Кузьма Чорны

Прамова на Першым пашыраным пленуме арганізацыйнага камітэта ССПБ

Таварышы, справа ідзе аб перабудове вялікай культуры. Гэта культура сацыялістычная. Вялікая яна таму, што яна не толькі прыйшла на змену культуры старой, так як скажам буржуазная культура змяніла культуру феадальную, аставіўшы ў сабе існасць сваёй папярэдніцы. Сацыялістычная культура будуецца абсалютна на процілеглых прынцыпах, чым тая культура, якую яна змяняе. Старая культура мела за свой прынцып, на якім яна трымалася, які яна абараняла,— прынцып і існасць,— адну сваю праўду — гэта эксплуатацыя чалавека чалавекам.

Новую культуру мы будуем у класавым змаганні. Ігнаруючы класавае змаганне, мы новую культуру не пабудуем. Значыцца, у такім важным моманце, у такім моманце, які прасякае ўсю нашу працу, павінна быць наша найвялікшая адказнасць. Хіба мы гэту адказнасць заўсёды адчуваем на сабе, калі мы доўгі час не рэагуем на выступленні класавага ворага на нашым фронце, не рэагуем да таго часу, пакуль нам на яго не пакажуць. Гэта гаворыць аб нашай безадказнасці. Мы дрэнна працуем на сваім фронце.

Мы, калектыўная сіла работнікаў культуры, у прыватнасці работнікаў культуры літаратурнай, толькі тады створым паўнакроўныя каштоўнасці, калі мы будзем бачыць сваім творчым зрокам усе падзеі нашай рэвалюцыі, і нават усе падзеі, якія яе падрыхтавалі, калі мы сваім зрокам будзем ісці ў самыя далёкія гісторыі.

Гэта неабходна для таго, каб тое самае тыповае, аб чым мы гаворым, даць з вялікім размахам, каб яно было сапраўды тыповым і каб яно было атулена філасофіяй.

За гэтыя гады мы надзвычайна многа зрабілі. Савецкая літаратура мае такі росквіт, што на сёння мы можам гаварыць аб тым, што нашы творы будуць жыць не адзін дзень, што нашы творы ўваходзяць у гісторыю савецкай літаратуры. Тым больш, мы стаім перад такімі перспектывамі ў сваёй блізкай будучыні.

Мы павінны мысліць у сваёй рабоце ў вялікіх маштабах, мы не павінны корпацца ў маленькім, нецікавым. Мы павінны рабіць вялікія абагульненні, і мы аб гэтым добра ведаем.

Але мы не заўсёды змагаемся за тое, каб усе гэтыя абагульненні ў літаратуры мелі свае спецыфічныя формы. Мы, напрыклад, бярэм голую формулу, скажам — «Эксплуатацыя чалавека чалавекам». У літаратуры мы павінны гэта перавесці на мову вобраза. Ужо вельмі даўно было сказана гэта вобразна: «чалавек чалавеку — воўк». Вось у такой спецыфіцы мы павінны падаваць ідэі, а не ў голым выглядзе.

Мы часта гаворым, што літаратура павінна адлюстроўваць нейкі працэс. Мне здаецца, што самы гэты тэрмін — «адлюстраваць» з’яўляецца няправільным. Гэта адразу параджае думку аб нейкім пасіўным адлюстраванні. Мы гаворым аб ідэйным творы. Што паказвае нам практыка? Часта, напрыклад, мы маем творы, дзе няма вялікае ідэі. Вось, напрыклад, на заводзе ліквідацыя прарыву. Завод ліквідуе прарыў, каб рушыць наперад гісторыю, а ў нас гэты прарыў часта паказваецца толькі для таго, каб паказаць, што ліквідуецца прарыў. Але ніякай філасофскай думкі тут няма.

Так напісана мая аповесць «Вясна». Там проста ствараецца калгас.

Яны жнуць многа жыта,— і гэта ўсё. Вось такая фактаграфія, такая адсутнасць ідэі маецца і ў нашых творах, мне хочацца гэтым упракнуць і такія творы, як «Мядзведзічы», як «Спалох на загонах», як «Напор». Мне здаецца, што бяда ў тым, што мы глядзелі на маленькія кавалкі жыцця, фактычна на эпізоды.

Ідэйнасць твора павінна ісці ад тых рэальных працэсаў, якія ёсць у жыцці.

Калі я пісаў «Бацькаўшчыну», мяне менш за ўсё цікавіла сама ідэя «Бацькаўшчыны». Я бачыў перад сабою жыццё людзей, да чаго яны ідуць і да чаго яны прыйшлі. Леапольд Гушка прыйшоў да таго, што ён сутыкнуўся з ідэяй уласнасці, ідэяй бацькаўшчыны і вось тады пачаў ад уласнасці і буржуазнае бацькаўшчыны бараніцца.

Неканкрэтнасцю грашаць часта і нашы тэарэтычныя выказванні. Мы гаворым пра рэалізм, пра рамантызм. Гаворым так, як быццам гэта дзве зусім розныя плыні, зусім супрацьлеглыя. Дрэннае ў гэтым тое, што, як мне здаецца, пра рэалізм і пра рамантызм мы гаворым, выходзячы толькі з практыкі класічнай літаратуры, а не з практыкі нашай канкрэтнай работы.

Наша творчасць выходзіць з нашага разумення светабудовы. Вядома, мы не можам не скарыстоўваць спадчыны. Без гэтага мы не можам, нават, калі б і хацелі, пабудаваць свае культуры. Але наша тэорыя выходзіць з нашай практыкі, а не з тых узораў, якія мы маем перад сабой, з культуры класічнай.

...Мы механічна карыстаемся старой тэрміналогіяй, каб назваць новае, тое, што ідзе ад савецкай рэчаіснасці. Рамкі старой тэрміналогіі вузкія і справа не ў тым, ці гэта рамантызм, ці рэалізм, справа ў тым, які гэта рэалізм і які рамантызм.

Мы ведаем рэальны закон светабудовы, мы прымаем рэчаіснасць як факт, але наша дачыненне да рэчаіснасці такое, каб гэту рэчаіснасць перарабіць. Наш погляд на свет зусім рэальны. Мы рэалісты. А наш рамантык, хіба ён іначай адчувае свет? Гавораць пра рамантычны ўздым, а я думаю, што калі твор вельмі ўдалы, хоць бы мы яго назвалі рэалістычны, ён безумоўна павінен мець і гэтую вялікую ўзнятасць. Нам патрэбна несупыннае рэальнае вывучэнне рэчаіснасці. Мы павінны быць цвёрдымі практыкамі.

Сам матэрыял падказвае нам жанры. Маючы пэўны матэрыял, мы заўсёды будзем яго рэалізаваць у такіх формах, у якіх мы найлепш здолеем яго рэалізаваць. Адзін пісьменнік казаў: вось я прыдумаў найцікавейшую форму для апавядання, але толькі не ведаю пра што пісаць. Ён ужо на працягу двух год гэта кажа. Гэта Калюга. Гэта крызіс светапогляду.

Мы вельмі мала думаем пра асобныя дробныя кампаненты літаратуры, трэба ведаць, што мы працаўнікі літаратуры і нас аглядае ўся краіна; і адказнасць мы асабліва павінны адчуваць.

Хвалёная неканкрэтнасць крытыкі якраз у тым, што яна вельмі часта, да апошняга часу, і амаль што заўсёды, не адчувала гэтай спецыфікі літаратурнага твора.

Гавораць пра літаратурны твор, што ў ім выказваецца пэўная ідэя, а як выказваецца? Можа тая форма, праз якую ідэя рэалізуецца, апаганьвае самую ідэю? Можа гэты твор проста не мастацкі? Такой неканкрэтнасцю грашыць хоць бы даклад тав. Бэндэ пра Коласа, дзе ён кажа, што Якуб Колас у такім-то годзе то-то выказаў. А праз якую сістэму вобразаў выказваў?

(Тав. Бэндэ: Гэты ж артыкул не надрукаваны).

Ты ж выступаў з прамовай, людзі чулі. Гэтак можна сказаць і пра любы публіцыстычны артыкул, а не мастацкі твор.

Наша крытыка часам не заўважае мовы твора, сістэмы вобразаў, стылістыкі, фразеалогіі, усе гэтыя кампаненты вельмі часта, амаль заўсёды праходзяць па-за ўвагай нашай крытыкі. Канкрэтна гаварыць пра мастацкі твор можна тады, калі разабраць усе кампаненты твора. Гэтым пытаннем трэба заняцца. Гэта павядзе да ўздыму літаратуры і крытыкі.




Беларуская Палічка: http://knihi.com