык не будзеш ты тады гаварыць гэтак проста, як мы, цёмныя людзі». Гэта не смех. Гэта горкая праўда. «Лунных лап» народная мова не ведае. Іх прыдумалі непісьменныя пісакі.

Можа хто скажа, што я наўмысля выбраў самы непісьменны артыкул і выцягваю з яго патрэбныя мне прыклады? Дык жа глянем у наступныя друкаваныя рэчы тае самае кнігі.

«Потым мой погляд паволі адхіляецца ўніз» (51 бал.). «Аднойчы атрымлівае ён прадмет сваіх некалькі гадовых летуценняў - ліст» (52 бал.). «Зразумела, ён атрымліваў вельмі добрую плату і вёў жыццё нейкага феадала» (53 бал.). «Маркел вандруе ў працягу цэлае ночы» (54 бал.) і г.д. Мы ўзялі з кожнае балоны па адным прыкладзе. Больш браць прыкладаў, гэта зн. перапісваць усё з пачатку да канца, не буду. Расейскаю моваю можа быць гэтак: «взгляд медленно скользит (ці нешта падобнае да гэтага, можа «отклоняется») вниз». Дык чалавек з лёгкім сумленнем піша: «погляд адхіляецца ўніз» і не можа ніяк адчуць, што «погляд» - гэта не тое, што «зірк», а гэта - «взгляд на вещи». А адхіліць можна якую-небудзь дошку, фіранку на вакне... Або «атрымлівае ён прадмет сваіх летуценняў - ліст»... Тут якраз «предлагается вам немедленно представить инвентарную опись на предмет учета данного имущества». У народных гушчах гавораць: «вандруе цэлую ноч», а ў кнігах для гэтых народных гушч пішуць: «вандруе на працягу цэлае ночы». І ўсё затым, што «в продолжении ночи».

Або расейскаю моваю гэтак льга сказаць: «имеются два взгляда». Дык на 69 бал. тае ж усё кнігі пішуць «маюцца два погляды». Калі згадзіцца, што гэта па-беларуску, ды калі сказаць гэта расейскаю моваю, дык яно будзе - «поживают два взгляда». Бо «маюцца» - гэта не «имеются», а набліжаецца гэта да расейскага «поживают»: «как они поживают?» - «Як яны маюцца?» - «А нічога, жывуць патроху». Або яшчэ адно адценне расейскае мовы ў гэтым слове: «Не живем, а маемся» (пакутуем). Ну, чым жа гэта не «падлогавыя адносіны»? Адным словам, можна сказаць, увесь тэкст складаўся аўтарамі або перакладчыкамі паводле таго, як гэта будзе па-расейску.

Я бяру № 2 за 1928 г. таго самага выдання. Разгортваю дзе прыйдзецца і гляджу, што трапіла на вочы. Чытаю на 22 бал.: «І не даацэніш, зразумела, і дней вольных - ліпнёвых, мёдам насычаных». «Дней насычаных!» Гэта якраз падобна да:

«Над магілаю чорных дней»...

Дык тут хоць дзеля рыфмы аўтар пастараўся, каб забыцца на беларускае «дзён» і пісаў расейскаю моваю «дней». А ў «дней насычаных» нават і рыфмы ніякае нідзе няма. Проста з ласкі на пацеху. Гэты ж самы аўтар у тым жа самым творы піша: «Захапляўся Язэп* Леніным, яго жыццём, яго вялікай сілай у слове». Дык нават і сам аўтар ведае, прынамсі чуў (калі ўспамінае гэта) пра жывую вобразнасць і сілу ленінскае мовы, асабліва ў яго «обличительных» артыкулах і прамовах. І, ведаючы гэтакую сілу і хараство слова, якія грунтуюцца на багатых адценнях расейскае народнае мовы, аўтар сам застаецца неахайным да свайго ўласнага слова, не надае яму аніякай цаны.

* Язэп - у 20-я гады ў беларускай прэсе так перакладалася імя Іосіфа Сталіна.

На балоне 71 - пасля таго, як яны «накіраваліся ў залю», адзін (аўтар гаворыць ад сябе) гаварыў: «калі б вы мелі магчымасць заглянуць да мяне»... Значыцца - «направились в зал»... «имели возможность заглянуть»... Дакладная расейская фразеалогія, нават аўтар не паклапаціўся перакласці на беларускую мову як належыць. На бал. 73 - «воўк душу выматвае» («выматывает душу»).

«Рабочаму не павінны быць страшнымі перашкоды на шляху яго пасоўвання наперад» («продвижение вперед»)... «І слясарскае і, нават, сталярскае рамёствы яму не чужы» (яму не «чужды»). «Сумею даць» («сумею дать»). «Пастараюся ўскладзеныя на мяне надзеі апраўдаць, - заключыў Якаў Гузік» («заключил»). «Намякалі...» Гэта ўсё на адной толькі 25-й балоне нумара 1 таго самага выдання за 1928 г. Або ў тым жа самым творы славечкі і моўныя звароты: «недаўмяваў», «цяраць»! Дык чаму ўжо зусім не пісаць, напрыклад, гэтакаю моўнаю формаю: «жалацельна здзелаць савяшчанне і ісчарпаць эці вапросы, каб саздаць упечатленне?» Гэтакі жаргон спрабуе ўкараніцца, як належыць, у нашым пісьменстве.

У нас не разумеюць, што пераклад літаратурнага твора з чужое мовы ёсць тая ж самая літаратурная творчасць. Перакласці твор дакладна - невялікая навука, але трэба перадаць яго літаратурнасць, «душу» гэтага твора. Дзеля гэтага трэба ўладаць словам, трэба адчуваць мову, адчуваць безліч адценняў у кожным слове. Пераклад літаратурнага твора гэта не ёсць механічная праца. Пераклад на беларускую мову рамана І.Бехера «Адзіная справядлівая вайна» найлепш даводзіць усё гэта. Не можа быць, каб І.Бехер ужываў у сваім пісьменстве гэтакія тэрміны, як «усім тыканнем нашага сэрца». А «Полымя» здолела гэтае «тыканне сэрца» надрукаваць у сваім чацвёртым нумары. «Чурбаны», «тысячы нясуцца», «пералязалі праз парканы», «пранік»... Усё гэта на адной 67 балоне. Там жа і «зграі дзяцей моцна чапляліся за спадніцы матак...» Гэта апісваюцца няшчасныя дзеці тады, калі горад спасцігла вялікае гора і бяда. Няўжо пралетарскі пісьменнік назваў натоўп дзяцей зграяй, ды яшчэ ў часе вялікіх сацыяльных бяднот? Зграя можа быць груганоў, шкоднікаў, драпежнікаў, а не дзяцей. І каб перакладчык адчуваў мову, ён не напісаў бы гэтак.

«Хмурнае сычэнне і шыпенне насіліся ў паветры, як грымоты, прыдушаны ўраган... Бутлі, напоўненыя якойсь густой кляючай масай, качаліся ўгары пад дахамі. Якісь смалісты састаў ліўся сам сабою з куба ў куб. Складаныя сумесі ўтвараліся пры дапамозе найдакладнейшых дзіўных апаратаў. Некалькі платформаў, якія былі пабудаваны паміж катлоў, рабілі на Макса ўражанне гатычных цэркваў...»

Што тут ёсць беларускага ў гэтай «кляючай масе» нейкага жаргону?

 

Якое ж дзіва пасля гэтага, што нашы газеты распаўсюджваюць страшэнную непісьменнасць і моўную некультурнасць! Асабліва гэтым вызначылася «Чырвоная змена». Мова гэтае газеты - гэта ад пачатку і да канца ўсё «лунныя лапы». Жывога слова там і збваду няма. Калі хто з працаўнікоў гэтае рэдакцыі і ведаў калі-небудзь беларускую мову, дык гэтыя веды затанулі ў моры «лунных лап». Я не шукаў адмысловага паасобніка «Чырвонае змены», а ўзяў той, які ў мяне якраз ляжаў на стале. Гэта № 94 (621). «Лунных лап» тут доўга шукаць не трэба.

«Усё растучая ваенная небяспека». «Акажа дапамогу». «Пагэтаму» - («поэтому»). «Будучых боек». «Французская секцыя КІМу працягвала хаваць слаўныя традыцыі». «Сумела ажыццявіць». «Раздаваліся гучныя словы». «Дастойныя словы». «У будучай перамозе».

Гэта ўсяго з двух невялічкіх артыкульчыкаў; дый не ўсё яшчэ гэта з іх выпісана. Або вялікімі літарамі загаловак: «Падаючага - піхні». Гэтак яно, мусіць, і робіцца. «Чырвоную змену» трэба, каб чытала моладзь. Чытае моладзь, якая знішчае сваю непісьменнасць. І, навучыўшыся чытаць, гэта моладзь вучыцца ў газеце непісьменнасці. Што б гэта сказалі расейцы, каб хто на расейскай мове замест «на крыше растут мхи иные, чем в лесу» напісаў - «на крышы растут мохи иные, чым в леси». А ў нас беларускую мову падаюць у гэтакім выглядзе.

Вось яшчэ трохі жаргону з таго ж паасобніка «Чырвонае змены»:

«На самай справе». «Мігам праскаўзне міма». «Пачалі перагортваць карты, пачалі глядзець, ці няма дзе-небудзь зорак, якія па меры перагортвання аказаліся б больш і больш разыходзячыміся, якія ўсё больш адлучаліся адна ад другой...»

Успамінаецца яшчэ адзін загаловак: «Дарагога таварыша не стала». Калі згадзіцца, што гэта напісана беларускаю моваю і калі выказаць гэта расейскаю моваю, дык яно будзе: «Дорогого товарища не серьезно». Бо «сталы» - гэта ў нашай мове «серьезный». А «стала» - «серьезно».

Або вось у дадатку да «Савецкай Беларусі» надрукавана нататка пра Л. Талстога. Дык яна займае ўсяго якіх-небудзь 180-200 газетных радкоў, а ў ёй «лунных лап» не абабрацца: «Старец, паражэнняў, цянётах, фігуру, нанясення, верная мерка, выступаючай, адкрыўшы («открывший»), пажадаўшыя, існуючага, укладам эканамічных адносін...»

У п'есе «Каля тэрасы», якую ставіць Другі Беларускі Дзяржаўны тэатр, ёсць гэтакая з'ява. Бяжыць сялянка і крычыць: «У чым справа, у чым справа?» Няўжо гэта крычыць сялянка? Не, гэта крычыць сам аўтар п'есы. Ён думаў: «в чем дело» і пісаў «у чым справа». Дзе гэта аўтар чуў, каб сялянка гаварыла гэтак? Таму і чуецца тут фальш, таму і траціцца вобраз ці тып сялянкі. І вінавата тутака моўнае думанне аўтара, якое зусім чужое сялянцы-беларусцы.

Або ў гэтакім надзвычайна мастацкім тэатравым паказе, як «Сон у летнюю ноч», сказ «Ужасу больш»?! Якія надзвычайныя хвіліны асалоды перажывае глядач, бачачы і чуючы ў тэатры выкананне ролі кіраўніка грэцкіх бадзякаў-актораў! (Ролю гэтую выконвае, здаецца, артыст Сяргейчык). Якое надзвычайнае хараство ў адценнях гутаркі, якія суладжаны з рухам цела гэтага чалавека! Надзвычайна высокае мастацтва ў выкананні гэтае ролі. Артыст здолеў перанесці гэтага грэцкага тыпа ў нашу сучаснасць - вібрацыяй голасу, хараством мовы, яе адценнямі і нюансамі слоў, надаўшы яму каларыт беларускага селяніна. І як гэтую надзвычайную стыхійную прыгажосць псуе адно толькі слова!

Вельмі праўдзіва сказаў адзін расейскі сучасны паэт: «Слово - это полководец человечьей массы». Мова - гэта матэрыял для мастацкага твора. І няўжо трэба, каб гэты матэрыял быў дрэнным? У тэатры слова мае вялікае значэнне. Як тэатральная тэхніка павінна быць удасканаленаю, як развіццё тэатральнага паказу павінна ісці паводле пэўных законаў, гэтак і мова ў тэатры не павінна быць абы-якою. Найвыдатнейшыя мастакі сцэны пра мову ў тэатры клапоцяцца не менш, як пра ўсе іншыя галіны тэатральнага мастацтва.

Перапалоханая сялянка крычыць «у чым справа?». Няхай бы ўжо, нечага, яна, каб вытрымаць стыль аўтара гэтае п'есы, крычала: «У чым справа?! У мэтах рацыяналізацыі часу і адносна гэтага месца, безумоўна, не мэтазгодна паднімаць тут гэтакі вэрхал!»

Вядома, што аўтар тут выказаў тое, што хацеў выказаць. Непаразуменне сялянкі паказана. Але выказана ў гэтакай мове, што тып сялянкі, які, скажам, раней ужо ўяўляцца пачаў гледачу, разбіўся і прапаў ад аднаго слова. Сялянка пачула нейкую незвычайную гаворку, нейкі крык, убачыла незнаёмых людзей, устрывожылася і замест «што гэта робіцца?», або «што там гэта», крычыць «у чым справа?». Аўтар падаў гэта па-свойму, сказаў гэта ад сябе, а не ад таго чалавека, якога хацеў паказаць.

Або вось яшчэ з аднаго тэатральнага твора. «Я думаю аб нашых адносінах з табою». «Пачалі адкрываць адзін аднаму свае таямніцы...» «Зловіш якога злодзея, пачнеш допыт яму рабіць» і г.д. і г.д. Тут усё дакладна выказана, што хацеў выказаць аўтар. Але гэтакі кірунак, гэтакі дух мовы ўжываюць людзі, якія ўсё жыццё сваё працавалі дзе-небудзь у канцылярыях на расейскай мове. І, нарэшце, давялося ім беларусізавацца. І гавораць яны моваю як быццам і беларускаю (бо не расейская ж гэта мова). Але мова гэта цяжкая, сухая, нежывая.

Мова - жывая істота. Яна жыве, а не існуе. Адным словам можна вельмі шмат выказаць, або тым жа самым словам нічога не сказаць. І гэта нават можа быць ад таго, як гэтае слова выгаварыць. Напрыклад, можна сказаць «ты не ведаеш». І можна сказаць: «вельмі ты ведаеш!» Выказана тое самае, але другі раз - мацней, нават з адзнакамі кпін. Але нашым літаратарам гэтае моўнае багацце не абыходзіць. Вывучэнне мовы - гэта, кажуць, задача лінгвістаў, а пісьменніку трэба ставіць праблемы, «адбіваць сучаснасць». Але мала хто думае, што для гэтага патрэбна нейкая, калі льга так сказаць, рэчаіснасць, нейкі матэрыял. Усякі ж ведае, што з дрэннага матэрыялу нават кашаля не спляцеш, не то што якога-небудзь твора.

Жонка Льва Талстога ў сваім дзённіку пісала, што Л.Талстой ніколі не пакідаў, да канца жыцця свайго, вучыцца расейскай народнай мове. «Считая свой язык русский далеко не хорошим, не полным, Л.Н. поставил целью своей в это лето изучить язык в народе. Он беседовал с богомольцами, странниками, проезжими и все записывал в книжечку народные слова, пословицы, мысли, выражения». (Занатована 31 студзеня 1881 г.).

Дык натое гэта быў Л.Талстой! Але што значыць народная мова аўтару якога-небудзь «Над абрывам»?! Яго сумленне чыстае. Ён не можа і падумаць, што сваім пісаннем разбурае наша моўнае багацце і ўводзіць замест яго нейкі свой жаргон. Яму абы пісаць. Яму і не ў галаве, што якое б там друкаванае слова ні было, яно ўсё ж друкаванае слова. Яго чытаюць, чытаючы, вучацца і... псуюць сваю пісьменнасць.

Я працую ў рэдакцыі «Беларускае вёскі», і мне даводзіцца чытаць вельмі шмат допісаў з вёскі і літаратурных твораў маладых вясковых аўтараў. Дык я на выразных прыкладах бачу, як друкаванае слова псуе пісьменнасць моладзі, забівае ўсю яе прыродную чуласць да мовы. Адзін аўтар пісаў у рэдакцыю: «Паважаная рэдакцыя! Я прашу, каб вы надрукавалі маё гэтае апавяданне ў «Чырвоным сейбіце». Можа яно і не варт гэтага, дык я прашу, каб вы паправілі яго. А калі і гэта не паможа, тагды напішыце мне, чым маё апавяданне нягоднае, каб я другі раз ведаў, як лепш пісаць. Гэтыя маркі я шлю вам на адказ»... і г.д. Відаць было, што піша чалавек пісьменны. Ліст гэты ён напісаў жывою моваю, бо гэта аўтар гаварыў з рэдакцыяй. Але тое, што ён пісаў для друкавання, не мела і заваду жывое мовы. Гэта была самая сапраўдная кніжная выдуманая мова. Апавяданне тое пачыналася гэтак: «Заходзячае сонца чырвонымі праменнямі аблівала захад. Вецер распаўсюджваў пах кветак. На цямнеючых балотах заціхалі птушкі, і ў хуткім часе наступіў вечар»... І далей падобна да гэтага. Якраз выходзіць, што для хатняе гутаркі, на абыходак у жыцці - ёсць адна мова, свая. Але для кніг павінна быць нейкая іншая мова. Бо калі дома чалавек гаворыць «я хадзіў па сена», дык у кнігах ён чытае: «я хадзіў за сенам». І вядома, што будзе вучыцца пісаць паводле таго, як ён чытае ў кнігах.

На вялікі жаль, усё гэта праўда. Калі ён піша ў рэдакцыю ліст, дык ліст гэты напісаны па-людску. А калі пачытаеш тое, пра што ён піша ў лісце - яго літаратурны твор - дык у творы гэтым жаргонная плынь выпіхае жывую мову.

У літаратуры бывае гэтакая з'ява, што часамі пісьменніку трэба востра парушаць законы мовы. Гэта тады, калі пісьменнік выводзіць гэтакага тыпа, які або ад прыроды свае не выгаворвае, як належыць, слоў, або з'яўляецца чужаземцам і цяжка яму гаварыць той моваю, якою пішацца твор, або з якіх-небудзь іншых прычын проста не ведае мовы. Дык тады пісьменнік паказвае гэтакага тыпа з яго жаргонам. Напрыклад, у Максіма Гарэцкага, у яго творы «Антоні» ёсць «Міхалка-масковец, які Масквы бачыў мала». Дык ён строіцца гаварыць расейскаю моваю і гаворыць жаргонам. У расейскай літаратуры ў раманах Ф.Дастаеўскага часамі спатыкаюцца абруселыя немцы, у якіх расейская мова з нямецкім акцэнтам. У Л. Талстога ў «Войне и мире» ёсць шапялявы афіцэр Дзянісаў, які слова «пришел» гаворыць «пг'ишел». Але з тае прычыны, што літаратура афармляе культуру мовы, ніводзін сапраўдны мастак слова не дазволіць, каб увесь твор быў у жаргоне гэтых тыпаў. Тады нельга будзе залічыць гэтакі твор ні да беларускай, скажам, ні да ўкраінскай, ні да нямецкай літаратуры. Гэта будзе жаргонны твор. І паказваюць гэтых тыпаў у сваіх творах некалькімі трапнымі рысамі, двума ці трыма іх жаргоннымі сказамі. Трэба знайсці іншыя сродкі выявіць гэтакага тыпа, каб твор быў на мове, а не на жаргоне. Калі, скажам, Л.Талстой выводзіў расейскіх дваран, што жылі ў пачатку 19 стагоддзя, дык не пісаў жа ён сваіх твораў французскай моваю - той моваю, якою найчасцей гаварылі гэтыя людзі. Французскага тэксту ў гэтых творах толькі дзе-нідзе ёсць. А найбольш можам прачытаць гэтакія, напрыклад, месцы: «Я не чувствую ничего этого,- сказал он на превосходном французском языке». І гэта тут справа з найбагацейшаю кніжнаю моўнаю культураю. Дык асабліва ж з жаргонам трэба асцерагацца, каб не «акаляць» ім літаратуру. А ў нас робіцца гэтак. Спаткаўшы якога-небудзь яскравага тыпа з камічным жаргонам, пісьменнік, думаючы, мусіць (гэтак кідаецца ў вочы), што гэта цэнтральны герой нашай літаратуры, вядзе яго праз увесь свой твор з яго жаргонам. Замест таго каб іншымі сродкамі мастацтва паказаць яго, ужыўшы яго жаргону гэтулькі, колькі не папсуе мастацтва ўсяго твора, літаратар увесь свой твор выпускае ў гэтым жаргоне. Гэтакія з'явы шкодзяць нашай беларускай літаратурнай культуры, бо наша літаратурная мова толькі цяпер пачынае крышталявацца. Вось чаму вельмі прыкра і шкодна, калі некаторыя творы, траха не цалкам, падаюцца ў гэтакай мове: «Як я люблю эці вечары! Оне асвяжаюць маю жысць... Толькі і суцяшэння... Ня то б - загразла ў гэтай... бросні, у гэтай ціне... Нет! Пускай Павал прыезжае, і я перад ім пастаўлю вапрос рубам: паследні раз, апошні раз»...

Гэты твор пісаўся для тэатра. І што было б, каб гэтую мову чулі тысячы людзей з тэатравай сцэны? Ці не прысадзіў бы ён дарэшты нашу пакутную культуру літаратурнае мовы? І ці сапраўды гэтакія героі, з такою моваю, павінны займаць цэнтральнае месца? Увайшоўшы ў літаратуру з правам цэнтральных герояў, яны ўносяць у яе і свой жаргон. А сапраўдны цэнтральны герой нашае літаратуры - селянін і рабочы, якія захавалі і стварылі надзвычайную культуру свае мовы ў шмат якіх «вышэйшых формах культуры», - маўчаць. Або вось у адным творы апісваецца інтымная блізасць мужчыны і жанчыны, цэнтральных герояў твора. Дык яна кусае яго і крычыць: «Бог мой, мучыцель мой!» А сапраўды - ці цэнтральныя ж гэта героі нашае літаратуры?!

У расейскага пісьменніка К.Федзіна, у рамане «Города и годы» кватэрная гаспадыня, немка, гаворыць: «Я тафно тумаль, што он змешалься! О, это ушасни!» Што б гэта было, каб К. Федзін зрабіў цэнтральным героем свайго твора гэтую немку і каб увесь раман, або хоць палавіна яго была напісана ў гэтакай мове? А ў нас гэтак пішуць.

Самі аўтары не клапоцяцца пра беларускую культуру беларускае мовы. А іх героі дарэшты глумяць гэтую культуру. «Лунныя лапы» жывуць і ўкараняюцца.

І гэта не выпадак з двума ці трыма літаратарамі. Гэта цэлая плынь у нашай літаратуры. Прадстаўнікі гэтае плыні даводзяць, што літаратар не павінен клапаціцца ні пра мову, ні пра стыль свайго твора. Ён можа абы-як перадаць сюжэт. А стыль і мову яму зробяць і выправяць выдавецтвы і рэдакцыі.

...«Наогул, нашым сучасным выданням бракуе пэўнай стылістычнай апрацоўкі - рэдакцыі. Тут ясна, што сам аўтар не можа быць рэдактарам сваіх твораў. Думаецца, што пры наладжанай стылістычнай рэдакцыі шмат якія творы, што цяпер выкідаюцца Дзяржаўным Выдавецтвам без абы-якой рэдакцыі, мелі б больш адшліфаваны, гожы выгляд»... («Полымя», № 7 за 1927 г., бал. 254).

Дзе гэта ёсць, каб культурны пісьменнік дазволіў каму-небудзь правіць стыль і мову свайго твора? Стыль і мова - гэта ж выяўленчыя мастацкія сродкі пісьменніка. Ніякіх жа стыляў тады не будзе, а будзе «наогул». І хоць шмат таго, што друкуецца ў некаторых нашых «тоўстых» часопісах, пускаецца на ўзвей вецер, усё ж гэтая прапанова паказвае на ўзровень культурнасці ў некаторых нашых інстытуцыях, што падручыліся фармаваць вялікую культуру гушчаў беларускіх сялян і рабочых. І як далёка яны асталіся ад гэтай культуры!

 

Пралетарскі змест і нацыянальная форма культуры! Мы думаем, што для нашае культуры гэта павінна быць: пралетарскі змест і беларуская форма. А гэтае беларускай формы і заваду няма. У літаратуры - кірункі мовы, фразеалогія, а значыцца, і стылі цалкам пераймаюцца чужыя.

Літаратурная мова павінна быць моваю чыстаю, беларускаю. Карэнні яе - у мове народнай. Літаратары павінны навучыцца моўна думаць па-беларуску. Яны павінны абудзіць у сабе або пастарацца ўспрыняць (калі не давялося мець яе змалку) беларускую моўную стыхію. Бо калі гэтага не будзе, яны будуць, як і цяпер, шкодзіць нацыянальнай форме культуры. Беларуская фразеалогія ў беларускай літаратурнай мове будзе спрыяць вырашэнню праблемы беларускага стылю нашае паслякастрычніцкай літаратуры.

 

1928

 

 

Каментары

 

Друкуецца па часопісе «Узвышша», 1928, № 5, дзе апублікаван ўпершыню. Дата напісання пад тэкстам адсутнічае.

 


1928?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кузьма Чорны. Выбраныя творы. Менск, «Беллітфонд», 2000.
Крыніца: невядомая