epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Пракляцце кату Гітлеру

Калісьці добрыя душы любілі карціну мастака-ідэаліста, які марыў аб спыненні на зямлі крывавых пакут. Ён намаляваў: стаіць дзіцё ў белай кашульцы і да яго з аднаго боку ласкава прытуліўся страшэнны драпежнік-леў, а з другога боку лашчацца воўк з тыграм. Гэта мастак назваў «Карцінай будучыні».

Хто цяпер баіцца льва або ваўка?

Каб той мастак цяпер жыў і каб прайшоў ён па зямлі — для свае карціны ён мог бы ўбачыць штосьці іншае. Ён уздрыгнуў бы і сказаў: дзе ж той благаславенны воўк з тыграм? Усё ж такі ў іхні час жылося спакайней! Мастак хапіўся б за галаву ад таго, што ён убачыў бы ў нашы дні.

Ён убачыў бы мільёны дзіцячых магіл і трупаў і над імі вышчараную ляпу германскага фюрэра Гітлера. Глянуўшы на Гітлера, што б ён мог падумаць пра звера? Якое мілае стварэнне — звер! Калі ён не галодны, ён цябе не зачэпіць.

Марачы аб лепшым часе, які павінен прыйсці пасля сканання Гітлера, мастак ніколі не адважыўся б намаляваць крывавага фюрэра побач дзіцяці, як калісьці ён гэта зрабіў з ваўком і тыграм. На гэта мастак не знойдзецца.

Гітлер са свінячай бесцырымоннасцю пайшоў напралом, на ашуканства, фальсіфікацыю. Ён абыходзіцца фотаапаратам: у сваім маёнтку каля свайго палаца ён здымаецца з дзецьмі. Гэтыя здымкі ён друкуе ў берлінскіх часопісах, якія потым рассылаюцца на фронт нямецкім салдатам і ў акупіраваныя краіны: глядзіце, які добры Гітлер, як ён любіць дзяцей! Але хто гэтаму паверыць? Няма дурняў!

Вось у вёсцы Катлубаеўшчына Любанскага раёна сядзелі на прызбе дзеці і прыдумлялі кару Гітлеру. Дзяўчынка раіла яго проста «застрэліць, як падлу». Другая, большая, раіла ўтапіць. Хлапчук гадоў дзесяці сказаў:

— А па-мойму, дык яго трэба павесіць, а перад гэтым пабіць добра, каб ён ведаў, як лёгка было майму тату, калі яго немцы забівалі.

Нарэшце адзін хлапчук так сказаў:

— Трэба яго вадзіць напаказ па ўсім свеце і каб усюды плявалі на яго.

Адкуль жа ў дзяцей такая нянавісць да таго, каго яны ніколі не бачылі?

У Катлубаеўшчыне немцы расстралялі вельмі многа людзей, і дзеці іх сталі сіратамі. Мільёны замучаных гітлераўцамі дзяцей клічуць да помсты. Мільёны жывых ва ўсім свеце дзяцей з гневам і агідай гавораць пра крывавага ката Гітлера.

Пра ваўка гавораць: каб ён здох. Пра Гітлера кажуць: яго трэба павесіць, утапіць, вадзіць напаказ, каб усе на яго плявалі.

Немцы доўга шукалі на Катлубаеўшчыне таго, хто навучыў гэтаму дзяцей. Яны не здагадаліся зірнуць у бок свайго фюрэра, які асіраціў дзесяткі тысяч дзяцей. Дзеці праклінаюць гэтага ката. Калі ён апруцянее, кожны скажа: калом яму зямля!


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан