epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Па слядах нямецкага заваёўніцтва

Паверх шматпавярховых напластаванняў помнікаў і слядоў гістарычных падзей на Беларусі пакінула свае сляды і нямецкая навалач на нашу зямлю і за час імперыялістычнай вайны 1914—1917 гадоў і акупацыі 1918 года.

Ваенныя дзеянні імперыялістычнай вайны скончыліся на лініі баранавіцкіх акопаў. Гэтыя акопы захаваліся былі і да самай цяперашняй Айчыннай вайны. З зацэментаванымі немцамі бліндажамі, з ходамі і пераходамі, яны год за годам асядалі краямі і асыпаліся, размываліся дажджамі і дзе-нідзе раскопваліся тамашнімі сялянамі: часам чалавек раўняў сваё поле і хацеў сеяць свой хлеб там, дзе раскапаная зямля марнавалася без карысці; а дзе-нідзе акопныя сцены былі выкладзены бярвеннем, і людзі даставалі яго сабе на патрэбу. Акопы сталі плытчэйшымі, глыбіня іх страцілася ад часу. Абсыпаная зямля пахавала пад сабою нямецкія імкненні і прагу і саміх прагных шукальнікаў свайго шчасця на чужой зямлі. Гэтыя пошукі і гэтае шчасце скончылася тым, што з размытых дажджамі і засыпаных абваламі акопаў пад Баранавічамі да сённяшніх дзён тырчаць з жвіру пачарнелыя нямецкія чарапы, ногі, сточаныя магільным чарвяком, і высахлыя рукі.

Сляды нямецкага адчаю і смутку перад гібельным канцом льга напаткаць у шмат якіх месцах на Беларусі. На трынаццатым кіламетры ад горада Нясвіжа, на вялікім гасцінцы паміж Нясвіжам і Слуцкам, яшчэ і праз усе годы савецка-польскай граніцы стаяла старая карчма пры сяле Кукавічах. Гэтым гасцінцам у часе імперыялістычнай вайны многа прайшло палонных немцаў і аўстрыякаў. Палонныя часта займалі нанач усю стадолу і карчомную хату. У карчомнай хаце на сцяне праз усе гады красаваўся надпіс з таго часу на нямецкай мове: «Божа, вярні мяне жывога ў Аўстрыю». Ці пачуў бог малітву гэтага немца — невядома. Але гэты надпіс мог бы многаму навучыць кожную германскую душу, абы-толькі яна зажадала не прымаць на сляпую веру фюрэрскі лямант аб тым, што пад нямецкія ногі павінен легчы ўвесь свет.

На ўездзе ў Нясвіж з усходняй стараны, паміж Новым месцам і гарадской Падкасцельнай брамай, на вуліцы, узбярэжнай Паненскаму возеру, мог захавацца і да нашых дзён дом арандатара радзівілаўскіх вадзяных млыноў Навума Харлаба. У 1918 годзе ў гэтым харлабаўскім доме былі атручаны два нямецкія афіцэры, якія там кватаравалі. Акупанты не паспелі следства ці іншае мерапрыемства давесці да канца: усё гэта адбылося перад самым канцом нямецкай акупацыі.

У Капыльскім раёне, пры мястэчку Цімкавічах, ёсць так званы Ліхадзёўскі лес. Праз яго ідзе Скіп’ёўская дарога. У тым жа 1918 годзе на гэтай дарозе быў знойдзены труп нямецкага салдата. Тутэйшыя людзі ў той жа дзень ціхом закапалі яго, баючыся нямецкай расправы. І да самай Айчыннай вайны тое месца называлася (ужываючы мясцовы дыялект) «Гарманьская магіла».

Нямецкая акупацыйная зона на ўсходзе Беларусі ў 1918 годзе канчалася на Аршаншчыне і Магілёўшчыне. У Оршы граніца паміж акупіраванай і неакупіраванай зонамі праходзіла па лініі чыгункі паміж вакзалам і горадам. Там стаяла калючая загарадзь. Невядома чаму, але якраз у тым месцы немцы зрабілі могільнік сваім салдатам, сярод якіх пачаў панаваць тады тыфус.

Пад 1940 год магілы гэтыя былі ўжо размытыя дажджамі і апалыя, але яшчэ вельмі добра вызначаліся на роўнай зямлі.

На Случчыне ёсць адзінокія нямецкія магілы ў Скабіне і Грозаве, але найбольш нямецкіх магіл і курганоў далей на захад.

Ад Брэста і да Смаленшчыны, цераз усю Беларусь па лініі старое Маскоўска-Варшаўскай шашы, асталіся насыпы і капцы над нямецкімі касцямі. Ад Брэста і да баранавіцкіх акопаў пераважаюць найбольш гуртавыя магілы. Апошні, калі ісці на ўсход, такі курган ёсць ля шашы кіламетраў за два на захад ад Сіняўкі. Пасля Сіняўкі на ўсход усюды адзінокія магілы. На некаторых яшчэ да 1939 года аставаліся нямецкія надпісы на ўкапаных слупках.

На захад ад Баранавіч ішла вайна, і там курганы раслі пасля баёў. На ўсход жа ад Баранавіч па шашы ішлі ў наш тыл палонныя, а некаторыя рабілі спробу ўцякаць і брадзілі па чужой зямлі ў адзіноце. Так павялічваўся лік нямецкіх магіл тут.

Але ўсё гэта аніяк не можа зраўняцца з тым, што адбываецца цяпер на Беларусі. Што значыць палонны нямецкі брадзяга на Беларусі часоў мінулай імперыялістычнай вайны ў параўнанні з сённяшнім нямецкім тулягам, які ахвотна паверыў свайму фюрэру, што ён вышэйшы за ўсё чалавецтва на свеце і яго шчасце ў тым, каб стаптаць і прысвоіць чужую зямлю. Як здзічэлы сабака, ён, адбіты партызанамі ад свае часці, баіцца чалавечага голасу і туляецца па глухіх кутках з адчаем і смуткам, шукаючы апраўдання сваёй марнай надзеі — захаваць жыццё і вярнуцца ў Германію. На месцы яго гібелі нават і магілы не астанецца. Цяжка будзе пералічыць нямецкія надмагільныя насыпы на месцы баёў на Беларусі ў нашы дні. Народнаму гневу няма межаў. Немцы прывалакліся на нашу землю, думаючы прысвоіць яе, аж яна прысвоіла іх сабе на ўгнаенне. Ніколі яшчэ не расплоджвалася ў нас гэтулькі гругання. Раскормленае адборным нямецкім мясам, яно не скора яшчэ пачне худзець. Новы пласт нямецкіх касцей лажыцца цяпер паверх ранейшых напластаванняў ад чужацкіх паходаў на нашу родную зямлю.


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан