epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Подзвіг ціхага чалавека

Усё тут было роднае і з маленства знаёмае. Цешылі вока хвойныя лясы на ўзгорках, у лагчынах паміж лясоў цяклі рэчкі і ўліваліся ў Днепр. На ўрадлівым полі густа стаялі сёлы. У гэтай прыгожай мясцовасці, на беларускай Магілёўшчыне, гэты чалавек радзіўся і вырас. Прозвішча яго было Манетаў. Ён быў калгаснік. Гэта быў просты беларускі чалавек, які любіў з маленства сваю родную зямлю і сваю радзіму. Шчырая душа, чалавечае глыбокае сумленне, спакойная працавітасць — былі яго натурай. Здавалася заўсёды, што ён вельмі ціхі.

Сонечнымі раніцамі знаёмыя лясы асвятляліся сонцам, палявыя прасторы ляжалі ў золаце. Сонца ўсходзіла і заходзіла, усё было быццам бы як і заўсёды раней, але чалавек жыў, як у магіле. На мастах цераз рэкі стаялі нямецкія часавыя, у мястэчках на шыбеніцах віселі трупы замучаных людзей, у сёлах панавала цішыня, людзі баяліся паказвацца на шырокім свеце. Жыццё стала прыдушаным, абязвечаным. Па ўсёй мясцовасці распраўляўся з людзьмі нямецкі карны атрад. І ў той жа час, то ў адным кутку, то ў другім, то на дарогах, то ў мястэчках і сёлах з'яўляўся грозны для немцаў і няўлоўны партызанскі атрад. Ляцелі пад адкос нямецкія паязды, узрываліся на дарогах грузавыя машыны. Кожны дзень на месцы руху нямецкіх часцей аставаліся новыя трупы акупантаў.

За нядоўгі час было налічана на дарогах 233 нямецкія трупы.

І вось з’явіўся новы карны атрад. Яму было даручана напасці на след партызанскага атрада і разграміць яго. К партызанам пацягнуліся жанчыны і падросткі: гэта насельніцтва папярэджвала атрад аб небяспецы. І атрад падрыхтаваўся спаткацца з ворагам.

Спатканне гэтае адбылося праз некалькі дзён пасля з’яўлення карнага атрада. Звыш сарака мёртвых немцаў асталося ляжаць на месцы бою. Карны атрад ледзьве паспеў уцячы ад тых, каго хацеў знішчыць.

У партызанскім атрадзе асталося некалькі чалавек раненых. Іх трэба было лячыць, іх трэба было пакласці ў цяпле і спакоі. І вось камандзір атрада выбраў дзеля гэтага хату заўсёды ціхага і мала каму дзе знаёмага калгасніка Манетава.

— Ты сам ведаеш, што трэба,— сказаў Манетаву камандзір.— Людзей трэба вылечыць. Ім трэба спакой. А ты такі чалавек, што на цябе мала хто падумае.

— Ведаю,— ціха кіўнуў галавой Манетаў.

У той жа дзень, як сцямнела на ноч, раненых даставілі да Манетава ў хату.

Усё было ціха, як і заўсёды цяпер у сяле. Ніхто не запальваў агню, людзі спалі трывожна і чула. Ноч прайшла без кепскіх прыгод. Пачаўся дзень. І дзень пачаў праходзіць быццам бы ціха. Раптам у сяло прыехалі немцы. Нейкім парадкам яны пранюхалі, што недзе тут ляжаць раненыя партызаны. Як толькі нямецкія грузавікі чутны сталі на сяле, Манетаў перавёў раненых у свіран, цёмны і стары, а сам, ціхі і як заўсёды незаўважны, астаўся ў хаце чакаць. Яго мучыў смутак ад таго, што так цяжка прыйшлося жыць, што ён не гаспадар у сваёй хаце, што па яго душу могуць з’явіцца каты.

І яны прыйшлі. Увайшоўшы ў хату, нямецкі афіцэр адразу стараўся ўзяць Манетава словам:

— Ты скажы, дзе партызаны. І будзеш тады спакойна жыць.

Спакойна жыць? Які ж можа быць спакой чалавеку, калі на яго роднай зямлі, над яго душой будзе вісець крукам чужынец, самазваны гаспадар?

— Я не ведаю, дзе партызаны,— ціха адказаў Манетаў.

— Дык ты зараз будзеш ведаць! — крыкнуў афіцэр і даў Манетаву кулаком у твар.

— Адкуль жа я магу ведаць,— страсянуўся Манетаў,— калі мне ніхто не сказаў.

— Табе зараз будзе смерць!

— Дык хіба смерць можа што-небудзь зрабіць, калі я не ведаю?!

— Табе жыць асталася адна хвіліна!

— Няхай сабе хоць і паўхвіліны, адкуль жа я магу ведаць, дзе партызаны?

Афіцэр закалаціўся, запырскаў слінаю і прыпёр рулю рэвальвера да грудзей Манетава.

— Прыйшла твая смерць! Але калі скажаш, дзе партызаны, будзеш жыць.

Манетаў хацеў адшатнуцца ўбок ад рэвальвера.

— Стой! — закрычаў афіцэр.

Манетаў уздыхнуў і сказаў:

— Сволач ты нямецкая, няўжо ты думаеш, што ўсіх нас перастраляеш? Скора цябе самога будуць тачыць чэрві.

Немец стрэліў, і Манетаў упаў мёртвы, гэты ціхі, спакойны чалавек. Ён стаў народным героем таксама ціха і незаўважна. З такіх людзей складаецца гераічны беларускі народ. Сваім подзвігам Манетаў выратаваў раненых партызан, і яго вялікае імя навекі асталося жыць у народзе.

Пасля вайны і нашай перамогі мы назавем і тых партызан, і тое сяло ў Магілёўскай вобласці, дзе ўсё гэта нядаўна адбылося.


май 1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан