epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Пачуцці

I

 

На тым беразе гараць агні і чутно, як там на нечым іграюць. Суха неяк выбіваюць такт кароткія зыкі і будзяць над зямлёю гуллівасць. Пры агнях варушацца постаці людзей, яшчэ зусім ясныя ад ружовага вечара. Яшчэ і стук нейкі чуцён, і добра відно, як каля пярэдняе палатнянае будкі трое людзей не то гэта памагаюць музыцы, ці то самі поўны ёю: дробна ляскаюць яны ў такт далонямі рук... Нехта крычыць, нехта як бы плача - можа гэта якая балотная птушка ўзнепакоілася ад людскога шуму... І ўсе гэтыя зыкі напаўняюць змрок асенняга вечара і аддаюцца рэхам у прырэчных паплавах...

З гэтага месца відны яшчэ далёкія і блізкія хутары і вёска, - лясы далёка, чуць відны сінню на даляглядзе, і толькі нізенькія кусты лапінамі ўкрываюць паплавы...

Усё больш гусцее вечар, і ўсё весялей робіцца на беразе. Мацней пачынаюць іграць, непрыметныя адгэтуль, нейкія суха-траскучыя музычныя інструманты раптам развіваюць з цеснага жмута зыкаў вясёлы галёп, і тады ўліваецца сюды нейкая песня, востра-крыклівая, насмешлівая над усім і разам з тым задумёная. Яна без слоў, і толькі чутны ў ёй крыкі:

 

Гоп-гоп, ло-ла-ло-ла,

Гоп-гой, ло-ла-ло-ла!

 

Больш робіцца стуку рукамі, больш шуму, і ад таго, што дагарваюць агні, здаецца, што гэта і кусты, і берагі сцішаюцца, каб слухаць вяселле цыганоў.

І ўжо неяк знячэўку выплываюць з таго бясслоўнага і крыклівага пачатку словы песні. Іх трудна разабраць, толькі чутно, што яны могуць быць усякімі, што не важны яны як тое, што нейкі сэнс перадаюць. Чуцён часты прыпеў:

 

Гэй, гэй! Э-э-э-эй!..

 

З-за пярэдняе будкі выбегла постаць жанчыны. Яна раскінула рукамі, і на гэты момант застыла тут імкненне, агорнутае вастратою радасці і смутку аб усім. Матнуліся цёмныя фалды яе лёгкай адзежы, і закалыхалася яна ў тым танцы, які мог толькі радзіцца ў неабдымных прасторах, далёка ад грымучых вуліц і грузных камяніц...

Спявалі вялікія гімны размашыста-кволыя рухі яе постаці, і ад захаплення бяздумнага і плакалі, і смяяліся ў чарнаце вячэрніх прастораў не бачаныя, а толькі адчуваемыя здалёк яе вочы. Відно было адчуваннем, што пад тымі цёмнымі фалдамі гойдаецца яе радаснае цела... І радасць была - што ўсё гэта ёсць, і смутак быў - што неяк далёка гэта, неяк недасяжна і нельга растаць у ім і разам з ім...

На другім беразе рэчкі, над самай вадою, прыпёршыся плячыма да кагадзе пастаўленых слупоў не скончанага яшчэ моста, стаяў Андрэй Сімовіч - задумёны і не вырасшы яшчэ добра хлапец. Усе пайшлі з работы, а ён адзін застаўся слухаць цыганскую музыку на тым паплаўным беразе, і як выйшла скакаць цыганская дзяўчына, ён не зводзіў з яе вачэй. Ён стаяў, забыўшыся, і той настрой - неаформленасць усяго, калі няможна вызначыць, чаго хочацца чалавеку, - навеяны музыкай, перайшоў раптам у нейкае не вызначанае яскрава жаданне пасля таго, як выйшла скакаць дзяўчына. І як бы гэта перадалося яму тое, што было ў тым танцы, згарманізаваным з самой постаццю дзяўчыны. Яна была тонкая ў лініях сваёй постаці, і разам з тым нейкая як бы лёгкая цяжкасць, заўсёды прыналежная толькі жанчыне, была ў ёй. І ад таго, што гарэлі ў яе вочы і калыхаўся стан, ад гэтага абуджваліся ўсякія пачуцці і камбінаваліся ў адно, што можна назваць адным вялікім жаданнем, з хаосам у думках. І яшчэ павялічвалі гэтыя адчуванні яе словы, якія яна неяк гаварыла часта ў такт свайго танца:

 

Ай-два, ай-два!..

 

І тады нічога неяк не засталося ў Андрэя, неяк усё згінула, і на ўсім малым і нязначным была толькі ўсё запоўніўшая пачуццямі аб сабе цыганская дзяўчына. І сам для сябе здаўся Андрэй нейкім нязграбным перад тым, што бачыў. Ён усё стаяў, моцна прыпёршыся да вільготнага дзерава; стаяў доўга, як бы прыпыніўся ход часу і ўсяго, што ёсць, і нічога вакольнага не прымячалася і прымячаць яго не трэба было. Так прастаяў ён, пакуль не пачалі заціхаць цыганы і дзяўчына раптам некуды дзелася. Тады ён, ужо з усякімі думкамі, дастаяў датуль, калі пачалі моцна крычаць нейкія птушкі, і з вялікім смуткам пайшоў дадому.

 

II

 

У той дзень многа ляцела над зямлёй жураўлёў, і сухі вецер узнімаў пыл на дарогах. Дзень быў сонечны і нейкі шырокі... Над старым дахам маўчалі пажаўцеўшыя клёны, і раніцаю з хаты доўга чуваць было, як за сцяною плюхала вада пры студні.

«Мусіць, туман сягоння», - невядома чаму падумаў Андрэй і нават сказаў гэта моцна, сам не ведаючы, што гэта трэба было яму сказаць, каб накіраваць у нейкі патрэбны бок думкі, бо яму нешта рупіла, нечага як бы не хапала, і нават сон быў ноччу непакойны. Пасля таго як прыйшоў ён вечарам дадому і палажыў сякеру ў сенцах, адчуў быў раптам нейкую пустату ў сабе, навяваўшую смутак і безнадзейнасць запоўніць яе, а пасля ён пахадзіў трохі па двары, нейкая як бы думка пачала вырастаць у ім; што рабіць - ён не ведаў яшчэ, але адчуваў, што назаўтра некуды пойдзе. Нервовасць была цэлую ноч, і толькі моцна спаў ён пад самы дзень, пакуль не пабудзілі яго на работу. Ідучы, ён паспакайнеў, многа смяяўся ў гаворцы, а як прыйшлі да рэчкі, зразу пачаў ён абчэсваць бервяно і з нейкай вастратою ў невыразным чаканні глядзеў на той бераг, дзе былі яшчэ росныя ад туману цыганскія будкі.

Там было зусім ціха і неяк пуста. Далёка на жоўтым збітым поплаве хадзілі коні, і каля лазовых кустоў над самай вадою стаяў цыган і моўчкі глядзеў у адно месца на ваду. Зашмальцаваныя да роўнага бляску яго картовыя порткі нізка навіслі над халявамі, і загэтым ногі яго здаваліся тоўстымі. Ад гэтага і сам ён здаваўся зусім нізкі. І яшчэ быў ён нейкі смешны на выгляд: зусім малады, нейкі дзіцячы твар няўдала камбінаваўся з купчастымі вусамі і падстрыжанаю барадою. І, гледзячы на яго, Андрэй падумаў, што каб не гэты цыган, то ён пайшоў бы туды, на той бераг, можа і ўгледзеў бы яе.

І ў тую хвіліну, як ён гэта падумаў, адчуў, як ахваціў яго вялікі смутак, і страшна ненавіднаю стала работа. Захацелася кінуць сякеру далёка ад сябе і самому ісці або на той бераг, або далёка ад усяго. З'явілася млявасць у целе, нейкая ўтомленасць у галаве і разам з тым небывалая дагэтуль рашучасць. Гэта было нешта незвычайнае, бо раней не было ніколі так раптам яе. Ён палажыў сякеру на зямлю, сеў і пачаў закурваць. Пасля ён азірнуўся, стала яму неяк нядобра ад таго, што ніхто не сеў супачываць, а ён толькі адзін, і ён зноў падняўся...

Тады ўжо моцна свяціла сонца, па-асенняму нямоцна грэла, і ўзняўся вецер. На паплавах стала шумней, толькі больш неяк дзіка. Уявілася, што моцна загаварылі кусты і вада, і ўсё гэта адбілася на настроях Андрэя. Стала як бы нешта высвятляцца ў яго разуменнях, і тады ён прыпомніў неяк многа мінулага. Гэта было ад таго, што многа было ў яго звязана і з ветраным шумам, і з крыкам жураўлёў высока. Раптам прыціх ён, бо яшчэ з учарашняга дня цыганская дзяўчына падрыхтавала да гэтага душу - зрабіла яе нейкаю тонкаю і чулаю. З вялікай нецярплівасцю дабыў ён на рабоце да поўдня і тады заявіў, што пойдзе дадому, што нездароў ён. Было яму лепш аднаму ісці напрамік цераз поле.

На той час забылася цыганка. Яна то і не забылася, але думкі і адчуванні аб ёй зліліся з тонкасцю перажыванняў і думак і аб ёй самой, і аб тым, што было ў жыцці, што непакоіла і радавала, застаўляла пакутаваць і ўзнімацца настроям. І дома гэта яшчэ павялічылася.

Там было ціха. Нікога не было. Андрэй ведаў, што і меншы брат паехаў на поле, недзе пайшла на работу сястра, і ён адзін стаў хадзіць па хаце, не могучы разабрацца, ад чаго яму так усё здалося дарагім і любым і разам з тым страшным па тым, як яно ўсё абкружвала чалавека.

Гулі ў хаце апошнія мухі, і вяла поўзалі яны па вокнах, і на адным акне моцна пахлі нейкія агароднія, белыя, познія кветкі, пастаўленыя сястрой у пабітую шклянку. Ён з нейкім замілаваннем разгледзеў гэтыя кветкі, адчыніў акно, каб выпусціць на двор муху, не думаючы аб ёй, пасля зноў прайшоў па хаце і заўважыў каля самых дзвярэй на лаве нявымыты гаршчок з вараным шчаўлем. І гэта раптам абудзіла ў ім цэлую буру. Ён яшчэ невыразна падумаў аб усім, звязаным з гэтым, і ў нейкай нецярплівасці закурыў, і, закурваючы, раптам прыпомніў.

Быў тады канец лета, і ў той дзень таксама дзьмуў пыльны вецер. Тады ён сама што пачаў узрастаць, і кожны дзень хадзіў за шэсць вёрст у горад вучыцца. Прыйшоў ён быў тады рана і таксама нікога не застаў дома, і весела хадзіў тады па агародах за хатаю. Па поўдні ж прыйшла з поля старшая сястра і прынясла ў прыполе адтуль вераб'інага шчаўлю. Таксама палажыла моўчкі яго на лаву і лягла. І да самага змроку нічога нікому не гаварыла. Змрокам жа паднялася, накарміла ўсіх і нават яшчэ перабрала той шчавель і тады лягла, не раздзеючыся, сказаўшы толькі, што ёй моцна баляць грудзі. Ноч тая была зусім для ўсіх спакойнай, бо хто ж яго ведаў, што адчувае і перажывае душою сястра. Назаўтра яна паднялася, так, як і заўсёды, раней за ўсіх, выпаліла ў печы і той шчавель зварыла, і, лёгшы, больш ужо не ўставала. Яны - два браты і сястра - елі той халодны і нішчымны шчавель і думалі, што б гэта такое прыдумаць і дзе б яго дастаць, каб з'ела хворая. І пасля таго дня, з тае самае ночы, пайшлі вострыя дні. Назаўсёды ў памяці асталіся і ясныя асеннія раніцы, і аўсянае поле з белым павуціннем, жураўлі, што ляцелі высока. І пакрываў, і паглыбляў нейк усё гэта выраз твару хворай сястры. Пасля больш яшчэ памятным заставаўся хмурны, сухі і кароценькі дзень, у які моцна пахла з саду халоднымі бэрамі, лістамі і нядаўна выбранаю вільготнаю яшчэ ад зямлі бульбаю. У той дзень, пад вечар, пайшоў Андрэй за рэчку на хутары прасіць дошчак на труну для сястры.

- Чаму гэта я пра гэта думаю і нашто гэта я ўспамінаю? - сказаў сам сабе моцна Андрэй. - Ніхто ніколі пра гэта не думае і стараецца не ўспамінаць.

Але гэта толькі сказаў ён, сам жа не мог адагнаць думак гэтых ад сябе, ды і не хацеў адганяць. Нават была яму нейкая як бы асалода ў гэтым, што так моцна варушыў ён, хоць і не наўмысня, сваю душу. Нават хацелася абвінаваціць сябе ў тым, што дазволіў ён усяму таму адбыцца, хоць тут ужо, разам з тым, была свядомасць - што ж мог зрабіць ён? І тады патроху пачаў ён адганяць ад сябе ўсе гэтыя перажыванні, бо ў адну хвіліну нейк уявіў сабе, што нешта іншае тут трэба, хоць яно і будзе мець пачаткам сваім усю гэтую вастрату і тонкасць. Ён ужо стараўся думаць аб тым, што неўзабаве павінна быць пісьмо з дальняга горада, куды ён напісаў свайму земляку аб тым, што хоча пераехаць у горад. Але думкі аб гэтым не маглі доўга плысці спакойна і роўна. Бо верх бралі пачуцці, непакойныя і вельмі ж узбуджаныя. І як ні стараўся ён узбіцца на звычайны настрой, ніяк не мог. А тут пачаў канчацца дзень, і прыйшла аднекуль сястра - маладая і вясёлая. Дзіўна было яму думаць, што, гледзячы на яе, яшчэ горш нейк сумна яму стала. Але разам з тым яшчэ адчуў ён, што гэта была ў ім нейкая адмысловая, а можа і ўсім прыналежная сіла, якая хоць і так выяўляецца, але здольная ўзняць чалавека да непераможнай дзейнасці. Тады нейк не так востра мучыўся ён сваімі перажываннямі. І, сказаўшы некалькі нязначных для сястры і глыбокіх для яго самога слоў, ён выйшаў з хаты. Там меншы брат распрагаў каня і пачаў расказваць яму, як у горадзе пад вечар быў, мусіць, пажар, бо вельмі ж многа ў тым баку паднялося нейкага чорнага дыму; і ён надзвычайна так нейк, як ніколі, быў рад братавай гаворцы. Не трэба было таму помачы, а ён памог яму выпрагчы каня. Пасля пастаяў ён каля сцяны, пакуль брат пайшоў у хату, і сам падумаў аб тым, што як гэты самы брат быў меншы і не было ў яго нейк раз ботаў, ён замаразкамі ездзіў заворваць поле босы, і тады заўсёды ногі былі ў яго папрабіватыя і ў нейкіх струпах... Тады ўжо не мог ён нічога зрабіць з сабою - пералез ён паволі цераз жардзяны плот, пайшоў пад жоўтыя клёны, лёг там на вільготную зямлю, прыпаў да яе тварам і заплакаў...

Тады стала ясна яму, што гэта ўсё ў яго не ад цыганскае дзяўчыны...

Адтуль ён вярнуўся позна. Нейк лёгка стала яму. Сплыло ўсё; чыстата стала ў істоце і кволасць да ўсяго. Сястра і брат клаліся спаць. Брат курыў і сядзеў каля стала, гойдаючы босымі нагамі, а сястра весела расказвала, як у суседа Юстына адарвалася ў хаце вешала з тытунём і стукнула яму па галаве. І Андрэй ужо сам смяяўся і памог сястры выказаць думку аб тым, што б гэта тады было, каб вешала было цяжэйшае. Пасля гэтай гаворкі стаў у яго на кароткі час зусім звычайны кожнадзённы настрой, толькі чуласць была незвычайная ды яшчэ моцнае адчуванне, што яму нешта рупіць, як бы мяшае чаму, некуды цягне яго, і тады, пасядзеўшы трохі, успомніў раптам пра цыганскую дзяўчыну. Цяпер думаў аб ёй нейк іначай; самы працэс думкі быў нейкі цвёрды і вызначаны розумам, хоць вельмі востры ад пачуццяў. Тады ён хутчэй узяў падушку і кажух і пайшоў спаць на сена ў гумно. Там, у цішы, стала патрэбным яму раптам гаварыць з кім-небудзь, выказаць каму ўсё, што можна толькі выказаць, і яшчэ адчулася ім нейкая тая вялікая адзінота і размах, якія бываюць у асеннія месячныя ночы. Доўга не мог ён заснуць, пакуль аж не пачалі недзе спяваць пеўні. І як пачаў драмаць, нервова пачала спець у яго ўпэўненасць у патрэбе заўтра ісці да цыганоў. Прычына гэтага была вядома, але рэальны пункт - чаго? - не быў аформленым... Так ён і заснуў.

 

III

 

Гэта тады брат цыганскае дзяўчыны стаяў на беразе рэчкі. Тады Андрэй не прымеціў гэтага, а цяпер падумаў, што гэта няйначай так. Было гэта назаўтра таго дня. Ён тады пайшоў на работу, і зноў астаўся на беразе адзін пасля ўсіх, і стаяў пад вечар і думаў, што ў гэтага цыгана нейкія такія вочы, ці можа гэта яны здаюцца такімі і ў яе, і ў яго здалёк. Цяпер яму было толькі нейк здзіўлёна, як гэта мог ён учора паддацца такім настроям і нават плакаць, што ніколі не бывае, - і гэта пасля адчуванняў аб той цыганскай дзяўчыне. І ў самога перад сабою нейк як бы нядобра было яму за ўчарашнюю слабасць. І яшчэ падумаў ён, што ўсё, нават варанае зелле, можа ўзварушыць у чалавеку буры...

Тым часам пачаў ён глядзець пільна на той бераг і заўважыў, што там больш пуста, як учора. Стаялі ўсяго дзве будкі, і то нейк наводшыбе адна ад аднае. Не відно было і коней, і толькі нешта малое - дзяўчынка ці хлапчук, трудна было прымеціць здалёк - забаўлялася тым, што, лежачы на спіне, перабівала па грызенай траве голымі нагамі.

Нейк аж зусім весела стала Андрэю, і пасля заўважыў ён, што з-за будкі выйшла мужчынская постаць. Ён пазнаў таго ўчарашняга цыгана. Той нешта загаварыў, малы падняў галаву і нешта адказаў. Гэтыя словы здаліся Андрэю як «ла-ла-ла-ла».

Андрэй весела ўсміхнуўся, і нават хацелася яму падмаргнуць каму-небудзь ці куды-небудзь; ён весела пачаў пераходзіць на другі бок рэчкі. А цыган сядзеў ужо над самай вадою і перакусваў двума пярэднімі зубамі саломінку.

«Што яму скажу?» - падумаў Андрэй.

- Табак маеш? - гукнуў цыган.

- Маю.

- Д-дай, будзь ласкаў.

- Можна.

- А можа многа маеш, дык я куплю.

- Няма.

- Я добра заплачу.

- Дык няма ж.

Андрэй быў рад гэтай гаворцы і сеў на беразе.

- От у вас тут учора весела было, я аж заслухаўся з таго берага, - сказаў ён цыгану. - Чаму сягоння ціха?

- Няма. Паехалі ўжо.

- Хто?

- Музыканты нашы... і спявачкі.

- Куды?

-А я не ведаю. Пайшлі раніцаю ў горад, а адтуль, кажуць, некуды выехалі. Некуды іграць на зіму наняліся, мусіць.

Тады раптам адчуў Андрэй нейкі страх перад тым, што гэта ж і тая дзяўчына, мусіць, паехала. Тады стала ясна яму, які смутак вялікі ў яго па ёй.

- Тут учора адна вельмі ж скакала.

- Тая яшчэ тут.

- Не паедзе?!

- Паедзе зараз. Яна скакаць і спяваць добра можа. Ого! Хто лепш за яе скача! У горадзе так не ўмеюць скакаць, і яна паедзе туды. Яна артысткай хоча быць... Гэта сястра мая, Нонна...

Апошнія словы сказаў ён з нейкаю гордасцю, а Андрэй успомніў, як летам ездзіў ён у горад купляць патрэбныя яму кніжкі, быў у тэатры і бачыў там на цеснай сцэне танец, шырэйшы за ўсякія дзікія прасторы.

Цыган нешта заспяваў сабе пад нос, а Андрэй пачаў рваць вяршкі з аеру і кідаць у ваду.

- Слаўная дзяўчына, - сказаў ён раптам, не ведаючы, што яму гаварыць.

Цыган з-пад ілба нейк непрыветліва глянуў на яго, і голас яго перайначыўся, стаў нейкім трохі варожым:

- А табе што?

- Мне што?

- Але.

- Што ж мне?! Мне нічога. Хіба я павінен гаварыць, што яна няслаўная, калі яна слаўная.

- А ты як жа гэта ведаеш?

- А можа і не, чорт яго ведае.

- То ты чаго ўжо кінуўся ў другі бок?

Андрэй паглядзеў на цыгана і падумаў: «Што мне гаварыць з ім і нашто гэта я з ім гавару... І што для мяне яго сястра?! Хіба патрэбна мне думаць аб гэтым. Яна так жа далёка ад мяне, як і я ад яе. Яна недаступна мне, як і я ёй, і думкамі нашымі, і настроямі...»

Яны яшчэ раз удвух закурылі, і цыган падняўся, моцна пацягнуўся і пазяхнуў... Паказалася з-пад чорнай жакеткі сіняя суконная камізэлька з залатым тоўстым ланцужком і цацкамі ад гадзінніка, і ад гэтага постаць яго стала нейкай вельмі ж адмысловай на гэтым зялёна-пажоўклым нізкім беразе.

- Табе трэба ісці куды? - сказаў Андрэй.

- Куды мне трэба ісці?! - задумаўся цыган і, памаўчаўшы, сказаў: - Пайсці на дарогу, там нашы ехаць павінны...

І яны ўдвух перайшлі на другі бок рэчкі і абодва пайшлі ў розныя бакі, холадна нейк развітаўшыся... Раней дык цікавіў Андрэя гэты чалавек, а гэта нядобра ўжо было быць з ім разам. Раней цікавіў як брат тае дзяўчыны, а цяпер за гэтым жа стаў нейкім варожым. Андрэй адышоўся трохі, пасля азірнуўся, каб упэўніцца, ці далёка ён. Яго не было ўжо відно, і Андрэй з трывогаю ад нервовага ўзбуджання вярнуўся назад. Ён пільна паглядзеў на той бераг, на тыя палатняныя будкі. Ціхія і ў адзіноце стаялі яны. Вакол іх скрозь быў роўны і нізкі поплаў, згрызены і пажоўклы, налева жаўцелі кусты, а направа і проста роўнасць даходзіла далёка да сіняй нізкай істужкі - можа лесу, а можа хмар. Было блізка некалькі не згрызеных жывёлаю кустоў, некалькі лапін ад вогнішчаў і далёка наводшыбе блішчаў пад жоўтым сонцам белы конскі чэрап, высахшы і струхлеўшы пад вятрамі. Гэта была вялікая задуменнасць, як бы ўвасабленне нейкай філасофіі прастораў свету... Уяўлялася нейк, што тут павінна была быць высокая трава, горача і страшна ясна свеціць сонца і дзьме гарачы вецер. І пад ветрам гэтым трава будзе спяваць ціхія і задумёныя песні над конскім чэрапам. І мелодыя гэтая будзе закалыхваць усю зямлю, пакуль не з'явіцца на ёй чалавек і не засмяецца над законамі гэтай мелодыі...

«Гэта ж Нонна яна завецца», - набегла раптам у Андрэя думка, і ён нейк па-дзіцячаму ўсміхнуўся...

І пэўна, што не мог разабрацца ён, што гэта з ім робіцца.

 

IV

 

...Гэта зямля, а гэта дарога на ёй... Ноччу зоры і трава халодныя... Відны людзі, часам больш іх, часам менш, і нечым і нейк жывуць яны... І там далей таксама гэта ёсць, і калі я буду там, то буду там усё гэтае бачыць, а тут гэта ўсё застанецца таксама. Наперадзе нешта будзе, цяпер жа сонца свеціць, і шырокі поплаў жоўты ад яго. І журботна нейк ад таго, што стала пуста і глуха, як паехалі ўсе...

Такі і заўсёды быў настрой і такія адчуванні Нонны.

Не было вялікіх клопатаў, не вельмі заядалі яны душу і розум, не ўтамлялі яны... Былі вялікія захапленні, і тады малое здавалася вялікім, вялікае ж малым здавалася, толькі часта было яно чужым і няважным.

Зімою трэба было жыць у вёсках і мястэчках, даводзілася жыць і ў гарадах, і як толькі пачынаў раставаць снег, зноў пачыналіся паплавы ды палявыя дарогі. Зімою сустракалася больш людзей, і не то што каб цікавілі гэта вельмі яны, але нейкімі новымі і непрывычнымі здаваліся, і хто-небудзь з іх часам пачынаў як бы цікавіць, а пасля прападала гэта...

На трынаццатым годзе ўжо моцна акрэслена пачалі абуджацца ў Нонны няясныя дзявочыя смуткі і жаданні, і тады вырастала чуласць, але яна пачала прытупляцца з цягам гадоў. У чатырнаццаць год зімою жылі ў горадзе, і тады былі спробаваны слодычы першага кахання. Быў ён высокі і не першай ужо маладосці. Элеганцкі звінеў шпорамі, удала ездзіў на кані. Часта тады хадзіла Нонна з ім у тэатр і адтуль вынесла пакланенне звінючаму бляску сцэны ў музычнай камедыі. Адзін раз яна бачыла, як артыстку, увабраную так, што здавалася яна нечым асобным ад таго, што было вакол яе, пасля выкананага ёю танца вынеслі на руках на сцэну, і яна горда прымала воплескі і пакланенне публікі. Тады надоўга захапілася яна гэтым малюнкам, і яе пачало цягнуць некуды. Вясною выехалі з горада, выехаў некуды і вайсковы і ўжо мала калі і ўспамінаў пра Нонну, а калі і ўспамінаў, дык толькі хіба нарочна, халодным сваім розумам, каб больш давесці сабе, што ўсё, што сягоння здаецца ўсім, заўтра ўяўляецца нічым...

Нонна прывыкла, што вакол яе гаварылі аб яе прыгажосці, і сам гэты факт нават нейк прытупіў свядомасць аб гэтым... І любіла яна ляжаць часта на сонцы пад ветрам і старалася здавацца недаступнай. Часта яшчэ з'яўлялася ў яе млявасць, якая вырастала з свае першапрычыны, хоць і далёкай, - з нейкага кволага гультайства.

Цяпер доўга стаялі яны пры горадзе, і часта яна хадзіла туды глядзець балет у музычных спектаклях. І чым больш бачыла яна там бляск сцэны, тым больш імкнулася яе істота быць душой гэтага і нейк нават падняцца над гэтым, стаць цэнтрам гэтага перад публікай, і была ў яе нейкая нездаволенасць, калі на яе ўсе глядзелі там і яна адчувала, што гэта глядзяць на яе хараство...

Цэлую тут ноч яна не магла заснуць пасля свайго танца на беразе рэчкі, і, раніцаю правёўшы сваіх у горад, яна сумная вярнулася да сваіх будак, і была ў яе нейкая як бы злосць, што яна адна і няма каму тут глядзець на яе. Амаль цэлы дзень праляжала яна за будкаю на сонцы, і нічога ёй не думалася, пасля нейк мучыла адзінота; і гэта было непрывычна, бо адзінота ж была заўсёды ў паплавах і палях...

Яна раней чула, як брат яе доўга спяваў сам сабе ціхенька нешта і моцна пляваў курачы, пасля чула, як з нейкім ён гаварыў, далей адышоўшыся, пасля стала ціха... Ей уздумалася пайсці на бераг рэчкі, сесці там, пакуль яшчэ свеціць сонца, рваць там траву ці лісце, разрываць на дробныя кавалачкі, кідаць у ваду і глядзець, як да ўсяго абыякавая вада нясе іх на сабе. Так можна сядзець доўга, пакуль не стане холадна і не прыйдзе аднекуль брат. А там будзе ноч, будзе гарэць агонь, пасля патухне. А там пазавуць свае ў горад куды-небудзь скакаць перад публікай у кафэ, і там будзе зусім іншае...

Яна паволі ўстала і, праціраючы заспаныя вочы, як п'яная, ківаючыся ў бакі, выйшла з-за будкі. І пайшла да рэчкі, ціха і паважна ступаючы босымі нагамі па нізкай траве, і перад сабою ўбачыла Андрэя. Гэта было для яе звычайным - бачыць людзей на беразе, і нічога ёй гэта не сказала. Яна, з абыякавасцю да яго, падышла да вады і села. Андрэй нагнуўся з парэнчаў недакончанага моста і стаў глядзець на яе твар. І пасля таго, што ён перажыў за апошнія два дні, тое, што ўбачыў ён, нейк аглушыла яго нечаканасцю. Твар у гэтай дзяўчыны быў прыгожы і яшчэ прыгажэйшы ад таго, што быў смугляны. Толькі не было ў ім таго, што здалося яму і што відно было тады вечарам, як скакала яна. Ён чакаў угледзець тут тое, што было б надзвычайнае, а тут была толькі вялікая прыгажосць, і толькі нейк узнепакоіла яго ў ёй хітра-жаночая, чуць прыметная ўсмешка. Толькі як ішла яна, тады ахваціла яго нейкая як бы трывога, і цяпер было нядобра ў адчуванні надыходзячага. Ён падышоў бліжэй, да канца моста, пад самы той бераг, і яшчэ заглянуў ёй у твар. Прымеціў змятую ад ляжання левую палавіну твару, дзве сінія жылкі на шыі і цёмную маршчынку пад вокам. Ён прыжмурыў вочы і ў цэлым захапіўся тады хараством яе твару. Пасля зноў стаў заўважаць тыя дробязі, і стала зноў яму нядобра. Шкода вельмі стала нечага, і адчуў ён вялікі смутак па тым харастве, якое бачыў тады вечарам у час яе скокаў і якое насіў у сваіх адчуваннях усе гэтыя дні...

Нонна бачыла, што ён пільна глядзіць на яе, і ён, пасля тых дум і мараў, якія былі цэлы дзень у яе, здаўся ёй нейкім нязграбным, і ей захацелася пасмяяцца над ім. І яна пачала цвяліцца з ім. Яна з жаночаю тонкасцю чуць усміхнулася яму здалёк. Гэтая ўсмешка зноў абудзіла ў Андрэя нешта падобнае да таго, што было з таго самага вечара, толькі больш жывое, з большаю перавагаю думак. І тое, што было кагадзе, дало яму нейкую бадзёрасць і нават нейкі задор, нейкую нават насмешлівасць, толькі трывожную і вострую. Ён прыжмурыў левае вока і таксама скрывіў твар усмешкай,

Тады ёй раптам спадабалася далей разгарнуць гэткую гульню, нейк адчула яна, што можа ўзяць пад уладу сваіх усмешак і выразаў твару гэтага чалавека, і яна сагнала з твару ўсмешку і надзьмула губы. Яна гэта рабіла выгляд сталасці, і ўсе рысы яе твару смяяліся. Тады Андрэй пайшоў да яе на бераг. Яна падняла голаў і зноў як бы ўсміхнулася, зрабіўшы гэта так, што можна было, захацеўшы, падумаць, што гэта яна і не смяецца.

- Смешна? - з фальшывай іроніяй, стараючыся паказацца вясёлым, сказаў Андрэй.

Тады яна чуць прыметна маргнула яму правым вокам і апусціла голаў уніз.

Ён сеў непадалёку і, стараючыся сілай захаваць на твары ўсмешку, глядзеў на яе. Яна паволі падняла голаў і, паставіўшы неяк коса вочы, некалькі момантаў моўчкі глядзела на яго твар.

І ён здаўся тады ёй інакшым, чым раней. Нешта заўважыла яна ў ім шырокае, затаенае само ў сабе, моцна адрозненае ад таго, што бачыла яна ў іншых на гэтым самым беразе і заўсёды на дарогах і глухіх гэтых мясцінах. Нешта было ў іх для яе наглядання, што не было звязана з тым, што яго абкружвае і што можа трымаць у сваёй уладзе многіх. Ён уявіўся ёй нейкім неразгаданым, хоць нельга сказаць, каб цікавым. Сама не ведаючы, як ёй далей трымаць сябе, яна апусціла ў ваду сухі дубец, пачала вадзіць ім у вадзе і нешта насвістваць задумёна-вясёлае. Ён жа адчуваў, што яму трэба сказаць што-небудзь, і не ведаў што... Так сядзелі яны моўчкі некалькі хвілін, доўгіх для яго і поўных нейкага, нават вясёлага нейкага, чакання для яе. Пасля ён нагнуўся, узяў у руку некалькі берагавых каменьчыкаў і пачаў моцна кідаць іх у ваду.

Яна зноў усміхнулася, з большаю мяккасцю.

- Чаму ў вас тут ціха сягоння? - сказаў ён і тут жа паправіўся: - Нудна тут сягоння ў вас. Брат ваш гаварыў мне сягоння, што музыканты вашы паехалі.

- А дзе вы брата майго бачылі?

- Тут.

- А нашто ён гаварыў вам гэта?

- А от трэба было яму, дык ён і сказаў.

Яму было прыемна і здавалася патрэбным гаварыць так, каб ёй здаваліся здарэнні не такімі простымі, нават таемнымі. Ён не ведаў, што гэта - яна гуляе з ім, пакпіць хоча над ім ці гэта ў яе тут жаночая незразумелая шчырасць... Ён ужо не прымячаў яе твару, ён глядзеў на яе рукі, на фалды шырокай яе адзежы. І не спадабалася яму, што многа блішчастых караль у яе на шыі, яны мелі выгляд крыклівы і рабілі ўражанне нейкага блішчастага звону і гэтым зневажалі глыбокае хараство...

Яна бачыла, што гэты хлапец нудзіць па нечым і ў гэтую хвіліну па ёй. І сваім пачуццём жаночым дагадвалася, што нават гэта не зусім па ёй, а ў ёй наогул па жанчыне, па яе прывабнасці. Яна разумела гэты смутак мужчыны і ўжо на вопыце ўпэўнілася, што не пастаянны ён у мужчыны да аднае жанчыны і пройдзе пры цеснай блізасці і тады прабудзіцца нявызначаны і агульны не перад ёй, а перад паняццем «жанчына»... Яна ўспомніла былую зіму ў горадзе, і ўсё гэтае ўразуменне зняважыла яе, і яна раптам варожасць, вельмі кволую і не заўсёды прыметную, адчула да Андрэя. І ёй раптам стала патрэбным памучыць яго, каб пасля назаўсёды забыць, бо цяпер ужо зусім адчула яна, што нецікавы і непатрэбны ён ёй. Так яна і пачала з ім цвяліцца. Яна яшчэ ўсміхнулася яму, пасля вырвала пальцамі травы і кінула на яго. Ён устрывожыўся радаснай трывогай і востра глянуў на яе. Яна па-жаночы глянула на яго і апусціла вочы. Тады ён падсеў да яе бліжэй. Яна зноў усміхнулася, зноў апусціла вочы. Ён падняўся, падышоў да яе і раптам сеў зусім блізка і прыціснуўся да яе. Яна маўчала, і ён моцна сціснуў яе руку, а пасля абхваціў рукою яе плячо. Яна ўжо знала, што гульня скончана, што ўсё ўжо зроблена, што для тае мэты больш можа толькі пашкодзіць. І яна пасядзела так з ім паўхвіліны і, ціха адапхнуўшы яго, паволі ўстала і, паважна гойдаючы станам, пайшла ў свой бок. Ён не здзівіўся гэтаму, толькі не чакаў гэтага. Ён усхваціўся раптам і пайшоў за ёю. І ў тую хвіліну радасна бліснула ў яго ўпэўненасць, што гэта ж яна наўмысна, каб ён ішоў за ёю, што яна шчырая з ім. А яна азірнулася і сказала яму:

- Не ідзі.

- Я пайду, - сказаў ён з горкай трывогай.

- Не ідзі, нічога табе ад мяне не будзе. І нічога табе ад мяне не можа быць.

- Можа быць, - сказаў ён з пачуццём блізкім да пачатку злосці.

- Ну-ну! - сказала яна горда з фальшывай сталасцю.

- Нонна! - пазваў ён яе.

Яна здзіўлена паглядзела на яго і зноў пайшла. І, дайшоўшы да самай будкі, яшчэ раз азірнулася і з такой жа фальшывай сталасцю, але ўжо са смехам у вачах, паківала на яго пальцам і схавалася ў будку.

Ён некалькі хвілін стаяў на адным месцы, з прытупленаю вастратою ў пачуццях, пасля пайшоў назад і стаў на мосце і глядзеў моўчкі на ваду. Пасля яму стала брыдка перад ёю, што ён стаіць тут і не адыходзіць; пачаткі гордасці заварушыліся ў ім, і ён плюнуў уніз і пайшоў кустамі на палявую дарогу.

- А ну яе к чорту, - сказаў ён моцна, з патугаю, несучы ў душы смутак.

І ахваціў гэты смутак думкамі, выйшаўшы ў поле. Тады яскрава і выразна думаў, што гэта ж па гэтай цыганскай дзяўчыне такі востры смутак у яго.

 

V

 

У тую ноч Нонна доўга не спала. Была ў яе журба і даходзіла да мяжы са смуткам...

Тады свяціў над паплавамі месяц, і ясна, і пуста, і страшна ціха было ў прасторах. Бялела нейк далёкая роўнасць зямлі, не шумела трава, і іншых ніякіх не было зыкаў. І моцна пахла вясенняю ноччу... Некалькі разоў звечара пачыналі плакаць далёкія птушкі, а пасля толькі раз адна крыкнула... Так і свяцілася ноч і ціха драмала...

Брат Нонны звечара доўга хадзіў каля будак, гаварыў з старым цыганом з другое будкі, пасля хадзіў путаць коні і доўга там свістаў ім і, як пачаў узыходзіць месяц, лёг у будцы і зразу моцна заснуў. І ў суседняй будцы спалі. Тады Нонна выйшла босая і неадзетая, і села пры рэчцы, і сядзела так, не варушачыся. Яе некуды цягнула, хацелася некуды ісці, нешта рабіць, дзейнічаць, нешта і некага пакінуць, нешта і некага знайсці. Але было гэта нявызначаным у свядомасці, як пункт. Нешта давіла ёй душу, і падобна было, што як бы гэта нешта было добрае, патрэбнае і слаўнае і цяпер няма яго... І трудна было ёй прывясці ў парадак пачуцці. Давіла яе і тое, што свяціў над паплавамі месяц, і разам з тым нейк і важна і патрэбна было тое, што свеціць ён. Давіла цішыня і размах пустых прастораў, і разам з тым дарагою і любаю была гэтая шырокая ціш.

Плылі ў галаве кавалкі думак аб тым, што было дагэтуль, і думалася нейк нутром аб тым, чаго і не было, што было нязнаным, нябачаным. У смутку варушылася нездавальненне нейкае і журба аб усім, журба вострая, рухавая, жывая, і цяжкая, і любая, журба аб жыцці. Такая няроўная, якою бывае і радасць аб жыцці, такая ж патрэбная для абнаўлення жыцця...

Было журботна і ад таго, што адзіноцтва было вакол і як бы гэта залазіла яно ў душу. Было гэта непрывычным і можа ад таго, што паехалі ўсе, пайшлі адгэтуль назаўсёды маладыя і блізкія і цяпер вось недзе нешта думаюць, робяць і адчуваюць... І раптам вынікла думка аб сваёй згубленасці тут, бо нейк цьмяна адчулася, што недзе нешта існуе іншае, якое - невядома, але ўявілася яно, як пункт здавальнення для чалавека.

«Можа гэта нашы там зусім вясёлыя, і думаць ім нічога не трэба», - выразней за ўсё раптам падумала Нонна.

А пасля ізноў сядзела і ўсё адчувала і знанае, і нязнанае і толькі не адчувала таго, што ад адзіноцтва асенняй ночы і маладой чуласці гэта ўсё ў яе... І яшчэ было ў яе, але больш у думках, нездавальненне ад таго, што адна яна тут, ніхто яе не бачыць, ніхто на яе не глядзіць, не гавораць пра яе, не захапляюцца ёю... І ў сярэдзіне ночы пачала ў яе спець думка, сперш няроўная, а пасля з адзнакамі мала калі быўшай дагэтуль рашучасці... І часамі ёй хацелася, доўга і ціха...

Месяц высока падняўся і пабялеў, і пабялела нізкая трава; холадам дыхала рэчка, і недзе лёгкім стукам абазвалася дарога. Ноч пераламалася на другую палавіну, і больш востра запахла ўсё. Нонна ўстала і паволі пайшла па беразе рэчкі. Дайшла яна далёка, да нейкай чорнай раллі, у задуменні пастаяла там на адным месцы і пайшла назад. Раптам усё пачало кіпець у яе настроях, узнялася нервовасць, і яна пайшла хутчэй. І проста ўвайшла ў цёмную будку. Там лягла пры халодным палатне і пачала плакаць, стараючыся не пабудзіць нікога. Пасля яна сціхла, але з плачам у душы сцішылася, і пад самы дзень дрымота агарнула яе...

Прачнулася яна, як было ясна ад сонца. Брат збіраўся ехаць у горад, каб прадаць там коні і шукаць там на зіму кватэры, і яна вяла пачала памагаць яму. І ў час гэтай работы вярнуліся з горада дзве дзяўчыны, што нядаўна жылі тут. Вярнуліся, каб сказаць ёй, што наняліся яны ўсе на цэлую зіму спяваць у кафэ і што без яе няможна абысціся для танцаў. І што трэба спяшаць выехаць той у горад.

Бесклапотная гуллівасць і вышыня настрояў раптам ахвацілі Нонну. Яна пачала спяваць і дурэць, як дзіця. І такі настрой не пакідаў яе доўга, хоць трохі пасля прытупіўся...

Папоўдні яны даехалі да горада. Брат Нонны там застаўся, а тры дзяўчыны селі пад вечар на поезд і выехалі ў дальні горад... Брат кіўнуў Нонне галавою; у яго нядобра і сумна было на душы...

 

VI

 

Два дні не мог прыйсці да сябе Андрэй. Каб забыцца, моцна ўвайшоў ён у работу, стаў маўклівы і вечарамі выходзіў на вуліцу слухаць, як гаварылі над старым дахам жоўтыя клёны. Нейк не па сабе яму было і ад таго яшчэ, што, як дазнаўся ён, што няма ўжо на беразе палатняных будак, а значыцца, няма блізка і Нонны, цьмяна і неаформлена адчуў, што нават сумна-тонкія і вострыя перажыванні засталіся нават як бы і не па Нонне, а так нейк па нечым, можа па тым, што ёсць, а можа па тым, чаго няма зусім і чаго не хапае ў свеце і па чым сумуе і ад чаго кіпіць глыбіня чалавечай істоты. Многа тады пачало з'яўляцца ў яго новых думак, небывалых дагэтуль. Было чаканне нечага і нецярплівасць. А на трэці дзень прыйшоў да яго ліст з дальняга горада ад земляка. Звалі яго ў горад, і ад гэтага перавярнулася ў ім тое, што навявала папярэдні настрой. Раптам ён ясна прыпомніў Нонну, як яна ўсміхалася, а пасля не дазволіла яму ісці за сабою, і раптам вырасла ў ім упэўненасць, што ён нейк вышэй яе стаіць на зямлі; што ён больш значны, і гордасць яе не важна нікому. Сум у ім астаўся шырокі, але нейк раптам выйшла з яго круга Нонна і зрабілася нечым асобным. І зноў яна неўзаметку пачала вырастаць і аддзяляцца ад усяго. Тады ён стараўся зняважыць яе ў думках сваіх, а яна яшчэ больш вырастала. І ён доўгімі і настойлівымі думкамі вызваў у сабе на яе нешта падобнае да злосці. Сілаю ўпэўніў сябе, што гэта злосць і што так трэба, што гэта абсалютная сапраўднасць. Пасля ж набеглі, згусціліся пачуцці і заглушылі ўсё гэтае, што было ў думках. Тады з'явілася толькі мяккая крыўда на Нонну, і ад гэтага прыйшло сапраўднае ўжо ўзвышэнне над ёю, затаенае ў самім толькі сабе. Тады яму зрабілася самому перад сабою брыдка і нядобра за тое, што паддаўся ён быў у той першы дзень слабасці - у сувязі з тым, што ўбачыў яе першы раз, варушыў сваю душу, паднімаў з яе дна ўсё перажытае, востра-пакутнае і цяпер ужо святое; што плакаў ён вечарам на халоднай зямлі. І нават нядобра адчуваў ён сябе перад братам... Пасля раптам наплылі на яго ўсякія думкі, у якіх патроху знікаць стала Нонна і патроху апускацца пачалі пачуцці. Ён ужо з братам гаварыў аб усякіх справах, вырашалі ўдвух час яго ад'езду, і ў апошні дзень перад ад'ездам ездзіў ён з братам на поле. У думках яго ўжо малявалася шырыня новай працы, вельмі важнай і патрэбнай, усякія магчымасці і новая прывабнасць.

Перад самым выездам зусім амаль згладзілася з думак і нават пачуццяў Нонна...

Горад спаткаў яго, вясёлага, прыняў яго здольным лёгка ўжо прапускаць праз сябе ўсё, не прымячаючы ў вялікім шуме вялікай цішыні. Гэта было першае поўнае здавальненне жыццём, незачэплепае расчараваннем.

Быў шосты дзень пасля таго вечара, калі ён засумаваў па цыганскай дзяўчыне.

 

VII

 

У той сухі і ясны вечар, як у гарадскім садзе з ліп і асін ападалі апошнія лісты, балетмайстар музычнай камедыі Лінскі ў дрэнным настроі ішоў з тэатра. Перад спектаклем дазнаўся ён, што жонка яго ездзіла ў суседні горад зусім не для тых спраў, аб якіх гаварыла, а ездзіла дзеля зусім іншага, аб чым цяпер сведчыў перахвачаны ім выпадкова ліст да жонкі ад нейкага Аксютовіча. І хоць Лінскі сам часта ездзіў у іншыя гарады не для тых спраў, аб якіх гаварыў жонцы, хоць спектаклі ў тэатры і не зацягваліся да таго позняга часу, у які Лінскі прыходзіў кожную ноч дадому, але пакуль што жонцы яго ніякіх лістоў перахваціць не давялося, і загэтым Лінскі лічыў сябе пакрыўджаным жонкаю. І хоць балет у тэатры ў той вечар добра ўдаўся, не разагнаў усё роўна кепскага настрою Лінскага. І пасля спектакля выйшаў ён першым, не пайшоў з артыстамі разам, а адзін зайшоў у гарадскі сад. У глыбіні свае душы ён быў нават рад таму, што выявілася ў адносінах жонкі да яго, бо будзе прычына, выгадная для яго, разысціся хутчэй з ёю, але надворна было яму прыемна адчуваць сябе пакрыўджаным. Ён сеў на пустую лаўку ў садзе і стаў слухаць, як замоўклі раптам дрэвы і больш тады западалі лісты на зямлю. Ад гэтага і ад віднаты адчуў ён урачыстасць ночы і вялікасць хараства. І патроху тады забыў ён пра сваю мізэрную крыўду, і прыемна яму было сядзець тут. Раптам пашкадаваў ён, што спектаклі ўжо скончаны і што няма як ужо слухаць музыку і глядзець на хараство балета і жыць у тыя хвіліны толькі пачуццямі. Ён сядзеў і маўчаў і сам таго не прымячаў, што моцна думаў аб многім...

З асвечаных вокан кафэ сыпануліся на яго сухія кароткія зыкі некай полькі, і трудна было разабраць яму, на чым гэта ігралі. Тады ён пайшоў туды, адкуль беглі зыкі, увесь ахвачаны жаданнем толькі слухаць, бачыць і адчуваць...

У кафэ на нізкай эстрадзе стаяў тоўсты прысадзісты чалавек з гітарай у руках і на заднім плане яшчэ некалькі гітарыстаў. Цяпер яны маўчалі.

- Нонна Аліна выканае польку, - заявіў тоўсты гітарыст, і Лінскі сеў за столік з бяздумным чаканнем. Гітарысты пачалі выбіваць на гітарах такт, і Лінскі ўбачыў Нонну Аліну. Пры вячэрнім свеце твар яе здаваўся сумным і вясёласць штучнаю, і нейкаю надзвычайна далёкаю была яна ад усяго, што было вакол яе. Толькі прайшло ўсё гэта, як пачала яна скакаць, і раптам здавацца стала, што гэта не прымячае яна нікога і скача сама для сябе.

Лінскі адчуў радасць блізасці хараства і нейк нават у большай меры, чым у тэатры, здалося гэта самым важным і затоеным само ў сабе. Тады стала для яго мізэрным усё тое, што ён кагадзе адчуваў; нязначным і ліст да жонкі, перахвачаны ім, і вялікае адчуванне малое крыўды. І нейк як бы занудзеў ён, што ніхто не адчувае тут гэтага хараства, а пасля з'явілася патрэбнасць у ўзвышэнні яго. Тады пайшоў ён блізка да эстрады і нецярпліва чакаў, калі яна зыйдзе адтуль. Пасля доўга гаварыў з ёй у суседнім пакоі. Вынікам гэтай гаворкі было тое, што Нонна ад радаснай нервовасці доўга не магла заснуць у тую ноч, а назаўтра Лінскі зайшоў у брудны, праходны пакойчык, дзе жыла Нонна, і ўдваіх пайшлі яны ў тэатр на балетныя спробы. Цераз пяць жа дзён у афішах да тэатральнай пастаноўкі было напісана: «...Выступіць новая прыма-балерына, цыганка Нонна Аліна...»

 

Андрэй бачыў яе ў тэатры на сцэне. І зноў ахапіў быў яго сум па ёй, але цяпер іншы, чым тады - сум моцнага, які можа ўзяць тое, па чым сумуе, ды разважанні не дазволяць гэтага. Сум гэты насіў ён у сабе доўга, упэўнены, што пройдзе ён. І ён прайшоў, толькі пакінуў па сабе след - упэўненасць у тым, што ва ўсім ёсць смутак і ва ўсім ёсць шчасце...

А ўсё ж стараўся ён не сустракаць Нонны і не бачыць яе.

 

1926

 

 

Каментары

 

Друкуецца па зборніку «Пачуцці» /Менск, БДВ, 1926/, дзе змешчана ўпершыню. Датуецца 1926 годам.


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Кузьма Чорны. Выбраныя творы. Менск, «Беллітфонд», 2000.
Крыніца: невядомая