epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Працу пісьменніка павінны лічыць працаю, а не забаўкаю

У сваім артыкуле «Умовы працы нашых пісьменнікаў» («Звязда», № 265 (3072) Змітрок Бядуля закрануў надзвычайна актуальнае пытанне нашага літаратурнага жыцця. Калі хто думае, што гэтая справа павінна цікавіць толькі літаратараў, дык той вельмі памыляецца. Гэтая справа павінна цікавіць усю нашу грамадскасць.

Літаратура — гэта адна з найгалоўнейшых галін нашае культуры. І стварэнне літаратуры — гэта не ёсць забаўка чалавека, якога завуць пісьменнікам. Стварэнне літаратуры — гэта ёсць найадказнейшая вытворчасць. Працэс літаратурнае творчасці адбываецца і павінен адбывацца не тады толькі, калі пісьменнік садзіцца за стол з пяром у руках. Творчы працэс ідзе ў істоце пісьменніка несупынна і ў часе пісання набывае толькі больш выразныя і інтэнсіўныя формы.

Гэта я прыгадаў не для таго, каб уводзіць каго-небудзь у псіхалогію літаратурнае творчасці, а для таго, каб не згадзіцца з тымі, хто на пісьменніцкую працу глядзіць, як на справу лёгкую. А гэткія погляды вельмі пашыраны. Пісьменніцкая праца — гэта не значыць «сеў і напісаў». Пісьменнік павінен (апроч усяго іншага, дзякуючы чаму ён творыць) уладаць яшчэ багатым фактычным матэрыялам жыцця, мець шырокую эрудыцыю, стаяць прынамсі на культурным узроўні свайго часу. Ён заўсёды павінен убіраць у сябе навакольную практыку жыцця і ператвараць яе ў выразныя каштоўнасці літаратурнае культуры. Ён павінен быць на чале культуры.

А дзеля ўсяго гэтага што трэба? Перш за ўсё патрэбна несупынная вялікая праца. І гэтая праца павінна быць яго асноўнай працай, а не пабочнаю, другараднаю. Што б мы сказалі, каб рабочы, напрыклад, з папяровае фабрыкі, хадзіў на гэтую фабрыку тады толькі, калі яму выдарыцца вольная часіна ад іншае працы, з якое ён хлеб есць? Што гэта была б тады за папяровая прамысловасць! Вядома, што мы б тады таго рабочага не называлі рабочым з папяровае прамысловасці і наконт гэтае прамысловасці не мелі б права выступаць перад ім з якімі б там ні было патрабаваннямі.

А да пісьменніка мы падыходзім з самымі жорсткімі патрабаваннямі. Мы вымагаем ад яго таго, чаго ён не можа даць, бо ён больш працаўнік якое-небудзь савецкае ўстановы, чым пісьменнік. Нельга вымагаць ад чалавека літаратурнае прадукцыі, калі літаратураю ён займаецца ўночы, тады, калі добрыя людзі адпачываюць, а ён, змораны дзённаю працаю, гэтага адпачынку не мае.

Беларускія тэатры не маюць беларускага рэпертуару. Чаму? Бо над драмай трэба працаваць у сярэднім не менш як год і працаваць толькі над драмай, не адрываючыся ад яе. Гэтакіх жа ўмоў нашы пісьменнікі не маюць. Але ніхто гэтага не хоча разумець.

Усе вымаганні ад пісьменніка ў нас нагадваюць справу з тым гаспадаром, які пабудаваў вельмі добрае гумно, а збожжа на полі забыўся пасеяць. Дык увосень гумно, вядома, было пустым, бо колькі ён мог сабраць у гумно таго, што вырасла каля дарог з выпадкова занесеных ветрам зярнят?

У нас няма літаратуры як вытворчасці, як пэўнае справы. У нас ёсць літаратурнае аматарства, якім літаратары займаюцца між іншым.

Што ж можна сказаць выразна?

Перш за ўсё выдавецтва павінна змяніць свае адносіны да пісьменніка і да яго працы. Каб пісьменнік адчуваў сябе ў выдавецтве чалавекам! Выдавецтва і дагэтуль лічыць, што робіць пісьменніку ласку, друкуючы яго кнігу.

Выдавецтва павінна ўважлівей адносіцца да беларускае літаратуры. З’яўленне арыгінальнага беларускага рамана, напрыклад, у нашых умовах буйная літаратурная з’ява. А тым часам бывае, што рукапіс гэткага рамана валяецца ў выдавецтве цэлы год «пад сукном», таму што ні з кім у выдавецтве аўтар не мае намеру быць у блізкай дружбе. Вядома, што пры гэтакай пастаноўцы справы беларуская літаратура будзе забытаю.

Павялічыць ганарар літаратарам і акуратна выплачваць яго.

Нашы заканадаўчыя органы павінны распрацаваць і зацвердзіць адмысловыя законы, якія далі б падставу Камісарыяту працы абараняць працу пісьменніка. Умовы працы пісьменнікаў можна дакладна вывучыць хоць бы шляхам анкет. Павінна быць разгледжана, між іншым, такая справа, як перадрук літаратурных твораў. Бо вельмі часта які-небудзь чалавек (які бывае нават ніякіх адносін да літаратуры не мае) падручаецца скласці які-небудзь дэкламатар ці чытанку. Дык ён бярэ ножніцы, за адзін або два вечары навырэзвае з кніг і газет чужых твораў і нясе ў выдавецтва. І тады пішуць, што гэтая кніга выйшла пад рэдакцыяй вось гэтага. Або «склаў кнігу вось гэты». Зрабіўшы гэткім чынам кнігу, ён бярэ ганарар, як за сваю ўласную кнігу.

Народны Камісарыят асветы павінен клапаціцца аб стварэнні для пісьменніка ўмоў, якія б далі магчымасць яму сапраўды тварыць літаратуру. Усю вострасць гэтага пытання мы найвыразней адчуваем, напрыклад, у галіне беларускае драматургіі.

Гэтыя ўмовы можна стварыць хоць бы персанальным падыходам да кожнага пісьменніка. І трэба браць пад увагу толькі вартасць працы (з боку мастацтва і ідэалагічнага) і здольнасць пісьменніка, а не якія-небудзь іншыя яго якасці!

Галоўмастацтва не павінна збываць з рук усялякім камісіям справу з літаратурным домам, а павінна само зараз жа брацца за гэта.


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан