epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Папоўскі вялікдзень (Гутарка царкоўнага папячыцеля)

Я — чалавек, можна сказаць, не то што вельмі богабаязны, а так сабе. Мой дзед хадзіў часамі ў цэркаў і бацюшку ў руку цалаваў, мой бацька таксама рабіў; ну і я рабіў! Ці тут бог ведае што?!. А тым часам хлапец мой, Паўлюк, ды яшчэ суседнія хлапцы, калі збяруцца ў мяне ў хаце ды калі пачнуць гэтыя свае савецкія, значыць, цапстрыкі, перагэтае, дык я сабе і думаю:

«Вось каб на вас трасца, канцамолы вы чортавы».

Ды вазьму і не выцерплю ды скажу:

— Вельмі ж вы ўжо, трасца вашай мацеры, разумнымі пасталі! Няма на вас чумы якое! Гэта жартачкі — нічога вам ужо не трэба: ні папа, ні бога. Няхай на вас халера!..

А яны мне ў адказ толькі зубы выскаляюць.

— Ты,— кажуць,— дзядзька, па-свойму, а мы па-свойму.

«Што ж ты,— думаеш сабе,— з гэтаю заразаю будзеш гаварыць. Няхай з імі добрыя людзі не гавораць».

А я якраз састаяў тады ў царкоўных папячыцелях. Дык раз падзывае гэта мяне к сабе наш бацюшка, айцец Агафангел, ды і кажа мне:

— Так і так, браток Панцялей, ідзе вялікдзень, а ты сам ведаеш нашы цяперашнія справы — полем я не карыстаюся: рабі, кажуць, сам, тады і поле будзе. А што гэта я сам буду рабіць? Сам, ведаеш...

— Ведаю,— адказаў я бацюшку.

— Ну дык ты, калі ведаеш, ды яшчэ раз ты ў царкоўных папячыцелях састаіш, дык і далжон, значыць, у славу божую сабраць велікоднага для мяне: яец, кілбас, сыраў, масла, усякае іншае штукі. Гэта, значыць, я ж кажу, у славу божую і ў здароўе наша, а пры абходзе гаспадароў запісвай — хто не дасць, таму каробкі не пасвянчу.

— Добра,— кажу я,— бацюшка, у славу божую здароўе ваша пастараемся.

Пацалаваў гэта я бацюшку ў гэтае, у руку, значыць, ды пайшоў. І такая ў мяне вясёласць з’явілася, проста аж падскочыць захацелася.

Вось, думаю сабе, у славу божую пастарацца прыйшлося. На святое, значыць, дзела бог спадобіў, гэтае, і больш нічога. Дзякуй табе, божа, што спадобіў мяне быць царкоўным папячыцелем!..

Гэта ж, думаю сабе, гонар мне збіраць гэтае... На ўсю парафію слава.

Сказаў я аб гэтым жонцы, а яна — ну, добра, кажа, няхай бог памагае.

Адно Паўлюк глянуў на мяне коса ды ўсміхнуўся.

От каб ты, думаю, у дурным розуме смяяўся, з каго ты, падла, смяешся; няма ўжо ў цябе і да бацькі пашаны. Так падумаў і выйшаў на вуліцу.

А тым часам хлопцы мае ўсё ў школе нейкія прыстройкі давай прыстрайваць — дошкі з усяе вёскі звалакаюць, О рыштункі ўсякія цягаюць...

— Што гэта вы там прыстрайваеце? — пытаюць у іх старыя.

— Гэта мы сваю ўсяночную будзем правіць,— адказваюць ды зубы выскаляюць.

«Каб вам ужо нечага ў грудзях правіла»,— думаю я сабе.

Але думаючы і справу раблю. У вялікую пятніцу я ўсю вёску аб’ехаў, пазбіраў усякае штукі цэлы воз, ды як глянуў, дык мяне аж зайздрасць узяла — каб, здаецца, хаця з пятую часць мне як гэта пакінуць — дальбог цэлую вясну не гараваў бы. Але адагнаў ад сябе грэшную думку, адпусці, божа, грэх, падумаў ды і павёз усё бацюшку.

Увайшоў у сенцы, ткнуўся ў кухню, аж там падлогу мыюць — нарабілі на мяне крыку і гвалту, каб не лез на мокрае.

— Ідзі,— кажуць,— гэтым ходам.

Я ў чысты ход кінуўся, бацюшка выйшаў ды на мяне коса зірнуў:

— Не можна,— кажа,— браток, тут пастароннім хадзіць, тут толькі што падлогу памылі.

«Ах, каб цябе ўжо нечага на смерць абмылі»,— падумаў я, але тут жа апомніўся, адпусці ты, божа, грэх, што так на бацюшку падумаў.

Пацалаваў я гэта бацюшку ў руку, здаў яму велікодны воз ды ціхенька назад пайшоў. А дома Паўлюк і пытае:

— Ну, што, татулька, падзякаваў табе бацюшка за працу?

— Каб гэткую падзяку яму ў жывот,— адказаў я.

А Паўлюк калі зарагоча!..

— Тфу, каб ты згарэла,— плюнуў я,— прагаварыўся...

* * *

Тым часам на вялікдзень хадзіў я на ўсяночную, бо, вядома, царкоўным папячыцелем раз састаіш, то далжон, значыць, бо гэта ўродзе як бы, значыць, царкоўны чыноўнік. Ну, я, значыць, з царкоўным старастам там свечкі прадаваў, ліхтарні запальваў, народ у парадак прыводзіў, калі вельмі к царскім дзверам напіралі, разганяў хлапчукоў, якія, каб на іх трасца, укралі ў гандляра Ошара восем бочак ад дзёгцю, ды, запаліўшы іх, зрабілі люмінацыю — цэркаўка, значыць, як шкляначка ноччу свеціцца, а на зямлі стала — хоць іголкі збірай. А тут агонь калі шыбане, дык каб трохі, дык быў бы амін і цэркаўцы, і ўсяночнай, і нават багамольнаму народу, які стаяў наперадзе.

Дык прыйшлося разганяць. Але чорт ім рады даў бы, каб не прыбеглі з школы ды не сказалі, што там антылерыжныя шпітакі адкрываюцца. Дык туды і пажылых часць паваліла.

— Гэта ж,— кажуць,— усё твой Паўлюк там арудуе...

«От,— думаю,— прыждаў сынка! Удалося, каб яно звялося!..»

Ну, тым часам бацюшка, свенцячы каробкі, яшчэ па пары яец сабе згроб: цераз мае рукі зноў жа ўсё гэта праходзіла... А ідучы з усяночнае, глядзеў я, як сонца гуляе — глядзеў, глядзеў, аж вочы ўжо пакінулі, а ўсё не бачу, як сонца гуляе.

«Мусіць, грэшны я чалавек,— падумаў я,— калі не бачу...»

* * *

Днём таксама хлопцы нейкі шпітак рабілі. Сабралі народ, настаўнік тлумачыў, што Хрыстос не васкрасаў, гэтага ніколі не было, гэта ўсё выдумка.

«Ну,— думаю я, слухаючы,— гавары, гавары. Бач якім, падла, бязбожным стаў, ужо яму вялікадня не трэба!» А пасля як стаў ён даводзіць, чытаць з кніг нейкіх, дык мяне думкі ўзялі: а можа і так, бог яго ведае... Глянуў я назад, аж там бабы ўздыхаюць, божкаюць, канца свету баяцца, каб не было ад гэтакіх настаўнікаў. А іншыя нават і вераць настаўніку, бо галавамі ківаюць, а іншыя пасміхваюцца. Вядома, што галава — то розум.

Выйшаў я са школы, аж бачу — да бацюшкі збіраюцца з вялікаднем праздраўляць. Бачу, пайшоў з жонкаю хутаранец Ігнат Курмановіч, мельнік Рыгор Курыла, а пасля пайшоў дзяк Анісіфар Кіяцкі; я пастаяў ды і сам пайшоў. Увайшоў гэта я на кухню, аж чую — госці недзе ў пакоях талеркамі звіняць. Я патупаў каля парога, пакашляў, аж выходзіць сам бацюшка.

— Хрыстос васкрос, бацюшка! — кажу я.

— Ваісціну васкрос! — адказвае бацюшка.

Ды так і стаім моўчкі.

«Ну,— думаю я,— зараз бацюшка мяне к сталу пазаве, такі то ж я царкоўны папячыцель, ды і збіраў усё для бацюшкі к вялікадню».

А бацюшка маўчыць, відаць, гаварыць яму няма чаго. А пасля і кажа мне:

— Пагода сягоння вельмі добрая, жаваранкі спяваюць...

— І вароны крычаць,— дабавіў я,— гэткае пагоды мала калі было яшчэ ў гэтым годзе.

— І куры вельмі кудахчуць,— яшчэ падбавіў бацюшка.— Ну, я пайду, а то там госці чакаюць. З прыемнасцю пагавару з табою ў другі раз.

І пайшоў. А мяне як возьме крыўда ды злосць.

«Вось як ты,— думаю,— на нашага брата глядзіш. Дзе ж тая твая роўнасць усіх перад уваскросшым Хрыстом, аб якой ты сягоння ў царкве тлумачыў?»

Пайшоў я зноў у школу, паслухаў яшчэ, што гаварылі камсамольцы, ды і пачала ў мяне рабіцца перамена. «Папоўскія казкі — адна чмута»,— пачала з’яўляцца ў мяне думка...

 

Мой сусед скончыў гэтую гаворку і пачаў напіхаць з капшука ў люльку табаку.

— А цяпер як? — запытаў я ў яго.

— А цяпер ніяк,— адказаў ён.— Якраз у гэтым годзе мяне не выбралі ў царкоўныя папячыцелі. Дык можа гэта і лепш. Стаў глядзець я на ўсе гэтыя папоўскія вялікадні іначай. Цяпер вось надыходзіць вялікдзень, а я нават і не рыпаюся. Клопат вялікі! Даволі слухаць папоўскія казкі.

На гэтым мой сусед скончыў сваю гаворку.


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том першы. Апавяданні. 1923-1927 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан