epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Рамонтная брыгада

Новая кузня стаяла на выгане, дзве каржакаватыя ядлаўчыны захаваліся ад даўнейшага хмызняку. Калі рос хмызняк, стаяла яшчэ там кузня старая — малюсенькая будынінка — трухлявая і чорная, з дзындраю навокал, а ў дзындры вечна корпаюцца дзеці. Увесь хмызняк калісьці, у пятнаццатым годзе, выцерабілі ўцекачы з-пад нямецкіх і расійскіх гармат: клалі агонь і тушылі, нехаця ад’язджаючы кожную раніцу кудысьці ў прорву невядомых дарог. Астаўся толькі тут быў скалечаны ўцякацтвам Казакевіч з сям’ёю. Пражыў сярод тутэйшых людзей аж да гэтага часу, хрыпеў, скрыпеў, аж дзівіліся ўсе, як ён, небарака, вытрымаў на свеце гэтулькі часу. Як уміраў, дык ужо як мае быць быў з сям’ёю тутэйшы чалавек. Рэвалюцыя дала яму тут зямлі, але араць яе ён ужо не мог. Не з маладых, а з малых год за зямлю ўзяліся хлопцы яго: Броня і Андрэйка. Але Броня больш хіліўся да рамяства і, як толькі Андрэйка ўзняўся на ногі гэтак, што без старэйшага брата мог аходаць зямлю, Броня пайшоў у старую кузню вучыцца за каваля. Хаваць бацьку Броня прыязджаў ужо з горада, з чыгуналіццёвага завода. Тады яшчэ толькі пачаў траціць ён адзнакі дробнага саматужніцтва роднай сваёй вясковай кузні на выгане. Гэта было ў раннюю восень, а цераз зіму, калі яшчэ і марозы трымаліся і часамі яшчэ завея спрабавала паказаць сваё, адно толькі сонца высока пачало хадзіць, тады Броня прыехаў у вёску да брата з важнаю справаю. У той дзень чулася ўжо сонечная сіла, і снег ледзь парыпваў пад саньмі. Дзве ядлаўчыны — гэтакія знаёмыя! — тырчалі над аснежаным выганам, і гэтакія яны былі ў гэтую пору зелянюсенькія, што цешылі Бронева вока. Броня прыехаў не адзін. З ім былі два кавалі з яго кавальнага цэха, яго таварышы: Косця Сыманутовіч і Гірка Ерынгроз. Цэлую восень і добрую палову зімы не быў тут Броня і, акінуўшы вокам выган ля першых вясковых хат, здзівіўся.

— Бач ты, кузня ў іх новая!

— А тут была старая? — запыталі ў адзін голас хлопцы.

— Старая. Я вучыўся за каваля ў той старой яшчэ кузні.

Цяпер сапраўды кузня стаяла тут новая. Гэта была даўгая будыніна, вельмі прасторная, паводле той старой. Сцены з новых плашак і нават з мохам. Зруб, відаць, не на жарты пастараліся зрабіць. Ля дзвярэй прыбудоўка з аполкаў, нешта накшталт сянец, два акны, з аднаго боку і другога, і стаіць гэты будынак не на тым месцы, дзе старая кузня стаяла, а ў глыб выгана. Ды і сам выган у гэтым месцы ля кузні змяніўся. Перш за ўсё, перад самымі агародамі стаяў высозны будынак. «Гумно»,— падумаў Броня. За ім — яшчэ адзін, не скончаны. Пасля нейкія новыя агароджы, з аполкаў, з калоў...

Спаткаў гасцей Андрэйка. Як ён вырас, узбуяў! Мужчына! А Броня быў ужо самы сапраўдны індустрыяльны каваль.

Сонца ўжо мела сілу, мароз не мог саўладаць з ім; з стрэх капала, ужо на сонцы льга было пагрэцца. Да гэтага часу людзі паабмалочваліся, толькі ў кагосьці аднаго гупаў на таку старасвецкі цапок. Рабога ў гаспадароў была гэтакая, што калі і не калупацца з ёю, дык сумленне вельмі мучыць не будзе. Некаторыя, значыцца, гэтага сумлення і не баяліся: папоўдні, на санцапёку, ля кузні, людзей такі ніштавата назбіралася. Адзін павёў каня падкаваць, а пяць за ім следам, паглядзець ды памагчы кавалю ўсялякімі парадамі, без якіх каваль таксама не прапаў бы і сваю работу рабіў бы някепска. Народ ля кузні пакурваў сабе, гаварыў, радзіў. Закурвалі адзін у аднаго і радзілі адзін аднаму... Каваль, Броняў былы настаўнік, займаўся сваёю работаю, а другі, маладзейшы, яго памочнік, таксама не гуляў.

Гаворка была найбольш у людзей адна: можа і гаварылі пра ўсялякія справы, але думка панавала каторы ўжо час адна. Калі гэта было гэтак з тых часоў, з якіх памятаюць свет нават самыя старыя людзі! Праўда, ужо і абыкласць да гэтага пачала з’яўляцца, асабліва ў таго, хто сам падаўся ў новыя справы. Але ж і да чалавечай, напрыклад, смерці прывыкаюць, а яна ўсе ж такі ёсць справа незвычайная. Гэтак і тут. Перш за ўсё, каваль гэта быў ужо не вясковы. Гэта быў ужо калгасны каваль. Таксама і яго памочнік. Таксама і новыя будынкі, адзін скончаны яшчэ летась, увосень, а другі пачаты. Таксама і выган, дзе раней ніколі нават дзікая трава не расла, калгаснікі задумалі ператварыць у мясціну, дзе і не трава толькі будзе расці. А самую першую дзялянку выгана занялі пад калгасны двор. А ці шмат калгаснікаў? Не. Не сказаць, каб многа. Нават на два чалавекі паменшала. Узялі дый выпісаліся. Так што чалавек (сем’яў, значыцца) пятнаццаць, не больш, цяпер у калгасе. Але тыя, што асталіся, варушацца. Будынкі робяць на збожжа і на жывёлу і стараюцца пабольш людзей уцягнуць.

Андрэйка Казакевіч запісаўся у калгас не самы першы, тут хваліцца няма чаго. А чаму не першы? На гэта сам ён цяпер кажа: «Неарганізаваны я быў хлопец». Калгас нарадзіўся мінулаю вясною, а толькі ў познюю восень, пасля таго як ужо з галавы пачалі ападаць думкі пра бацькаву смерць, Андрэй падаўся ў калгас. Ён прыйшоў сюды цвёрда. Гэтак добра і трымаецца і за вялікую работу там узяўся. Толькі самая справа гэтая ў людскіх вачах пачала зменьвацца. Раней дык тыя, што не падаліся ў гэтую справу, пасміхваліся: «Нічога з гэтага не будзе». Пасля пачалі казаць: «Няхай сабе жывуць здаровенькі, а мне не канешне зрывацца з бацькаўскіх сцежак». А цяпер дык не навіна пачуць і гэтакую гутарку: «Можа яно і добра». Апошняя думка, як чарвяк, з кожным днём усё мацней пачынае тачыць людскія галовы.

У новым калгасным гумне гула і пастуквала арфа: перапускалі насенне. А ў самой кузні стаялі скрозь паўз сцяну калгасныя плугі: былі і сапсаваныя, былі нават некаторыя і зусім пакалечаныя, былі і гэтакія, што адно трэба сашнік падвастрыць... Але плугоў было многа. Гэта ўсё паабагульваныя летась плугі. Кожны плуг быў усім вядомы. Дык мужчыны і пра плугі гаварылі.

— О, гэты, здаецца, Рыгораў. Бач, як злізаўся!

— Дзіва што зліжацца, гэтулькі паслужыўшы яму.

— А той унь, Апанасаў, зусім новы.

— Дзіва што будзе новы, нядаўна куплены.

— А той унь...

Раптам паўз кузню праехалі сані з хлопцамі. Броню пазналі ўсе адразу. Сані паехалі проста на калгасны двор. Народ рынуўся туды. Пакуль што якое, дык Андрэй і Броня знімалі з саней плугі. Зусім новыя, і іх было чатыры. Гэта ад кавальскага цэха калгасу падарунак! А што за хлопцы? (Народ загаварыў.) А гэта брыгада з завода на пяць дзён прыехала дапамагчы калгаснаму кавалю паправіць да веснавой сяўбы прыладдзе.

Брыгада стала на работу ў той жа дзень, пасля кароткага адпачынку. Пры кавалях працаваў Андрэй. Назаўтра далучыліся яшчэ два калгаснікі. А рэшта былі на таку ля збожжа на насенне, ля бярвення на стайню, ля агароджы пад раннія засевы агародніны... Усё пайшло куды жывей, як ішло дагэтуль: прыезд брыгады паддаў жару ў рабоце.

Тым часам ля кузні кожны дзень тоўкся народ. Многа прыходзіла. Можна сказаць, усе тут перабывалі за гэтыя дні. Успаміналі, гледзячы на Броню і Андрэйку, нябожчыка старога Казакевіча... І самі пра сябе ўспаміналі, як збіраліся выбірацца на ўцякацтва... І як найшла была панская плойма з Польшчы, і як партызанілі хлопцы, выганяючы палякаў... Пакрысе да ўсяго даходзілі. А брыгадзіры падварушвалі іх. Як самі жылі? Якія падзеі мелі? Ці добра жыць на свеце галоднаму, босаму, голаму, калі ніколі латы з плеч не злазяць? Калі гэтак, як гэтых калісьці Казакевічаў, нехта сыты і вясёлы на ўцякацтва выганіць! Калі не толькі нейкі там, калом яму зямля, пан, а нават адзін аднаго ўвесь век за гнілую бульбіну есць! А хто пабагацее з суседзяў, ды нават з сваякоў, дык таксама адразу панам робіцца над усім.

Брыгада працавала адзін дзень, другі, трэці... Мужчыны, не калгаснікі, таксама корпаліся пакрысе па хатах, па клунях, па дварах... Чацвёрты дзень брыгадзіравай працы скончыўся тым, што на калгасным двары адбыўся сход усёй вёскі. Брыгадзіры і вельмі Броня, як чалавек, што сам адной нагою яшчэ нядаўна стаяў на гэтай сялянскай гаспадарцы, гаварылі на сходзе. А пяты і апошні дзень працы скончыўся вельмі позна, але затое калгаснае прыладдзе, якое льга было паправіць у кузні, было гатова, хоць ты яго цяпер жа пускай у работу. Брыгада назаўтра паехала. І ў той жа дзень дзесяць гаспадароўпрыйшло запісацца ў калгас. А назаўтра яшчэ... І калгас пабольшаў. Хто і сам таго не думаў, пачаў у новую работу ўцягвацца.

Забіраючы з кузні адрамантаваныя плугі, два дзядзькі, новыя калгаснікі, успаміналі рамонтную брыгаду:

— Гэта ж гэты Казакевічаў большы, Бронька. Глядзі ты!

— Што?

— А як тады бацька яго прыехаў быў да нас, як была вайна. А гэта, глядзі ты!

Ён хацеў выказаць тое, што з вялікага гора выйшаў гэты Казакевічаў хлопец. Гэта перш за ўсё яму кідалася на думку, бо ён сам гэтакі быў, гэты паджылы чалавек. Гэта ён пра сваё спрадвечнае гора хацеў расказаць.

А другі ўспомніў, як ехала брыгада:

— Я такі адразу быў падумаў, што гэта з навіною нехта едзе. Гляджу — конь, бачу — незнаёмы.


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні. 1928-1944 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан