epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Перамога будзе за намі!

Наш родны беларускі народ!

24 гады прайшло з дня Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, якая дала беларускаму народу свабоду, нацыянальную дзяржаўнасць, шчаслівае жыццё. Беларускі народ усе гэтыя 24 гады быў поўным гаспадаром сваёй роднай зямлі. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў брацкай сям’і народаў Савецкага Саюза за прайшоўшыя гады дабілася гістарычных поспехаў у гаспадарчым і культурным будаўніцтве.

За гады свайго існавання БССР стала перадавой індустрыяльна-калгаснай рэспублікай. Наша поле было багата ўраджаямі, нашы заводы і фабрыкі выраблялі многа тавараў і прадуктаў. Пры Савецкай уладзе беларускі народ выпраміў плечы, вырас, пачаў жыць заможна і культурна і з кожным годам ішоў к усё большаму росквіту.

У 1941 годзе, як і ва ўсе папярэднія годы, у нашай рэспубліцы будаваліся дзесяткі новых заводаў і фабрык, на калгасных палях спеў багаты ўраджай, вялікі народ наш вёў сваю напружаную творчую працу ў імя росквіту сваёй дарагой Радзімы. Згодна пастановы Савета Народных Камісараў СССР і Цэнтральнага Камітэта Усесаюзнай Камуністычнай партыі (бальшавікоў) у Беларусі намячалася грандыёзная праграма асушкі беларускіх балот і асваення асушаных зямель на карысць народна-гаспадарчага будаўніцтва. З якой радасцю і энтузіязмам узяўся наш народ за ажыццяўленне гэтай грандыёзнай праграмы! Народ ведаў, што ажыццяўленне гэтай праграмы прынесла б яму новыя незлічоныя багацці.

Шчасліва, заможна жыў беларускі народ!

Але подлы вораг не даў нам мірна жыць, працаваць, весяліцца і радавацца. Крывавы Гітлер вераломна напаў на нашу Радзіму.

Вось ужо больш чатырох месяцаў азвярэлыя нямецкія зграі топчуць нашу родную зямлю. Па ўсёй Беларусі чуюцца стогны замучаных людзей, чуюцца енкі асірацелых дзяцей. Над беларускімі лясамі, палямі і азёрамі, над спаленымі вёскамі і зруйнаванымі гарадамі, уздоўж беларускіх рэк вісіць няшчасце і гора. Там, дзе стаялі паселішчы, дзе цвілі сады, дзе радаваўся жыццю чалавек — вецер узнімае хмары халоднага попелу. Па адзічалых дарогах бадзяюцца сіраты — ад бацькоў адабраў жыццё няпрошаны, ненавісны фашысцкі бандыт.

Але не забывайце, браты і сёстры, усе ведайце, што слаўная гераічная Чырвоная Армія вядзе ўпартае змаганне з ворагам, ведайце, што змаганне гэтае з кожным днём набліжае нас да канчатковай перамогі над нямецкімі захватчыкамі.

Фашысцкія бандыты, каб запалохаць нас, каб пасеяць сярод нас паніку і безнадзейнасць, распаўсюджваюць ілжывыя чуткі, што нямецкія войскі забралі Маскву, Ленінград, што Чырвоная Армія нібыта разбіта, што нібыта знішчана савецкая авіяцыя.

Гэта няпраўда, гэта пустыя выдумкі ворага, які адчувае, што пад яго нагамі няма моцнай глебы, які адчувае сваю пагібель.

За прайшоўшыя месяцы вайны германская армія страціла больш чатырох з палавінай мільёнаў сваіх салдат. Яе двухмесячныя спробы ўзяць Ленінград скончыліся тым, што немцы страцілі там некалькі сот тысяч салдат, а цяпер Чырвоная Армія пачынае адціскаць іх ад Ленінграда.

Увесь кастрычнік месяц вораг стараўся прабіцца к Маскве. Ішлі самыя крывавыя за ўсю вайну баі за подступы к Маскве. Чырвоная Армія затрымала ворага. Нямецкае наступленне на Маскву спынена. Як вораг ні рвецца к Маскве, усе яго атакі адбіваюцца, і ён ужо не ідзе наперад ні на крок. На подступах да сталіцы ляжаць ужо сотні тысяч забітых немцаў.

Горы нямецкіх трупаў ляжаць на ўсіх іншых франтах. Нягледзячы, аднак, на такое пагібельнае знішчэнне нямецкага войска, Гітлер гоніць у бой усё новыя часці. Ён не шкадуе сваіх салдат, ды і іншага спосабу ў яго ўжо няма, бо пайсці назад — гэта значыць загубіць сваю ўладу.

Набліжаецца жорсткая руская зіма, якое так баяцца немцы. Вораг завяз на нашай тэрыторыі, і тут скора начнецца яго пагібель.

Наш народ ваюе з нямецкімі фашыстамі не адзін. У Савецкага Саюза ёсць такія магутныя і вялікія саюзнікі, як Англія і Амерыка. Гэтыя дзве магутныя дзяржавы шлюць нам танкі і самалёты, узбраенне і ваенныя матэрыялы. Англійская авіяцыя бамбіць нямецкія гарады, прамысловыя цэнтры ў Германіі, ваенныя заводы і фабрыкі. Пачаўшы ваенную авантуру супраць усяго свету, Гітлер апынуўся на краю бяздоння. Яго ненавідзіць увесь свет.

Партызанская вайна супраць немцаў разгараецца ва Францыі, у Бельгіі, Нарвегіі, Чэхіі, Польшчы, Грэцыі.

Браты і сёстры! Беларускія партызаны ўжо зрабілі вялікія справы. Лепшыя сыны беларускага народа са зброяй у руках паўсталі на змаганне з лютымі фашысцкімі бандытамі.

Па ўсёй нашай краіне прагучэла слава пра мужных беларускіх партызан, іх храбрасць і адвагу, пра іх бязлітасную барацьбу з нямецкімі фашыстамі. Савецкі ўрад высока ацаніў заслугі выдатных беларускіх партызан. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прысвоіў званне Героя Савецкага Саюза партызанам т.т. Бумажкову і Паўлоўскаму, узнагародзіў многіх партызан ордэнамі і медалямі Саюза ССР.

Будзем жа мацней дапамагаць слаўнай Чырвонай Арміі хутчэй расправіцца з ворагам. Усе пойдзем у партызаны! Усе, як адзін, будзем памагаць партызанам!

Савецкая Беларусь жыла і будзе жыць! Ідзе той час, калі недабітыя рэшткі нямецкай навалачы без аглядкі папруць назад з нашай зямлі. Але мала катораму з іх удасца дабегчы да сваёй Германіі, узненавіджанай цяпер усім светам. Нашы разбураныя гарады, нашы спаленыя паселішчы, усё, што немцы ў нас зруйнавалі і стапталі — усё яны адновяць і адбудуюць самі, усё яны нанава зробяць сваімі рукамі.

Браты і сёстры! Перад намі ясная будучыня! Ідзе час нашага вызвалення! Наблізім жа гэты час нашым дзейным змаганнем з ненавіснымі чужынцамі-немцамі! Узнімайце барацьбу супраць ворага! Бязлітасна знішчайце яго жывую сілу, танкі і аўтамашыны, пускайце пад адкос варожыя паязды, узрывайце масты і дарогі, псуйце тэлефонную і тэлеграфную сувязь, падпальвайце склады і абозы нямецкіх захватчыкаў!

Гарачае прывітанне слаўным беларускім партызанам!

Няхай жыве вялікі беларускі народ!

Няхай жыве свабодная, шчаслівая Савецкая Беларусь!

Няхай жыве слаўная наша Радзіма — Савецкі Саюз!




Беларуская Палічка: http://knihi.com