epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Немцы знішчаюць беларускую культуру

У нямецкія планы ўваходзіць панасаджваць скрозь на беларускай зямлі нямецкіх памешчыкаў і каб у іх беларусы былі парабкамі — бяспраўнымі і паслухмянымі. А дзеля гэтага немцы і стараюцца зрабіць так, каб беларускі чалавек стаў цёмны, некультурны, непісьменны, запалоханы — тады яго лягчэй будзе трымаць у ланцугах. Так думаюць Немцы.

Дзеля гэтых сваіх мэт яны стараюцца знішчыць культуру беларускага народа. Яны папалілі ўжо і пазакрывалі беларускія школы, інстытуты, універсітэт, разграбілі і разбурылі беларускія бібліятэкі, Беларускую Акадэмію навук, беларускія тэатры. Пазнішчылі і забаранілі беларускія кнігі.

Але нямецкія акупанты ведаюць, што ўсім гэтым яны азлобілі супраць сябе беларускі народ, які не хоча скарыцца ненавіснаму немцу, а пачаў з ім бязлітаснае партызанскае змаганне. І немцы зрабілі выгляд, што яны быццам бы даюць волю нам, беларусам, у нашым нацыянальным жыцці. Нямецкія фашысты пачалі выдаваць на беларускай мове газеты, у якіх нават часам сказана, што беларусы павінны любіць свой край. У той жа час яны называюць Беларусь нямецкім «перадкраем». Гэта азначае, што беларусы, нямецкія паднявольныя, бяспраўныя парабкі, павінны любіць сваю няволю ў сваім краі і маўкліва працаваць на немцаў. І замест свае высокай нацыянальнай культуры мець толькі якія-небудзь просценькія нацыянальныя звычаі.

Напрыклад, мець права ісці на паклон да нямецкага пана ў сваім нацыянальным убранні і прапяяць хвалу гэтай нямецкай таўстамордай гадзіне словам якой-небудзь беларускай прыгоннай песні.

Свае подлыя справы немцы стараюцца прыкрыць тым, што быццам бы гэтую «нацыянальную справу» робяць самі «беларусы». Немцы сабралі каля сябе некалькі мясцовых шарлатанаў, такіх, як усялякія адамовічы, гадлеўскія, казлоўскія, станкевічы, і іхнімі рукамі стараюцца бязлітасна заціснуць у ярмо фізічнай і духоўнай няволі беларускі народ.

Але народ бяссмертны. Не задушыць немцам вялікі беларускі народ! Немцы лягуць паганымі косцьмі на свяшчэннай беларускай зямлі. Вечна жыць будзе гераічны беларускі народ.

За нашу нацыянальную гордасць, за нашу волю, за родную беларускую зямлю, за шчасце дзяцей нашых — усе, як адзін, са зброяй на паганых немцаў і на іх паслугачоў!

Забі немца! — такі свяшчэнны наказ маці-радзімы.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан