epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Расказы партызан Віцебшчыны

1. Маладая гераіня
2. Паўлікава помста
3. Знішчылі чатырох афіцэраў


 

1. Маладая гераіня

У нашым атрадзе была камсамолка Нюра. Да вайны яна была сакратаром Н-скага сельскага райкома камсамола.

Каля вёскі П. у нас быў вялікі бой з акупантамі. Бой цягнуўся доўга, немцаў было многа, і вельмі цяжка было выбіваць іх з месца. Мы ішлі ўрукапашную. Навокал свісталі кулі.

Нюра была ў першых радах. Многа яна выявіла адвагі, баявой хітрасці і ўласнай ініцыятывы. Бачыў я, як да яе бег высокі немец і цэліўся з вінтоўкі: яна ўпала на зямлю, і куля прасвістала вышэй яе. Тады яна рванулася наперад і стрэліла з нагана. Немец упаў і больш ужо не ўстаў. Тут яна ўбачыла, што чатыры немцы абкружылі аднаго партызана і стараюцца закалоць яго штыкамі, і яму вельмі цяжка прыходзіцца. Нюра ў момант апынулася там і выстралам з нагана палажыла на месцы немца. Другі кінуўся да яе з штыком, але яна застрэліла і гэтага. Але ў той жа момант да яе кінуўся трэці немец, і яна ўпала, праколаная штыком. Немец, што закалоў яе, кінуўся ўцякаць, бо партызан у гэты час справіўся ўжо з астатнім немцам і кінуўся да гэтага. Партызан дагнаў яго, і ён упаў мёртвы.

Бой цягнуўся яшчэ нейкі час, і немцы, якія асталіся жывыя, уцяклі. Наша Нюра, мілая наша сястра і дачка, ляжала на полі. Мы апошні раз глядзелі на дарагія, слаўныя рысы яе твару і пахавалі яе, затаіўшы ў сэрцы боль і вялікую волю да помсты.

Мы захаваем і пранясем для будучых пакаленняў памяць аб нашай дарагой Нюры, вобраз якой паўстае перад намі — светлы, чысты, у вялікім сваім харастве.

 

2. Паўлікава помста

Было яму чатырнаццаць год, і звалі яго Паўлік. Прыйшоў ён у наш атрад ціхі, змучаны, як бы нясмелы. Відаць было адразу, што ён раней не быў такі. Вочы яго быццам бы ўвайшлі позіркам у яго душу. Быццам бы яго тачыла і не давала спакою адна страшная думка.

Пад вопраткаю ў яго быў нямецкі штык. Гаварыў ён вельмі неахвотна. З яго скупых слоў мы дазналіся, што ён родам з К. раёна і што немцы забілі яго бацьку і маці і спалілі хату.

Праз некалькі дзён у нас быў бой з немцамі. Паўлік не захацеў астацца ў ціхім месцы і прасіў, каб яму далі вінтоўку. Але вінтоўкі лішняй у нас не было. Паўлік, трымаючы ў руцэ штык, ляжаў разам з намі на зямлі. Ішла перастрэлка. Паўлік убачыў, што ўпаў ранены немец і пасля падняўся і пабег. Паўлік кінуўся за ім наўздагон. Дагнаў і закалоў немца штыком... Так ён пачаў сваю помсту крывавым гітлераўцам за смерць сваіх бацькоў.

Неўзабаве ён стаў у нас самым лепшым разведчыкам. Праз нейкі час ён пайшоў з данясеннем у чырвонаармейскую часць, а пасля ў ёй і астаўся зусім. Там ён атрымаў вінтоўку і стаў байцом-разведчыкам.

 

3. Знішчылі чатырох афіцэраў

Вартавы з нашага атрада стаяў на пасту з краю лесу. Неўзабаве ён убачыў, што ў бок вёскі Н. праехала нямецкая машына, у якой былі чатыры афіцэры. Вартавы добра разгледзеў іх. Ён адразу ж паведаміў пра гэта ў атрад.

І вось з атрада выйшла сем чалавек партызан. Неўзаметку яны з’явіліся ў вёсцы і дазналіся ад людзей, што немцы вымагаюць ад сялян мёд і пайшлі цяпер у хату да калгасніка Б. Машына стаяла на вуліцы, і ў ёй цяпер аставаўся толькі адзін афіцэр і шафёр.

Партызаны падкраліся да машыны і забілі афіцэра і шафёра і кінулі ў матор машыны гранату. А тады ўбеглі ў хату, дзе немцы паспелі ўжо збіць гаспадыню і перавярнуць усё, шукаючы мёду. Праўда, пачуўшы на вуліцы гранатны ўзрыў, яны паспелі ўжо выскачыць у сенцы, але ў самых дзвярах на двор іх засцігнулі партызаны. Немцы хацелі вырвацца і ўцячы, але адзін адразу ж упаў забіты, а астатніх двух партызаны схапілі і абяззброілі.

Іх павялі ў лес, дзе і ўзялі ад іх патрэбныя паказанні аб тым, дзе якія стаяць нямецкія часці.


1941?

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні. 1928-1944 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан